Па выніках паседжаньня ў Жэнэве Беларусь ізноў унесеная ў спэцпараграф Міжнароднай канфэрэнцыі працы.

Беларусь унесена ў спецыяльны параграф даклада Міжнароднай канферэнцыі працы. Пра гэта БелаПАН паведаміла выканаўчы дырэктар Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Карэн Кёрціс.

Гэтае рашэнне, падкрэсліла яна, азначае, што сітуацыя з правамі прафсаюзаў у Беларусі з’яўляецца «адным з тых сур’ёзных выпадкаў, якому МАП павінна надаваць пільную ўвагу».

Паводле слоў К.Кёрціс, 8 чэрвеня падчас абмеркавання сітуацыі з правамі незалежных прафсаюзаў у Беларусі на пасяджэнні камітэта па прымяненні канвенцый і рэкамендацый МАП група наймальнікаў і група працоўных прапанавалі ўнесці краіну ў спецпараграф даклада Міжнароднай канферэнцыі працы. «Падчас пасяджэння рашэнне было ўхвалена і прынята», — сказала К.Кёрціс.

Прадстаўнік МАП зазначыла, што Беларусь ужо ў пяты раз трапляе ў спецпараграф. «Беларускі ўрад павінен сур’ёзна працаваць для выканання рэкамендацый МАП», — падкрэсліла К.Кёрціс.

Нагадаем, 21 чэрвеня ўступае ў сілу рашэнне Савета Еўрасаюза аб выключэнні Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый у сувязі з парушэннем правоў працоўных і прафсаюзаў. Адмена гэтага рашэння ЕС звязваецца з выкананнем беларускім урадам рэкамендацый МАП па ўстараненні парушэнняў правоў прафсаюзаў.

Даведка БелаПАН. Міжнародная канферэнцыя працы — глабальны форум, які штогод праводзіцца МАП. Дзяржавы — члены МАП прадстаўлены на ім трохбаковымі дэлегацыямі ў складзе прадстаўнікоў урада, наймальнікаў і прафсаюзаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?