Уладзімер Содаль

Пэрсанажы з Купалавых твораў

 

Гістарычнае парываньне нашага народу «людзьмі звацца» гэтак маніфэстычна-харальна закампанаванае Янкам Купалам у ягоным славутым вершы «А хто там ідзе?» напачатку стагодзьдзя, хвалявала ўсе слаі нашай творчай інтэлігенцыі. Мастакоў таксама. Тэму Купалавага шэдэўру адзін зь першых паспрабаваў увасобіць на мастацкім палатне Пётра Сергіевіч. Равесьнік веку, ён быў сьведкам памкненьня беларусаў заняць пачэсны пасад між народамі. Пётра Сергіевіч ведаў і ўсе спружыны гэтага руху. Ведаў ён і тых, хто гэтыя спружыны сьціскаў, каб аднойчы яны распросталіся на поўную моц.

Створаная Пётрам Сергіевічам мастацкая кампазыцыя «А хто там ідзе?» паводле матываў Купалавага твору, празрыстая, чытэльная, не патрабуе якогасьці дадатковага камэнтару. І ўсё ж мне хацелася мець хоць якія зьвесткі пра гэты твор ад самога аўтара. З гэтай нагоды аднойчы лістоўна я зьвярнуўся да самога мастака, папрасіў яго хоць коратка расказаць пра гісторыю твора, як ён увасабляў сваю задуму. 18 кастрычніка 1974 году на маю просьбу віленскі маэстра мне адпісаў:

«18.10.1974 г.

Вельмі Паважаны Ўладзімеру Содаль!

Адказваю на першае Ваша пытаньне. Пачаў працаваць над першым вар’янтам «А хто там ідзе?» ў 1945 годзе. Калі паказаў карціну Ўладыславе Францаўне і другім мастакам, адобрылі яе; так і заканчываў распачатую карціну. Што да другога вар’янту «А хто там ідзе?», у мяне бывае так: намаляваўшы карціну першаю, побач дасьпявае і другі варыянт на гэтую ж тэму па-другому. Так атрымалася і другая карціна «А хто там ідзе?». Як была мая пэрсанальная выстаўка ў Менску ў 1962 годзе, другі варыянт «А хто там ідзе?» быў закуплены для музэя Янкі Купалы. На жаль, ня ведамыя мне творы мастакоў, каторыя малявалі на гэтую тэму, апрача Янкі Раманоўскага. Карціна рабіла на мяне ўражаньне эскізу чорна-белага на паперы. Другіх мастакоў, малюючых на тэму «А хто там ідзе?», мне няведама. Творчасьць Янкі Купалы мне вельмі па душы, вельмі падабаецца. Маляваў на тэму яго творчасьці «Званар», «А ты, сіраціна, жыві», «У карчме на Даўгінаўскім гасьцінцы» і цяпер заканчваю трыптых да вершу Янкі Купалы «Як на сьвет радзіўся Янка», «Як падрос, падняўся Янка», «Як вялікім вырас Янка».

Карціны «Званар», «У карчме» знаходзяцца ў Музэі Янкі Купалы.

Партрэт В.І.Дуніна-Марцінкевіча работы А.Пятровай мне няведамы, такжа і аўтар партрэта.

Прадбачыцца мая юбілейная выстаўка ў Менску ў 1975 годзе, у верасьні, буду вельмі рад з Вамі пазнаёміцца.

З пашанай, Пятро Сергіевіч».

Маю і яшчэ адзін ліст ад шаноўнага маэстры зь Вільні. Датуецца ён 5 лютым 1975 году. Рэч у тым, што Пётра Сергіевіч мае два варыянты, дзьве спробы ўвасобіць на палатне тэму «людзьмі звацца». Пэўна, з гэтай нагоды я празь якісь час зноў зьвярнуўся да мастака, хацеў штось у яго ўдакладніць, паглыбіць.

«5.ІІ.1975 г.

Вельмі Паважаны Ўладзімеру Содаль!

Прашу Вашага прабачэньня, што так доўга зацягнуў прыслаць Вам весткі аб маіх творах на тэму вершаў Янкі Купалы. Са скрухай нашу на сабе цяжар маёй нядбаласьці. Выбачайця, калі ласка.

Заказала намаляваць карціну на тэму верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» Ўладыслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, у 1945 г. Дырэктар Музэя Янкі Купалы. Карціна мастацкай камісіяй была адобрана і закуплена для музэя.

У маей мастацкай практыцы бывае так ня першы раз: працуючы над карцінай доўга, і калі работа даходзе на канца, раптам пабачыў гэтую карціну іначы. Так атрымалася і з кампазыцыяй «А хто там ідзе?» — 2 карціны. Другі вар’янт такжа маляваны ў 1945 годзе. Закуплены музэем.

Пэрсанаж, як у першай, так і ў другой той самы, толькі крыху па-другому пэйзаж карціны «А хто там ідзе?». Як для першай, так і для другой браў купалаўскіх герояў зь яго твораў. Лявон, Званар, гусьляр, сяляне, рабочыя, жанчыны. У першай і другой карціне браў пэйзаж беларускі. На першай карціне драматычны настрой, цяжкія воблакі павісьлі над гарызонтам. У другой пэйзаж больш лірычны, на фоне возера.

Вельмі перапрашаю Вас, што толькі цяпер прысылаю весткі, патрэбныя Вам, выбачайця, калі ласка.

З пашанай, Пятро Сергіевіч.»

У верасьні 1975 году, як і меркавалася, у беларускай сталіцы была наладжана юбілейная выстава Пётры Сергіевіча. Вось якраз пад час гэтай выставы я і пазнаёміўся з слынным мастаком. Мы, маладзейшыя, хадзілі за ім цугам. Хацелася ад яго пачуць пра даўно мінулыя часы штось такое, чаго ніколі ня чулі і ні ад каго ніколі не пачуем, не даведаемся. Прыгадваецца сустрэча зь ім у Купалавым музэі.

Нетаропкая і неакрэсьлена спантанная размова. Ён сядзіць у музэйным пакойчыку — такі натуральны, зямны, даверлівы, як дзіця. Белагаловы ўжо. У гэтым жа пакойчыку ў багетнай раме паясны партрэт Мацея Бурачка — Францішка Багушэвіча, намаляваны ім той жа парою, як і карціна паводле матываў славутага Купалавага вершу «А хто там ідзе?». Францішак Багушэвіч з кніжкаю.

Здавалася б, была самая нагода распытацца ў аўтара пра гісторыю гэтага партрэту, пра Багушэвіча: чаму ён узяўся за гэтую працу, якія ў яго на гэта былі імпульсы? Але не пагаварыў. Не сасьпеў у тую хвіліну на такую гаворку і цяпер шкадую пра гэта праз усё жыцьцё. А Багушэвіч жа першы пачаў катурхаць прыспаную сьвядомасьць беларусаў. Янка ж Купала гэты раскатурханы Багушэвічам люд ужо ўбачыў у жывой хадзе за права людзьмі звацца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0