Ніткай да дзерава

 

У часе пікетаў за байкот людзі ахвотна разьбіраюць бясплатную прэсу, лаюць улады і скардзяцца на жыцьцё назіральнікам з АБСЭ.

 

Пікеты-сустрэчы з выбаршчыкамі ладзіліся з 15 верасьня ледзь ня кожны дзень: раздаваліся газэты, відэакасэты і значкі, якія заклікалі не хадзіць на выбарчыя ўчасткі 15 кастрычніка, а адначасова зьбіраліся подпісы ў падтрымку чатырох умоваў свабодных выбараў. Подпісы будуць потым перададзеныя ў АБСЭ, да таго ж арганізатары збору подпісаў расцэньваюць гэта як падрыхтоўку да прэзыдэнцкай кампаніі – магчымасьць ацаніць колькасьць людзей з дэмакратычнымі поглядамі і атрымаць пэўную базу зьвестак – з прозьвішчамі і адрасамі патэнцыйных выбарцаў-дэмакратаў.

Дасьледчыка зьменаў у псыхалёгіі грамадзтва падчас правядзеньня пікетаў могуць зацікавіць тры рэчы: рэакцыя людзей, рэакцыя міліцыянтаў і рэакцыя першых на рэакцыю апошніх.

Звычайна людзі ахвотна частуюцца бясплатнай прэсаю, лаюць улады і скардзяцца на жыцьцё назіральнікам з АБСЭ. “Прыйшоў пасьля Саветаў новы пан, але я не хачу больш быць халопам! Што мне рабіць?” — крычаў у роспачы рабочы з Трактарнага, падпісваючыся пад патрабаваньнем дэмакратычных выбараў, але відавочна гатовы ўжо да больш радыкальных мэтадаў змаганьня. Часам трапляюцца гістэрычныя асобы іншага кшталту, якія ўчыняюць паказальнае зьнішчэньне антывыбарчых праклямацыяў. Часам скінгеды шукаюць прыгодаў, але збольшага людзям усё адно: яны сьпяшаюцца пасьля працы дахаты, да сям’і ды дзяцей, нікому ня вераць і нічога не баяцца. Яны ня спыняць хаду, каб паставіць свой подпіс за дэмакратычныя выбары, але бясплатную газэтку возьмуць ахвотна і ў нядзелю 15 кастрычніка хутчэй за ўсё застануцца дома ці выберуцца на лецішча – калі “бабіна лета” ня скончыцца яшчэ тыдзень.

Міліцыянты рэагуюць нечакана і па-рознаму. Ад зычлівых парадаў: “У вас тут пікет? Дык вы б хаця расьцяжку нейкую ўзялі, ці што” (у Серабранцы) да абсалютна бязглуздага: ”А ніткай да дзерава прывязваць няльзя. Рукамі дзяржыце”. Аднаго разу людзі ў форме папрасілі ў пікетоўцаў значкі і, ветліва адмовіўшыся ад налепак, разьвіталіся і сышлі; іншым часам людзі бяз формы запыталі ў хлопчыка-школьніка пра налепкі, а пасьля паказалі пасьведчаньне адпаведнае ўстановы і адвялі “куда следует”. Ля Трактарнага заводу прадстаўнік праваахоўных органаў спрабаваў абвінаваціць пікетчыкаў у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу – дык колькасьць удзельнікаў таго “мітынгу” адразу павялічылася ледзь не ўдвая: людзі спэцыяльна падыходзілі бліжэй, маўляў, мы з вамі. А нейкі хлопец спартыўнага выгляду проста і шчыра запрапанаваў “даць яму па зубах”.

Апошнія пікеты праходзілі без умяшальніцтва міліцыянтаў – ці то іхнае начальства задаволілася зьменаю расьцяжкі “Байкот-2000” на бляклую і непрывабную “Сустрэчу з выбаршчыкамі”, ці то прыйшло разуменьне, што назіральнікі з АБСЭ, ацаніўшы “дэмакратычную” сытуацыю, зьедуць дахаты напярэдадні 15 кастрычніка, давяршыўшы справу пікетоўцаў.

Ганна Штэйнман


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0