Падзеі

 

Скандал вакол Пажэцкага

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Саюзу Палякаў Беларусі Юзаф Пажэцкі ня мае права ўезду ў Польшчу. Пячатку, якая забараняе ўезд, паставілі яму сёлета польскія памежнікі на пераходзе ў Кузьніцы-Беластоцкай. На той час сп.Пажэцкі яшчэ ня быў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта польскай арганізацыі. Да апошніх дзён інфармацыя пра сытуацыю з шэфам Саюзу Палякаў трымалася ў таямніцы. Як тлумачыць сам Юзаф Пажэцкі, ён “не хацеў рабіць скандалу вакол Саюзу Палякаў”. Дагэтуль невядома, чым канкрэтна выкліканая бестэрміновая забарона для Юзафа Пажэцкага.

Юзаф Пажэцкі мерыцца скласьці зь сябе кіраўнічыя абавязкі. У сярэдзіне лістапада адбудзецца надзвычайны зьезд СПБ, у часе якога дэлегаты й выберуць новага прэзыдэнта.

Ю.Б., Горадня

 

Пасварыліся сябар Шушкевіча і сябар Статкевіча

У Баранавічах пасварыліся між сабою БСДП-НГ і БСДГ. Канфлікт разрастаецца і, мабыць, дойдзе да суду. Старшыня БСДГ (Шушкевіча) Аркадзь Блінкоўскі ў сваім артыкуле ў газэце “Шаг” пярэчыў аднаму з аналітыкаў гэтае газэты, які з нумару ў нумар заклікаў ісьці на выбары. Ён меў неасьцярожнасьць напісаць: “Што датычыць БСДП-НГ, то, як кажуць расейцы, “в семье не без урода». Сябры Народнай Грамады (Статкевіча) пакрыўдзіліся і заявілі, што будуць падаваць у суд – за слова “урод”.

Анатоль Блінкоўскі вядомы тым, што на пачатку 90-х, пад час свайго рэдактарства ў газэце ТБМ “Баранавіцкае слова”, судзіўся з камуністамі. Тады “чырвоныя” абурыліся артыкулам, дзе пісалася пра расейскую нацыянальнасьць бальшыні міністраў кебічаўскага ўраду. Камуністы тады выйгралі працэс, Блінкоўскі ім сплочваў. Цяперака пачынаецца грызьня між сваімі. Шкода глядзець, як сьвядомыя беларусы сварацца між сабою на радасьць сваім ворагам. Дарэчы, у Баранавічах ніводзін з кандыдатаў ад Народнай Грамады не прайшоў рэгістрацыі, і таму тэму выбараў у горадзе можна закрываць.

Але застанецца крыўда, застанецца асабістая непрыязнасьць, позва ў суд… Дзе ж застанецца Беларусь?

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Запрагайце, хлопцы, коней

Хаця на календары палова верасьня, а гэтыя дні лічацца спрыяльнымі для сяўбы збажыны, у калгасах Астравеччыны засеялі толькі крыху больш за 10% ад заплянаванага: склалася катастрафічнае становішча з палівам. У гаспадарак няма грошай яго набыць.

Нялёгка прыходзіцца і гараджанам, у якіх бацькі жывуць на вёсках. Туды ўжо трэці тыдзень ня ходзяць аўтобусы. Старыя людзі вымушаны капаць бульбу безь дзяцей.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Прысуд за апаганьваньне магілаў

Судзьдзя Анатоль Аніськевіч жорстка пакараў жанчыну, вінаватую ў апаганьваньні магілаў на Ўсходніх могілках. Спозыск падавалі бацькі ахвяраў Няміскай цісканіны.

Сьвятлана Тоесава з дачкою летнім ранкам выкапала на адной з магілаў восем бягоніяў. На юрыдычнай мове гэта называецца “нанесла пацярпеламу маральную шкоду і маёмасную страту”. На могілках іх затрымала ахова. Супрацоўнікі міліцыі, разабраўшыся, адкуль жанчыны выкапалі кветкі, патэлефанавалі Бобрыкавым, чыя дачка там спачывае, дахаты. Тыя прыехалі і пабачылі, што на даччыной магіле няма кветак, пасаджаных перад тым.

Падсудная прызнала сваю віну, але тлумачыла, што ў хаце ў яе не было грошай. Судзьдзя вынес Тоесавай вельмі жорсткі прысуд – год пазбаўленьня волі. Дачку ейную не засудзіў, бо ў тае дзеці малыя.

Б.Т., Менск

 

100 “Тыднёвікаў Магілёўскіх”

15 верасьня ўсходнебеларуская газэта з шляхетнай назвай “Тыднёвік Магілёўскі” выдала свой юбілейны – соты нумар. Выходзіць яна з 1997 г., мае 2-тысячны наклад і гуртуе незалежнае беларускае грамадзтва Падняпроўя. Віншуем зь юбілеем і зычым “многая лета”.

“НН”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0