Пазытывы

 

Новыя кавалі

 

Гадоў сорак таму ў Курасоўшчыне, там, дзе цяпер пошта на вуліцы Каржанеўскага, пры сажалцы стаяла кузьня. Мой стрыечны брат Валодзя як хлопец старэйшы мусіў паказаць госьцю самае цікавае ў сваёй вёсцы, і адвёў мяне туды.

Цяжкі прыдых мяхоў, чырвонае вугольле і злыя кіпцюры полымя, што чапляліся за нейкую жалезіну. Чорны дзядзька з таўшчэзнымі рукамі. Абцугі, якімі ўпару цмока трымаць за язык, як ў казцы. Увішны дужы хлапец зь вялікім кавадлам. Мэлёдыя малых і вялікіх удараў, што робяць з жалезіны рэч.

І ў тым вялікая таямніца беларускага жыцьця, што ў ім зьмяшаліся эпохі, што ў той самы час, як мы дзівіліся на сапраўднага вясковага каваля, за колькі кілямэтраў ад нас, у горадзе, рабіліся першыя захады па стварэньні супэрсучаснай парашковай мэталургіі.

Некаторыя кажуць, што гэткі спосаб апрацоўкі мэталаў існаваў у старажытныя часы ў Індыі. Хаця пачаткам навачаснай парашковай мэталургіі афіцыйна лічыцца стварэньне беларусамі Пётрам Сабалеўскім і Васілём Любарскім у 1826 годзе тэхналёгіі вырабу плятынавых грошай на замову царскай адміністрацыі. Сутнасьць спосабу заключаецца ў вырабе з мэталу парашку, а потым фармаваньня зь яго патрэбных рэчаў празь ціск альбо сьпяканьне.

У ХХ ст. у Беларусі пасьпяхова разьвівалася гэтая прамысловасьць, вынайдзеная беларусамі. Днямі прафэсар Яўген Дарашкевіч, генэральны дырэктар навукова-вытворчага канцэрну парашковай мэталургіі распавёў пра посьпехі і праблемы галіны.

Усё пачыналася з адной адмысловай лябараторыі ў палітэхніцы, а цяпер у галіне паўтысячы навукоўцаў і інжынэраў, болей за тысячу занятых па ўсёй краіне, кантакты з найбуйнейшымі прамысловымі прадпрыемствамі краіны. Тэарэтычныя напрацоўкі канцэрну патрэбныя ў гэткіх сфэрах, як выраб высоканадзейных прыладаў, абарона паверхняў ад розных пашкоджаньняў, выраб штучных дыямэнтаў, рэсурсазахаваньне. Прадукцыя канцэрну канкурэнтаздольная на сусьветным рынку. Напрыклад, летась тамака вырабілі аўтамабільны калектар, які аналягаў у сьвеце ня мае. А тры гады таму канцэрн атрымаў узнагароду Эўрапейскае асацыяцыі парашковай мэталургіі за тэхналягічныя посьпехі.

Напрацоўкі канцэрну даюць нашай краіне лепшыя шанцы пазбыцца СССРаўскай спадчыны, бо яны ж ляглі ў падмурак дзяржаўнай праграмы ўтылізацыі розных гатункаў боезапасаў.

Аб’ём вытворчасьці Беларускага канцэрну парашковай мэталургіі за 8 месяцаў гэтага году падвоіўся ў параўнаньні з паказчыкамі мінулага году. 60% прадукцыі пайшло за мяжу.

І жылі б сабе прыпяваючы Яўген Дарашкевіч з падначаленымі, каб не... Найперш, каб ня брак абаротных сродкаў: з галоўнымі пастаўшчыкамі сыравіны і спажыўцамі прадукцыі, украінскім ды расейскім ВПК, працуюць па бартэры. А таму, нягледзячы на рост вытворчасьці, усё ж вытворчыя магутнасьці сусьветнага ўзроўню задзейнічаныя толькі на палову сваіх магчымасьцяў.

Вядома, высокія тэхналёгіі патрабуюць высокай палітыкі дзеля падтрымкі сваіх інтарэсаў. А ў нас адзін высокі палітык...

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0