Юлія Андрэева

Сэзон у Філярмоніі адкрыўся канцэртам Шнітке

Бліскучая дырыжорская работа Праваторава ня здольная схаваць глыбінных праблемаў аркестру

 

Сёлета фiлярманiчны сэзон адкрыўся надзвычай рана – 8 верасьня. Цi то шаноўныя выканаўцы засумавалi па ўдзячнай менскай публiцы, цi то папросту гастрольны графiк сымфанiчнага аркестру склаўся гэткiм чынам, што ягоная сустрэча з тутэйшымi слухачамi адбылася ў першыя дзянькi залатой восенi, калi надвор’е яшчэ дазваляла нашым вялiкасьвецкiм дамам шыкоўныя сукенкi i пантофлi на высокiх абцасах.

Зрэшты, анiводная кабета, акрамя вашай пакорлiвай слугi, не скарыстала з гэткае цудоўнае магчымасьцi. Дый увогуле, анiякай “арыстакратычнай” публiкi ў залi не было. Нават высокiя чыноўнiкi зь Мiнiстэрства культуры, якiм, здавалася б, сам Бог казаў руплiва наведваць гэткiя мерапрыемствы, мабыць, сьледам за жонкамi паехалi на свае соткi выбiраць бульбу. Затое можна было ўбачыць адразу двух былых сяброў беларускага Саюзу кампазытараў, што ў пошуках лепшай долi зьехалi на сталае жыхарства за мяжу, а цяпер ненадоўга завiталi ў родныя мясьцiны – цi наведаць сваякоў, цi папросту падлячыць хворыя зубы.

Так што буйной таварыскай iмпрэзы гэтым разам не атрымалася. Усё прайшло вельмi сьцiпла – без тэлебачаньня (i, адпаведна, без спадарынi Элеаноры Язерскай у неверагодным капелюшы i блiскучым блюзоне), без эмблемаў на фасадзе i дзяжурных кошаў з кветкамi, без радыйных мiкрафонаў (якiя звычайна псуюць усё вiдовiшча), без прамоваў, без пампэзных псэўдапатрыятычных твораў, нават без праграмак i рэклямных буклетаў – бо кампутар у канцэртна-лекцыйным бюро зьнiк, здаецца, назаўсёды.

Затое была музыка Альфрэда Шнiтке – ягоны фартэпiянны канцэрт, адзiн зь нямногiх праўдзiвых шэдэўраў эпохi позьняга сацыялізму. I адразу самi сабою згадалiся 1980-ыя, калi, нягледзячы на славуты лiбэралiзм гэтак званай “перабудовы”, творы Шнiтке ўсё яшчэ былi напаўзабароненаю дысыдэнцкаю пацехаю, iнтэлектуальнаю цацкаю для нямногiх, хто ведаў сапраўдную вартасьць гэтых твораў. Цi можна забыцца на вечар 1 лютага 1985 году, калi – усяго праз паўтара году з дня напiсаньня – у Менску выконвалася шнiткаўская «Гiсторыя доктара Яна Фаўста»? Амаль у нiводным горадзе былога Саюзу – хiба што ў Горкiм, дзе на той час жыў i працаваў бесшабашна сьмелы дырыжор Iзраiль Гусман, – “Фаўст” яшчэ не гучаў, i таму менчукi зь цiкаўнасьцi паабрывалi ўсе тэлефоны: “Цi прыедзе на канцэрт Ала Пугачова?” Бо ў асяродку людзей добра iнфармаваных здаўна ўжо хадзiла пагалоска, што Шнiтке прапанаваў ёй ролю д’ябла i напiсаў для яе нязвыкла экстравагантнае, нават вульгарнае танга.

