Анатоль Сідарэвіч:

Беларусь уступае ў пэрыяд барацьбы за рэальную ўладу

 

Ідэоляг беларускае сацыял-дэмакратыі і адзін зь лідэраў Народнай Грамады адказвае на пытаньні карэспандэнта “Нашай Нівы”

 

— Як ставіцца Народная Грамада да выбараў 15 кастрычніка?

— Пры канцы ліпеня ЦК Народнае Грамады дазволіў асобным сябрам партыі вылучаць свае кандыдатуры шляхам збору подпісаў. Гэтая пастанова была прынятая без шырокае ўнутрыпартыйнае дыскусіі і насуперак рашэньню IV зьезду БСДП, у рэзалюцыі якога было напісана, што партыя будзе ўдзельнічаць у выбарах толькі пры выкананьні вядомых 4 умоваў, а таксама некаторых спэцыфічных дадатковых (напрыклад, пра зьняцьце штучных перашкодаў для рэгістрацыі партструктураў). Ніводная з гэтых умоваў ня выкананая.

Як так здарылася, што ЦК прыняў пастанову, супярэчную рэзалюцыі зьезду? У пэрыяд паміж зьездам і канцом ліпеня першыя асобы партыі аб’яжджалі рэгіёны і патасна агітавалі за ўдзел у выбарах. На гэтую справу ўдалося спакусіць нават бывалых людзей, якія ў партыі ня першы дзень. Пасьля й адбылося паседжаньне ЦК… Трэба зазначыць, што адзінства не было. І намесьнік старшыні партыі Аляксей Кароль, і сябар ЦК прафэсар Пётра Шупляк, і некаторыя іншыя выступалі і галасавалі супраць удзелу ў выбарах. Тым ня менш, ЦК БСДП прыняў, можна сказаць, нелегітымнае рашэньне аб удзеле асобных сяброў у выбарах. Гэта двухсэнсоўная пастанова: партыя кандыдатаў не вылучае, а яе сябры могуць вылучацца. Значыць, дэ-факта партыя ўдзельнічае ў выбарах. Тым больш што кандыдатамі ў дэпутаты пажадалі стаць статусныя фігуры — старшыня і два яго намесьнікі. Даказаць пасьля гэтага, што партыя не бярэ ўдзелу ў выбарах, немагчыма. Варта адзначыць, што “Маладая Грамада”, у адрозьненьне ад старых, адразу заявіла пра няўдзел у выбарчай кампаніі.

 

— Вы лічыце памылковаю пастанову ЦК Народнае Грамады?

— Ад самага пачатку. Трэба зразумець адну рэч. Мы маем справу з камуністычным рэваншам (а я менавіта так вызначаю гэтую дыктатуру), завуаляваным пад праваслаўе, панславізм і г.д., сутнасьць якога тым ня менш не мяняецца. А што такое камуністычная дыктатура? Ленін пісаў, што гэта нічым не абмежаваная, ніякімі законамі, ніякімі абсалютна правіламі не абмежаваная ўлада, якая абапіраецца непасрэдна на гвалт.

Пры такім парадку рэчаў кандыдатамі ў дэпутаты і дэпутатамі могуць стаць толькі асобы, якія задавальняюць выканаўчую ўладу і перш за ўсё сп.Лукашэнку.

 

— Былі ж нейкія матывы…

— Былі. Першы зь іх – “апазыцыя павінна стаць сыстэмнаю”. Гэтую ідэю разьвіваў у друку філёзаф Вячаслаў Оргіш, а сьледам за ім – старшыня БСДП. Пры такой дыктатуры, як у нас, сыстэмная апазыцыя немагчымая. Гэта, кажуць, доктар Оргіш ужо зразумеў. Яшчэ раней зразумелі палітолягі з нашае партыі, якія выступалі супраць удзелу ў выбарах.

Другі матыў: “калі нас не ўключаюць у склад выбарчых камісіяў ды не рэгіструюць кандыдатамі ў дэпутаты, Захад убачыць…” Захад і без таго бачыць, што 4 умовы ня выкананыя. А тымчасам паміж БСДП і астатнімі дэмсіламі вынікла напружанасьць.

