Сутокі

Найдаўнейшы ў Беларусі народны фотаклюб «Менск» на свае 40-я ўгодкі зладзіў фэстываль мастацкае фатаграфіі

 

У залях Гістарычнага (вул.Маркса), Літаратурнага (у Траецкім) музэяў і Нацыянальнай бібліятэкі прайшлі выставы фотамайстроў «Менску» ды ягоных замежных сяброў у рамках фэстывалю, што называўся «Сутокі». На выставе «Рэтра-2» былі прадстаўленыя працы клясыкаў беларускай фатаграфіі 60-80-х гадоў Уладзімера Няхайчыка, Самуіла Левіха, Віктара Ганчарэнкі, Міхася Жылінскага, Юр’я Васільева. У Юр’я Васільева, які ачольваў фотаклюб 21 год, прайшла й пэрсанальная выстава.

Нацыянальны музэй гісторыі і культуры дастаў са сховішчаў арыгіналы працаў фотамайстроў мінулага й пачатку нашага стагодзьдзя (з 1860-х па 1920-я гады). На ўласныя вочы можна пабачыць здымкі Майсея Напельбаўма, Яна Булгака, Антона Прушынскага — у тым ліку вядомы партрэт Дуніна-Марцінкевіча, ды яшчэ 13 менш вядомых ці зусім невядомых аўтараў.

Што цяпер ствараецца ў «Менску», прадэманстравалі дзьве выставы здымкаў, зробленых у 90-х — уласна клюбная й міжнародная выстава піктарыяльнай фатаграфіі. Сярод удзельнікаў міжнароднай выставы — бэрлінец Ёрг Айднэр, беспасярэдні ўдзельнік жыцьця клюбу ў 70-х, падчас свайго студэнцтва ў Менскім палітэху.

Піктарыяльная — значыць, ізь зьмененай, трансфармаванай нейкім чынам выявай. Трансфармаваць яе мастак можа на розных стадыях працы над фотакарцінай і рознымі шляхамі — ад звычайнага танаваньня да лічбавай апрацоўкі.

Прыгожага ды цікавага на выставах шмат, і нават дзіўнае ёсьць. Гэтак, польскія фотамастакі прадэманстравалі свае творы ў тэхніцы «гумы»: гэта калі «пішуць сьвятлом» не з дапамогай срэбра па фотапаперы з жэлятынавай асновай, а з дапамогай пігмэнтаў па акварэльнай паперы, прапітанай смалой афрыканскай акацыі, «гумай». Прычым фотакарціна ня проста здымаецца й друкуецца, а амаль што пішацца. Праца вельмі цяжкая, але мастак можа быць спакойным за долю свайго твору. У адрозьненьне ад звычайнага фота, «гумовыя» фотакарціны жывуць як найменш 600—700 гадоў. Гумістаў лічаныя дзясяткі (польская школа — наймацнейшая ў Эўропе). А вось гумістаў, якія працуюць ня ў колеры, а ў чорна-белай гаме – у сьвеце адзінкі. Генрык Рагазінскі зь Беластоку сярод іх.

Для фотамастакоў фэстываль скончыўся пленэрам на Іслачы, у родных мясьцінах В.Дуніна-Марцінкевіча. А нам засталіся выставы, якія можна наведаць.

Дзяніс Носаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0