МОВА — 2000

 

Прозьвішчы

І чэхі, і палякі, і летувісы, і расейцы на пісьме і ў вымаўленьні маюць у прозьвішчы адзнаку, хто гэта — мужчына ці жанчына. Прыкладам, Вондрачка — Вондрачкава, Сухоцкі — Сухоцкая, Міронаў — Міронава, Баранаўскас — Баранаўскене. А мы маем Бакач — Бакач, Фяшчонак — Фяшчонак, і пакуль ня высьветліш імя, то і не дасі рады, спадар гэта ці спадарыня. На мой густ, трэба сьмялей ужываць старую беларускую форму ўтварэньня жаночага прозьвішча: Бакач — Бакачова, Фяшчонак — Фяшчонкава. Але мажліва, чытачы маюць іншыя думкі ці варыянты — цікава пачуць іншыя меркаваньні ды прапановы.

Уладзімер Аніськевіч, Баранавічы

 

Ад рэдакцыі

Мы маем народную форму на -іха/-ыха (Бакачыха) і форму, якая ўжывалася пераважна шляхтаю і зафіксаваная ў старых дакумэнтах — на -ова/-ава/-ёва. Першая мае выразна гутарковае (каб не сказаць прастамоўнае) адценьне, а пасьлядоўнае выкарыстаньне другой павядзе да непаразуменьняў. Як адрозьніць жонку Фяшчонка ад жонкі Фяшчонкава?

Даўнейшая беларуская антрапанімія адрозьнівала жанатых мужчын ад нежанатых хлопцаў і замужніх жанчын ад незамужніх дзяўчат. Так, Фяшчонак мае суфікс, які абазначаў нежанатага хлопца. Жонка Пашкевіча была Пашкевічыха або Пашкевічава, яе дачка — Пашкевічанка, а сын — Пашкеўчык. Калі выпраўляліся паперы, гэтыя формы часта запісвалі як прозьвішча, і нашчадкі гэтага роду, нават жэнячыся і выходзячы замуж, пісаліся і пішуцца дагэтуль, напр., Пашкеўчыкамі. Вяртаньне да старой антрапанімічнай мадэлі, нават калі яно магчымае, запатрабуе масавай зьмены прозьвішчаў. І зьмены моўнай сьвядомасьці, што найцяжэй.

Мікола Раманоўскі

 

Поза і фігура

Зь цікавасьцю сачыў за моўнай дыскусіяй вакол слова “наморднік” ці “намысьнік”. Во як, аказваецца, багата варыянтаў можа быць у аднаго, нават ня сама часта ўжыванага слова! І справа, на маю думку, нават ня ў тым, як будзе найбольш правільна, а ў тым, каб разварушылася нашае мысьленьне ў гэтым кірунку.

Я б хацеў засяродзіць увагу спадарства на двух словах, якія маюць дачыненьне ўжо не да сабакі, а да чалавека, ці, як мы кажам, “граждана”. “Поза” і “фігура”. Ну, не падабаецца мне тут нешта.

Неяк не найлепей па-беларуску гучыць “поза”. Можа, гэтае слова цалкам адпавядае нарматывам, але няма ў ім нечага такога цёплага, мяккага, адмыслова беларускага, куды лепш “пастава” — слова, якое таксама прыводзіцца ў слоўніках як сынонім. Але ж гэтае слова можна ўжыць толькі ў тым выпадку, калі чалавек стаіць? Відаць, нашая мова фармавалася ў нейкіх адмысловых варунках, калі чалавеку, беларусу, прыходзілася найбольш стаяць — навыцяжку перад небеларускім начальствам або ракам на сваёй зямельцы. А як вымавіць такое словазлучэньне: “поза лотасу”? Відаць, лепш “пазыцыя лотасу”? Наагул, якое слова лепш ужыць, калі чалавек сядзіць, ляжыць ці ягонае цела займае нейкае больш складанае становішча? Напрыклад, у нямецкай мове для слова “поза” маецца ажно чатыры адпаведнікі: die Pose, die Positur, die Stellung, die Нaltung. Давайце ўспомнім нашыя словы, а як няма — дык прыдумаем разам!

