На гэтым тыдні плануецца пачаць археалагічныя раскопкі ў гомельскім парку Румянцавых‑Паскевічаў.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік работ — дацэнт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны кандыдат гістарычных навук Алег Макушнікаў, раскопкі пачнуць валанцёры, а падчас летняй практыкі да іх далучацца студэнты гістарычнага факультэта універсітэта.

Паводле інфармацыі гісторыка, падчас рэканструкцыі гістарычнай часткі парку будзе адноўлены першапачатковы выгляд невялікага будынка канца XIX стагоддзя, размешчанага паміж палацам Румянцавых‑Паскевічаў і Петрапаўлаўскім саборам. У савецкія гады там размяшчаўся шахматна‑шашачны клуб.

«Будынак сімпатычны, такіх цяпер мала засталося, — зазначыў А.Макушнікаў. — Да яго неабходна падвесці камунікацыі, і пракладаць іх давядзецца па «жывым» культурным слоі, таму перад будаўнічымі работамі на аб’ект запрасілі археолагаў».

«Чакаецца, што знаходкі будуць датавацца X стагоддзем нашай эры, а можа, і раней, прынамсі, гадоў за 200 да ўзгадвання Гомеля ў летапісах. Па знойдзеных прадметах можна будзе прасачыць і далейшую тысячагадовую гісторыю горада. Капаць будзем глыбінёй больш за два метры», — падзяліўся планамі кіраўнік раскопак.

Як зазначыў А.Макушнікаў, магчыма, з мясцовых валанцёраў будзе сфармавана група і для археалагічных раскопак на месцы старажытнага горада Казіміра пад Светлагорскам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?