З усёй краіны

 

Зьбеглі з КПЗ

Зранку 3 жніўня з Наваполацкага ізалятару зьбеглі тры падсьледныя. Проста разабралі цагляную сьценку сваёй камэры ды ўцяклі. Ахоўнікаў адразу ж звольнілі зь міліцыі за недагляд. Вялікія сілы кінутыя на затрыманьне ўцекачоў. Адзін з троіцы — як кажуць, найбольш небясьпечны — трапіўся ўжо на наступны дзень у суседнім Полацку. Ня так даўна яго прысудзілі да 8 гадоў турмы, таму ён і адважыўся на ўцёкі.

 

НЛА ў Расонах

У ноч з 10 на 11 жніўня ў Расоны завіталі іншаплянэтнікі: у гэтым упэўненыя тутэйшыя людзі. Уночы шмат хто з тутэйшых бачыў незвычайны водсьвет за вёскай Карзунова, што амаль ужо зьлілася з Расонамі. Раніцай, сярод поля са збожжам, знайшлі дзіўныя сьляды — вялікае кола, 10 мэтраў у дыямэтры, вакол якога месьціліся 3 меншыя. У сярэдзіне колаў былі паглыбленьні. Замерылі радыяцыю – здаецца, усё ў норме. Дакладнага тлумачэньня анамальнаму факту пакуль няма.

 

Усе хочуць быць юрыстамі…

2541 студэнт-першакусьнік распачне новы навучальны год у ВНУ Віцебшчыны. Усяго беларускія Alma Mater 1 верасьня ўпершыню расчыняць дзьверы для 24050 маладых людзей.

6402 заявы паступіла ў прыёмныя камісіі пяці вышэйшых навучальных установаў Віцебскай вобласьці. Сярэдні конкурс у вышэйшыя навучальныя ўстановы Віцебску й Наваполацку склаў 2,5 чалавекі на месца. Такі ж самы і сярэднерэспубліканскі паказьнік.

Найбольшую колькасьць заяваў — 2018 — прыняў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Акрамя традыцыйных пэдагагічных спэцыяльнасьцяў, сярод лідэраў па конкурсу ў ВДУ выдзялялася спэцыяльнасьць «правазнаўства» (конкурс — 4,7 чалавекі на месца). Яшчэ большай папулярнасьцю карысталася гэтая спэцыяльнасьць у Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце. Тут пры наборы 50 чалавек знайшлося 320 абітурыентаў, якія пажадалі зьвязаць сваё жыцьцё зь юрыспрудэнцыяй. Тутэйшы конкурс — 6,4 чалавекі на месца — аказаўся найвышэйшым у вобласьці. Унікальны прахадны бал — пры конкурсе ў 3 чалавекі на месца — быў адзначаны таксама ў ПДУ на спэцыяльнасьці «вылічальныя сыстэмы й сеткі». Каб паступіць сюды, трэ было ўсе іспыты здаць на «выдатна».

Вялізным попытам у абітурыентаў традыцыйна ўжо карысталіся спэцыяльнасьці, зьвязаныя з замежнымі мовамі й эканамічнымі навукамі. Немалы конкурс — 3 чалавекі на месца — адзначаны і ў Віцебскім мэдычным унівэрсытэце. Што тычыцца Акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны, дык ахвотных атрымаць адукацыю па спэцыяльнасьцях з рамантычнымі назвамі кшталту «вэтэрынарная гінэкалёгія й біятэхналёгія размнажэньня жывёлаў» было зусім няшмат. І ня дзіва — мала хто зь сёньняшніх маладзёнаў марыць ехаць працаваць на вёску.

Андрэй Аляксандраў, Наваполацак

Пілігрымка ў Рым

Каля 800 маладых каталікоў зь Беларусі бралі ўдзел у вандроўцы на XV Сусьветны Дзень Моладзі, які праходзіў у Рыме з 14 да 20 жніўня. Беларусы спаткаліся зь Янам Паўлам ІІ, перадалі яму прывітаньні ды падарункі -- абразы Маці Божай Троцкай ды Маці Божай Будслаўскай. Беларускія ўдзельнікі наведалі розныя гарады Італіі, а 20 жніўня адбылася сьвятая імша, якую адслужыў сам Папа. Беларуская моладзь удзельнічала ў падобным мерапрыемстве ў 1997 годзе ў Парыжы, але туды змаглі паехаць толькі каля 100 чалавек.

