Лісты ў рэдакцыю

 

Магазіншчыца

Сабакі ў мяне ніколі не было, таму праблемы «намордніка»-»напысьніка» хвалявалі ня надта што. Але вось у краму заходжуся амаль кожны дзень, таму пытаньне, як зваць жанчыну ці дзяўчыну, што стаіць за прылаўкам, час ад часу ўзьнікае.

На першы погляд, канечне ж, прадаўшчыцай. «Прадаўшчыца» – некалькі разоў вымавіў услых. Не. Нешта ня тое. Быццам гарачую бульбіну ўхапіў і каўтаеш у роце. Прадавец? Але тут паўстане пытаньне фэмінізацыі мовы, як справядліва зазначае сп.Уладзіслаў Гарбацкі зь Віцебску («НН» №30).

У бабулінай вёсцы, ды й шмат іншых, дзе даводзілася бываць, ні «прадаўшчыцы», ні «прадаўца» ня ведалі. Кабету, якая працавала ў краме, звалі «магазіншчыца». І гэта правільна, як казаў некалі Міхаіл Сяргеевіч, бо апроч сваіх непасрэдных абавязкаў выконвала яна абавязкі загадчыцы, прыбіральшчыцы, грузчыцы (ці ўсё ж грузчыка?), адным словам – магазіншчыца. Але ж, па-першае, гэта больш падыходзіць да вясковых крамаў (хаця ў райцэнтрах перавезеныя зь вёсак бабулі клічуць магазіншчыцамі ўсіх працаўнікоў прылаўку), а па-другое, няма, здаецца, у нашай літаратурнай норме «магазыну», таму й «магазіншчыцы» быць не павінна.

Ёсьць крамы. Дык — крамшчыца? Таксама неяк не па-людзку.

Гандлярка? Гэта больш для Камароўкі ды Ждановічаў падыходзіць.

Адказ, напэўна, недзе побач, на паверхні, але для чалавека, які яшчэ ня стаў гаспадаром моўнай стыхіі, знайсьці яго складана.

Вячка Васілёнак, Менск

 

«Ф»

Дзякуй «НН» за рубрыку «Мова-2000», якая вельмі патрэбная.

А пішу я пра літару і гук «ф».

Старажытныя Ліцьвіны, продкі сучасных беларусаў, не вымаўлялі гук «ф», а ў запазычаных словах замянялі гукам «х», калі ён знаходзіўся перад зычным, і гукам «хв», калі знаходзіўся перад галосным, гукам «т», калі знаходзіўся ў канцы слова.

Напрыклад: Хранцыя, ахвіцыянт, хваробы, хвартух, Сахвія, прахвэсар, хворма, хвундатар, хвальклёр, хвэст, хвайна, хвэдэрацыя, міт, скіты, рытма і г.д.

Некаторыя запазычаныя словы маюць беларускія адпаведнікі. Напрыклад: хронт — шыхт, хвілязохвія — жыцьцяведаньне, жыцьцямудрасьць, хвілялёгія — моваведаньне, рыф — рыт, скрыж і г.д.

Літара, а затым і гук «ф» пачалі выкарыстоўвацца падчас гвалтоўнай адукацыйнай русіхвікацыі ў нашым краі.

Беларусы адчуюць слушнасьць довадаў моваведаў, як гэта зрабіў і я. Мы ж нашчадкі старажытных Ліцьвінаў.

Мікола Жаўрук, Менск

 

Толькі шкода ад такой моватворчасьці

Зь вялікай увагай прачытаў ужо некалькі нумароў з рубрыкай «Мова-2000».

На мой погляд, гэткая моватворчасьць можа выклікаць для мовы толькі нэгатыўныя наступствы (асабліва на сучасным этапе разьвіцьця, калі беларуская мова адчувае вялікую патрэбу ў захаваньні ў дэнацыяналізаваным грамадзтве ўжо набытых ёю каштоўнасьцяў, а не ў псэўданавуковых экспэрымэнтах).

Прапанаваныя лексэмы тыпу «дусель» (дупай-сеў), «падарон» (абарона+падаць) і г.д., прызначаныя для замены слоў іншамоўнага паходжаньня «унітаз» і «парашут», нагадваюць савецкі жарт пра «автомотовелофотобричкотранспортный завод», хіба толькі з тым адрозьненьнем, што ўтвараюцца нават не па правілах словаўтварэньня, а, хутчэй за ўсё, на падставе асацыяцыяў М.Максвіла («НН» 7.08.2000).

Зьдзіўляюць сваёй непісьменнасьцю і прапановы па ўвядзеньню ва ўжытак словаў «рэльд», «зыкаль», «дарб», «абас» (!), «задр» і інш. Калі гэта — па-беларуску, дык можна перапісваць усе падручнікі па лексыкалёгіі і словаўтварэньні.

Гэткія і іншыя «наватворы» парушаюць лексычныя нормы мовы, якія патрабуюць правільнага выкарыстаньня ўсіх словаў і выразаў, а, як вядома, ня ўсе беларускія словы ўваходзяць у літаратурную мову. Таксама, дзякуючы ўвядзеньню ў мову словаў тыпу «батак», «нагубак» і інш. («НН» 7.08.2000) адбудзецца разбурэньне існуючага падзелу лексыкі паводле сфэры ўжываньня, бо гэтыя словы ня могуць прэтэндаваць на тое, каб называцца агульнаўжывальнымі, і ня могуць лічыцца словамі абмежаванага ўжытку, бо яны не дыялектныя, не навуковыя тэрміны і не прафэсіяналізмы.

