Ева Вежнавец

 Гендэрная вайна,
альбо Чаго хоча жанчына

 

Двайная эксплюатацыя

У лазенцы вурчыць пралка. У дальнім пакоі пішчыць трохмесячны сын. Пасьля, як скончу з хатнімі справамі, мне трэба зьняць тэкст са стужкі. Бо я яшчэ й грошы зарабляю. Дапамогі чакаць няма адкуль – муж прыйдзе позна. Думаю, гэтая карціна знаёмая большасьці з нас, і зусім не таму, што мужчыны – ледакроўныя пачвары. Сотні раз, нахіляючыся над венікам ці мыйкай, я думаю пра нашую пракаветную цярплівасьць, якую так высока цэняць мужчыны. Вось, напрыклад, верш, што мой муж прысьвяціў бабулі.

Здаецца, выхаваны дзецi, ўнукi.

Зямлi аддадзена шмат працы,

Але пяшчотнасьць не згубiлi рукi.

Здаецца, ўсё ў жыцьцi спазнала,

Шмат лёс паслаў выпрабаваньняў —

Нiкому скардзiцца ня стала.

Напэўна, iсьцiну знайшла,

Але сказаць нам не пасьпела —

Так нечакана адыйшла.

Даруем ўсё, што помнiм альбо не.

Праводзiм у апошнi шлях зь вялiкiм смуткам.

Сьвятло загасла у радным акне.

Я люблю гэты верш, бо ён закончаны. Ні адняць ні дадаць. Жыцьцё — любоў — сьмерць — і памяць блізкіх. Працавітасьць, незласьлівасьць, маўклівая мудрасьць, непатрабавальнасьць. Ахвярнае служэньне. Тыя вартасьці, якімі вызначаецца ў Бібліі любоў. «Ісьцінная любоў не патрабуе свайго...» Тэкерэй пісаў, што найлепшы твор зямны — сапраўдная ледзі: сьціплая, поўная сарамлівасьці, анёльскай чысьціні, дараваньня і пакоры. Гэты партрэт Вам нікога не нагадвае? Такою была маці Марыя.

Цяжка пазбавіцца ад двайное эксплюатацыі, калі яна замацаваная ў культуры і рэлігіі. Калі ідэал заклікае быць простай і пакорлівай, захавальніцай утульнага дому і добрай працаўніцай. Гэта двайная нагрузка, выцісканьне сокаў дзеля рэалізацыі і ў сям’і, і ў грамадзтве. Калі ты жанчына, ты мусіш давесьці, што ты яшчэ й чалавек. Мусіш адбыцца. Я не гатовая паўстаць. Я магу прымусіць мужа варыць боршч і праць джынсы. Дапусьцім, я прымушу яго, ёсьць такія мэтодыкі. Але потым, калі захочацца ягонай дамінацыі, я не змагу атрымаць яе ад прыручанай істоты, што мые, шые і прэ бялізну. Мне патрэбен мужчына-дамінант, істота невядомай мне, недаступнай прыроды. Нецярплівы, ён ня любіць корпаньня і нятворчай хатняе працы. Думаю, ён ня здолее так хутка пазьбіраць голкі з падлогі, як я. Ён сядзе і вымысьліць машыну для зьбіраньня голак. Па тыпе магніта і мінашукальніка. Ён з захапленьнем распавядае, што вынайшаў альгарытм — як найэфэктыўней працаваць на двух рознаскладаных агрэгатах, так, каб ня страціць ні сэкунды часу. А я, калі мыю бялізну, прасую пялюхі, пішу артыкул і мялю каву, гэты альгарытм распрацоўваю інстынктыўна. У мяне не марнуецца ні сэкунды. Я не хаджу ад пралкі да праса з пустымі рукамі, але нясу выпранае, каб па дарозе павесіць на сушку. Адначасова я думаю пра жаночую вышэйшасьць. Каб жа нас дапусьціць у палітыку, музыку, літаратуру, мастацтва — вось мы далі б дыхту. З нашай жарсьцю, і халоднасьцю, і цярпеньнем зацятага рыбака… Але мы ўсё гэта зьберагаем для хатаў, каб там весьці бітвы з мужам, дзецьмі, эскадронамі бруднага посуду і падлогай — плянтацыяй сьмецьця й пылу. Так пакорлівасьць – пачуцьцё хутчэй рабскае, чым пахвальнае — стаецца прадметам нашае пыхі. Мы носімся з нашай ахвярнасьцю, тыцкаючы яе мужчынам пад нос.