У Сажы нельга плаваць

У Гомелі закрытыя ўсе рачныя пляжы. Гэта зьвязана з катастрафічным забруджваньнем ракі Сож. Мэдыкі адзначаюць, што ў вадаёмах зьявіліся бактэрыі-узбуджальнікі тыфу, дызэнтэрыі, халеры.

 

Мост цераз Мухавец

Будаўнікі Кобрыню здалі ў эксплюатацыю мост цераз Мухавец, які зьвязвае дзьве часткі гораду. Дзякуючы масту шлях з цэнтру ў Замухавечча скараціўся на 3 км. Мост будаваўся цэлыя 10 гадоў.

Паводле БАРЦ

Камуністы ідуць на выбары

Пазаўчора ў Менску, у канфэрэнц-залі гатэлю «Беларусь» прайшоў VI зьезд Партыі Камуністаў Беларускай. Зьезд быў закрыты, бо на ім партыя вызначалася са стаўленьнем да выбараў. Лідэр камуністаў Сяргей Калякін адзначыў, што партыя мае браць шырокамаштабны ўдзел у выбарах. Калякін сказаў, што «сёньняшнія ўмовы ў Беларусі не дазваляюць лічыць, што выбары будуць чыстымі, дэмакратычнымі і справядлівымі». Аднак, лічыць ён, іншых умоваў пры цяперашнім рэжыме ў Беларусі проста ня будзе. «Калі ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах, дык ня трэба ўдзельнічаць і ў наступных і наагул трэба чакаць фізычнага канца тых, хто сёньня кіруе Беларусяй», — заявіў ён. На думку Калякіна, цяпер трэба выкарыстоўваюць любую магчымасьць, каб «адваяваць уладу і мяняць сытуацыю ў краіне». Такую магчымасьць, паводле яго, даюць парламенцкія выбары.

Калякін кажа, што перамога на цяперашніх выбарах праціўнікаў сёньняшняй улады магчымая. Для гэтага, на яго думку, неабходна аб’яднаць намаганьні «усіх, хто хоча зьменаў». «Выйграўшы гэтыя выбары, мы не пакінем ніякіх шанцаў уладзе выйграць прэзыдэнцкія выбары 2001 году», — заявіў лідэр ПКБ. Пры гэтым, уважае ён, казаць пра перамогу праціўнікаў рэжыму можна будзе ўжо ў тым выпадку, калі ў новым парлямэнце яны атрымаюць 30% дэпутацкіх мандатаў.

Ад камуністаў усяго будзе балятавацца 77 чалавек.

 

МАЗ-МАН заваёўвае Расею

Сумеснае прадпрыемства «МАЗ-МАН» Менскага аўтазаводу і нямецкай кампаніі, бярэ ўдзел у Маскоўскай аўтавыставе. Яно прадстаўляе седлавы цягач МАЗ-MAН 543268 у «паўночным» выкананьні (канструкцыя цэлага шэрагу дэталяў і вузлоў гэтага аўтамабіля робіць магчымай яго працу пры тэмпэратуры каля мінус 60 градусаў), а таксама новую мадэль — трохвосны магістральны седлавы цягач МАЗ-MAН 642268. На абедзьвюх мадэлях стаяць новыя чатырохкляпанавыя шасьціцыліндравыя рухавікі магутнасьцю 410 і 460 конскіх сілаў адпаведна, якія адпавядаюць стандарту Эўра-2 і маюць рабочы аб’ём 12 і 12,8 л. З жніўня «МАЗ-МАН» зьнізіў цэны на свае аўтамабілі на 8%, нібыта дзякуючы дасягненьню большай эфэктыўнасьці вытворчасьці.

