Сабачыя гісторыі
Віктар Шніп
Адзін сабака напісаў «Сабачыя гісторыі». Гражданы, пачытаўшы іх, вырашылі: «Хай будзе і на нашай вуліцы сьвята!»
Калі адзін сабака заходзіў у тралейбус, Граждан дзівіўся: «У гэтага сабакі боты, як у майго Ванькі!»
Адзін сабака даведаўся, пачым фунт ліха, данёсшы дахаты Граждана, які ведаў, колькі каштуе «чарніла».
Адзін сабака за месяц накасіў сена на цэлую зіму. А Граждан нацягаў на дзесяць гадоў.
Аднаму сабаку сьніўся Граждан. А Граждану сьніўся сабака. А над горадам ляцела варона і крычала: «Калхоз! Калхоз!»
Аднаго сабаку задушыў Граждан. Спалохаўся Граждан мерцьвяка і закрычаў: «Не вінаваты я! Ён сам да мяне прыйшоў!..»
Там, дзе адпачываў адзін сабака, Граждан знайшоў сто рублёў. І захацеў Граждан купіць у краме сьвечку, а яму там і кажуць: «Вы, відаць, з Гражданоў!..»
Адзін сабака чытаў Мантэня. Граждану хапала часопісу «Мурзилка», у якім летам друкаваліся здымкі паўголых гражданят.
Адзін сабака займаўся аэробікай. Граждан стаяў каля спартыўнага комплексу зь біноклем і камандаваў: «Левай! Раз-два! Левай!..»
Адзін сабака купіў білет на цягнік. Даведаўся пра гэта Граждан, прыйшоў да сабакі і сказаў: «Можаш сьмела ехаць. Я загадаў сваім хлопцам, каб рэйкі сёньня не разьбіралі…»
Адзін сабака зьбіраў грыбы. Сустрэў Граждана, а Граждан і кажа: «Праверана. Мінаў няма…»
Адзін сабака купіў папугая. Убачыў гэта Граждан і пацікавіўся: «А можна яго на Новы год з бульбай засмажыць?..»
У аднаго сабакі ў кватэры жыла белая мыш. А Граждан разьвёў на цэлы пад’езд тараканаў і клапоў.
Калі адзін сабака выходзіў з кватэры і ішоў на працу, да яго дзьвярэй падыходзіў Граждан і казаў: «Мяне не абманіце — я ведаю, што ў вас нікога дома няма!..»
Як толькі адзін сабака купіў сабе булку хлеба, Граждан пацікавіўся ў крамніцы: «А ці ня гэта той Баскервіль, якога ўчора паказвалі па тэлевізары?»
Аднаго сабаку лячыў прафэсар. А Граждан сядзеў пад дзьвярыма і плакаў: «Аддайце мне сабачку. Я яго мучаць ня буду. Ён сам у мяне памрэ…»
Адзін сабака быў палкоўнікам. Граждан ганарыўся сваім суседам і расказваў, як у сабакі ён касіў сена і той яму за гэта даў квасу цэлы кубак.
Адзін сабака хацеў уцячы з дому. Граждан абяцаў дапамагчы павесіцца.
Адзін сабака ў вёсцы жаў жыта. Гражданы стаялі на ўзгорку і спрачался: «Да вечара не пасьпее зжаць!», «Сажне і ня здохне!», «Не! Не пасьпее!» І толькі Граждан на матацыкле маўчаў — ён быў старшынём калгасу.
Ад Гражданоў
«А ці не «Сабачыя гісторыі» распужалі ўсіх гражданоў?», — падумаў сабака, убачыўшы, што наклад любімае газэты зноў паменшыўся.
Карова Мілка, з Гомеля
Адзін сабака іншым часам дасылаў лісты ў «Нашу Ніву». А іх друкавалі ў рубрыцы «ад Гражданоў».
В.Васілёнак, Менск