Iншым уцелясьненьнем д’ябла мусiў быць улюбёны сьпявак тагачасных вялiкасьвецкiх дам, контратэнар Эрык Курмангалiеў – мужчына зь “нябесным” жаночым голасам i жаночым аблiччам; шмат пазьней, пад iмём Эрык Салiм-Мэруэт ён стаўся адной з культавых фiгураў гей-культуры i праславіўся ў загалоўнай ролi скандальна вядомага спэктаклю Рамана Вiкцюка «М.Батэрфляй». А ў той час, пра якi тут iдзе гаворка, – г.зн. у васьмiдзясятых гадох, – Курмангалiеў так цi iнакш удзельнiчаў у выкананьнi ледзь ня ўсiх твораў Шнiтке. Як цярпелi камунiстычныя чыноўнiкi гэткую “агiду”? Таксама, як яны цярпелi самога Шнiтке: ненавiдзелi, але цярпелi, бо мусiлi неяк лiчыцца з грамадзкаю думкаю на Захадзе. Але канфармiсцкая частка iнтэлiгенцыi нюхам адчувала, што публiчнае слуханьне гэтае музыкi – акт адкрыта дысыдэнцкi, шкодны для кар’еры i дачыненьняў з начальствам. Мо таму, нягледзячы на велiзарную цiкаўнасьць, у залi было два з паловай чалавекi? Так было й на менскiх прэм’ерах iншых шнiткаўскiх твораў: Другой сымфонii, прысьвечанай Сьв. Флярыяну, Трэцяй сымфонii i Рэквiему з музыкi да драмы Ф.Шылера «Дон Карлас». Менск мог ганарыцца гэткiмi сэнсацыйнымi музычнымi падзеямi, але адбывалiся яны ў вузкiм коле вальнадумцаў. Дарэчы, не дачакалiся тут і Пугачовай, якая бязь лiшнiх ваганьняў адмовiлася ўдзельнічаць у выкананьнi шнiткаўскай кантаты.

З таго часу мiнулася добрых 15 гадоў, i цяпер выкананьне гэтае музыкi адбываецца спакойна i проста, і без удзелу масквiчоў. Хаця як тут разбярэш, хто масквiч, а хто не? Той дырыжор, што калiсьцi наладжваў шнiткаўскiя iмпрэзы ў Менску, – а гэта быў прафэсар Маскоўскай кансэрваторыi Вiталь Катаеў, – даўней распачынаў сваю кар’еру ў Беларусi. З 1962 па 1966 год ён працаваў у якасьцi мастацкага кiраўнiка Дзяржаўнага акадэмiчнага сымфанiчнага аркестру БССР i да апошнiх дзён жыцьця насiў ганаровае званьне заслужанага артыста Рэспублiкi Беларусь. Але галоўным месцам жыхарства для яго ўсё ж заставалася Масква.

Што ж датычыць цяперашняга мастацкага кiраўнiка Генадзя Праваторава – а менавiта ён дырыжаваў адкрыцьцём сёлетняга сэзону, – дык ён, наадварот, распачынаў сваю кар’еру ў Маскве як дырыжор сымфанiчнага аркестру мясцовай фiлярмонii, а праславіўся як пастаноўшчык другой рэдакцыi опэры Д.Шастаковiча «Кацярына Iзмайлава» ў маскоўскiм Музычным тэатры iмя К.Станiслаўскага i Ў.Немiровiча-Данчанкi. Гэтая пастаноўка 8 студзеня 1963 году сталася найбуйнейшаю культурнiцкаю i палiтычнаю падзеяй таго часу, бо пасьля надрукаваньня 28 студзеня 1946 году ў газэце “Правда” сумнавядомага артыкулу “Сумбур замест музыкi” опэра Шастаковiча была забароненая. Праз паўгода пасьля той памятнай для Праваторава прэм’еры ў часопiсе «Огонёк» зьявiлася вельмi пачэсная для яго рэцэнзiя Мсьцiслава Растраповiча (якi на той час ужо таксама “загруз” у дысыдэнцтве i зь вялiкаю асалодаю выконваў забароненыя творы). Праватораву было 34 гады. А на памяць ад той падзеi ў яго засталася партытура «Кацярыны Iзмайлавай» з аўтарскiмi пазнакамi.

