Па выніках штогадовага эканамічнага агляду беларускай эканомікі камісія Міжнароднага валютнага фонду падрыхтавала свае рэкамэндацыі.

Экспэрты фонду, што працавалі ў Менску з 24 траўня па 4 чэрвеня, адносна няблага ацэньваюць вынікі макраэканамічнага разьвіцьця Беларусі на працягу апошняй пяцігодкі, паведамляе газэта «Белорусы и рынок». З адмоўнага яны адзначылі замаруджанасьць структурных рэформаў і апярэджваньне росту заробкаў адносна прадукцыйнасьці працы. Істотнае падаражэньне энэрганосьбітаў на пачатку 2007 г. зьмяніла сытуацыю. Прагназуецца памяншэньне рэальных прыбыткаў у 2007 г. да 5,5%, а дадатковыя страты будуць адчувацца на працягу бліжэйшых 4 гадоў. У цэлым, адзначаюць прадстаўнікі камісіі, беларускія ўлады справіліся з сытуацыяй і нават дасягнулі прафіцыту бюджэту. Разам з тым на сёньня адзначаецца замаруджваньне росту рэальных заробкаў да 8%, што фактычна адпавядае паказчыку прадукцыйнасьці працы. Значна пагоршыўся зьнешнегандлёвы балянс.

У якасьці кампэнсацыйных мерапрыемстваў МВФ рэкамэндуе адмову ад зьнешніх фінансавых пазыкаў. У інтэрвію журналістам кіраўнік місіі МВФ Балаж Харват асабліва падкрэсьліў, што пытаньне аб магчымым крэдытаваньні беларускай эканомікі фондам на дадзеным этапе не разглядаецца. Замест гэтага беларускаму ўраду прапануецца стрымліваць унутраны попыт жорсткай макраэканамічнай палітыкай. На думку спэцыялістаў фонду неабходна, каб рост заробкаў значна адставаў ад росту прадукцыйнасьці працы. Непазьбежны таксама перанос поўнага кошту на энэрганосьбіты на спажыўцоў. Адначасова трэба распачынаць структурныя рэформы, скіраваныя на падвышэньне прадукцыйнасьці.

Рост коштаў на маёмасьць у справаздачы камісіі МВФ тлумачыцца пашыранай ў апошні час палітыкай мэтавага крэдытаваньня. Рост банкаўскага крэдыту ў выніку гэтага стаў надзвычайным, таму пільны банкаўскі нагляд набывае крытычнае значэньне, адзначаецца ў штогадовай справаздачы.

Па‑ранейшаму фонд раіць адмовіцца ад субсідыяваньня эканомікі, асабліва малапэрспэктыўных прадпрыемстваў. Дасягненьне прафіцыту магчымае дзякуючы ўтрыманьню жорсткай падаткава‑бюджэтнай палітыкі, банкруцтву хранічна стратных прадпрыемстваў, адмове ад жорсткага адміністраваньня эканомікі, рэформе сацыяльнай палітыкі.

СП, паводле «Белорусы и рынок»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0