Што датычыцца намордніка.

Мяркую, што альтэрнатывы гэтай лексэмы пакуль што ў мове няма.

Слова «мыза» ўжываецца на меншай трэці тэрыторыі краіны (пераважна на Гарадзеншчыне, паўночным усходзе Берасьцейшчыны і поўдні Меншчыны). «Пыса» — на большай частцы Гарадзеншчыны, на Берасьцейшчыне, на Палесьсі не ўжываецца ўвогуле (за выключэньнем адзінкавых выпадкаў). (гл. «Лексычны атлас беларускіх народных гаворак», у 5 т., т.1, Менск, 1993).

Што да пашчы зьвера (сабакі), дык беларускія лексэмы «ляпа», «хляпа», «зяпа», «завала», «зява», «цяпа», «віліцы», «зебра», «зьвягі», «мыза», «цяліпа» і многія іншыя таксама недастаткова распаўсюджаныя для таго, каб прымаць іх за аснову (гл. «Жывёльны сьвет: Тлумачальны слоўнік.» Менск, 1999).

І, дарэчы, па гэтай прычыне было не зусім этычна пісаць А.Шчагрыновічу, што назва намусьнік «жыве паўсюдна, дзе яшчэ не развучыліся гаварыць».

Т.ч., прапаную пакуль што і надалей карыстацца лексэмай «наморднік» і спадзявацца, што зь цягам часу адбудзецца спалучэньне зычных (як і ў словах міласэрны (сардэчны), сэрца, Шміт, выязны (выяжджаюць)).

Наконт рацыі.

Цалкам згодны з М.Раманоўскім. Гэтая лексэма фіксуецца і ў І.Насовіча (1870), і ў М.Байкова з С.Некрашэвічам (1926) і ў ТСБМ.

Гэтае слова са значэньнем «аргумэнт, довад» уключылі ў «Старабеларускі лексыкон» (1997) М.Прыгодзіч і Г.Ціванова.

Дарэчы, у суседняй польскай мове слова rаcja мае некалькі значэньняў: 1) прычына, падстава: z jakiej racji? на якой падставе? 2) правата: ma pan racje. Вы маеце рацыю; 3) порцыя.

Зьміцер Дзятко, Менск

 

Клямар

Ёсьцека слова «клямка». Гэта прыстасоў, што зашчапляе дзьверы. Дык можа «клямар» альбо «сабачы клямар». Таму што дзесьці я сустракаў «клямар» у якасьці зашчэпкі для аркушаў паперы.

Прапановаў, мабыць, досыць. Дык справа спэцыялістаў узважыць і прапанаваць нам колькі лепшых варыянтаў.

Антось Усовіч, Менск

 

Некусач

Цалкам натуральна, калі ў мове існуюць запазычаньні, бо яны ўзбагачаюць мову, спрыяюць ейнаму лексычнаму развою. Але ў існуючай у Беларусі ў дадзены момант і на працягу апошніх 100 гадоў лінгвістычнай і палітычнай сытуацыі пранікненьне расейскай мовы ў беларускую адбываецца неабгрунтавана, часьцяком гвалтоўна, запазычаньні робяцца інструмэнтам русыфікацыі. Таму дзеля захаваньня беларускае мовы варта абмяжоўваць працэс уплыву (дакладней, уціску) расейскай мовы на нашую, які набывае ўсё большую інтэнсыўнасьць ува ўмовах білінгвізму. З гэтага гледзішча вельмі важным ёсьць пошук беларускіх адпаведнікаў ці нават стварэньне новых словаў, якія б замянілі русізмы ў беларускай мове.

Слова «наморднік», відавочна, мае небеларускі корань, таму ёсьць тыповым русізмам, словы ж «напысьнік», «намысьнік» і г.д. утвораныя калькаваньнем — перакладам небеларускай часткі слова з захаваньнем ягонае марфалягічнае структуры і іншых адметнасьцяў нязьменнымі, такімі, якімі яны ёсьць у мове-арыгінале. Яны падкрэсьліваюць залежнасьць нацыянальнае мовы ад іншай дзяржаўнай, таму ня могуць арганічна ўвайсьці ў беларускую мову. Хаця, зь іншага боку, калі яны шырока ўжываюцца носьбітамі мовы, дык яны набываюць статус агульнапрынятых, агульнаўжываных і, адпаведна, мэтазгодным ёсьць захаваньне іх у мове.

Свая прапанова наконт пазначэньня прылады, што перашкаджае сабакам і іншым жывёлам кусацца, я раблю, сыходзячы якраз з гэтае яе функцыянальнае характарыстыкі: някусьнік, некусач, някус. Гэта не канчатковыя варыянты, а я, хутчэй, хачу задаць інтэнцыю пошукаў беларускіх адпаведнікаў, спрабуючы збочыць з простага шляху — калькаваньня.

Дарэчы, наколькі я памятаю, 25 сакавіка некусачоў на пысах сабакаў не было: у мяне яскрава адбіўся вобраз ратвэйлера, які рваў магутнымі сківіцамі дзявочы заплечнік, а ягоныя гаспадары (якія, дарэчы, таксама былі безь некусачоў, хаця, паводле правілаў бясьпекі, мусілі быць зь імі) абяцалі ўладальніцы заплечніка, што яна наступнай паспытае зубы «сябра чалавека».

Наталька Базылевіч, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0