Пра “фігуру”. Гэтае слова ёсьць ва ўсіх слоўніках, і калі вядзецца пра геамэтрычную фігуру ці пра лінію, якую выводзіць спартовец на лёдзе, дык мне яно слых ня рэжа. А вось калі сказаць аб дзяўчыне, што ў яе выдатная фі… а можа “хві…”, бо пэўна маюць рацыю й тыя, хто кажа, што гуку “ф” у беларускай мове няма й трэба карыстацца злучэньнем “хв”?.. Але ж слова “хвігура” мае ўжо нейкае гумарыстычнае ці саркастычнае адценьне. Гэтаксама ў слоўніках даецца адпаведнік “постаць”. Тут зноў пра стаяньне — не пра што іншае. У нямецкай мове адпаведнікаў ажно тры: die Figur, die Gestalt, die Statur. Мне падабаецца польскае слова sylwetka. Праўда, у адным са слоўнікаў яно перакладаецца на расейскую мову не як “фигура”, а як “силуэт”. Дык вось, калі гаварыць аб мужчыну ці аб жанчыне мажнога целаскладу, то я б, так і быць, сказаў “хвігура”, а вось калі б вялося аб дасканалых дзявочых формах — то тут мне б хацелася ўжыць нейкае іншае слова, якое само б ужо перадавала хаця нейкую частку гэтага хараства — можа, “сыльвэтка”? Хацелася б пачуць наконт правамернасьці выкарыстаньня гэтага слова ў беларускай мове. А можа, здолеем успомніць ці прыдумаць іншыя адпаведнікі?

Аляксандар Урбановіч, Гомель

 

Ад рэдакцыі

“Поза” — слова, якое з францускае мовы (pose) разышлося па ўсіх эўрапейскіх мовах і дало багата вытворных. Паходзіць яно ад лацінскага кораню.

Пастава бывае ня толькі стоячы, а і, напрыклад, седзячы. (Клышка падае прыклад: “Ён сядзеў усё ў той жа паставе” з каго б вы думалі? — з Шамякіна!) Бывае пастава шыі. Нічога немагчымага ў выразе “поза лотасу” не чуваць, “пазыцыя лотасу” гучыць менш канкрэтна, але таксама магчыма. Старыя аўтары, у тым ліку і аўтары слоўнікаў, не баяліся і такога слова, як “палажэньне” (цела, напрыклад). Ёсьць і па-ўкраінску положення.

“Фігура” паходзіць з лаціны, дзе азначала абраз, аблічча, выгляд, форму. Пра “фігуру дзяўчыны” казаць можна; здаецца, такое ўжываньне агульнаэўрапейскае. “Сыльвэтка” — палянізм, ёсьць у некаторых беларускіх гаворках. Ня дзіва, што яе недзе пераклалі як “сілуэт”, бо ад гэтага францускага слова яна і паходзіць (а францускае слова — ад прозьвішча францускага пісьменьніка і фінансіста XVIII ст. Silhouette, які прыдумаў рабіць абрыс твару ў профіль паводле ценю).

Пра “ф” і “хв”. Гуку “ф” у беларускай мове, як і ў шмат якіх іншых, калісьці сапраўды не было. Цяпер — ёсьць. Слушна, што замена “ф” на “хв” у запазычаньнях іншы раз дае гумарыстычны эфэкт.

Трохі агульных заўваг. Па-мойму, падлік словаў у сынанімічным радзе нейкай мовы і спроба дагнаць да гэтай лічбы адпаведны беларускі рад — занятак малаплённы, бо абстрактны. Слова набывае значэньне ўва ўжытку. Этымалёгія (напр., “постаць” і “пастава” ад “стаяць”) грае пабочную ролю. А эўрапейскія запазычаньні ў нас вельмі часта маюць шырэйшую спалучальнасьць за беларускія словы.

М.Р.

 

Прапаную наступныя словы

Напісаць мяне натхніў артыкул, у якім уздымаецца вельмі важная і неабходная мэта рэфармаваньня і ўздыму роднае мовы. Галоўнай мэтай пры рэфармаваньні зьяўляецца пазбаўленьне мовы ад расейскіх і польскіх слоў. Замест польскіх “інтарэс” і “кіроўца” можна выкарыстаць крывіцкія “цікавасьць” і “дружка”, расейскіх “аўтамабіль”, “мороженое” — новыя “самаруховец”, “мэржзьлінка”.

