Спорт
Першы — бронзавы
Яго ў першы дзень алімпіяды заваяваў падпалкоўнік Ігар Басінскі. Ён стаў трэцім у спаборніцтвах па стральбе з пнэўматычнага пісталета. Калі б быў палкоўнікам, то мо б і “золата” выбіў.
Мірны выйдзе супраць Г’юіта
Тэнісіст Максім Мірны ў першым раўндзе стрэнецца зь вядомым аўстралійцам Лейтанам Г’юітам, разам зь якім крыху больш за тыдзень таму Максім выйграў Адкрыты чэмпіянат ЗША (у парным разрадзе). Матч – у аўторак.
Ня 40, а 30...
Курс срэбнай алімпійскай узнагароды на беларускім спартовым рынку ўпаў. Калі раней кожнаму нашаму срэбнаму прызёру Гульняў у Сыднэі абяцалі 40 тысяч даляраў, то цяпер – “толькі” 30. За першае месца начальства дае ажно 60 “касых”, за бронзу – 22,5.
Спорту – спортава…
Некаторыя атлеты-алімпійцы адмаўляюцца ўдзельнічаць у спаборніцтвах, што маюць адбыцца ў нядзелю, па рэлігійных матывах. Да такіх пабожных спартоўцаў адносіцца й знакаміты ангелец Джонатан Эдвардз – рэкардсмэн плянэты ў трайным скачку.
На Алімпіяду – у 13 год
Самаму маладому ўдзельніку апошніх Гульняў ХХ ст. – усяго 13 год. Фэйтым Фэйрыхоўф з Мальдыўскіх астравоў будзе ўдзельнічаць у спаборніцтвах плыўцоў. А вось самаму старэйшаму алімпійцу Сыднэю – панамскаму стралку Брусу Мэрэдыту – аж 63 гады.
Заўзятасьці!
Нават калі вы перажываеце за сваіх не ў Сыднэі, а перад экранамі тэлевізараў, часьцінка вашай энэргіі, вашай волі ўсё ж перадаецца тым, каго вы заўзята падтрымліваеце. А значыць, нашым землякам будзе трохі лягчэй там, пад пякучым аўстралійскім сонцам. Прынамсі, будзем у гэта верыць.
Богусь Біятлянёнак