Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня заявіў пра непрызнаньне вынікаў учорашніх выбараў.

(Мілінкевіч: ) «Вынікі выбараў мы не прызнаем. У Беларусі прайшлі не выбары, а неканстытуцыйны захоп улады. Цяперашні кіраўнік краіны ня меў права ў іх удзельнічаць. Таму, што ня быў легітымным рэфэрэндум 2004 году, і таму, што, паводле дзейнага заканадаўства Беларусі, Лукашэнка ня меў права на ўдзел у іх. Тыя ўмовы, у якіх прайшлі выбары – яны незаконныя, рэпрэсіўныя. З моманту абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў (празь некалькі дзён) мы будзем лічыць, што ля ўлады ў Беларусі будзе знаходзіцца нелегітымны прэзыдэнт».

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў і ўсе дэмакратычныя краіны сьвету не прызнаваць А.Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі. Спадар Мілінкевіч вылучыў свае патрабаваньні да ўладаў:

(Мілінкевіч: ) «Мы патрабуем паўторных выбараў, пад час якіх будзе выконвацца заканадаўства краіны. Каб у камісіях абавязкова былі прадстаўнікі ад прэтэндэнтаў. Каб не было арыштаў і перасьледу па месцах вучобы й работы. Каб улада адмовілася ад рэжыму рэпрэсіяў пры правядзеньні выбараў».

Спадар Мілінкевіч падкрэсьліў, што гэтыя патрабаваньні ўлада можа ўлічыць толькі пад ціскам нязгодных з абвешчанымі вынікамі выбараў. Ён заклікаў народ выйсьці ў панядзелак на Кастрычніцкую плошчу Менску. Толькі з дапамогай вуліцы апазыцыя зможа распачаць жорсткі дыялёг з уладай.

Кіраўнік штабу Мілінкевіча Сяргей Калякін паведаміў, што вынікі выбараў будуць абскарджаны. Спасылаючыся на вынікі апытаньня экзыт-полу расейскага цэнтру «Левада». Спадар Калякін заявіў, што рэальна А. Лукашэнка атрымаў ня больш за 47 адсоткаў галасоў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0