Таксама пры ўтварэньні новых, сучасных словаў неабходна надаць прыгажосьць, сьпявучасьць, калі спатрэбіцца, але неабходна парушыць правілы напісаньня.

Я прапаную вымаўляць “о” як [ёо] і словы, якімі карыстаюся ў суразмове:

Расейскія — ліцьвінскія к.—ліцьвінскія л.

Шофер — Дружка — Druzka

Автомобиль—самаруховец—samaruchowiec

Мороженое—мэржзьлінка—merzzlinka

Открывалка—аднэрдольнік, адчынчык—adnerdolnik, adcyncyk

Холодная погода—змэрзьлівае надвор’е—zmerzliwae nadworje

Тусовка—адпачня—adpacnia

Клей—лепак—lepak

Кола—глясьцік—hlascik

Храм:

1. уніяцкі

набажня ліцьвінская—nabaznia licwinskaja

2. каталіцкі

рымская—nabaznia rymskaja

3. праваслаўны

турэчынская—nabaznia turecynskaja

Кипа (листовок)—рэза (ўлётак) (Ластоўскі)—reza ulotak

Пробка—корак—korak

Акция (любовi)—бонда (каханьня) (Ластоўскі)—bonda kachannia

Наморднік—напысульнік—napysulnik

Угол—конус—konus

Табурет—стаўчык, ставец (Ластоўскі)—staucyk, stawiec

Ручка—пэнсіш—pensis

Книга—кнішсца—knissca

Zmicier, Менск

 

Ад рэдакцыі

Называць кіроўцу дружкам — непаразуменьне: дружка — гэта шафер (на вясельлі), а кіроўца — шафёр (за рулём).

У “самарухоўцы” суфікс -овец, які ўтварае назвы асобаў, а прадметаў — толькі як выключэньне (“дзьмухавец”). Ня кажучы ўжо пра грувасткасьць — на цэлы склад больш, чым у слове “аўтамабіль”.

“Мэржзьлінка” — мабыць, ад кораню “мерз-”, але дзе падзелася мяккасьць “м” і адкуль зьявілася “ж” — і, галоўнае, якім трэба быць энтузіястам, каб гэтае “ржзьл” вымавіць? “Мярзьлінка” гучала б неяк больш па-людзку. Ну, можа некаму і спадабаецца...

“Аднэрдольнік” — няясна, ад якога кораню. Адно ясна, што не ад беларускага. “Адчынчык”, па-першае, не вызначаецца мілагучнасьцю, а па-другое, утвораны суфіксам -чык, зь якім назвы прыладаў дзеяньня ў беларускай мове рэдкія і пераважна (калі не выключна) запазычаныя з расейскай.

“Адпачня”, па-першае, не пакрывае ўсяго зьместу “тусовки” — “тусоваться” можна і працуючы (“на выезьдзе з гораду тусуюцца мянты” — няўжо загараюць?), а па-другое, як тады будзе “тусоваться”? Няўжо “адпачываць”?

“Лепак”, па-першае, мусіў бы мець націск на суфіксе (“ляпак”), але, па-другое, нават у такой форме быў бы немагчымы, бо суфікс -ак не ўтварае назваў рэчываў. Ня кажучы пра тое, што ў беларускасьці слова “клей” дагэтуль ніхто не сумняваўся, нават Ластоўскі і Станкевіч.

Прапанова наконт “колы” няясная (па-расейску “кола” — гэта хіба толькі скарочаная назва кока-колы і пад.), але што такое “хлясьцік” (праўда, з “х”) — з надыходам восені можна будзе ўбачыць на шмат якіх паліто.

“Набажня” дагэтуль звалася бажніцаю; але назваць праваслаўную бажніцу турэчынскаю — гэта, здаецца, агітпрап.

“Рэза” (дагэтуль звалася стосам (стусам), кіпаю і нават, пераносна, сьціртаю) мае тую загану, што будзе ўспрымацца як штосьці парэзанае, а ня складзенае ў стос. Акрамя Ластоўскага, гэтае слова, здаецца, нідзе не сустракаецца.

“Корак” няма чаго ўводзіць, ён і так ёсьць у мове.