Нягледзячы на тое (а можа, менавiта з гэтай прычыны), ягоная кар’ера ў Расеi разгортвалася надта дзiўна. Ён вандраваў па гарадох i тэатрах, паўсюль пакiдаючы значны сьлед, аднак анiдзе не знаходзячы сабе сталага месца. У 1969 годзе яго “заўважыў” усёмагутны Яўген Сьвятланаў – мастацкi кiраўнiк Дзяржаўнага акадэмiчнага сымфанiчнага аркестру Саюзу ССР; гэты калектыў меў афiцыяльную падтрымку ЦК i гастраляваў ва ўсiм сьвеце. Праватораву даручаюць правесьцi некалькi канцэртаў у Маскве, i яны праходзяць зь вялiкiм посьпехам, але… нешта зноў не выходзіць. Нават уступленьне ў партыю (можна толькi ўявiць, як камiчна адбывалася гэтая працэдура!) ня выратавала Праваторава ад лёсу вечнага выгнаньнiка: настолькi несумяшчальны быў ягоны талент, ягоная ўнутраная незалежнасьць з савецкiм ладам музычнага жыцьця. За ўступленьне ў “шэрагi” партыя “ўзнагародзiла” яго гастрольнымi паездкамi ў некалькi эўрапейскiх краiнаў, у тым лiку ў Англiю, дзе, паводле тамтэйшае прэсы, ён быў уганараваны “наймацнейшымi авацыямi сэзону”. У 1981 годзе Праватораў атрымаў ганаровае званьне народнага артыста РСФСР…

Але свой дом ён знайшоў менавiта ў Беларусi. Знайшоў свой тэатар, дзе пры канцы 1980-ых ажыцьцявiў пастаноўку ажно дзьвюх опэраў С.Пракоф’ева – «Вайна i мiр» i «Мадалена». З нагоды гэтых пастановак у Менску быў наладжаны Ўсесаюзны фэстываль музычных тэатраў, у якiм дэманстравалiся пракоф’еўскiя спэктаклi з розных куткоў СССР. Менавiта тады, як здаецца, маскоўскiя крытыкi, нягледзячы на ўсю сваю iнтэлектуальную фанабэрыю, упершыню паставiлiся да Беларусi з павагаю; даўней жа Беларусь была для iх проста вёскаю. I тым ня менш, неўзабаве па фэстывалі кiраўнiцтва Беларускай Опэры пазбавiлася ад Праваторава, бо на даляглядзе ўзьнікла постаць маладога i абаяльнага Анiсiмава. Дый самое iмя Праваторава як творцы адметнае эпохi ў гiсторыi беларускага опэрнага тэатру хутка забылася, i 1980-ыя гады суцэльна сталi называцца “эпохаю Вашчака”.

Аднак жа Праватораў застаецца ў Менску! Нават тады, калi вiдавочна адсюль зьяжджае. Пры ўсёй афiцыйнай хiсткасьці свайго становiшча (з 1989 па 1993 год ён задавольваецца роляй вольнага мастака), Праватораў дасягае кар’ерных посьпехаў анi крыху ня меншых, чымся былi ў Анiсiмава. 1 сакавiка 1990 году ў Маскве ў Канцэртнай залi iмя Чайкоўскага ён акампануе маладой пяюльлi Марыi Гулегiнай, якая на той час ужо пасьпела зрабiць галавакружную сусьветную кар’еру. А першыя крокi той кар’еры адбылiся, як вядома, у Менску, пад добразычлiвым наглядам Праваторава; аднак вольны дух Гулегiнай (а таксама і ейныя посьпехi на Захадзе) апынуўся ў супярэчнасьцi з тагачаснай атмасфэраю Беларускае Опэры. Выбухнуў канфлiкт, у якiм Праватораў аказаўся ледзь не адзiным чалавекам, што рашуча ўзяў бок свавольнай сьпявачкi. Магчыма, акурат тое й каштавала яму пасады мастацкага кiраўнiка…

