Юлія Андрэева

Колькі каштуе бульба ў Канадзе

Беларуская піяністка Тацьцяна Вайтовіч здабыла першую ўзнагароду на Міжнародным конкурсе ў Таронта

 

Конкурс у Таронта – ці, паводле ягонай афіцыйнай назвы, II Artist International Music Competition – яшчэ вельмі малады і таму ня надта прэстыжны, аднак выйграць яго надзвычай цяжка. Хаця б таму, што ад Таронта да Нью-Ёрку ці Чыкага – крыху больш за гадзіну лёту, а амэрыканцы – заўзятыя канкурсанты, добра падрыхтаваныя і заўжды гатовыя змагацца да пераможнага канца. Тым больш, што ляўрэату першай прэміі абяцалі неблагую ўзнагароду – 8000 даляраў. Зрэшты, і Канада – не апошняя краіна ў сьвеце піяністыкі. Менавіта ў Таронта нарадзіўся і памёр Глен Гульд – сусьветна славуты піяніст, культавая фігура для прыхільнікаў нетрадыцыйнага падыходу ў выкананьні музычнай клясыкі. А Каралеўская кансэрваторыя Таронта (The Royal Conservatory of Music of Toronto), дзе ён калісьці вучыўся, амаль афіцыйна носіць імя Глена Гульда.

Цяпер гэтую вучэльню абжываюць менчукі. “Першай ластаўкай” была колішняя выкладчыца Беларускай акадэміі музыкі Натальля Цёмкіна, цяпер вельмі аўтарытэтны ў Паўночнай Амэрыцы фартэпіянны пэдагог.

Наступнай стала Тацьцяна Вайтовіч. Зрэшты, яна цяпер зусім і не Вайтовіч, а Tatiana V. Camilleri, бо ўвесну выйшла за маладога канадца – сына мальтыйскіх імігрантаў. Толькі не падумайце, што яна спачатку выйшла замуж, а ўжо потым пераехала на сталае жыхарства ў Канаду. Усё здарылася зусім наадварот: спачатку былі паўтара году самотных блуканьняў у чужой краіне, а ўжо потым – сустрэча з чалавекам, што стаўся ёй каханым.

Як жа здарылася, што Тацьцяна трапіла ў Канаду? Сарамлівая і нясьмелая дзяўчына з інтэлігентнай сям’і, моцна прывязаная да бацькоў (яны – вядомыя ў Менску лекары), да сваіх шляхецкіх каранёў, да прывычнага асяродзьдзя… Хутчэй за ўсё, яна ніколі і нікуды б не паехала, калі б у Менску ейнае жыцьцё складалася як мае быць. Але – як і многія іншыя музыкі – яна жыла ня ў Менску, а ў Мінску (у пазамінулым нумары Ірына Дубянецкая надзвычай трапна акрэсьліла істотную розьніцу паміж гэтымі двума паселішчамі) і нават не дамысьлівалася, што Менск існуе дзесьці побач, што да яго – літаральна адзін крок. Скончыўшы ў 1991 годзе Музычны Ліцэй (цяпер – каледж) пры Беларускай Акадэміі музыкі, яна нібыта паводле інэрцыі (ці паводле сапраўднай мары?) паехала паступаць у Маскву. Не атрымалася.

…Гэткім чынам Тацьцяна Вайтовіч аўтаматычна трапіла ў Беларускую акадэмію музыкі. У той час яшчэ існаваў дзіўнаваты парадак: вучням Музычнага Ліцэю, што заканчвалі яго з выдатнымі адзнакамі, дазвалялася паступаць у кансэрваторыю без экзамэнаў. У 1980-я гады і нават на пачатку 1990-х Беларуская кансэрваторыя была адносна сьціплай вучэльняй: тут рэдка хто марыў пра вялікую кар’еру, а пераважная большасьць дзяўчатаў цэліла выйсьці замуж за афіцэра і зьехаць разам зь ім куды-небудзь у гарнізон.

Тацьцяна Вайтовіч была зусім іншай (а гэта значыць – белай варонай сярод “нармалёвых” студэнтак). Але неўзабаве “зорак” відавочна пабольшала: яны езьдзілі на конкурсы, атрымоўвалі дыплёмы і прэміі. Тацьцяне ў той час папросту не ставала ўпэўненасьці, каб стаць у адзін шэраг з “афіцыйна зацьверджанымі” геніямі. Яе – і знутры, і звонку – душылі тыпова “мінскія” забабоны. Бо жыхары гэтага гораду – у процілегласьць да жыхароў Менску – сьвята вераць, што чалавек мае права на нейкую індывідуальную адметнасьць, толькі калі ў яго ёсьць у кішэні нейкая паперка з подпісам і пячаткай, якая б гэтае права афіцыйна пацьвярджала. У Вайтовіч гэткай паперкі не было, хоць яна з зайздроснай упартасьцю намагалася трапіць куды-небудзь на конкурс і здабыць ляўрэацтва. На сваім першым конкурсе ў партугальскім горадзе Порта яна выступіла ня лепшым чынам і прыехала дамоў з пустымі рукамі.

Наступная вылазка на конкурс аказалася больш пасьпяховай – тым болей, што й сам конкурс выглядаў надта нетрадыцыйна. Першы тур праходзіў завочна – г.зн. замест таго, каб асабіста ехаць у Францыю, Тацьцяна даслала туды відэакасэту з запісам конкурснай праграмы. Чакаць прыйшлося даволі доўга. Колькі ж было радасьці, калі з парыскага прадмесьця Пантуазу прыйшоў ліст з запрашэньнем у фінальны тур! У чужой краіне яна ўпершыню адчула, што да яе ставяцца з пашанай, цэняць у ёй артыстку і прыгожую дзяўчыну. Мо тады — у красавіку 1998-га — яна ўпершыню стала разважаць над магчымасьцю ад’езду.

