Аўген Касьцюшка

Беларускі капіталізм

Развагі з нагоды аднаго выказваньня Ганса-Георга Віка

 

Акурат напярэдадні Ўсебеларускага Зьезду за Незалежнасьць у Гомелі адбылася сустрэча кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка з грамадзкасьцю, у часе якой нямецкаму дыплямату задалі пытаньне пра магчымасьці і зацікаўленасьць Нямеччыны ў падтрымцы і ўмацаваньні беларускай незалежнасьці, у аслабленьні рознабаковай расейскай экспансіі ў нашай краіне. Адказ быў вытрыманы і дыпляматычны, але ўразіў глыбінёй. Калі перавесьці яго з ухілістай мовы дыпляматыі на звычайную, дык сп. Вік сказаў прыкладна наступнае: пакуль прысутнаму ў Беларусі расейскаму капіталу ня стануць сур’ёзнай супрацьвагой заходнія капіталы (інвэстыцыі, тэхналёгіі, дапамога, пазыкі і г.д.), датуль будзе трываць задушлівая ўсебаковая залежнасьць ад Расеі і цяперашні стан эканамічнае дэградацыі.

Глыбокая эканамічная, інфармацыйная і культурная прывязанасьць да аднаго партнэра, монаарыентацыя на былую мэтраполію спараджае нэакаляніяльную залежнасьць ва ўсіх сфэрах, робіць пустой паперкай фармальны сувэрэнітэт дзяржавы. Вядома, «хто плаціць, той замаўляе музыку».

Беларусь — гэта невялікая адкрытая эканоміка, якая моцна залежыць ад замежных рынкаў, сусьветных цэнаў на сыравіну. Наяўны ў Беларусі стан «мяккай» постсавецкай дыктатуры з панаваньнем русіфікаваных плебеяў, з посткаляніяльнай стратай культурных каардынатаў і ерархіі вартасьцяў стаў левакансэрватыўным адказам на цяжкія выклікі часу, прыняць якія на пачатку 90-х Беларусь аказалася не гатовая, але далёка ня лепшай з магчымых стратэгіяў для краіны, што вырашае праблемы пераходу са стану дэзарыентавана-архаічнае супольнасьці ў стан структураванай канкурэнтаздольнай нацыі, якая зможа дасягнуць у сусьветным падзеле працы годных вышыняў, каб стаць у шэрагі новых эўрапейскіх «зуброў» і азіяцкіх «тыграў».

Доўгатрывалы левакансэрватыўны адкат у Беларусі — ці не найбольш стратны і пакутлівы шлях «прыстасаваньня» да Сучаснасьці, вытварэньня-здабыцьця сваёй нішы сярод краёў і народаў у стракатай плянэтарнай ерархіі.

Сёлета ўвесну па выніках розных сацыялягічных дасьледаваньняў беларусы зь вялікім адрывам занялі месца лідэра сярод краінаў СНГ па прыхільнасьці да рынкава-дэмакратычнай стратэгіі разьвіцьця, значыць, у грамадзкай думцы ківач сацыяльна-палітычнай эвалюцыі павярнуў у бок іншай, нацыянальна-лібэральнай мадэрнізацыі, шляхам якой пайшлі дзесяць гадоў таму краіны Цэнтральнай Эўропы. Мо таму рынкавыя і дэмакратычныя вартасьці аказваюцца цяпер такімі прывабнымі беларусам, якія нават заплюшчваюць вочы на іх непазьбежныя на першым часе выдаткі, што рынак, як забаронены ласунак, даступны больш удалым суседзям, раздражняе, спакушае, заводзіць нават малапатрабавальных «простых людзей», ня кажучы ўжо пра элітныя пласты грамадзянаў энэргічных і спраўных.

Сытуацыя зьмены грамадзкіх арыентыраў рэзка актуалізуе пытаньне аб зьмене стратэгіі разьвіцьця Беларусі. Вынікі пабудовы «рыначнага сацыялізму» жахаюць. Культурная дэградацыя ідзе страшным тэмпам. Паўднёвакарэйскі варыянт аўтарытарнага капіталізму ў Беларусі ня ўдаўся. Заняпад і пастаянны шок, якія перажывае Беларусь апошняе дзесяцігодзьдзе левакансэрватыўнай мадэрнізацыі, ствараюць вялікае напружаньне ў грамадзтве. Дыстрэс можа аказацца настолькі моцны, што стануць рэальнымі зьмены культурных кодаў насельніцтва Беларусі аж да якасна іншага стану. Беларусь «цяжарная» вялікай рэвалюцыяй. Вялікая Беларуская рэвалюцыя, здаецца, будзе скіраваная на ўсталяваньне капіталізму і рынку як самай прадукцыйнай свабоднай сацыяльна-эканамічнай сыстэмы на зьмену неэфэктыўнай цяперашняй эканомікі. Але, выкарыстоўваючы гэткія «перчаныя» мэтафары пра Вялікую Беларускую рэвалюцыю, мусім памятаць пра адну нерытарычную небясьпеку — існы стан заняпаду і шоку, дзесяцігадовае напружаньне могуць скіравацца і ў іншы бок, у рэчышча незваротнага самаадмаўленьня, самаліквідацыі краіны.

Суцяшае, што гэткі варыянт разьвіцьця працэсаў у Беларусі карэнна пярэчыць інтарэсам шэрагу галоўных актораў эўрапейскай палітыкі — ЗША, Польшчы, Нямеччыны, дый дэмакратычных сілаў у Расеі. Ён пагражаў бы сыстэме бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе, таму выглядае неімаверным. Рацыянальная абыякавасьць Захаду да Беларусі (як да Афрыкі) немагчымая.

