Наша тысяча гадоў

 

«Nasze tysiac lat», J.Chmielewski, S.Janowicz. Bialystok, 2000

Юрка Хмялеўскі (1963 г.н.), інжынэр-электрык, заснавальнік і з 1992 г. рэдактар месячніка «Czasopis». Жыве ў Беластоку.

Сакрат Яновіч (1938 г.н.), тэхнік-электрык, таксама абсальвэнт паляністыкі Варшаўскага Ўнівэрсытэту. Адзін з чатырох беларускіх літаратараў, што ўваходзяць у сучасную энцыкляпэдыю «Пісьменьнікі сьвету». Аўтар больш за 60 кніжак, выдадзеных ад Лёндану да Менску. Жыве ў Крынках.

Кніжка гэтая — не падручнік для пачаткоўцаў, ані храналягічны даведнік у літаратурнай форме для людзей адукаваных. Гэта дыялёг двух беларусаў пра тое, што яны называюць беларускім Лёсам (разьдзел «Перад дарогай»); пра гісторыю Беларусі ў яе рэтраспэктыве і пэрспэктыве, безумоўна, таксама праз прызму ўласнага досьведу, гісторыю тых жа Крынак як такога ж месца Гісторыі, як усе іншыя, («Малы Край зь вялікай Гісторыяй»); па-трэцяе, духовае жыцьцё нашых продкаў і нашае ўласнае («Сьледам Місіянэраў»), ня толькі пра каталіцка-праваслаўны падзел, але і пра шляхі паразуменьня, і, нарэшце, у апошнім разьдзеле («Слова — гэта ўсё») Сакрат Яновіч успамінае свой шлях ад пачаткоўца да майстра і разважае пра тэхналёгію літаратуры ўвогуле і яе месца ў прасторы і часе ў прыватнасьці.

Рэцэнзія падобная да кулінарнай кнігі – ня корміць, а дражніць! Таму за абмежаваным месцам прапаную лепш кавалкі з самой кнігі:

 

I

«Ніколі б я сам не дайшоў да Беларусі і беларускасьці, калі б не чытаў кнігі. Як сягоньня сустрэну такога, хто зь мяне дзівіцца і мной гідзіцца, то ведаю пэўна: гэта непісьменны – заўважу, што сягоньня непісьменны, ён жа дэбіл, здольны скончыць які заўгодна ўнівэрсытэт. Статус інтэлігента грунтуецца не на найлепшых дыплёмах, але на стылі жыцьця, яго бесьперапынным разьвіцьці, паглыбленым разважаньні, інтэлектуальным лідэрстве ў навакольным грамадзтве. Але гэта тыпова для заходніх эўрапейцаў, бо толькі там ёсьць інтэлектуалы, а хто такія інтэлігенты там ня ведаюць. Там няма інтэлігенцыі, бо даволі даўно толькі частка папуляцыі мае тыя дыплёмы альбо да іх імкнецца…»

«Прастачок ня мае маральнага права да нацыянальнасьці, бо трактуе яе з інструмэнтальным цынізмам. Сіянізм такога стасунку — гэта напіханы страўнік. Таму любую асыміляцыю лепш за ўсё робяць не шавіністы, але кавалак хлеба. Так вось!».

 

II

«Адны і другія (беларусы Рэспублікі Беларусь і Беласточчыны – А.Ч.) самаакрэсьліваюцца як беларусы, хоць беларуская мова паміж імі выступае як нейкая сьвяточная, нават літургічная, акадэмічная. А на кожны дзень няма яе. Бо ня мова выказвае ўсё пачуцьцё нацыянальнасьці, так што ў нашым выпадку проста ёсьць распад аднае нацыі на дзьве няроўныя часткі – і праз нашу (беластоцкую – А.Ч.) тут ізаляцыю мы паволі ператвараемся ў адзін з малых народаў Эўропы; некалькідзесяцітысячны… Сэрбы і харваты маюць адну мову, але ня ёсьць адной нацыяй (дзеліць іх рэлігія). Швэйцарцы зусім ня маюць свае мовы, а карыстаюцца чатырма суседзкімі. Клясычны прыклад — гэта аўстрыякі, якіх ад немцаў дзеліць толькі гісторыя, часткова каталіцызм адносна пратэстанцкай часткі Нямеччыны. А хацелі быць немцамі – бо Гітлер быў аўстрыякам. І што? Нічога. Падобна будзе і з намі, праваслаўнымі беларусамі ў катэгарычна каталіцкай Польшчы… А хай нас хоць спольшчаць! Бо – ужо чуваць пра польскую беларускую літаратуру. Нядаўна чытаў кніжку Кабатца «Навальніца над Палерма», дзе ня толькі сам аўтар акрэсьлівае сябе як беларуса, але яго польска-італьянскае атачэньне мае яго за беларуса (Эўгеніюш Кабатц, адзін зь лепшых сучасных празаікаў, што пішуць па-польску. Родам з-пад Ваўкавыску, па-беларуску ён і яго брат Віктар, мастак, графік і плястык, гавораць свабодна. Жыве Э.Кабатц у Вэнэцыі – А.Ч.) – а не за паляка!».

