Тыдзень нашага жыцьця

 

Вецер ірве Беларусь

 

Зноў над краінай пранесьліся магутныя штармы. Загінулі 5 чалавек: у Воршы, Гарадку, на Дрыбіншчыне, у вёсках Цеплянец на Піншчыне і Лышчыкі на Кобрыншчыне. У Лышчыках дзеўчына неасьцярожна наступіла на абарваны электрычны дрот, у Цеплянцы вяскоўца прыдушыла даільным апаратам. У Воршы мужчына неасьцярожна ішоў праз парк у вецер, і яго прыбіла вывернутай таполяй. Увогуле пэйзаж у Воршы пасьля ўрагану стаў сапраўды апакаліптычны: бура паклала на зямлю 85% дрэваў. Між Татарскам і Бараньню перакуліла апору высакавольтнай лініі. Разбурана каля сотні дамоў, павалена каля 25 км лiнiяў электраперадачы.

Такі ўраган — ня першы сёлета. Гэта робіць відавочным, што ў сувязі са зьменамі клімату трэ было б па-новаму падыходзіць і да грамадзянскай абароны насельніцтва, і да нормаў бясьпечнай пабудовы жытла, электралініяў і ўсіх іншых «даільных апаратаў».

 

Непрынцыповыя выбары

Урадавыя сродкі масавай інфармацыі працягваюць разьдзімаць тэму рознага стаўленьня розных антылукашэнкаўскіх сілаў да выбараў, імкнучыся згуляць на гэтых непрынцыповых супярэчнасьцях, каб падарваць і прынцыповую еднасьць апазыцыі, і пэрспэктывы зладжаных дзеяньняў праціўнікаў А.Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах наступнага году, і папулярнасьць іх сярод людзей. Урадавыя СМІ акцэнтуюць увагу на другасных пунктах палітычнай плятформы апазыцыі, такіх, як удзел або няўдзел у выбарах у «палату», якую не прымаюць усур’ёз ні тыя, хто байкатуе выбары, ні тыя, хто іх выкарыстоўвае для сваёй агітацыі. У той жа час гэтыя СМІ замоўчваюць падставовыя пазыцыі дэмакратаў і нацыяналістаў, сярод якіх – зьмяненьне палітычнага клімату ў краіне і накірункаў культурнай палітыкі, рэзкая актывізацыя рынкавых рэформаў і дасягненьне адказнай і ўраўнаважанай замежнай палітыкі.

Палітычныя партыі пакуль не рабілі крокаў, каб перабіць гэтую кампанію, накіраваную на іх ускосную дыскрэдытацыю.

Вынікі збору подпісаў за кандыдатаў, што стаяць на плятформе дэмакратычных сілаў, паказваюць умацаваньне іхнага аўтарытэту сярод выбарцаў. Гэтак, Мікола Статкевіч сабраў каля 1,5 тысячаў подпісаў за некалькі дзён, а Генадзь Грушавы – цэлыя 4 тысячы.

Зьвесткі сацыялягічных апытаньняў сьведчаць, што дэмакратычны электарат, ставячы подпісы ў выбарчых лістах, адначасова гатовы і выйсьці на вуліцы Менску, каб выказаць пратэст супраць несправядлівых выбараў – такая вось дваістасьць. Сойм БНФ на чале зь Вячоркам прыняў рашэньне аб актыўным байкоце будучых парлямэнцкіх выбараў.

Судзьдзя Вярхоўнага суда Мікалай Гермянчук тымчасам скасаваў прысуд Менскага суду ў дачыненьні Статкевіча і Шчукіна і накіраваў справу на пераразгляд – гэта ясны жэст уладаў, што вітаюць удзел асобных лідэраў апазыцыі ў выбарах.

Тое самае і з Чыгіром. Дапусьцілі.

 

Усё расьце

Аб’ём замежнага гандлю Беларусі ў першай палове году вырас на 29,4% проці леташняга. Але гэта ня вельмі здаровы рост, бо, калі экспарт пабольшаў на 24,4% (да 3 525 мільёнаў даляраў), дык імпарт — аж на 34,1% (да 4 156 мільёны даляраў), даючы рэзкі ўзрост адмоўнага сальда замежнага гандлю. Гэта азначае, што, нягледзячы на вельмі нізкія цэны, па якіх мы купляем нафту і газ у Расеі ў абмен на прысутнасьць расейскіх войскаў на нашай тэрыторыі, усё ж з кожным месяцам мы глыбей загразаем у пазыках з-за неэфэктыўнасці нашай гаспадаркі.