А ці спрабавала каторая сесьці за стол перамоваў “з агідным бокам” і падзяліць хатнія абавязкі? Можа, таўхаючыся ўдваіх на кухні, мы склалі б новую гармонію дзьвюх роўных і годных істот, і наша каханьне зрабілася б багацейшым на адценьні? Я ведаю аднаго мужчыну, які шые такіх жывых і мілюткіх зьвяркоў! Зь іх сьмяешся і плачаш, і гатовы бараніць іх да апошняй кроплі крыві. Ягоныя баршчы і печаныя гусі найсмачнейшыя ў сьвеце. Ён марыць стаць бэбісытэрам, але баіцца, што зь яго насьмяюцца былыя супрацоўнікі (служыў у АМАПе). Мы зь ім нявольнікі стэрэатыпаў. Мужчына — гэта… Жанчына — яна павінна… Самае цяжкое — стэрэатыпы, якія ў табе.

 

 

Зграбнасьць як зброя

Сьцьвярджаюць, што акрамя вайны з мужчынам, вядзецца яшчэ вайна за мужчыну. І ў гэтай вайне фігура — не апошняя зброя. Тут прыходзіцца змагацца з магутным культам ежы, выпешчаным стагодзьдзямі. Гарбата з тортам у кампаніі прыяцелек, смачны амлет зь цікавым фільмам, арэшкі на вуліцы, кава з газэткаю. Глыбокія патэльні, у якіх нешта сквірчыць і пахне. Залацістыя тушкі птушак. Сьвінячы кумпяк — ружовы зь белым. Чарнюткі хрумсткі хлеб. Батон з кефірам. Ранішняя какава. Мы, жанчыны — ахвяры індустрыі харчаваньня. Тлушч – наш галоўны вораг. Кажуць, ён адкладаецца ў кабеты ў два разы хутчэй.

Дапусьцім, аднак, што мы пачалі есьці мюсьлі, тваражок ды сырую расьліннасьць — тое, што належыць чалавеку. Складаная ежа сыходзіць і вызваляе час і мейсца — для чаго? Куды падзець пліту, імбрычкі, рондлі, часнычніцы, сатэйнікі, тостэр, друшляк і сітачка, мясарэзку? Як скарыстаць той вялізны кавалак часу, які вызваляецца ад прыгатаваньня і паяданьня ежы??? Зрабіцца занудаю, якая ўсюль вывучае мовы альбо займаецца фізычнымі практыкаваньнямі, напрыклад, сьціскае і расьціскае ягадзіцы ў тралейбусе? Пастаяннае самаразьвіцьцё? Навошта? Праз кароткі час ад нас застануцца адны шчэлепы пад кустом.

Але з другога боку — ёсьць розьніца — лёгка ўзьбегчы на крутыя прыступкі сьмерці альбо узьлезьці, сапучы, цягнучы артрытныя ногі, перароджаныя суставы, гемаройныя шышкі, вялізныя адвіслыя клубы і грудзі. Як гэтыя саўковыя бабкі з нашага двара — не разьбярэш, каму 50, а каму 70. А тут цок, цок, цок — у кепцы, кашулі й джынсах прайшла суседка. Чытаючы газэту на хаду. Ёй 53 гады. Не, тут ёсьць выбар. Я хачу быць больш мабільнай, хутка арыентавацца ў сытуацыях, вывучыць некалькі моваў, выклікаць павагу, спараджаць ідэі, заўсёды добра пачувацца, валодаць сваім часам і эмоцыямі. Жыць у поўны рост. Езьдзіць на белым кані. Мець дыстанс зь людзьмі.

Аднак зазвычай мы зрываемся, бо мы толькі слабавольныя грэшніцы і не валодаем сталёвай, нечалавечай воляй, якая больш пасуе шатану. Сыр тофу ды кабачкі псуюцца і робяцца здабычай мушак-дразафілаў, якія далікатна віюцца ля сьметніцы. Цэлы дзень ямо чакаляду й зэфір, засьмечваем вантробы. Печанае кураня. Канапка зь вяндлінаю, брыкет плямбіру, драбок халвы, два сырочкі з глязураю; катлета з букаткай каля яткі з надпісам «Эберт-Нарпіт. Смачна. Хутка. Па-беларуску» (нарпіт — напэўна, народнае пітаньне). Пакецік салёнай кукурузы. Добра падсалоджаная гарбатка нанач. Няма чаго зьдзіўляцца, што большасьць з нас падобныя да рубэнсаўскай Алімпіі — белыя бязглуздыя кабеты з мноствам азызлых падрабязнасьцяў. Магчыма, трэба мэдытаваць, заміж таго каб жэрці. Салатка, зеляніна, сырая гародніна. Пі вадзічку. Смачныя таксама печаныя яблыкі й бульба.

Няўжо вы верыце, што гэтая цяжкая барацьба са страўнікам вядзецца дзеля мужчын? Каб адлавіць у нерат дасканалага мужа і прыгрэцца ля яго? Гэта – міт, ён не вытрымлівае нават павярхоўнае крытыкі. Мы прагнем дасканаласьці й лёгкасьці, такой, каб падабацца сабе, такой, каб разьбегчыся і ўскочыць на неба. На якое нас не пускаюць, бо жанчына ёсьць нерат для ўлаўленьня чалавекаў, спакуса шатана. Нездарма ў нашых храмах толькі мужчына можа стаць сьвятаром.