“Бондаю” Ластоўскі прапануе перадаваць “акцию” толькі ў эканамічным сэнсе (акцыі прадпрыемства, кампаніі і пад.). Пар. у Насовіча: “Бонда 3) В некоторых западных частях Белой Руси. Выслуженная доля земли. Выслужоная бонда”.

Пра наморднік ужо сказана досыць.

Розьніцу паміж вуглом і конусам тлумачаць у школе.

“Табурет” дагэтуль па-беларуску зваўся зэдлем, зэдлікам, услонам, табурэтам — ну, хай сабе яшчэ і стаўцом, не зьбяднеем. (Розьніца паміж рас. табуретом і бел. зэдлем, услонам і г.д. у тым, што апошнія могуць быць і доўгія, як лава.)

“Пэнсіш”, мабыць, прайграе асадцы. Навошта рабіць з спрадвечнай кніжкі “кнішсцу” (і як яе выгаварыць) — зразумець не бярэмся.

Слова “цікавасьць” у мове ёсьць і так, але эканамічны, дзяржаўны і г.д. — інтарэс. Ёсьць “ciekawosc”, дарэчы, і ў польскай мове.

Увогуле, перш чым мову рэфармаваць, трэба яе спазнаць дасканала. Калі нейкае беларускае слова ёсьць у расейскай ці польскай мове, ад гэтага яно не перастае быць беларускім. Пагатоў гэта тычыцца такіх інтэрнацыянальных словаў, як “інтарэс” ці “аўтамабіль”. Калі адмаўляцца ад усіх словаў, якія супадаюць з словамі іншых моваў (або проста іх нагадваюць), то беларускую лексыку, а заадно і граматыку, давядзецца выдумляць з нуля. Беларуская мова нам дарагая ня тым, што яна НЕ расейская, польская ці кітайская, а тым, што яна, такая, якою ёсьць, — беларуская. “Правілаў напісаньня” парушаць ня варта, іх і так мала хто ведае. І пагатоў ня варта выдумляць новыя словы ўзамен спрадвечных. Спрадвечнае — даражэйшае.

М.Р.

 

Мова алімпіяды

У сваіх алімпійскіх дзёньніках камэнтатар Навіцкі паведаміў нейкаму аўстралійцу і нам заадно, што ў Беларусі жыве больш за 11 млн. жыхароў. А пасьля была трансьляцыя цырымоніі адкрыцьця Гульняў, якую вялі Навіцкі з Хрушчовай. Вялася перадача нібыта па-беларуску, але Навіцкі старанна ўвесь час уводзіў новыя моўныя правілы. Вёў ён “царамонію”, казаў, што “мільён долараў абяшчаны кожнаму”, казаў “флаганосец”, “Яе Высоцтва”, “тры з паловай біліёны”, у Сыднэі “ёсьць царквЫ і ў адной з гэтых царквэй…”, вітаў спартоўцаў з “Эрытрыі” замест Эрытрэі, пасьля з “Новазеландзкіх Анцілаў” замест Галяндзкіх. А таксама зрабіў пасільны ўклад у фэмінізацыю беларускай мовы: “спартсмены Амэрыканскай Самоы, каманда Гуамы” і нават – “Васточнай Ціморы”, “першая жанчына з арабскага (Арабскага?) заліву”. Паведаміў нам, што “найлепшыя дыпламаты — гэта менавіта паслы” і “накіраваў нашым шмат станоўчых хвілінаў”...

Агітпрап накшталт “брацкай Арменіі” ды “Турцыі, гэтай дружалюбнай нам краіны” я прапускаю. Але не магу не зацытаваць перакладу Навіцкім афіцыйных прамоваў: “Дабро пажалаваць спартсменам усяго міру...” ды іншыя “благадарнасці прадставіцелям розных краін”.

На гэтым фоне Інга Хрушчова выглядала ледзь ня монстрам філялёгіі ды жывога этэру. Затое Хрушчова ніяк не магла вызначыцца, што такое Аўстралія — “самы вялікі востраў” ці “самы маленькі кантынент”.

Алімпіяда па БТшнаму — гэта сапраўды, як Хрушчова сказала, “словамі апісаць немагчыма”. Безумоўна, калі словаў мала ведаеш...

