Палажыцельны рэзультат

Беларускія алімпійцы заваявалі ў Сыднэі 17 мэдалёў. Беларускія даяркі і дактары заплацяць ім за гэта 517 500 даляраў

 

Калі самы галоўны алімпіец краіны адпраўляў нашых сыднэйцаў на гульні, у яго з вуснаў зьляцела просьценькая, але злавесная фраза: “Народ заждаўся палажыцельнага рэзультату...”. Як там? Быстрэй, скарэй, вышэй, бальшэй... і так далей. Агучыў пляны міністар спорту Яўген Ворсін – “ня горш за Атлянту”. У Амэрыцы нашыя ўзялі 15 мэдалёў.

І за справу хлопцы ды дзяўчаты ўзяліся спрытненька. Стральба, дзюдо, цяжкая атлетыка... Толькі неяк доўга золата не было, усё бронза ды бронза. Тры бронзы на адно золата. Затое мы заўсёды перамагаем сумленна. Кацярына Карстэн-Хадатовіч выйграла ў баўгаркі пару мілімэтраў на фінішы фінальнага заплыву... заезду... загробу па акадземічаскай грэблі, ці што?...

Ну, ды Бог зь ёю, з “грэбляй”.

У лёгкай атлетыцы наш гонар — Эліна Зьверава ды Яніна Карольчык. Што ні кажы, а беларуская жанчына зь яе цэнтнэрам чыстай вагі і “пагрыбёт”, як след, і дыск шпурляне, і ядро штурхне, і, мабыць, пры выпадку і па галаве каму трэба зьвездане.

Прабеглі алімпійскія дзянькі, насыпалася мэдалёў у беларускую скарбонку, адлегла ўва ўсіх на сэрцы. Задаволены будзе начальнік. Грошай дасьць. Мо і ня столькі, колькі абяцаў, але ўсё роўна прыемна.

А што ж народ? А народ у асноўнай масе “даждаў-такі палажыцельнага рэзультату”.

Богусь Мэдалёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0