«На Лукашэнку мы чамусьці звыкла глядзім як на русафіла, славянафіла, чалавека КГБ. Каб гэтак было на справе, то Рэспубліка Беларусь аж прасякалася б расейскімі структурамі. А такога няма – бо хто б тады быў сам Лукашэнка?! Горш за апошняга губэрнатара… Таму гэтага і няма.

Безумоўна, Лукашэнку абыякавы і беларускі патрыятызм, што ясна відаць зь яго выказваньняў пра мову з культурай, якую ён лічыць нічога ня вартай. Гэткі тыповы савецкі стыль… І тут мы даходзім да сутнасьці ўсяе справы: у Лукашэнкі няма нацыянальнасьці і адчуваньня радзімы. Трактаваньне ж яго як зрусіфікаванага беларуса — яшчэ большая памылка. Можа, савецкі чалавек, «савок»? Таксама вялікая памылка. Той камунізм яму даўно не цікавы і нікуды не вядзе. Больш слушная дэфініцыя Лукашэнкі як чалавека, гэта… чалавек Імпэрыі: у яго ўсё падпарадкавана, нават ідэалёгія, асабістаму імкненьню па прыступках наверх і неабходнасьці там утрымацца. У яго праблемы з той РБ, бо ён глядзіць на яе, як на трамплін…

Расейцы заўжды ставіліся да Беларусі як да замежжа. Калісьці паспрабаваў зламаць тое славуты Мураўёў, а таксама тэарэтык «западно-руссизма» прафэсар Каяловіч. Нічога ня выйшла! Пасьля разбораў (1772—1918 гады – А.Ч.) нас не адрозьнівалі ад карэннай Польшчы, а калі на Беларусь пачаўся наплыў служывага люду з Расеі, тыя адчувалі сябе чужымі; пры спробе калянізацыі «русские помещики» часта прадавалі набытыя маёнткі ды ехалі назад. Беларус для расейца — гэта цалкам іншы чалавек; іншы мэнтальна, сваім стаўленьнем да жыцьця і сьвету… У расейцах не крышталізаваліся засаджаныя ў нас – як перуном! – тыя рысы характару, як схільнасьць і нават прага мець што-небудзь, як у той бабы; да зернятка зярнятка і будзе на цялятка! – у расейцаў няма нашай адданасьці свайму кляну, сямейцы. Парадак і лад любой дзяржавы, у тым жа Рэспублікі Беларусі, — для беларуса гэта нешта лішняе, недзе збоку; толькі там важнае, дзе на яго штодзённыя клопаты ўплывае. Няма ў беларуса ні культу мундзіру, ні адданасьці правадыру; расеец увесь, наадварот, як быццам нараджаецца служакам ды імпэрыялістам. Ноччу і днём будзе ганарыцца сваёй велізарнасьцю ды мілітарным патэнцыялам, нягледзячы на свой жабрацкі штодзённы побыт. І нельга мець гэта за анамалію ці хваробу сярод нашых братоў-маскалёў! Наадварот – гэтаксама паводзіць сябе тры з чатырох трацінаў усяго чалавецтва.

Вось у такім віры круціцца прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. У такім Краі, дзе – сацыёлягі цьвердзяць – толькі адзін з трох сярэднестатыстычных абывацеляў хацеў бы інтэграцыі з Масквой; больш такіх ахвотных, натуральна, з Падняпроўя, бо ўсходнія землі сапраўды адчуваюць празь вякі яе ўплыў амаль непасрэдна.