А ўлетку гэтага ж году Праваторава запрасiлi дырыгаваць выступленьнямi вакалiстаў на трэцiм туры Мiжнароднага конкурсу iмя Чайкоўскага – задача, якой наш дырыжор даў рады блiскуча. А ўжо ж — шматгадовы досьвед на пасадах галоўнага дырыжора ў найбольш дынамiчных i творча прадукцыйных опэрных тэатрах Расеi, як, напрыклад, ленiнградзкi Малегот альбо Музычны тэатар iмя К.Станiслаўскага i Ў.Немiровiча-Данчанкi. 21 студзеня 1992 году Праватораў дырыгуе опэраю С.Пракоф’ева «Вайна i мiр» у сумеснай пастаноўцы пецярбурскага Марыiнскага тэатру, лёнданскага Covent Garden i парыскай Opera de Bastille. У чэрвенi 1993-га Праватораў дырыгуе Мадрыдзкiм сымфанiчным аркестрам; у ролi салiсткi выступае адна з найбуйнейшых вiялянчэлiстак сучаснасьцi Натальля Гутман.

I пры ўсiм тым ён прымудраецца дырыгаваць некаторымi спэктаклямi ў Менску! Здаралася, ён прыбягаў у тэатар у апошнюю хвiлiну – проста з вакзалу. Аднойчы ў сьпешцы ён нацягнуў чужыя нагавіцы, i яны ледзь не звалiлiся зь яго падчас дырыгаваньня; гэта сталася для аркестру яшчэ адным аргумэнтам супраць Праваторава – нягледзячы нават на тое, што амаль усе музыкі шчыра дзiвавалiся на ягоны музычны талент. I тым ня менш, кiраўнiцтва тэатру было папросту вымушанае прыняць Праваторава на пасаду другога дырыжора. Хаця б таму, што гэтае самае кiраўнiцтва ў асобе дырэктара Опэры спадара Картэса плянавала ажыцьцявiць пастаноўку ўласнаручна напiсанай опэры “Вiзыт дамы”, а прыдатнага для гэтага дырыжора пад рукою не аказалася. Праўда, падчысткаю партытуры ўжо займаўся iншы “другi дырыжор” – Вiктар Собалеў, але ён зь нейкiх незразумелых прычынаў не выклікаў у кiраўнiцтва даверу. I тады Собалеў пайшоў з тэатру…

А Праватораў дасканала выканаў усю пастаноўчую работу. На ягоныя рэпэтыцыi зьбягаліся тлумы! I нездарма; бо акрамя свайго тэатральнага досьведу, ён заўжды быў непараўнальным спэцам у сучаснай музыцы. Нездарма ж яго рэгулярна запрашалi дырыгаваць канцэртамi напаўавангарднага фэстывалю “Маскоўская музычная восень”! А калi ў траўнi 1981 году ў Маскве i Ленiнградзе адбываўся Мiжнародны фэстываль «Музыка за гуманiзм, за мiр i сяброўства памiж народамi», менавiта Праватораву даверылi дырыгаваць найбольш сьмелымi творамi славутых авангардных кампазытараў, прыбылых з розных куткоў сьвету, за што ён атрымаў асабiстую падзяку ад першага сакратара Саюзу кампазытараў СССР Цiхана Хрэньнiкава.

Прэм’ера “Вiзыту дамы” прайшла зь вялiкiм посьпехам, а неўзабаве Праватораў не са сваёй уласнае волi пайшоў з тэатру. Дырэкцыя нават спрабавала забраць у яго кватэру, дзе ён жыў разам з жонкаю-аркестранткай i маленькаю дачкою. А мiнiстэрства прыдумала для яго адмысловую пасаду – галоўнага дырыжора мунiцыпальнага духавога аркестру “Нямiга”, дзеля чаго адтуль папярэдне быў выцiснуты заснавальнiк гэтага аркестру, таленавiты музыка Аркадзь Берын. I нiхто не зважаў, што Праватораў у духавым аркестры – гэта, у лепшым выпадку, мiкраскоп, якiм забiваюць цьвiкi. Дзякуй кiраўнiцтву Беларускай фiлярмонii, якое нарэшце знайшло для Праваторава пасаду другога дырыжора ў сымфанiчным аркестры, у падначаленьнi ў чарговага замежнага авантурыста. Сам Праватораў на той час ужо ня быў чалавекам замежным: ён цалкам упiсаўся ў беларускi культурнiцкi ляндшафт i нават набыў характэрныя рысы тыповага беларуса. Ён стаў спагадлiвым аж у такой меры, што напярэдаднi абвешчанага Мiнiстэрствам культуры конкурсу на замяшчэньне вакантнай пасады галоўнага дырыжора падпiсаў хадайнiцтва, каб гэтую пасаду захавалі за ягоным тагачасным начальнiкам.