Быў і трэці матыў: “нас у гэтым падтрымліваюць сацыял-дэмакраты Швэцыі, Нямеччыны і г.д.” Але паўстае пытаньне: а як пададзеная інфармацыя аб сытуацыі ў Беларусі таварышам са Швэцыі, Нямеччыны, іншых краін? Яны робяць высновы ў адпаведнасьці з атрыманай інфармацыяй, а паколькі доступ да “целаў” замежных таварышаў мае абмежаваная колькасьць сяброў нашае партыі, мусіць, яны і атрымалі адпаведную інфармацыю.

 

— Цяпер, калі адбылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты, як вы расцэньваеце сытуацыю?

— Рэгістрацыі не прайшлі амаль усе дэмакратычныя кандыдаты, не прайшлі і былыя ці то паплечнікі, ці то пахолкі сп.Лукашэнкі Сініцын ды Пласкавіцкі, некаторыя іншыя “адступнікі”. Пацьвярджаецца сылягізм:

1) Толькі той, хто задавальняе выканаўчую ўладу, можа стаць кандыдатам у дэпутаты. N. стаў кандыдатам у дэпутаты. Значыць, ён задавальняе ўладу.

Пацьвердзіцца й другі сылягізм:

2) Калі кандыдат у дэпутаты задавальняе ўладу, ён становіцца дэпутатам. N. задавальняе выканаўчую ўладу. N. становіцца дэпутатам.

Праверце па падручніках лёгікі — гэтыя сылягізмы цалкам правільныя паводле формы. І паводле зьместу таксама.

 

— Ува ўмовах, калі большасьць дэмакратычных і незалежніцкіх прэтэндэнтаў не былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты, як паступяць тыя, хто быў зарэгістраваны, у прыватнасьці, сябры БСДП?

— Мушу ўдакладніць. Сябры БНФ, АГП, БСДГ у выбарах ня ўдзельнічалі. Лібэралы, якія захацелі пагуляць у “сыстэмную апазыцыю”, выйшлі са свае партыі.

Што датычыць БСДП, дык, паводле інфармацыі, якая маецца ў мяне на гэтую хвіліну, кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя 6 чалавек. Усе вэтэраны партыі, якія імкнуліся атрымаць пасьведчаньне кандыдата, яго не атрымалі, за выняткам старшыні. Астатнія кандыдаты – гэта збольшага нэафіты, якія ўскочылі ў партыю літаральна ў апошні момант перад выбарчай кампаніяй, людзі неправераныя, якіх ніхто ў партыі ня ведае, і, паводле паводзінаў аднаго зь іх, спн.Насановіч з Салігорску, у мяне ёсьць вельмі вялікія сумненьні на іх конт.

Цяжка растлумачыць людзям, што гэта за апазыцыянэры, якіх выканаўчая ўлада прапусьціла празь сіта камісіяў.

 

— Ці могуць кандыдаты ад БСДП зьняць свае кандыдатуры, а партыя – далучыцца да байкоту выбараў?

— Я ня веру, што старшыня БСДП здольны зьняць сваю кандыдатуру, хоць і зрабіў пэўную заяву Радыё “Свабода”. Што датычыць кандыдатаў, якія балятуюцца ў Вузьдзе й Салігорску, дык я ўпэўнены, што ня здымуць. Але цяпер ёсць спадзяваньне, што да байкоту далучацца тыя, хто раней верыў у магчымасьць сыстэмнае апазыцыі пры Лукашэнку, у прыватнасьці – прэтэндэнты, якія не прайшлі празь сіта. Але, як бы там ні было, адносіны паміж БСДП ды іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі папсаваныя, а добрае імя партыі заплямлена.

 

— Як зьбіраюцца дзейнічаць апанэнты сп.Статкевіча з шэрагаў Народнай Грамады?