А тая прахалода, зь якой Масква ў сваю чаргу ставіцца да інтэграцыйных працэсаў, мае таксама простую, але найважнейшую прычыну: бугальтэрыя, калькуляцыя. Зь вялікім намаганьнем трымаючыся на нагах, сягоньняшняя Расея – бюджэт ня большы дзесяці адсоткаў амэрыканскага (цяпер эканамісты пляткуюць, што бюджэт Расеі прыблізна роўны бюджэту аднаго Лёндану – А.Ч.) – павінна была б узяць на плечы яшчэ слабы беларускі бюджэт. Гэтага ўжо нельга вытрымаць – расейская гаспадарка проста ўпала б на зямлю, душачы пры ўпадку ніжэйшую беларускую… Вось вам і ўвесь сакрэт «мудрых галоваў» на Крамлі».

 

III

«Найбольш ясная характарыстыка рэлігійнай канфрантацыі ў Беларусі ад часоў постсярэднявечча — гэта не перайманьне ўлады ў Беларусі дзеля яе разьвіцьця, але захоп як калёніі. Гэта нястомная барацьба за калёнію паміж Польшчай і Расеяй (каталіцтвам і праваслаўем – А.Ч.), у якой беларусы ня толькі ня бралі і не бяруць удзелу, але наадварот – адпіханыя ад такога ўдзелу – бо іначай такі ўдзел праявіць іх самастойны фактар. І гэты знак адбіты ад Сярэднявечча да сягоньня: простаму беларусу абыякавая тая РБ з той прычыны, што і любая ўлада, бо тая ўлада далёкая ад народу. Паказальны жарт: Рэспубліка Беларусь цалкам незалежная толькі ад беларускага народу…».

«У Рэспубліцы Беларусь папуляцыі каталіцкага паходжаньня каля двух мільёнаў, з чаго да польскасьці прызнаецца чатырыста тысячаў. Праўда, гэта вельмі адносныя зьвесткі – трэба зважаць на моцную атэізацыю грамадзтва, а таксама хісткую самасьвядомасьць у той жа польскай меншасьці (як у беларускай меншасьці ў Польшчы)… Але ўспамінаю сваю размову ў Лёндане зь біскупам Чаславам Сіповічам, Апостальскім Візытатарам для беларусаў-каталікоў на Чужыне. Будучы калісь у Польшчы, сустрэўся ён з самім прымасам кардыналам Вышынскім (трэці чалавек у сьвядомасьці сягоньняшняга сярэдняга паляка пасьля Яна Паўла ІІ і Юзэфа Пілсудзкага — А.Ч.) і папрасіў яго пра пачатак беларускай імшы ў асобных касьцёлах на Беласточчыне. І пачуў у адказ: а мы палянізавалі і будзем палянізаваць!

У цяперашняй РБ такая палітыка выглядае нерэальнай хоць бы з прычыны слабюсенькага валоданьня каталікамі польскай мовай ды малюсенькага яе пашырэньня. І калі касьцёл у Беларусі хацеў бы крыху адрасьціць страчанае, дык павінен быў бы перайсьці на беларускую мову – менавіта на беларускую. А не расейскую. Бо расейскую мову вернікі ўспрынялі б як прынцыповую саступку расейскаму праваслаўю (блытаюць расейскую мову з царкоўнаславянскай). І маем нешта парадаксальнае! Польскі каталіцызм у Беларусі, здаўна варожы ўсяму беларускаму, каб выжыць, мае сам перабірацца на апірышча беларускасьці. На польскасьці ён ня выжыве – бо тых палякаў тут меншае з кожным годам (як нас там). Але любая экспансія вымагае кампрамісу і глыбокай тактыкі. І тут банальны выбар: альбо мець два мільёны каталікоў… альбо сто тысячаў палякаў!»

 

IV

«Не скажу, што я – як літаратар – не стараюся пра розгалас пра сябе. Стараюся. Кожны аўтар так робіць – а хто ня робіць, той хлусіць, у сьціплага гуляе. Лічыцца якасьць. Бо кожнага пахваляць, але ня кожнага «купяць». Чытача з вуліцы прасьцей завабіць нечым папулярным – крымінал, парнаграфія, слоўныя выкрутасы. Бо той чытач заўжды пачатковец у літаратуры, рэдка мае нюх і слых на смак слова. З тым троху так, як з музыкай. Прысутнасьць каля літаратуры (не ў літаратуры!) таксама вымагае пэўнай падрыхтоўкі; прынамсі, адпаведнага культурнага ўзроўню. Мілаш неяк паўжартам заўважыў, што цікавая і добрая кніга заўжды… нудная. Такую не пачытаеш у вагоне ці ў аўтобусе.

