ВОДГУКІ

 

Шкада мне Быкава

Учора прыйшоў 26-ы нумар «НН» — нічога, што спозьнены. На першай бачыне пачынаецца інтэрвію «НН» з Васілём Быкавым. Чытаю. Прачытала і, як звычайна, як і прачытаўшы пра маленькую чырвоную кветачку, зрабілася надта сумна. У галаву прыйшлі дзьве рэчы: у малітве за Беларусь ёсьць такая просьба, зьвернутая да Бога: «… Ня дай марна гінуць талентам, якія пасылаеш у наш народ…» і верш Зоські Верас, які яна калісьці прыслала Вітаўту Тумашу ў Нью-Ёрк, і якім др.Тумаш падзяліўся з намі, калі мы з мужам (Вінцуком) былі ў Нью-Ёрку:

Я не баюся жыцьцёвай буры,
але ж баюся я ўтраты веры,
утраты энэргіі баюся бязь меры
баюся жыці без ідэалу,
бо ў чорнай пустцы сэрца б сканала…
Больш, чым цялеснай,
баюся сьмерці — душой умерці…

Зоська Верас тады была ўжо ў надта заавансаваным веку, калі людзі думаюць пра «цялесную сьмерць».

Тады, у чорнай падарожнай кніжачцы, пад дыктоўку Вітаўта Тумаша я гэта запісала і цяпер з тае ж кніжачкі Вам перапісала.

Шкада мне Васіля Быкава, вялікага таленту, які паслаў беларускаму народу Бог… Ён, гадунец савецкай эры, савецкай ідэалёгіі, чуўся ў той савецкі час як рыбка ў вадзе, а як паляк кажа — у сваім жывёле. Усе яго шанавалі й хвалілі. Прыйшоў іншы час, і ён хоча ізноў быць у пункце зроку беларускага грамадзтва і, зразумела, апынуўся ў галоўным русьле беларускага нацыянальнага адраджэньня. Я памятаю яго на Першым зьезьдзе беларусаў сьвету ў Менску, у 1993 годзе. Глядзелі мы на яго, як на Бога, і мелі на яго вялікія спадзяваньні, што сваім магутным дыханьнем і талентам будзе трымаць і весьці наперад наш дух…

Але чулая душа пісьменьніка бачыць, што ён, як сказаць, духова-нацыянальна не прыгатаваны да беларускага нацыянальнага адраджэньня, ён чуецца «не ў сваім жывёле», глядзіць на слабасьць беларускага руху, ня бачыць ружовае пэрспэктывы, бачыць толькі цяжкое, мо крывавае змаганьне за ідэал — дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Змаганьне, уключыцца ў якое ён адчувае, што ня мае духовае падрыхтоўкі, ня верыць у яго… Што ж рабіць. Які выхад?.. Выхад такі: зьняверыць і тых шаленцаў, што, паводле яго, парываюцца з матыкай на сонца, якое так ярка сьвеціць ад усходу… І пачынае сваю работу зьняверваньня беларускіх ідэалістаў, абнізіць іхны дух да ўзроўню ягонага — Васіля Быкава — духу няверы.

І ў маёй грэшнай душы зарадзілася нават такая грэшная думка, за якую я сама сябе ганіла, што «старэйшы брат» даў Васілю Быкаву за ягоную работу ўзнагароду, аб якой пісалася і ў «НН». Сваёй грэшнай думкі я сама саромелася й пра яе нікому не казала, пакуль не прачытала ў апошнім, што атрымала, нумары «НН» інтэрвію зь Пісьменьнікам, у якім ён і кажа, што спалохаўся, што ягоныя сябры-расейцы дрэнна пра яго падумалі, пакрыўдзіліся на яго, што ён быццам, так яго пасуджаюць, дзікі нацыяналіст, што думае, што Смаленск ды Беласточчына — беларускія!!!

Беларус з душы, не са словаў, гэтым ганарыўся б, даказваў бы гістарычна праўду такой думкі…

Васіль Быкаў у «творчай камандзіроўцы». Што зьнявераны дух будзе тварыць?..

Напісала, раззлавалася й супакоілася. А якая магла б быць карысьць, каб я свае невясёлыя думкі паслала ў «НН»? Можа толькі такая, што працаўнікі «Нашай Нівы», дай Божа ім здароўе, падумалі б, што ня толькі яны так думаюць, а й чытачы таксама. Ды наканец думаю: нельга яшчэ болей прыбіваць духу Васіля Быкава. Маліцца за яго, каб Бог яго ўваскрасіў? Ці паплакаць і забыцца… ды зацытаваць нашага Адама Міцкевіча:

Niech zywi nie traca nadziei!
I przed narodem niosa kaganiec oswiaty,
a kiedy trzeba, na smierc ida pokolei,
jak kamienie przez Boga rzucane na szaniec.

Жыве «Наша Ніва»!

Жыве Беларусь!

З пашанай,

Раіса Жук-Грышкевіч,
Таронта

 

Дамоваўтвараецеся!

