Гэты дзень мы сьвяткавалі з 1988 году

 

Кіраўнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў — пра Дзень беларускай вайсковай славы:

«Тады яшчэ мы сьвяткавалі паасобку, хто дзе зь беларусаў служыў. Суднік – у Казахстане, мы ў сябе ў Забайкальлі, у Чыцінскай вобласьці. Я запрашаў усіх саслужыўцаў на сьвята, расейцаў, украінцаў, і было добрае сьвята. Некаторыя расейцы абураліся, але ж… Калі жывеш у цяжкіх умовах, дык усё найбольш залежыць ад чыста мужчынскіх адносінаў. Нехта будзе аспрэчваць, але асноўная маса нармальна ўспрыме».

 

Казлоўскі, цяпер апазыцыянэр нямераны…

«У Беларусі самае сур’ёзнае сьвяткаваньне было, калі афіцэры запасу прымалі прысягу на плошчы Незалежнасьці ў 1992 годзе. Тады Казлоўскі, на той час міністар абароны, які цяпер апазыцыянэр нямераны, быў супраць прыняцьця тае прысягі. Я лічу, што тое 8 верасьня, калі было наладжана прыняцьцё прысягі вайскоўцамі запасу, якраз падштурхнула беларускае кіраўніцтва да прывядзеньня да прысягі на вернасьць Беларусі ўсяго войска і ўсіх сілавых структураў. З нашага боку, з боку Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў, 8 верасьня 1992 году ўдзельнічалі дастаткова сур’ёзныя людзі: Барадач на той час камандаваў Мар’інагорскай брыгадай, было на плошчы яшчэ каля 20 афіцэраў, што праходзілі службу на сур’ёзных пасадах. Казлоўскі тады быў настолькі напалоханы, што ў Вярхоўным Савеце заявіў, што ў нас цяпер утвараецца як два войскі. Гэта быў аргумэнт, што і астатняе войска трэба прыводзіць да прысягі.

У наступныя гады такіх сьвяткаваньняў, як у 1992-м, больш не было. Запал зьменшыўся.

Але і цяпер у Беларускім войску ёсьць людзі, што сьвяткуюць Дзень славы, толькі ціха.

Пачатак 90-х быў характэрны тым, што ўсе засьвечаныя людзі, тыя, што прымалі прысягу, што папалі ў камэру, амаль усе былі звольненыя з войска. Літаральна пару чалавек можна налічыць тых, якіх ня звольнілі. Усіх астатніх звольнілі. У прынцыпе, тады мы зразумелі, што абсалютна ня варта людзей «сьвяціць» такім чынам. У войску ёсьць нармальныя людзі. На сёньняшні дзень яно ўжо не настолькі разнароднае, бо раней не было такога вялікага працэнту беларусаў у войску, як цяпер».

 

Выйсьці з БЗВ – што прадаць родную Беларусь

«Казлоўскі звольніў Барадача толькі за тое, што Барадач у Беларусі адчуваў сябе беларусам. А Барадач жа быў вялікі аўтарытэт, легенда беларускага спэцназу. Тых старых спэцназаўцаў, сапраўдных спэцназаўцаў, ня гэтых сёньняшніх, што паналепяць на сябе, што спэц там… Усе спэцы… А з той сапраўднай пляяды загартаваных… Ён усе званьні, пачынаючы ад капітана, атрымліваў датэрмінова. Быў адным з самых маладых і пэрспэктыўных беларускіх палкоўнікаў. Барадачу паставілі ўльтыматум: або ты выходзіш з БЗВ, або мы цябе звальняем з войска. А Барадач ім адказаў: для мяне выйсьці з БЗВ – гэта тое самае, што прадаць родную Беларусь. Адзінае, што Казлоўскі па-людзку зрабіў, гэта тое, што Барадачу кватэру далі, нармальна звольнілі, з гонарам. Але звольнілі за беларускасьць, каб ня ўбрыкнуў каго.

І што Казлоўскі ў 1996-м, калі вырашалася пытаньне пра імпічмэнт?..

