БТ вачыма беларуса

Бессэлектарная нарада

 

Зборам ураджаю пакамандаваў, заробкі выплаціць загадаў, пара ўжо й тэлевізійшчыкаў навучыць працаваць. Вось і засеў наш геній усіх навук у самую вялікую студыю БТ, уздоўж сьценак прадстаўнікоў рэдакцыяў пасадзілі, і пачаў ён ім вяшчаць «у жывым эфіры». Што калі чалавек працаваць добра ня ўмее – няма чаго шкадаваць, трэба яго звальняць, але гэта нейкім чынам ня значыць, што трэба яго на вуліцу выкідваць. Што трэба быць на ўзроўні НТВ ды ОРТ, але (хоць у нас на гэта няма ні грошай, ні мазгоў) ніякіх алігархаў мы не дапусьцім. Што творчаму калектыву належыць актыўна шукаць новыя тэмы ды падыходы, а то зусім усё адсырэла, але пры гэтым бесьперапынна «блюсьці» дзяржаўныя інтарэсы (прычым розным там апазыцыянэрам слова не даваць, яны не народ, а «дзяржава – гэта я»), упарта праводзіць усё тую ж «дзяржаўную» ідэалёгію, і пры гэтым ганарыцца, што БТ – «не прадажнае». Гэта напэўна значыць: грошай мы вам не дамо, бо іх і няма, а болей вас ніхто й ня купіць, а захоча – дык не дазволім. Лягічна, што й «прадусарскае тэлебачаньне» раптам сталася дрэнным. Грошай жа ніхто ня дасьць, і ня трэба… Доўга яшчэ балабоніў, але каму гэта цікава.

Кіраўнік КПБТ таксама высaтупіў, з асобнай трыбункі. Сказаў, што трэба скараціць колькасьць праграмаў, а ўпор зрабіць на мясцовыя, гарадзкія навіны. Што двойчы правільна – пра падзеі ў сьвеце і ў расейцаў можна паглядзець, а адзінае TV, якое Чыкін «рукамі мацаў» – гэта «Сталічнае». Вось і зьбіраецца працаваць з тым, што бліжэй. СТВ зь менскімі навінамі ў верасьні павінна на БТ зьявіцца, ды іншыя хай падобнае робяць. І будзе ў нас не БТ, а кактэйль iз сталічнага тэлебачаньня, Віцебскага, Мазырскага ды іншых «МТV».

Болей за тое, і пра другі нацыянальны канал кіраўніцтва на паседжаньні ўзгадала – і яго сабраліся на базе СТВ ствараць. Чаму б, здавалася, не на базе ФІТу, напрыклад (пра што разгаворы хадзілі яшчэ ў 1995-м), – кампанія даволі салідная, 9 гадоў ужо; тут табе й досьвед, і кадры, пры ўсёй іхнай цякучцы, прафэсійныя. А на тым СТВ толькі назва ды некалькі дзяўчат-хлапцоў – далёка не бяздарнасьцяў, але ж зусім яшчэ «зялёных». Практычна з нуля прыйдзецца пачынаць. Але ж СТВ – кантора дзяржаўная, за ёй наглядаць прасьцей, сачыць, каб «дзяржаўныя інтарэсы» выконвала. Толькі цікава, што ж Чыкін рабіць будзе, калі з «чадаў» сваіх сабе ж канкурэнтаў зробіць? Дый увогуле – якая можа быць канкурэнцыя паміж дзьвюма дзяржаўнымі структурамі? (Хіба што гэткая, як між МУС ды КГБ?) Але тое не для нашых уладаў пытаньне, яны й сэнсу ў ім ня ўбачаць. Усё мусіць быць «дзяржаўным»! – і баста.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0