Схаваны сэнс жаночага руху — ня роўнасьць з мужчынам. Ну што гэта была б за мэта? Не, мы прагнем прызнаньня нас годнымі перад Богам. Мы прагнем дапушчэньня жанчыны ў неба. Прызнаньня нашай духовай прыроды.

 

Аб Батанічным садзе
і аб жаночым
разуменьні раю

Я сяджу ў Батанічным садзе, разглядаю прыроду, у тым ліку людзей. Асноўныя наведнікі — кабеты. Вось бухматы цюцік цягне за сабой акулярыстую гаспадыню. Вось скандальная таўстуха («гражданка Коваленко сломала палец участковому»). Вось даўганогая красаўка з пыхлівым і «ждущім» тварам. Яна будзе хадзіць па вуліцах, знаёміцца й чакаць, што яе зьвязе адсюль кавалер, ацаніўшы ейную жаноцкасьць, прывабнасьць, гаспадарлівасьць. У заходнім сьвеце, дзе жанчыны эмансыпаваныя, не хапае котак-зграбнотак, што муркаюць за мужам, як за каменнай сьцяной.

Ня ўсім удаецца зьбегчы адсюль, зь беспэрспэктыўнай краіны. Трэба заставацца і гадаваць дзяцей. Ёсьць мейсцы, дзе яшчэ горай. Ня так даўно расейцы разбамбілі радзільню ў горадзе Джахары-яла. Загінулі каля 200 жанчын и 13 немаўлят. Такая вайна з тэрарыстамі — 13 мёртвых немаўлят. Немаўляты паміраюць першымі. Я ледзянею ад жаху, калі думаю пра саслабелых радзільніц, якія цешыліся немаўлятамі, якія марылі пра спакой пасьля родаў — а тут бомба.

Парадкі ў сьвеце суладзілі мужчыны. Нашчадкі Адама зацкоўваюць людзей і жывёл, дзейсьняць злачынствы дзеля малавартасных тутэйшых каштоўнасьцяў. Яны ня думаюць пра неба, бо ў іх няма ўяўленьня. Яны не нараджалі, ня корпаліся дзень пры дні зь пялюшкамі і дробнымі хваробкамі. Інакш бы выкінулі з галоваў глупоты наконт таго, што сапраўдны мужчына павігнен цягаць сьмяротнае жалязячча ды забіваць. Свайму сыну я ніколі ня буду казаць: ”Зрабі гэта і тое, бо ты мужчына… ня плач, бо ты вахабіт”. Я купіла яму ляльку, а не гарматку. Хай лепей вучыцца дачыняцца з цацачным чалавечкам, чым забіваць яго. Трэба мяняць выхаваньне мужчынаў. Інакш будучыня будзе належаць толькі нам – тым, хто зараз сядзіць ля калысак, каб вырошчваць хлусоў ды гарматнае мяса. Я, безумоўна, утрырую, аднак…

Мужчыны — улада, лысыя таўстуны сярэдняга і старога веку — гавораць пра абарону Айчыны, геапалітычныя інтарэсы, сілавыя мэтады. Сацыяльнае, культурнае, мэдычнае, выхавальнае можна аддаць якой сымпатычнай бабе. Тут любая дурніца справіцца. Кінуць худую костку зь бюджэту — і досьць. Усе жорсткасьці на сьвеце прыкрываюцца флёрам сур’ёзнасьці. Сур’ёзныя рэчы, улюбёныя гулькі мужчын — прамысловасьць і палітыка зь яе найвышэйшай формай – вайной. Яны зрабілі сьвет сапраўднай юдоляй сьлёз. Гінуць дзеці, жанкі, старыя. Жорстка вынішчаюцца жывёлы, бо мужчыны ня могуць жыць бязь мяса і паляўнічага газарду. Мужчыны сьмяюцца з паненак, кранальных дурнічак, якія цацкаюцца з кацянятамі й птушанятамі.

Тым часам можа здарыцца так, што мы, шкадуючы жывое, перавернем сьвет, зрабіўшы зь дзікай пушчы Батанічны сад. Мы ініцыюем вегетарыянскі пераварот і здымем з чалавецтва грэх скатабойняў. Гэта справа будучыні. Зараз дастаткова ведаць, якія рэчы найбольш важныя. Гэта – жыцьцё і міласэрнасьць. Рай, на наш жаночы пагляд – гэта месца, дзе ніхто нікога не жарэ.

За жанчынамі будзе прызнана права на сілу і годнасьць, як за мужчынамі — права на слабасьць і сантымэнтальнасьць. Дзеля гэтага і распачатая гендэрная вайна — першая вайна без ахвяраў. У канцы чорнага, крывавага тунэлю заблішчэла слабое, міласэрнае сьвятло. У якое мы й верыць баімся, каб не сурочыць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0