Спадары моваведы, Вы зараз з гэтымі «наморднікамі», «намызьнікамі», «напысьнікамі» дамоваўтвараецеся да таго, што заблытаецеся самі і заблытаеце ўсіх, хто чытае і выдае «НН». Кожны даказвае сваю правату, і ў гарачай палеміцы спадары моваведы забыліся, што ў беларускай мове існуюць сынонімы. Сынонімы — словы розныя па гучаньню і напісаньню, але аднолькавыя па сэнсу, лексычнаму значэньню. Таму амаль кожная вэрсія мае права на існаваньне (ну, акрамя самых экзатычных пэрлаў кшталту «зашчараў» ды «нашчараў»), бо ў Беларусі хапае розных дыялектаў, і сабачы твар у розных мясьцінах могуць называць па-рознаму. Прапаную пакінуць намызьнік у спакоі. Вартасных вэрсіяў шмат, і паважаным журналістам «НН» будзе з чаго выбіраць пасьля чарговай антынароднай акцыі ўладаў.

Пара зьвярнуць увагу на іншыя словы. Напрыклад, ці можна выкарыстоўваць у беларускай мове слова «таварыш», якое выкарыстоўваў Я.Купала («Мой мілы таварыш, мой лётчык…» («Хлопчык і лётчык», 1935 г.)? Ці «таварыша» (як любоў і каханьне) можна выкарыстоўваць у пэўных абставінах, ці нельга выкарыстоўваць зусім? І яшчэ мяне цікавіць слова «журналіст». У слоўніку іншамоўных словаў (складальнік А.Булыка, Менск, «Народная асьвета», 1993 г., стар. 111) напісана: «журналіст (рус. журналист, ад журнал <фр.journal)». У мяне ўзьнікае пытаньне: калі слова «журналіст» утворана неспасрэдна ад фр. Journal, то ўсё зразумела, а калі ад рус. журнал (што на беларускай мове «часопіс»), то журналіст па-беларуску гучыць, мабыць, па-іншаму? А як Вы думаеце, спадары?

Аболік Юры,
Менск

 

Дробязі

Убачыў у апошнім нумары «Нашай Нівы» артыкул пра Пётру Сергіевіча «Лёс клясыка». Лёс гэтага мастака нейкім чынам закрануў і мяне. Я быў зь ім знаёмы, пісаў пра яго, маю некалькі ягоных твораў. Стаў чытаць. Працяг артыкулу быццам бы на ст. 5. На ст. 5 працягу няма, але ёсьць на 4-й. Дробязь быццам бы. Даходжу да радкоў «мне згадваецца тая, адзіная і апошняя выстава Сергіевіча ў Менску, у 1981 годзе». Што за лухта? І хто гэта напісаў? Шукаю аўтара — ні подпісу, ні псэўданіму, нават ініцыялаў няма. Але каб чалавек ня ведаў, ня бачыў ці хаця б ня чуў пра юбілейную выставу мастака ў 1975 годзе тут, у Менску, у Палацы мастацтва? Піша ж, мяркуючы па ўсім, спэцыяліст.

Рабілі гэтую выставу «на голым энтузіязьме» мы, вядомая пяцёрка з «Паддашку», Кулік, Купава, Крукоўскі, Марачкін, Маркавец. Езьдзілі ў Вільню, прывозілі творы, адшуквалі ў розных установах і ў прыватных уладальнікаў, рэстаўравалі іх у былой майстэрні Маркаўца на Дзьмітраўцы. Вялікімі намаганьнямі нам удалося пасьля выставы шэраг цікавых працаў пакінуць у Беларусі (іх купілі больш-менш заможныя на той час нашыя знаёмыя зь ліку творчай і навуковай інтэлігенцыі). Намі, мастакамі, быў у складчыну выкуплены адзін зь лепшых твораў мастака: партрэт Забэйды-Суміцкага (гл. ст. 6). Зараз ён знаходзіцца ў музэі Багдановіча.

На той жа 6-й старонцы падвярстаны матэрыял У.Содаля, таксама прысьвечаны Сергіевічу, і ў ім гаворыцца пра менскія выставы мастака 1962 і 1975 гадоў. Пад здымкамі ў першым артыкуле — ніводнага подпісу: зноў дробязь, маўляў, і так зьядуць.

І яшчэ заўвага ананіму: ня варта спасылацца на аўтарытэт Сальвадора Далі пры ацэнцы камуністычнай спадчыны. Гэты вусаты піжон зялёнага паняцьця ня меў, што такое камунізм на практыцы. Ня «пыльныя архівы» засталіся ад яго на нашай з вамі радзіме, а незьлічоныя магілы нявінных ахвяраў.

Сказаць па праўдзе, чытаць газэту расхацелася. Але дачытаў. Дробязяў, падобных вышэйзгаданым, як на адзін нумар, набралася зашмат.

Уладзімер Крукоўскі,
Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0