Тыдзень нашага жыцьця

 

Няма выбару, апроч байкоту

Выбарчыя камісіі адсеялі амаль усіх незалежніцкіх кандыдатаў

 

Стратэгія байкоту выбараў аказалася слушная. Улады не зьбіраюцца нават рабіць выгляд, што выбары роўныя і справядлівыя. З прыкладна 60 кандыдатаў, якія стаялі на пляцформе незалежнасьці і дэмакратыі, выбарчыя камісіі зарэгістравалі меней за 10. Прычым сярод гэтых 10 “правераных байцоў” — толькі двое: М.Статкевіч і М.Чыгір. Але цяпер і тыя ўжо не выключаюць свайго выхаду зь бессэнсоўнай гонкі. Улады старанна адсейвалі ўсіх тых, хто мог бы ў будучым парлямэнце выступіць у абарону незалежнасьці: “зарэзалі” Г.Грушавога, Ю.Чыгір, Г.Паганяйлу, Н.Стужынскую, Ю.Зуева, У.Ляўковіча, М.Злотнікава, Т.Ваніну. “Не прапусьцілі” прафлідэраў Ганчарыка і Бухвостава. Загарадзілі дарогу і памяркоўным экс-сябрам лукашэнкаўскай каманды, што сышлі ў адстаўку.

Цікава, што “не прапусьцілі” ніводнага з тых дзеячаў, хто калі-кольвек уваходзіў у БНФ. У той жа час лібэрал-дэмакраты й камуністы, хоць яны й ня менш голасна дэкляруюць свае прэтэнзіі на ўладу, амаль бяз стратаў прайшлі гэты этап выбарчай гонкі. Як і “яблычнікі” Абрамава й Фядута. Адсявалі не “апазыцыянэраў”, адсявалі “незалежнікаў”. Гэта пра многае сьведчыць. В.Шлындзікаў, адзін зь лідэраў АГП, які меў негалосна каардынаваць выбарчую кампанію дэмакратычных кандыдатаў, ня мог не прызнаць: “Не застаецца іншага выбару, як далучыцца да байкоту”. Пад ягонымі словамі цяпер можам падпісацца мы ўсе. Тыя, каму дарагая незалежнасьць.

На пачатку тыдня ўлады арыштавалі тыраж газэты “Рабочы” з заклікам да байкоту выбараў. Канец тыдня адзначыўся таксама шматлікімі затрыманьнямі актывістаў апазыцыі, што распачалі кампанію актыўнага байкоту ў Менску.

Трэба думаць, выбарчая цяганіна на гэтым ня скончыцца. Сяму-таму хочацца прымусіць апазыцыянэраў, прычараваных відзежай улады, паўзьці да яе на каленях. Таму Цэнтравыбаркам урэшце зарэгіструе, скажам, 9 сацыял-дэмакратаў з 16... Гуляцца з мышкай будуць доўга.

Ува ўсёй краіне тымчасам паадкрывалі рахункі для збору дапамогі сем’ям маракоў расейскага падводнага чаўна “Курск”. Які цынізм! На “Курску” выпрабоўвалі новую сьмертаносную зброю. Экіпаж субмарыны, прынамсі камандзіры і прадстаўнікі ваенных заводаў, што прысутнічалі на пусках тарпедаў, ведалі, на што ідуць. Зброя аказалася няякасная, і падлодку разарвала. Новае пакаленьне расейскай зброі мае быць скіравана супраць іншых краінаў, асобныя яе віды — і супраць Беларусі таксама. І беларусаў жа агітуюць плаціць за выпрабаваньні ўласнае сьмерці. “Ты крыкнуць ня можаш “Ратуйце”... Карэспандэнты “НН” перадаюць з Полацку й Астраўца, што грошай на тамтэйшыя рахункі яшчэ не паступала.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0