Каранацыя не па правілах

 

4 кастрычніка 1705 году ў катэдры сьвятога Яна ў Варшаве адбылася ўрачыстая каранацыя новага караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага і каралевы Кацярыны з роду Апалінскіх. Гэтая падзея дала дзяржаве гаспадара, які, хоць і не зрабіўся сапраўдным уладаром краіны, але стаўся сымбалем Рэчы Паспалітай для астатняй Эўропы, прыкладам адукаванага манарха і пяшчотнага бацькі францускай каралевы.

 

Станіслаў Ляшчынскі быў прадстаўніком вядомага польскага шляхецкага роду і пэрспэктыўным маладым палітыкам. Бацька Рафал Ляшчынскі — шчыры прыхільнік Яна ІІІ Сабескага — зьяўляўся актыўным праціўнікам новага караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ і свае палітычныя погляды перадаў сыну. Ня дзіўна, што падчас Паўночнай вайны Станіслаў Ляшчынскі апынуўся сярод прыхільнікаў швэдзкага караля Карла ХІІ. Малады і амбітны Карл пасьля перамогі над Расеяй пад Нарвай у 1700 г. перанёс ваенныя дзеяньні на тэрыторыю другога свайго суперніка — саксонскага курфюрста і караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ. Пасьпяховы наступ швэдзкай арміі суправаджаўся ўздымам на польскай тэрыторыі апазыцыйнага Сасу руху, да якога далучыўся і Ляшчынскі. Разам зь іншымі апазыцыянэрамі ён шчыра вітаў наладжаную Карлам у 1704 г. дэтранізацыю караля.

У тыя часы Станіслаў нават ня марыў пра каралеўскі пасад. Тым часам Карл ХІІ, якому быў патрэбны ў Рэчы Паспалітай “свой кароль”, не жадаў цягнуць з выбарамі. Таму ён адмовіўся падтрымаць у якасьці прэтэндэнта на карону француза Францыска Людвіка дэ Бурбона князя Канці. За апошнім стаяла моцная Францыя, што было небясьпечна. Увагу швэдзкага караля прыцягнуў малады Станіслаў Ляшчынскі.

Ужо ў чэрвені 1704 году адбыўся элекцыйны сойм, які пад жорсткім наглядам швэдзкай арміі фармальна абраў 27-гадовага Станіслава Ляшчынскага на каралеўскі пасад.

Абраньне праз сойм было толькі першым этапам працэдуры ўзыходу караля на пасад. Без афіцыйнай каранацыі новага манарха ніхто не прызнаваў, і Карл вырашыў давесьці справу да канца, аднак на гэта спатрэбілася амаль паўтара году.

Больш за ўсё непрыемнасьцяў прынесьлі Ляшчынскаму прыхільнікі Аўгуста ІІ. Спачатку прымас Рэчы Паспалітай Радзяёўскі адмовіўся ўдзельнічаць у каранацыі і нават зьехаў з Варшавы, а паводле традыцыі толькі ён меў права ўскласьці карону на галаву новага манарха. У абыход усіх традыцыяў каранацыю Станіслава Ляшчынскага зьдзейсьніў ня прымас, а львоўскі арцыбіскуп Зялінскі (адзіны, хто на гэта згадзіўся).

Новага караля напаткалі і праблемы з сымбалямі каралеўскай годнасьці (карона, меч і скіпэтар) — прыхільнікі Аўгуста ІІ скралі іх і вывезьлі за межы краіны. Паколькі наладжваць пошукі было бэссэнсоўна, Карл ХІІ папрасіў варшаўскіх майстроў вырабіць новыя сымбалі каралеўскай улады з золата, сабранага з акупаваных польскіх земляў у якасьці падаткаў. Майстры са сваёй задачай справіліся, і Станіслаў быў каранаваны новай каронай. Хадзілі чуткі, што адразу пасьля ўрачыстасьцяў карону пераплавілі на залатыя манэты, так неабходныя швэдзкай арміі.

Урачыстая каранацыя новага манарха адбылася 4 кастрычніка 1705 г., на наступны дзень пасьля падпісаньня Станіславам Ляшчынскім уласных pacta conventa, своеасаблівай дамовы караля з грамадзтвам Рэчы Паспалітай. І няхай традыцыі былі парушаныя (яшчэ і тым, што падзеі адбываліся ня ў Кракаве, а ў Варшаве), але з гэтага моманту былы пазнанскі ваявода зрабіўся афіцыйным каралём Рэчы Паспалітай. Гэты тытул ён захаваў нават пасьля вяртаньня ў 1709 г. Аўгуста ІІ.

Каранацыя Ляшчынскага, на жаль, ня вырашыла праблемаў ахопленай вайной краіны. Першым яе вынікам было падпісаньне ў лістападзе таго ж году цяжкой мірнай дамовы са Швэцыяй, якая прадугледжвала значную залежнасьць Рэчы Паспалітай ад сваёй саюзьніцы. Цалкам залежачы матар’яльна ад сквапнага Карла, Станіслаў Ляшчынскі так і ня здолеў адчуць сябе сапраўдным гаспадаром, а калі пасьля паразы пад Палтавай патрон зьбег, за ім накіраваўся і манарх Рэчы Паспалітай.

Прытулкам Ляшчынскага зрабілася Францыя. Тут ён выдаў сваю дачку за караля Люі ХV, сюды вярнуўся пасьля чарговай няўдалай элекцыі ў Рэчы Паспалітай у 1734 г., тут займаўся філязофіяй і тутака памёр у веку 88 гадоў ува ўласнай сядзібе ў Нансы (Лятарынгія) — каранаваны выгнаньнік, якога не зразумелі на Радзіме.

Наталя Арлова


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0