Вырасьлі і памеры перапрацоўкі і транспартаваньня нафты церазь Беларусь. Па беларускiм кавалку нафтаправоду «Дружба» ў студзенi—лiпенi перагналі 53 млн. 706 тыс. т нафты, цi 105,3% да таго ж пэрыяду 1999 году, у тым лiку транзытам — 45 млн. 105 тыс. т.

І беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы перапрацавалi на 7,5% больш нафты, чым за аналягiчны пэрыяд мiнулага году (толькі ў ліпені, у прыватнасьці, наваполацкі «Нафтан» — 429 тыс.т, «Мазырскi НПЗ» — 385 тыс.т).

Вырас і курс даляра на чорным рынку – ён ужо складае 1030-1050 руб., хоць у банкаўскіх абменных пунктах ён застаецца пакуль у межах 1000 рублёў за даляр. На думку фінансістаў, за верасень-кастрычнік курс рубля да даляра можа ўпасьці яшчэ на 20% у сувязі з імкненьнем ураду з дапамогай эмісіі падтрымаць прадпрыемствы, што апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы.

У чарговы раз падаражэлі бэнзын і саляра. Іх цэны ў Беларусі дагналі кошты ў суседніх краінах, дзе ўзроўні заробкаў – непараўнальна вышэйшыя. Бэнзын А-76 на запраўках «Белнафтахіму» цяпер каштуе 299 руб, А-92 — 393 руб, АІ-95 — 463 руб, дызпаліва — 282 руб. Тады як на аўтамагістралі Берасьце—Ворша цана складае: А-76 — 305 руб., АІ-92 — 401 руб., АІ-95 — 472 руб.

У цэлым інфляцыя за два тыдні жніўня склала 2,2%.

Радыкальна вырасьлі й сумы прэміяў спартоўцам, якія заваююць мэдалі на Алімпійскіх гульнях, і інвалідам, што перамогуць на Паралімпійскіх гульнях. На Алімпійскіх гульнях спартоўцы атрымаюць па 60 тысячаў даляраў за залаты мэдаль, па 30 тыс. — за срэбны і па 22,5 тыс. — за бронзавы. Сумы ўзнагародаў на Паралімпійскіх гульнях — 7,5 тыс. даляраў за «золата», 3,75 тыс. -- за «срэбра» і 2,8 тыс. — за «бронзу». Аналягічныя ўзнагароды атрымаюць і трэнэры. У камандных відах узнагарода будзе выплачаная кожнаму спартоўцу — удзельніку каманды, а трэнэры атрымаюць 50% сумы.

Павялічылася таксама колькасьць кандыдатаў на выбарах ад няўрымсьлівай партыі Гайдукевіча. Лібэрал-дэмакраты вырашылі вылучыць кандыдатаў ува ўсіх акругах і выставіць больш за 7 тысячаў назіральнікаў, рэпэтуючы сыстэму татальнага кантролю за будучым прэзыдэнцкім плебісцытам.

Мошчы Сьвятога Iвана Кармянскага перавезьлі зь вёскi Кармы на Добрушчыне ў Гомель. У саборы Пятра i Паўла яны будуць знаходзіцца да 3 верасьня, а тады сьвятыню вернуць назад пад Добруш.

Учора ў Чыжоўцы ў Менску высьвяцілі праваслаўную царкву ў гонар Менскага абраза Маці Боскай. Бажніца будзе стаяць на вуліцы Галадзеда, які займаўся руйнаваньнем цэркваў у 30-х.

На Жлобінскім мэталюргічным заводзе скончылася распачатая летась рэканструкцыя пракатнага стану. Выдаткі на яе склалі больш чым 70 мільёнаў даляраў, узятых прадпрыемствам у крэдыт у Аўстрыі і Нямеччыне. Праект мае акупіцца за 4 гады.

 

Цяжбы

Берасьцейскі суд задаволіў позву Iвана Лiтвiновiча да Берасьцейскага аблвыканкаму. Дачку Літвіновіча, Iрыну Панасюк, зьбiла «вольва», на якім ехаў берасьцейскі галава Васіль Далгалёў. Крымiнальную справу неўзабаве закрылi «з-за адсутнасьцi складу злачынства». Але Iван Лiтвiновiч падаў у суд. І суд абавязаў аблвыканкам сплаціць Літвіновічу каля 1 250 000 рублёў.

Менскае аддзяленьне Беларускага Гельсынскага Камітэту запатрабавала адстаўкі старшыні БГК, Тацяны Процькі. Рашэньне мае прыняць агульны сход Камітэту 16 верасьня.

На Ваўкавышчыне ад шаленства памерла жанчына. Яе пакусаў свойскі сабака. Належную колькасьць уколаў ёй укалолі, але ці то вакцына расейскай вытворчасьці аказалася заслабая, ці то што, толькі жанчына занядужала і скончылася. Цяпер разьбіраюцца.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0