Тым ня менш, у конкурсе Праватораў удзельнiчаў – i выйграў. I вось ужо два гады ўзначальвае аркестар, у якiм набралася шмат праблемаў. Гэта было асаблiва вiдавочна падчас Мiжнароднага конкурсу пiянiстаў “Менск-2000”, калi ігра аркестру выклiкала рогат нават у сяброў журы. I Праватораў мала што мог з гэтым зрабiць. Канечне, калi ён станавiўся за пульт, у гучаньнi аркестру было значна больш музыкi. Але што рабiць зь неахайнасьцю, недастатковым прафэсiяналiзмам i абыякавым стаўленьнем да музыкi з боку большасьцi аркестрантаў? Гэтага ня ведае нават сапраўдны музычны генiй.

Сёлета падчас адкрыцьця сэзону аркестар гучаў крыху болей прыстойна. Аркестранты, здаецца, на працягу лета нядрэнна адпачылi, у чэрвенi адбылi вельмi натхняльныя гастролi ў Англii, найцiкавейшым пунктам у якiх быў удзел у выкананьнi араторыi Г.Ф.Гендэля “Мэсiя” падчас фестывалю ў лёнданскiм прадмесьцi Эгхем. Паводле традыцыi, у гэтым выкананьнi ўдзельнiчае таксама й публiка з нотамi ў руках, прычым квiток для ўдзельнiкаў выкананьня каштуе даражэй, чымся кьвiток для звычайных слухачоў. Праватораў на гастролi ня езьдзіў: на ангельскiх фэстах былi iншыя дырыжоры.

З гэткiмi ўражаньнямi аркестар вярнуўся ў Менск; i трэба сказаць, што фартэпiянны канцэрт Шнiтке зь iхным акампанэмэнтам абуджаў нейкiя надзеi на лепшую будучыню. Можа, таму, што ў ягоным выкананьнi ўдзельнiчалi адны толькi смычкоўцы (г.зн. найболей “бясьпечная” група аркестру). Дый сама музыка Шнiтке зь ейнай энэргiяй i непераможнай унутранай лёгiкай кiравала выкананьнем, так што аркестранты нават бяз вонкавага прымусу выпраменьвалi бадзёрасьць i энтузiязм.

Не найгоршай апынулася таксама й салiстка – сёлетняя выпускнiца Беларускай акадэмii музыкi Вольга Маняцi. Трэба зазначыць, што гэтая дзяўчына зусiм не належыць да лiку тутэйшых “зорак”, хаця па-свойму вельмi цiкавы чалавек; сярод iншага – майстар коннага спорту. Канцэрт Шнiтке яна зь нязвыклай упартасьцю вучыла шмат гадоў запар, i, нарэшце, ейныя намаганьнi далi плён. Зразумела, ейнай iгры не стае гнуткасьцi i сьпеўнай выразнасьцi; але ў музыцы Шнiтке гэткая хіба ператварылася нават у цноту, бо прыдаў ёй неабходную мэханiчнасьць i нават нейкую iрэальнасьць. Надта прыемна, што студэнтка, якую ў Акадэмii музыкi заўжды лiчылi, у лепшым выпадку, сераднячкай, пасьпяхова адолела ўсе тэхнiчныя цяжкасьцi шнiткаўскай музыкi. Гэта значыць, што сярэднi ўзровень пiянiстаў у Беларускай акадэмii музыкi надта й надта высокi!