Тым болей, што сталіца Беларусі сустрэла яе няветла. Работы для яе не было; адзінае, што знайшлося – гэта чвэрць стаўкі ў якасьці выкладчыка фартэпіяна ў Акадэміі мастацтваў. Акурат у той год на тэатральным факультэце распачаўся экспэрымэнт па падрыхтоўцы актораў музычнай камэдыі. Паводле распрацаванага вучэбнага пляну студэнты мусілі крыху вучыцца на фартэпіяна; аднак наўрад ці хто-небудзь з будучых субрэтак зь вялікім захапленьнем выконваў Баха ці Моцарта. Невядома, ці маглі яны ўвогуле чытаць ноты. Тацьцяна ня скардзілася, але было відавочна, што праца ў Акадэміі для яе — цяжкі і непрыемны абавязак.

Адзінай аддухай была пагадзінная праца акампаніятара ў Дзяржаўным камэрным хоры, якім кіраваў цудоўны музыка – Ігар Мацюхоў. (Сёлета ўлетку ён зьехаў дамоў, у Санкт-Пецярбург, а лёс ягонага калектыву аж дагэтуль вісіць у паветры.) Але й тут Тацьцяну чакалі расчараваньні. Кожны раз, калі хор ехаў за мяжу, яна заставалася дома. Канцэрты, што адбываліся ў сталічнай Філярмоніі, таксама праходзілі бязь ейнага ўдзелу. Затое падчас гастрольных паездак па Беларусі імгненна высьвятлялася, што без акампанэмэнту Тані Вайтовіч хор сьпяваць папросту ня можа, і яна мусіць выпраўляцца ў турнэ нават хворая. Нягледзячы на гэта, ёй часта — і, мабыць, небеспадстаўна – здавалася, што ёю пагарджаюць. Скончылася тым, што на яе месца ўзялі кагосьці іншага.

І тады Тацьцяна пачала пісаць лісты ва ўсе кансэрваторыі сьвету (за выняткам расейскіх і ўкраінскіх) з просьбай прыняць яе на пасьлядыплёмнае навучаньне. Адзіны станоўчы адказ прыйшоў з Таронта. Вядома, у тамтэйшай кансэрваторыі ёй давялося часткова за сябе плаціць, яна мусіла шукаць жыльлё і нейкую працу – не абавязкова артыстычную. Кволая дзяўчына ў аднаасобку адолела ўвесь той пакутны шлях, які зазвычай прыпадае на долю імігрантаў. Што ні крок – адчуваеш сябе іншаземцам, чалавекам бяспраўным, якога кожную хвіліну могуць выслаць з краіны. (Зрэшты, у Таронта амаль усё насельніцтва – іншаземцы. Калі верыць турыстычным буклетам, дык ніводзін горад у сьвеце ня можа пахваліцца гэткай этнічнай стракатасьцю і талерантнасьцю да іншых культураў. Але ўсё роўна – чужына!)

Адзіным суцяшэньнем была музыка. Раніцой, на занятках у прафэсара Барыса Лысенкі – колішняга ляўрэата конкурсу імя Чайкоўскага, які 20 год таму зьехаў у Канаду і з гэтага часу назаўжды зьнік са старонак савецкіх музычных даведнікаў. І ўвечары, у клясе самападрыхтоўкі, дзе стаіць цудоўны раяль (лепшы, чымся ў нас у філярманічнай залі!), а ў вакно зазіраюць вавёркі. Каб прайсьці ў “сваю” клясу, трэба ўзяць у канс’ержа спэцыяльную электронную картку (з дапамогай якой адчыняюцца дзьверы) і мяккія капці. Працягласьць самастойных заняткаў дакладна фіксуецца, прычым кансьерж мае права сачыць за вамі праз вочка ў дзьвярах (зусім як у турме!) – ці не займаецеся вы нейкаю пабочнаю справаю. Чым даўжэй вы седзіцё за фартэпіяна, тым болей зарабляеце балаў; у выпадку вашага махлярства балы касуюцца. Агулам кажучы, набраныя ачкі служаць меркаю вашай студэнцкай актыўнасьці. Калі вы паўдзельнічалі ў бясплатным канцэрце, наведалі сэмінар ці своечасова здалі залік, на ваш рахунак гарантавана запішуць адпаведную колькасьць балаў. У канцы сэмэстру іх падсумуюць і вынесуць вэрдыкт, колькі грошай вам належыць плаціць у наступным месяцы. Альбо, калі вы будеце вучыцца гэтак жа старанна, як Таня Вайтовіч, вас цалкам вызваляць ад платы.

Сёлета ў траўні Тацьцяна скончыла двухгадовы курс пасьлядыплёмнага навучаньня – як заўжды, “на выдатна”. У верасьні яна здабыла абсалютную перамогу на конкурсе, а разам з тым – безьліч прапановаў працы ў лепшых вучэльнях і канцэртных установах правінцыі Антарыё. Разам з мужам яны купілі цудоўны дом… “Калі ты прыедзеш у госьці?” – пытаюся я. – “Ніколі”. Разумею… Яна дасканала ўсьведамляе, што “родны Мінск” ізноў не паверыць у ейны талент і будзе распытваць, колькі зарабляе муж і колькі каштуе ў Канадзе мяса і бульба. Але, акрамя Мінску, ёсьць яшчэ і Менск, які шчыра сьвяткуе Тацьцяніну перамогу. Менск, які заўжды рады прыняць яе ў свае абдымкі, – толькі яна сама пра гэта яшчэ ня ведае.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0