Праўда, якую ўвесь сьвет ведае

 

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі
Прэзыдыюм

Зварот да беларускага народу

 

Дарагія Суродзічы!

У гісторыі кожнага народу, як і ў жыцьці кожнага чалавека, ёсьць ключавыя мамэнты, ад якіх, можа, залежыць будучыня гэтага народу ці гэтага чалавека.

І вось такім ключавым мамэнтам для Беларусі будзе дзень 15 кастрычніка 2000 году, калі народ наш будзе мець змогу сказаць дыктатарскаму рэжыму, што хопіць зьдзекавацца зь яго ды ілгаць яму, што ён сам таксама мае права быць вольным у сваёй дзяржаве ды сам вырашаць свой лёс, што ён тады толькі пойдзе галасаваць, калі выбары ня будуць насьмешкай зь ягонага розуму і зь ягонае годнасьці.

Не дарма ўлады не дапускаюць апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі. Лукашэнка і яго маскоўскія паплечнікі добра ведаюць, што найбольшая для іх небясьпека — гэта праўда, звычайная праўда. Праўда, якую ўвесь сьвет ведае, апрача Вас, мае дарагія суродзічы. Бо ўлады дазваляюць Вам чуць і бачыць толькі тое, што яны хочуць, каб Вы чулі і бачылі.

Праўда пра Беларусь – гэта ізаляцыя, у якой знаходзіцца нашая краіна дзякуючы стараньням уладаў і дзеля якой Вашае жыцьцё робіцца штораз цяжэйшым. Праўда пра Беларусь — гэта эміграцыя здольнай і працавітай моладзі, якая ня можа сабе зарабіць на людзкія ўмовы жыцьця на Бацькаўшчыне, бо рэжыму не патрэбныя людзі зь ведамі і з ініцыятывай. Лягчэй кіраваць тымі, хто моўчкі задавольваецца кусочкам хлеба з салам ды кубкам радыяцыйнага малака… Праўда — гэта куды лепшае жыцьцё ў іншых краінах, кіраўнікі якіх дбаюць аб дабрабыце сваіх людзей, а не стараюцца прадаць іх чужой імпэрыі за пару чырвонцаў. Праўда — гэта небясьпека, якая пагражае нашай дзяржаве стратай найбольш цэнных яе каштоўнасьцяў, яе свабоды і незалежнасьці.

Дыктатар ня хоча, каб людзі чулі праўду, бо добра ведае, што калі б яна дайшла да народу, дык народ пагнаў бы яго так, як румыны пагналі Чаўшэску, а сэрбы цяпер гоняць Мілошавіча…

Дарагія суродзічы, не дазваляйце Вашым ворагам зьдзекавацца з Вас. Пакажэце сьвету, што Вы — паўнавартасны, жыцьцяздольны народ. Ня йдзеце галасаваць 15 кастрычніка, бо голас Ваш будзе лічыцца падтрымкай варожага Вам акупацыйнага рэжыму. Зрабеце з гэтай даты ключавы мамэнт у гісторыі нашага народу, каб сталася яна пачаткам новай эры ў жыцьці вольнай, незалежнай і заможнай Беларускай Дзяржавы.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0