Структурныя рэформы вымагаюць вялікіх рэсурсаў, новых тэхналёгіяў, падрыхтаваных кадраў, палітычнай волі элітаў. Беларусі патрэбны Захад, той Захад, які гэтаксама зацікаўлены ўва ўмацаваньні незалежнай Беларусі як засьцярогі ад імпэрскіх рэцыдываў на Ўсходзе і дадатковае гарантыі далейшай эўрапеізацыі самой Расеі. Заходнія інвэстыцыі, тэхналёгіі, уплывы значна падвысілі б хуткасьць трансфармацыйных працэсаў у Беларусі. Умацоўваліся б фундамэнтальныя катэгорыі заходняй цывілізацыі — свабода, прыватная ўласнасьць, актывізм, вяршэнства права, шанаваньне інтэлекту, інавацыяў, мэтаўпарадкаванасьці. Але як дабіцца прыходу ў Беларусь заходніх тэхналёгіяў і інвэстыцыяў?

Галоўная перашкода для лібэральнай мадэрнізацыі Беларусі — у традыцыяналісцкім постімпэрскім мысьленьні беларускага народу (у «лукашэнку» не як асобе, а як сацыяльна-палітычным фэномэне) і ва ўплыве Расеі, дзе Свабода стагодзьдзямі ня можа замацавацца ў якасьці неабходнай умовы быцьця, дзе ўлада–дзяржава–цар вызначалі ступень свабоды і статус уласнасьці.

Расея, якая сярод краінаў СНГ мае найпільнейшыя патрэбы ў заходніх інвэстыцыях, тэхналёгіях, пазыках, да таго ж бачыць у самастойнай Беларусі небясьпечнага канкурэнта ў спаборніцтве за інвэстыцыі, тэхналёгіі. Посьпех лібэральнай мадэрнізацыі Беларусі конча аслабіў бы імпэрскія амбіцыі Масквы ў Цэнтральнай Эўропе, таму шавіністычныя колы Расеі і прарасейскія сілы ў Беларусі так упарта імкнуцца захаваць любыя праявы постімпэрскай эканамічнай і культурнай інтэграванасьці Беларусі й Расеі, другаснае становішча ўсяго беларускага ў Беларусі.

Золак Вялікай Беларускай рэвалюцыі – ужо далёкая ўзьнёсла-тужлівая падзея – Дзяды 1988 году. Дзень 30 кастрычніка 1988 году стаў днём-сымбалем абуджэньня беларусаў як народу. Разагнаная, але неймаверна магутная па палітычных наступствах акцыя ёсьць сымбалічнай датай адліку новага пэрыяду беларускай гісторыі, калі супольнасьць зноў устала на шлях вытварэньня мадэрнавай разьвітай нацыі, узнавіла ўласную гісторыю. Гістарычны лёс наканаваў нам завяршаць гэтую справу ў постіндустрыйную эпоху, тады як большасьць нацыяў – вытвор Мадэрну, індустрыйнай эпохі. Беларусы спазьніліся. Але не назаўжды. Мы яшчэ можам мабілізаваць волю і сілы для зьмяненьня задушлівага стану існаваньня. Паставіць тлусты крыж на 12-мільённым народзе немагчыма. Вось толькі якая мусіць быць наша тактыка, каб мы перамаглі? Як менш стратна для Беларусі перайсьці на шлях лібэральнай мадэрнізацыі, як адолець посткаляніяльныя комплексы і балячкі?

Калі дэмакратычная і патрыятычная апазыцыя і сапраўды ня маюць пакуль магчымасьцяў і паразуменьня, каб зьмяніць палітычны рэжым і стратэгію разьвіцьця Беларусі, дык застаецца няпросты і хісткі шлях кампрамісаў. Калі б Лукашэнка дзеля свайго палітычнага выжываньня зрабіў рэальныя крокі ў справе ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі шляхам паляпшэньня дачыненьняў з Захадам (выпраўленьне «дзікага крэну на Ўсход»), у справе няхай спачатку частковых лібэральна-рынкавых рэформаў, апазыцыі варта было б, заглушыўшы свае эмоцыі, пачаць рыхтаваць асьцярожную супрацу. Хоць, вядома, дагэтуль мы ня можам упэўнена сьцьвярджаць, ці здольныя суб’екты палітычнага працэсу са стану ўладаў і канкрэтна А.Лукашэнка пасьлядоўна кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі, а не асабістымі амбіцыямі. Зрэшты, яны мусяць рана ці позна гэтага навучыцца, бо неэфэктыўная цемрашальская эліта, якая дрэнна забясьпечвае функцыянаваньне грамадзтва і дзяржавы, прырэчаная раней-пазьней тым ці іншым чынам зьмяніцца новымі элітамі. Праблема толькі ў кошце і стратнасьці адцягваньня перамены курсу.

Імпэрскі кантроль Масквы над Беларусяй у ягоных цяперашніх палавінчатых формах ня зможа трываць доўга. Так ці йнакш Беларусь мусіць самавызначыцца і сталець як дзяржава. Пытаньне толькі, наколькі беларусы здатныя вытварыць канкурэнтаздольную ўтульную культуру і надзейнае палітычнае цела перад бурамі і завірухамі нялітасьцівай да слабых гісторыі Эўропы – нашае культурнай радзімы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0