Тады ў 96-м праблема была ў тым, што кожнаму з той апазыцыі было што губляць, таму яны ўсё і вагаліся. І ўсе Ціхіні і Захаранкі пралічвалі, што губляюць, што страчваюць. Адзінаму Лукашэнку не было чаго губляць. Або перамога, або ўсё. Адзінае, пра што я шкадую, што Пазьняка перад тым выціснулі зь Беларусі. Мо спэцыяльна прадбачачы гэтыя падзеі і выжылі адсюль. Бо разумелі, што гэты рашэньне прыме. У менскім гарнізоне тады сядзела пара камандзіраў, якія толькі чакалі, каб была юрыдычная падстава выступіць у абарону канстытуцыйнага ладу. Але і Пазьняк ня мусіў бавіцца ў Варшаве. Бо калі ты нешта пачынаеш рабіць, дык мусіш разумець, што ты больш не належыш самому сабе, а належыш нацыі».

 

Дзякуй, Грыбе, за БКА

«У свой час, за Шушкевіча, людзі плянавалі, што Дзень беларускай вайсковай славы заменіць 23 лютага. З другога боку, знайшлі, што 23 лютага 1944 году быў дадзены загад на ўтварэньне Беларускай Краёвай Абароны. Таму ў 1994 годзе, калі Грыб узаконіў сьвята 23 лютага, яму хлопцы тэлеграму адправілі: дзякуй, што ўшанавалі памяць байцоў Беларускай Краёвай Абароны.

Але ў беларускіх мужчынаў сапраўды павінна быць цалкам сваё сьвята. І 8 верасьня – добрая дата для яго.

У беларусаў не было сваёй акрэсьленай задачы. Пачынаючы з 1812 году яны біліся самі проці сваіх. Пачынаючы з той расейска-францускай вайны, калі з расейскага боку білася прыкладна столькі ж беларусаў, колькі і з францускага. І гэтак у кожнай вайне. Туронак у сваёй кніжцы «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» падлічыў, што і ў апошняй вайне прыкладна 300—350 тысячаў беларусаў ваявала з савецкага боку і столькі ж – зь нямецкага. Гэта бяда нашага народу, што мы ня ведалі, чаго хацелі. Калі была б акрэсьленая задача, усё было б зразумела».

 

Новыя людзі ўздымуць гэты сьцяг

«Пытаньне, што рабіць цяпер беларусам, складанае ў тактычным пляне, але абсалютна нескладанае ў стратэгічным: выхоўваць нармальную моладзь.

А то цяпер брыдка глядзець, калі нашы так званыя «дэмакраты» лезуць у парлямэнт, гатовыя за тры капейкі, за гэтую костку, здаць усё, што хочаш – вось і ўся іхная дэмакратыя. Але крыўдаваць на іх – сьмешна. І Статкевіч, былы кіраўнік Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў, ідзе ў першых шэрагах гэтых людзей. Статкевіч – асоба складаная, супярэчлівая. Я ўпэўнены, што яго прапусьцяць, каб усім казаць: во, Статкевіч у парлямэнце.

Натуральна, выхаваньне моладзі залежыць ад умоваў. Калі пачнуць жорстка душыць моладзь, дык усе гэтыя гульні ў падпольныя арганізацыі… усё гэта застанецца хіба толькі для таго, каб стварыць прэцэдэнт супраціву. Але зноў жа, у стратэгічным пляне, застанецца наша гісторыя гэтых 10 гадоў, наша сымболіка, знакі адрозьненьня, грошы. Усё гэта ўжо ня выкінеш з гісторыі. Беларусы раней ня мелі жывога прэцэдэнту незалежнасьці, у адрозьненьне, скажам, ад прыбалтаў. У народу складаліся ў выніку самыя фантастычныя ўяўленьні: быў нейкі Вітаўт некалі, а пасьля перадаў нейкаму Пазьняку... А ў 90-х гадах усё было. І з галоваў гэтага пакаленьня гэтай памяці пра незалежнасьць ужо ня вынішчыш. І таму тое, што мы фактычна мелі сваю дзяржаву, стварае прэцэдэнт. Рана ці позна пры самым раскладзе новыя пакаленьні ўздымуць гэты сьцяг і пойдуць за ім. Нічога ня страчана».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0