Тыдзень нашага жыцьця

 

Чуткі пра адстаўкі

У Менску ходзяць чуткі пра адстаўку Мiхаiла Мясьнiковiча, кіраўніка адмiнiстрацыi Аляксандра Лукашэнкі, i сакратара Рады бясьпекi Вiктара Шэймана. Хартыя-97 кажа нават пра сыход з ураду міністра замежных справаў Урала Латыпава. Але афіцыйныя чыноўнікі ўсё адмаўляюць або проста маўчаць — маўляў, усе занятыя зьездам дэпутатаў саветаў дэпутатаў.

 

Польшча ўвядзе візы

У сярэдзіне 2001 году Польшча ўвядзе візы для беларусаў. Палякі кажуць, што цяжкасьці з выездам пачнуцца толькі для нелегалаў. Беларусы спрабуюць прабіць дазвол на бязьвізавы рэжым для асобных катэгорыяў грамадзян ды сякія-такія іншыя ільготы, бо пра ўступленьне Беларусі ў Шэнгенскі саюз разам з Польшчаю казаць проста сьмешна.

 

Лесьніковіч

28 верасьня Аляксандар Лукашэнка прызначыў Анатоля Лесьніковіча старшынём Дзяржаўнага камiтэту па навуцы i тэхналёгiях Беларусі на зьмену Вiктару Гайсёнку, якога паслалі амбасадарам у Аўстрыю. Лукашэнка таксама паставіў Барыса Хрусталёва рэктарам Полiтэхнiчнай акадэмiі, а Мiхаiла Батуру — рэктарам былога РТІ, а цяпер Унiвэрсытэту iнфарматыкi i радыёэлектронiкi.

 

Прыбыткі ды выдаткі

28 верасьня міністар фінансаў Мікалай Корбут прадставіў бюджэт Беларусі на 2001 год. Даходная частка складзе 5,7 трыльёны руб. На 81,2% яна складаецца з падаткаў. Выдаткаваць заплянавана крыху больш — 5,9 трыльёны руб. Патрацяць найбольш на абарону — 153,3 млрд. руб.; на праваахоўную дзейнасьць (то бо міліцыю і КДБ, ня блытаць з аховай правоў чалавека) — 316,7 млрд.; на ахову здароўя, фізкультуру і спорт — 853,5 млрд.; адукацыю — 918,7 млрд.; навуку — 84,4 млрд.; сельскую гаспадарку — 577,4 млрд. 97,8 млрд. пусьцяць на міжнародную дзейнасьць.

 

Нафтавае пагадненьне

27 верасьня беларускі ўрад ды беларуска-расейская нафтагазавая кампанія “Слаўнафта” пагадзіліся прадоўжыць рэканструкцыю Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Увесь праект каштуе 120 млн. даляраў, а да канца гэтага году “Слаўнафта” ўжо дасьць 10 мільёнаў. Шчодрыя кампаньёны Лукашэнкі прапануюць сумесна здабываць нафту ў Заходняй Сібіры, а таксама разам прадаваць паліва беларускім спажыўцам празь сетку сумесных заправак.

 

Бэнзын падаражэў

26 верасьня на 10% падвысілі кошты на нафтапрадукты. Чацьверты раз за месяц. Зараз выгодней запраўляцца ў суседніх краінах — беларускія кошты ці не ў 1,5 раза вышэйшыя за ўкраінскія ды расейскія.

 

Немаўля заблудзіла ў лесе

26 верасьня ў лесе каля вёскі Жытлін Iвацэвiцкага раёна Брэсцкай вобласьцi нарэшце адшукалі дзіця, якое згубіў у гушчары нядбайны бацька. Дзіцёнка, якому крыху болей за годзік, шукалі блізу трох сутак. 29 верасьня яго перавялі з рэанімацыі ў дзіцячае аддзяленьне Івацэвіцкай райбольніцы. Дактары дзівяцца, як малое перанесла гэткае выпрабаваньне.

 

Сьмерць пад буракамі

28 верасьня 23-гадовы палявод калгаса “40 гадоў Кастрычніка” Ігар У. зрабіўся ахвяраю ўборачнай кампаніі. Ён вываліўся ў вакно трактара МТЗ-952 ды трапіў пад колы прычэпу, паўнюткага цукровых буракоў. Сьледзтва мяркуе, што прычына ўсяму — алькаголь, знойдзены ў крыві палявода ды кіроўцы трактара Васіля Л., які зараз можа трапіць у турму на дзесяць гадоў. А можа, ня варта было прымушаць людзей працаваць кругласутачна (трагедыя адбылася а 4-й раніцы)?

 

Выстава ў Івенцы

28 верасьня ў Івенцы, што ля Налібоцкай пушчы, у музэі Ф.Дзяржынскага адчынілі выставу драўлянай скульптуры «Сустрэча» менскага разьбяра Валер’я Калясiнскага. Сп.Калясінскі — аўтар бюста караля Сьцяпана Батуры, што цяпер знаходзіцца ў Фарным касьцёле ў Горадні. Працягнецца выстава да канца лiстапада.

 

З Новым годам, жыды!

Увечары 29 верасьня беларускія жыды сустрэлі новы 5761 год ад стварэньня сьвету. 28 тыс. нашых жыдоў вітаў Юры Дорн, прэзыдэнт Юдзейскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі. Жыды вераць, што ў Новы год усе людзі стаяць перад судом Усявышняга, які вырашае, што адбудзецца ў жыцьці кожнага зь іх. Сьвяткавалі ня толькі ў сем’ях, але і ў 18 сынагогах, раскіданых па ўсім краі.

Паводле паведамленьняў БелаПАН

 

Някляеў перабывае ў Менску

У Менску зьявіўся старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў, які правёў апошні год у Польшчы і Фінляндыі. Вярнуўся ён, каб вырашыць пэўныя прыватныя праблемы з пашпартам. Уік-энд ён правёў у Ракаве, на Іслачы.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0