 

Труцімся грыбамі

Ужо 6 чалавек загiнулі на Гомельшчыне ад атручваньня грыбамi за апошнiя паўтара месяца. Усяго ў вобласьцi зарэгiстраваныя 43 выпадкi атручэньня, у якiх пацярпелi 57 чалавек. Найбольш труцяцца ў самым Гомелi — 33 выпадкi i 3 сьмерці. Сьмяротныя выпадкi зарэгiстраваныя таксама ў Гомельскiм раёне, Сьветлагорску i Брагiне.

Лекары кажуць, што ў 40% выпадкаў пацярпелыя елі сыраежкi. Верагодна, яны прымалi за гэты ядомы грыб вiдазьмененую паганку. Некаторыя дактары ўважаюць, што ў цяперашніх умовах лепш зусім адмовіцца да спажываньня грыбоў.

 

Новадавыдаўская сьвідравіна

Пачалася прамысловая распрацоўка сьвiдравiны №1 Новадавыдаўскага нафтавага радовішча ў Сьветлагорскiм раёне. Яшчэ адна сьвідравіна рыхтуецца побач, а яшчэ сем прабураныя і будуць перададзеныя ў прамысловую эксплюатацыю налета, бо геолягі-разьведчыкi яшчэ не завяршылi падлiку запасаў у iх вуглевадароднай сыравiны. Радовішча невялікае, бо ўсе вялікія ўжо даўно паадкрываныя.

 

Сотавікі кантрабандай

17 жніўня памежнікі Смаргонскага атраду прадухілілі незаконны ўвоз у краіну партыі мабільнікаў і зарадных прыладаў да іх. 97 мабільнікаў і 20 зарадных прыладаў знайшлі памежнікі пры аглядзе аўтамабіля «пэжо», якім кіраваў грамадзянін Украіны, у пункце пропуску «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы. Кантрабандавы груз быў схаваны пад сядзеньнем кіроўцы. Агулам тэлефоны і прылады каштавалі каля 3 мільёнаў рублёў.

Гэта ня першы выпадак канфіскацыі на мяжы мабільных тэлефонаў. У сярэдзіне красавіка ў Горадні ў цягніку «Варшава — Вільня», які ехаў з Польшчы, у адным з вагонаў знайшлі 16 тэлефонаў Nokia, Alcatel, Philips. Тады гаспадара грузу выявіць не ўдалося. А яго кошт мытныя органы ацанілі ў 1 мільён рублёў. Мабыць, высокі попыт на гэтае нятаннае дабро.

Паводле БелаПАН

 

І лётаць умеюць у сьне

Камандзір ВПС Беларусі генэрал-маёр Сяргей Булыгін на прэс-канфэрэнцыі расказаў пра стан нашага лятунства. А ён драматычны, бо авіяцыя — дарагі і тэхнічна складаны від войска, а грошай лукашэнкаўская дзяржава ня мае, колькі хоча мець. Таму мадэрнізацыя і рамонт авіятэхнікі праводзяцца не заўсёды ўчасна. Рамантуюць збольшага толькі зьнішчальнікі. Гэтым займаецца Баранавіцкае авіяцыйнае рамонтнае прадпрыемства. Яшчэ адно прадпрыемства, размешчанае ў Воршы, робіць рамонт верталётаў.

Для падтрыманьня ўмельства лётчыкам неабходна ў год лятаць пад 200 гадзінаў. Аднак, адзначыў Булыгін, нават у ВПС СССР гэтая лічба іншыя гады не перавышала 60—70 гадзінаў. Дакладныя лічбы цяперашняга стану Булыгін назваць адмовіўся, адзначыўшы толькі, што налёт у беларускіх ВПС усё ж «у два разы вышэйшы, чым ува Ўкраіне, і крыху вышэйшы, чым у Расеі». Аднак тыдзень таму намесьнік камандзіра ВПС Міхаіл Стрэмавус паведаміў, што «калі ў 1990 годзе налёт складаў 90—120 гадзін, то цяпер ён у 10 разоў меншы». Такім чынам, можна казаць, што беларускія лётчыкі лётаюць 9—12 гадзінаў у год. (Амэрыканскія пілёты штогод праводзяць у паветры 230 гадзінаў, немцы — 185.)

Дык навошта такая армія? Хіба толькі для таго, каб русіфікаваць беларускамоўных прызыўнікоў.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0