Спорт
«Завалілі» Валію
Малафееў зрабіў цуд: першы раз за 4 гады ў афіцыйным турніры наша футбольная зборная выйграла
Старыя знаёмцы з Уэльсу прыляцелі ў Беларусь з дрэнна прыхаваным намерам паўтарыць леташнюю перамогу ў Менску (2:1). Толькі забыліся «чырвоныя цмокі», што ў адну варонку снарад двойчы не трапляе.
Справу абразаньня крылцаў лятучым пачваркам пачала нашая футбольная моладзь (under 21) яшчэ ў пятніцу, калі ў Барысаве напхала сваім валійскім аднагодкам па поўнай праграме — 4:1.
У суботу больш за 30 000 заўзятараў, сярод якіх і сотня фэнаў з Брытаніі, расьселіся на плястыкавых крэслах галоўнага стадыёну краіны. Беларусы ішлі на стадыён з марай пра першую перамогу ў афіцыйных турнірах за 4 гады. Бо апошні раз такая вікторыя здарылася ажно 31 жніўня 1996 году ў матчы з эстонцамі.
У першым тайме беларусы ня выкарысталі пары зручных момантаў, каб падмачыць рэпутацыю валійскага брамніка Пола Джонза. Але на 40-й хвіліне ён сам прывёз гол сваёй камандзе: ня здолеў забраць мяч пасьля закіду ў штрафную ды атрымаў за каршэнь ад Аляксандра Хацкевіча – 1:0!
Валія рынулася ў атаку, аднак да канца тайму беларускі бастыён быў непарушны. Падчас пярэрвы галоўны трэнэр нашай зборнай Эдуард Малафееў убіў хлопцам у галовы, што трэба забіваць яшчэ. На пачатку другой паловы гульні беларусы абрынулі на гасьцей шквал атак, вынікам адной зь якіх стала другая прабоіна ў крэйсэры «Чырвоны Цмок». Яе нанёс трапным стрэлам у кут брамы Валянцін Бялькевіч. Трэці ўдар па пазыцыях гасьцей быў нанесены арбітрам, які пакінуў на полі толькі дзесяць валійцаў, дастаўшы з кішэні чырвоную картку ў адказ на грубае парушэньне правілаў. І ўсё ж за колькі хвіляў да канца матчу Гары Сьпід размачыў лік.
Шчасьлівым выцьцём тысячаў родных гарлякоў адгукнуўся на трыбунах фінальны сьвісток. Толькі змрочная фігура Эдуарда Малафеева адразу ж зьнікла ў распранальні. Відаць, разумее коўч, што гульня беларусаў пакуль далёкая ад той, што трэба паказаць празь месяц, каб выстаяць у матчы з палякамі, якія, між іншым, растрыбушылі ў Кіеве зборную «жоўта-блакітных» – 3:1. Сапраўдную вартасьць нашай каманды мы даведаемся пасьля кастрычніцкага іспыту ў Лодзі.
Богусь Біятлянёнак