Арцём Лук’яновіч

 

Ноў-гаў

Ізноў я пішу да Вас із той самай заўвагай. У №33 (190) ад 14 жніўня 2000 г. бачына 3, у артыкуле пад загалоўкам “Аўтобус-душагубка” ёсьць выраз “ноў-хаў”, а трэба ж было пісаць “наў-гаў” (з ангельскага know how — knowledge of how to do something). Мне здаецца, рэдакцыя трымаецца моцна добрага правапісу, але, як ідзе слова паходжаньнем з ангельскай мовы, дык відаць запазычаньне з расейскага слоўніку. У расейскім слоўніку няма літары Hh, дык замяняюць яе літарай Хх. Адпаведнікі ангельскіх словаў “Hospice” (прытулак), “Hospital” (шпіталь), “Horn” (труба музычная), “Hollywood”, “High” (высокі, у выразах кшталту high tech); “Hercules” ці нямецкіх, такіх, як прозьвішча Haydn, у беларускай мове мусяць пісацца праз Hh або кірыліцай Гг, ніколі Хх.

У астатнім мне ўсё спадабалася. Вельмі добра апісаў сп.Сямён Шарэцкі, што адбылося ў Беларусі.

Кастусь Верабей, Фармінгдэл, ЗША

 

Ад рэдакцыі

Наконт “г” сп.Верабей мае рацыю. У працэсе распрацоўкі правапісу ў 90-х пасьля доўгіх спрэчак з эміграцыяй мэтрапольны бок пагадзіўся, што ў словах англамоўнага паходжаньня (як і нямецкамоўнага, зь якімі праблемаў ніколі не было) трэба пісаць “г”, а ня “х”. Мэтрапольны бок на чале зь Вячоркам адстаяў толькі “хакей” як слова спрадвечна беларускае.

Так што трэба пісаць “ноў-гаў” (на асаблівасьці амэрыканскага вакалізму — “Нааў”, як і “Гаат Дааг” – мовазнаўцы вырашылі не зважаць).

Сяргей Шупа

 

Уяўленьне і ўяўленьне

Усе расейска-беларускія слоўнікі расейскія словы “воображение” і “представление” перакладаюць адным беларускім словам “уяўленьне”. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (т.5, кн.ІІ, бач. 99) перадае сэнс слова “ўяўленьне” ня вельмі акрэсьлена і ў некалькіх варыянтах. Калі паспрабаваць перадаць сутнасьць, то, згодна з ТСБМ, можна вызначыць наступныя значэньні:

1) Уяўленьне — узнаўленьне ў сьвядомасьці на грунце ведаў і назапашанага вопыту ўжо знаёмых вобразаў, рэчаў, зьяў, падзей (паводле прынцыпу “як заўсёды, як тады”): “Я ўяўляю, што б на гэта сказаў Кастусь”… “Я ўявіў, што зноў знаходжуся ў Мірскім замку…” і г.д.)

2) Уяўленьне — гэта стварэньне новых вобразаў, віртуальных падзеяў, якія маглі б адбывацца ці адбудуцца. (“Я іх ня бачыў, а калі бачыў, дык пераасэнсаваў, перарабіў, дапоўніў
і г.д.”)

Відавочна, што апошні адменьнік (варыянт) — зусім іншы працэс, у якім пераважна задзейнічана мысьленьне. Вобразы, падзеі канструктуюцца, зьяўляюцца праз творчую фантазію. Гэты працэс характэрны для творцаў (навукі, мастацтва, тэхнікі і таму падобнага).

Дык ці змогуць чытачы “НН” знайсьці дакладны адпаведнік расейскаму слову “воображение”?

Сяргей Язерскі, Менск

 

Ад рэдакцыі

Уласна кажучы, такая двухсэнсоўнасьць якраз і робіць “уяўленьне” дакладным адпаведнікам рас. “воображение”, бо расейскае слова мае абодва названыя значэньні, што пацьвярджаюць расейскія тлумачальныя слоўнікі. Шматзначнасьць словаў — звычайная зьява ў любой мове.

Нашы старыя слоўнікі (Ластоўскага, Некрашэвіча і Байкова) даюць пад “воображением” яшчэ “выабражаць”, “выабражэньне”. Праўда, гэта палянізм.

Апрача “ўяўленьня” ў нас ёсьць яшчэ “ўява” — практычна з тым жа наборам значэньняў, што і “ўяўленьне”, але без адценьня працэсуальнасьці.

М.Р.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0