Яшчэ адной прыемнай нечаканасьцю сталася Пятая сымфонiя Кiма Цесакова: былы партыйны сакратар Саюзу кампазытараў БССР напiсаў вельмi iнтэлiгентную (а месцамi нават таленавiтую), цалкам сучасную эўрапейскую музыку, да таго ж, з iнтрыгоўным эпiграфам з Гамэра: «Ад каханьня багоў нараджаюцца сусьветы, ад каханьня людзей нараджаецца чалавек». Дый выкананьне гэтага няпростага твору прайшло даволi гладка…

Што ж датычыцца двух твораў Яна Сыбэлiюса – славутай паэмы «Туанэльскi лебедзь» паводле эпасу “Калевала” i Сёмай сымфонii, дык тут радасьцi было меней з прычыны недасканаласьці ігры аркестру. Лебедзь аказаўся брудны, зь нягнуткай шыяй. Большасьць музыкаў – нягледзячы на ўсе намаганьнi дырыжора – вiдавочна не разумелi, што яны робяць на гэтай сцэне, а твары ў iх былi такiя, быццам яны занятыя нуднай, непатрэбнай i нялюбай працай. А тым часам дырыжор з скуры вырынаў, каб уцягнуць iх у рамантычны i таямнiчы сьвет Сыбэлiюсавай музыкi! Ён сьпяваў, нешта мармытаў i нават казаў уголас, тупаў нагой, бо звычайныя сродкi дырыжорскага ўздзеяньня ўжо не аказвалi на музыкаў анiякага ўплыву.

Сталася тое, пра што людзi разумныя i асьцярожныя папярэджвалi ўжо даўно. Бясконцы шэраг дырыжораў, якiя наўзахваткi выцягвалi з аркестрантаў астатнiя эмоцыi, спрабуючы адразу, без папярэдняга зубрэньня, дасягнуць нейкага вынiку, – гэта небясьпечная спакуса нават для вельмi прафэсiйнага калектыву. А знаходзiлiся й такiя махляры, што лiсьлiва запэўнiвалi музыкаў: маўляў, дрэнных аркестраў увогуле не бывае, а бывае толькi дрэннае стаўленьне да аркестраў, якое пазбаўляе iх творчай патэнцыi. Гэткiм чынам, музыканты з аркестру хутка паверылi, што ў iхнай нiкчэмнай iгры вiнаватыя крытыкi i што трэба чакаць цудатворцы, якi адным узмахам сваёй чароўнае палачкi ператворыць iх у генiяў, а да таго ж забясьпечыць замежнымi гастролямi. Але цудаў не бывае. Нават з боку такога энтузіястычнага i палкага музыкi, як Праватораў. I тым болей – паводле якасьцяў свайго характару – ён ня здольны “прадаць” аркестар за мяжу даражэй, чым той рэальна каштуе.

I гэта выклiкае ў мяне сапраўдную боязь. Сёлета ў верасьнi ў Праваторава сканчаецца двухгадовы кантракт зь фiлярмонiяй; наколькi мне вядома, яму прапанавалi да вясны ўзначальваць аркестар у якасьцi “выконваючага абавязкi”. Цi гэта значыць, што “адказныя таварышы” разам зь безадказнымi аркестрантамi чакаюць на прыезд чарговага цудатворнага авантурыста? Гэтага калектыў ужо ня вытрымае.

Што ж рабiць? Адказ тут здаецца вiдавочным: наняць на працу прафэсiйнага мэнэджэра (а такiя людзi ў нашым горадзе ёсьць). А таксама запрасiць каго-любя з энэргiчных i амбiтных маладых дырыжораў (iх у нас нямала), каб ён побач з маэстра адпрацоўваў у аркестры ўсю чарнавую работу. Магчыма, гэтыя меры й выратуюць найстарэйшы ў краiне сымфанiчны калектыў… Калi яшчэ ёсьць што ратаваць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0