— 13 верасьня адбылося паседжаньне Выканаўчай рады БСДП, на якім з вуснаў намесьніка старшыні партыі А.Караля прагучала заява аб тым, што сябры партыі маюць намер стварыць фракцыю дзеля ратаваньня добрага імя партыі, дзеля таго каб не псаваліся адносіны зь сябрамі па дэмакратычнай апазыцыі, каб надаць новы імпульс разьвіцьцю сацыял-дэмакратыі, каб партыя не сышла з сапраўды дэмакратычнай пляцформы. У нас ёсьць шмат унутрыпартыйных праблемаў, як, скажам, аўтарытарныя мэтады кіраваньня, падбор апарату паводле асабістай адданасьці, многа чаго іншага, пра што трэба цяпер казаць на ўвесь голас. Трэба ратаваць БСДП. Партыя трапіла ў вельмі прыкрую сытуацыю, якая нагадвае сытуацыю 1994 году, калі дэпутаты ад “старое” БСДГ, падпісаўшыся на карысьць кандыдатуры Карпенкі на пасаду прэзыдэнта, пасьля зьнялі свае подпісы. Гэта быў палітычна памылковы і вельмі непрыгожы крок, які паказвае, што такое палітыкаваньне.

 

— Якімі, на ваш погляд, будуць выбары?

— Леташнія выбары ў мясцовыя саветы паказалі, якімі будуць выбары ў парлямэнт. Калі патрэбная колькасьць выбарцаў ня прыйдзе на выбарчыя ўчасткі ў першым туры, улады напішуць адпаведны пратакол і каго трэба або зь першага туру правядуць, або выставяць у другі тур, каб паказаць, што сапраўды ідзе нейкая барацьба. Зразумела, у другі тур трапяць “правераныя” кандыдаты, тыя, якім улада давярае.

 

— Як вы мяркуеце, хто стане адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах?

— Можа скажам, якія віды мае Масква на будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі? Лукашэнка нядаўна сказаў: “Я стаў прэзідзентам случайна, благадара вам”. Вядома, ніякай выпадковасьці не было. Зноў жа Лукашэнка аднойчы ў прыпадку шчырасьці заявіў, што калі яго ня здасьць Расея, то ён і далей будзе прэзыдэнтам. 12 год ягонага прэзыдэнцтва, улічваючы сцэнар мінулагодніх выбараў у мясцовыя саветы і сёлетні сцэнар выбараў у палату прадстаўнікоў, — гэта цалкам рэальна. Аднак у Расеі ёсьць свае меркаваньні наконт будучага прэзыдэнта краіны, там праглядаюцца два-тры патэнцыйныя кандыдаты, і Лукашэнка ў іх лік не ўваходзіць. Перадвыбарчая гонка пачнецца ўжо ў лістападзе, такім чынам, Беларусь уступае ў смутны час, калі будзе ісьці барацьба за рэальную ўладу. І гэтая барацьба будзе з ахвярамі, не выключаю, што й кроў праліюць. Што тычыцца адзінага дэмакратычнага кандыдата, то зь цяперашніх палітыкаў, што ўваходзяць у дэмакратычныя партыі, шанцаў няма ні ў кога. З тых, што не ўваходзяць… Сумняюся, ці ёсьць воля да ўлады ў беспартыйнага Сямёна Домаша. Рэальны прэтэндэнт Міхаіл Чыгір ужо “падвешаны” судом. І выканаўчая ўлада правільна ацэньвае магчымасьці Міхаіла Мікалаевіча. Не пасадзілі ж у турму каго іншага, “круцейшага”.

 

— Існуе меркаваньне, што кандыдатам Масквы стане сп.Гайдукевіч. Калі б склалася такая сытуацыя, што ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў выйшлі Лукашэнка і Гайдукевіч, то каго мусяць падтрымаць нацыянал-дэмакраты?

— Як казаў Уладзімер Караткевіч — тры “ха”… А калі сур’ёзна, дык выбар паміж Лукашэнкам і Гайдукевічам быў бы выбарам паміж чумою й халераю.

Гутарыў Андрусь Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0