Сабачыя гісторыі

 

Віктар ШНІП

 

Пры адным сабаку памёр Граждан. Ён рана ўстаў з ложку і паўдня бегаў за сабакам па полі, а пасьля яшчэ пасьпеў памыцца ў яме, куды сьцякала малако з кароўніка калгасу «Шлях да камунізму».

Адзін сабака вывучыўся на прафэсара. Граждан не перашкаджаў.

Аднаму сабаку прывезьлі параненага Граждана і сказалі: «Лячы!» Сабака сказаў: «Няма дурных!»

На ўваходзе ў рэстарацыю напісана: «Сабакам нельга!» І ні адзін сабака не зайшоў, а толькі Гражданы лезьлі напралом, каб паглядзець, колькі каштуюць катлеты.

Хто сказаў, што адзін сабака можа прапасьці? Граждан.

Адзін сабака марыў трапіць на Канары. Граждан ляжаў у канаве і думаў: «Чаму я ня сокал? Чаму не лятаю?»

Адзін сабака прапанаваў Граждану лепей жыць. Граждан адмовіўся: «Мне бацька яшчэ не дазваляе…»

Адзін сабака купіў італьянскія туфлі. А Граждан хадзіў па крамах босы і шукаў туфлі на высокім абцасе, як у калгасьніцы і сялянкі.

Аднаму сабаку пашанцавала — знайшоў кашалёк. Але гэта ўсё бачыў Граждан, які адразу зароў: «Семдзесят пяць працэнтаў дзяржаве, а астатняе — нам!»

Калі адзін сабака прыходзіў на танцы, не было боек. І Гражданы стараліся піць самагонку, закусваючы.

Калі паміраў адзін сабака, зьехаліся ўсе сваякі. Калі паміраў Граждан, прыйшоў малады Граждан і сказаў: «Давай грошы — пахаваю!»

У аднаго сабакі было шмат дзяцей. А Граждан верыў, што толькі пры камунізме ён уволю наесца макаронаў.

«У Менску няма ніводнай сталоўкі для сабак» — скардзіўся адзін сабака Граждану. А Граждан злаваўся: «А мяне Шніп Гражданом назваў!»

Да аднаго сабакі прыйшоў Граждан-сваяк. Хацеў пасварыцца, але не атрымалася, і ён з дрэнным настроем пайшоў дахаты.

Адзін сабака хварэў. Яго Граждан пацалаваў.

У аднаго сабакі была ўзнагарода за прыкладныя паводзіны. А ў Граждана была даведка аб нараджэньні.

Адзін сабака любіў марожанае. Граждан не разумеў, як гэта можна любіць марожанае, калі ў крамах хапае таннага віна і кількі ў тамаце.

Адзін сабака запрасіў на вясельле Граждана. Граждан прыехаў на трактары з прычэпам сена і сказаў: «Усё, што магу!..»

Адзін сабака адпачываў. А Граждан падбягаў да яго кватэры, званіў у дзьверы і ўцякаў.

 


Ад гражданоў

 

Адзін сабака зьеў хот-дог. А Граждан абвінаваціў яго ў канібалізме.

Кім Чэн Ір, Менск

 

Піва на разьліў. Сабакі п’юць з куфляў (пад заклад), Гражданы — са слоікаў (без закладу). «О-о, гражданы!» – моўчкі гнеўна зайздросьцяць Гражданы. «У-у, с-сабакі!» – моўчкі самазадаволена гідзяцца Сабакі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0