Вартасьць літаратуры мяняе і пераменьвае Спадар Час. На маіх вачох выбухвалі, як зоркі, і гасьлі ўжо шматлікія кар’еры. Божа мой, калісьці сам падпісваў за дзень па пару соцень асобнікаў свае «Bialorus, Bialorus…» – міла выглядала…

Літаратар тым адрозьніваецца ад журналіста, што аналізуе ня факты пра чалавека, але самога чалавека. Чым сьвяжэйшая тэма, тым лепш журналісту, але тым горш літаратару. Літаратура ўжо паводле свайго месца прыроджанага заўсёды спазьняецца за тым жыцьцём, бо як толькі дагоніць ці апярэдзіць яго, дык гэта ўжо не літаратура…

Мой вясковы народ – безь ніякага сумневу! – тую родную мову сам у пясок закопвае, бо так і мае рабіць варварскі люд у матэрыяльнай нястачы і галечы. Натуральна – нядобра мне з таго, смутна. Але сама беларуская літаратура, калі паціху дажылася да кандыдата да Нобэлеўскай прэміі, то ўжо нідзе не падзенецца. Гісторыя ня ведае такой літаратуры, якая б прапала. Хай бы сабе прапала яе этнічна-моўная база. Бо – scripta manet, як казалі яшчэ ў Рыме. А дзе самі рымляне? Ды што там! Грэкі выжылі, а тая элінская мова для сягоньняшніх грэкаў цёмны лес…

Калісьці, на пачатку літаратурнай кар’еры, сьвята верыў я ў сілу пісанага і друкаванага Слова. Цяпер ведаю, што была яна замалая. Літаратура мала каго абыходзіць – што тут, што ў Эўропе. Людзі здушаныя працай. А дарэчы, заўжды тая літаратура з мастацтвам былі нечым элітарным, толькі для абраных, нават тая, што рабілі сацыялісты і камуністы, літаратура патрабуе кшталту, а кшталт вымагае шмат вольнага часу. І гэтак застанецца! Таму не баюся за чытача – сапраўдны чытач быў і будзе…

Спадар Юрка пытаецца пра мае творы так, што я чую пытаньне пра служэньне народу. Няма большай памылкі! Аўтар нікому ня мае служыць – нават мове роднай: уплываць на яе, хаваць чысьціню, выпраўляць глотку дурням. Слова айчыннае добрае тым, што кліча да пяра і думкі, а для літаратара гэта найлепшы варыянт і матэрыял. Але не чужая для творцы і агульная культура, бо гэта культура спажывае мастацтва – само ж мастацтва, нагадаем, заўжды было вынаходніцтвам новага, дарогай у невядомае. Культура ж — гэта электралямпачка – спажывецкі тавар, які вынайшаў і выпрадукаваў Эдысан…».

На тым канчаецца «Наша тысяча гадоў». Так. Трэба адразу сказаць, што быў гэта пераклад, а любы пераклад нешта губляе ў параўнаньні з тэкстам. Як сказаў мой нядаўні знаёмы і выдатны перакладчык Андрэй Хадановіч, «трэба плянаваць наперад непазьбежныя страты». Таму я выбраў толькі тое, што адчуваю і разумею лепш – і што мне сам Сакрат тлумачыў не адзін раз, а я часам не згаджаўся і тлумачыў яму.

І ўсё астатняе – у кнізе. Тым болей, убачыла яна сьвет зусім нядаўна – і яе лёгка набыць зусім блізка, усяго толькі ў Беластоку. Пацьвярджваю тым, што сам атрымаў яе ў падарунак ад аўтараў, Юркі Хмялеўскага і Сакрата Яновіча, толькі гэтым летам у Крынках.

Там, у Крынках, заснаваная Яновічам Villa Sokrates зьбірала ўжо свой другі кангрэс «Беларускі трыялёг» з удзелам літаратараў з Польшчы, Францыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі… І зь Беларусі.

Дзякуй, Сакраце. Дзякуй, Юрка. Рады за добрую кнігу. Scripta manet. Напісанае застаецца.

Алесь Чобат, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0