Апазнаньне экстрэміста

 

У пятніцу, пасьля апублікаваньня гэтага здымку ў газэце “Наша Свабода”, праваабаронцам стала вядомым імя аднаго зь людзей у міліцэйскай форме, якія камандавалі захопам здымачных груп ОРТ і РТР на вул.Чырвонай у Менску 25 сакавіка. Пра гэта карэспандэнту “НН” паведамілі ў менскім гарадзкім аддзяленьні Беларускага Гельсынскага Камітэту. Праўда, прадстаўнікі БГК лічаць, што зьвесткі патрабуюць дадатковага спраўджваньня і таму пакуль што не падлягаюць абнародаваньню.

 

Падзеі Дня Волі цяпер абмяркоўваюцца ў залях суду Цэнтральнага раёну сталіцы дзякуючы двум менчукам – Генадзю Міронаву і Алегу Проніну, якія 25 сакавіка апынуліся ў ліку некалькіх соцень затрыманых міліцыяй грамадзянаў. Ідучы ўдвох па Чырвонай на Камароўскі рынак, мужчыны раптам убачылі, як “ахоўнікі парадку” даганяюць, а потым зьбіваюць тэлеапэратара. Алег Пронін падняў крышку камэры, якая адляцела, калі нападнікі сталі адбіраць яе, і сябры запыталі міліцыянтаў, навошта зьбіваць чалавека, які выконвае свае службовыя абавязкі. “Упаляваўшы” расейскіх журналістаў, камандаваньне групы захопу, відаць, палічыла сьведкаў-мінакоў занадта цікаўнымі. Проніна й Міронава дагналі, схапілі ззаду і пачалі наносіць ім удары дубінкамі і нагамі. Тут падыйшоў палкоўнік, які камандаваў гэтай “зачысткай”. На пытаньні затрыманых аб падставе іх гвалтоўнага затрыманьня палкоўнік загадаў сядаць у машыну і ехаць туды, дзе цікаўным “усё растлумачаць”. У тым месцы, дзе “ўсё тлумачаць”, 25 сакавіка пабывала і аўтарка гэтых радкоў – ім аказаўся ўжо знакаміты ангар у вайсковай частцы па вуліцы Маякоўскага.

Г.Міронава і А.Проніна адпусьцілі толькі пад вечар — вывезьлі за горад на вялікай хуткасьці ды выкінулі на кальцавой дарозе за Чыжоўкай. “…Нашае затрыманьне і зьбіцьцё потым трансьлявалася праз тэлебачаньне. Маё дзіця, пабачыўшы перадачу, стала пытацца, што кепскага я зрабіў, бо міліцыя зьбівае толькі бандытаў”, — распавядзе потым Алег Пронін суду. Аўтары скаргі просяць суд спагнаць з адказчыкаў-супрацоўнікаў МУС 1 мільён рублёў за нанесеную маральную шкоду.

Судовы працэс па грамадзянскай справе, адказчыкамі ў якой выступаюць чацьвёра прадстаўнікоў вайсковай часткі 5448 (месьціцца па вул. Маякоўскага), пачаўся яшчэ ў першай палове жніўня. За гэты час, аднак, судом ня толькі не прынята ніякага рашэньня паводле скаргі Міронава й Проніна – фактычна ў гэтай справе прайшло толькі адно паўнавартаснае паседжаньне.

Храналягічна гэта выглядае даволі цікава. Першае паседжаньне было прызначанае яшчэ на 10 жніўня. Частка прадстаўнікоў в/ч 5448 у суд не зьявілася, а тыя, што прыйшлі, заявілі, што не гатовыя да працэсу, і папрасілі час на вывучэньне матэрыялаў справы. Суд аднавіўся 24 жніўня, і пасьля гэтага працэс пачаў незразумела зацягвацца. Незразумела, бо ў тых, хто падаў у суд, мелася і відэастужка падзеяў, і аўдыёзапіс, і фотаздымкі людзей, якія рабілі напад ці кіравалі ім, і нумар машыны, на якой іх везьлі за бэтонны плот вайсковай часткі.

