Пошта рэдакцыі
Крапівенскае поле-2000
Пахмурым восеньскім днём на Крапівенскім полі, дзе 486 год таму нашы продкі ўшчэнт разьбілі ўтрая большыя маскоўскія сілы, сабралася колькі соцень чалавек. Калі б К.Астроскі мог ведаць, што нашчадкі яго ваяроў будуць піць гарэлку на касьцях абаронцаў свайго краю… Частка не зусім цьвярозай моладзі нават сьпявала расейскія песьні — ці ня гэта духоўны Чарнобыль?
Шчыльнымі шыхтамі, з паходнямі й штандарамі, на сьвяце зьявіліся прадстаўнікі спартова-патрыятычнай арганізацыі “Край”. Пасьля кароткай прамовы, сэнс якой быў у тым, што будучыня належыць ня тым, хто жлукціць на Крапівенскім полі гарэлку, а сапраўдным абаронцам свайго краю, нацыяналістам, сябры арганізацыі прадэманстравалі свае фізычныя магчымасьці, пераканаўшы прысутных у тым, што за свой край яны могуць змагацца ня толькі словамі. Паслухаўшы крыху сьпевы бардаў, хлопцы зьніклі ў цемры гэтак жа хутка, як і зьявіліся.
Druza Maly, Слуцак
З кім ты, Нямеччына?
Праз газэту хачу зьвярнуцца да прадстаўніцтва Нямеччыны. Я падзяляю погляды кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Пазьняка і хачу сваім лістом адказаць і паслу Нямеччыны, гэтак жа, як сп.Віку.
Вам трэба ўжо дамовіцца і весьці якую-небудзь адзіную палітыку. Бо атрымліваецца нешта такое, чаго наагул немагчыма патлумачыць.
З аднаго боку, Нямеччына прыняла сям’ю Захаранкі і дала ёй палітычны прытулак. Тым самым прызнаўшы, што ў Беларусі нічога не каштуе жыцьцё чалавека, які займаецца палітыкай. З другога боку, як я зразумеў зь перадачы БТ, ваша краіна рэкамэндавала даслаць да нас назіральнікаў на выбары і гэтым прызнаць уладу Лукашэнкі.
Нямеччына! Дык хто вы? З кім вы? Чаго вы ад нас дабіваецеся? Куды вы нас хочаце завесьці?
Зьміцер Касьпяровіч, Менск
Кубiнскiя каз(а)кi
Даўно я так не сьмяяўся, як з артыкулу Аляксандра Старыкевiча на першай старонцы мiнулага нумару “НН”. Не таму, што назва была “Кубiнскiя казакi”, хоць яна вельмi пасуе да зьместу, а таму, што аўтар пачынае матэрыял з расповеду пра несанкцыянаваную антылукашэнкаўскую дэманстрацыю цi то на Кубе, цi то на джыпе, дзе “ехалi чацьвёра мужчын у адных плаўках”. Па-першае, усё ж “ехала”, а не ехалi, альбо “чатыры”. Па-другое, чацьвёра – ды ўсяго адны плаўкi?! Цяпер я разумею, чаму менскiя ўлады забаранiлi “Гей-прайд-2000”. А калi сур’ёзна, дык нельга на беларускай мове пiсаць па-расейску.
Юрыс Окрыўс, Менск