Паводле словаў адваката пацярпелых Андрэя Атаманчука, ён быў вельмі зьдзіўлены, калі пазьней даведаўся пра зьмены ў пратаколе першага паседжаньня суду. У пратаколе чамусьці значылася, нібыта бакі пажадалі спыніць разьбіральніцтва, што ніяк не адпавядала сапраўднасьці.

Разгляд скаргі меўся працягвацца 11 верасьня ў другой палове дня. Але судзьдзя Есьман нечакана захварэў. Наступнае паседжаньне, прызначанае на 21 верасьня, таксама сарвалася. Складаецца ўражаньне, што прадстаўнікі Фэміды вырашылі замяць справу, баючыся браць на сябе адказнасьць за яе далейшае разьвіцьцё. Бо юрыдычныя прадстаўнікі адказчыкаў у гэтай справе прыперлі, што называецца, да сьценкі сваімі паказаньнямі і судзьдзю, і тых, каго самі хацелі выгарадзіць перад законам.

Як сказаў суду Алег Мархоцкі, начальнік службы прававога забесьпячэньня вайсковай часткі 3404, затрымлівалі людзей у Дзень Волі (Проніна й Міронава – у прыватнасьці) зусім не супрацоўнікі міліцыі. “Магчыма, гэта былі экстрэмісты ці злачынныя элемэнты, якія спрабуюць дыскрэдытаваць міліцыю, — заявіў А.Мархоцкі. — Я сьцьвярджаю, што гэта былі не работнікі міліцыі. Пры праверцы мы не змаглі вызначыць кола асобаў, якія іх (Проніна й Міронава — Т.С.) затрымлівалі”. Да таго ж “указаная машына УАЗ-0625 у МУС не існуе”. Хацелася б быць наіўным і паверыць, што наша міліцыя проста прызналася ў сваёй бездапаможнасьці!..

У сп.Мархоцкага ёсьць вэрсія, як канкрэтна злачынныя элемэнты маглі “падставіць” беднае МУС. Незаконна затрыманых “маглі прывезьці да пункту збору і там перадаць людзям, якія не валодаюць інфармацыяй. Таму не былі складзеныя пратаколы”. Такім чынам, адказчыкі прызналі, што ў выпадку зь Міронавым і Проніным замест супрацоўнікаў МУС былі падстаўныя асобы, гэтак мовячы, ілжэміліцыянты. Гэта мог зрабіць хто заўгодна. У нас вельмі шмат злачынстваў апошнім часам учыняецца людзьмі, адзетымі ў міліцэйскую форму. Такая форма прадаецца на рэчавым рынку “Ждановічы”.

Далей Мархоцкі кажа, што палкоўніка на прадастаўленым істцамі фотаздымку (кіраўніка захопу людзей 25 сакавіка) ён ня ведае. “Злачынныя элемэнты” ў міліцэйскай форме, якія, паводле Мархоцкага, не працуюць у міліцыі, не былі, аднак, абвешчаныя ў вышук: закон патрабуе папярэдне ўзбудзіць супраць іх крымінальную справу.

І вось тут, пры першым жа дотыку да тэмы крымінальнай справы супраць “герояў” 25 сакавіка, пачалася вялікая блытаніна адказчыкаў. Спачатку яны аспрэчвалі факт нанясеньня затрыманым цялесных пашкоджаньняў; потым увогуле заявілі, што Проніна й Міронава ніхто не затрымліваў. (Цікава, чый жа захоп тады паказвала тэлевізія?).

Кіраўніцтва БГК зьвярнулася зь лістом да старшыні КДБ У.Мацкевіча. Галоўны беларускі чэкіст мусіць разабрацца, чаму па краіне гуляюць мажныя дзядзькі ў плямістых строях з пагонамі палкоўнікаў, творачы беззаконьні ад імя сілавых структураў. І, галоўнае, хто яны, гэтыя дзядзькі, такія. Магчыма, у краіне існуе незаконнае збройнае фармаваньне, замаскаванае пад міліцыю.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0