АБ УСІМ ПАТРОХУ


 

апытаньне «НН»

Чаму б ім ня пець?

Чаму ў Сыднэі беларускія пераможцы не сьпявалі беларускага гімну? На гэтае пытаньне карэспандэнта “НН” адказваюць менскія дзесяці- і адзінаццаціклясьнікі са школы № 125 і гімназіі “Мока”.

 

Руслан Мілаш: Бо ў беларускім гімне няма слоў, ёсьць толькі музыка.

 

Фёдар Кажадуб: Бо яны ня ведаюць беларускага гімну.

 

Як Руслан і Фёдар, адказала добрая палова ўсіх апытаных. На трэцім месцы па папулярнасьці было наступнае меркаваньне: ад шчасьця і захапленьня нашыя забыліся на ўсё на сьвеце – у тым ліку і на гімн роднае краіны. Але ёсьць і супрацьлеглая думка.

Андрэй Лаханскі: А чаго ім сьпяваць – усяго тры залатыя мэдалі. Вось калі б атрымалі як ЗША — вядома, засьпявалі б.

 

Аляксей Філімонаў: Памятаеце, як нашыя спартоўцы былі апранутыя падчас алімпіяды? Ня тое што нацыянальныя колеры — увогуле было незразумела, у чым гэта яны ідуць, а вы яшчэ хочаце, каб яны гімн сьпявалі. Увогуле, патрыятызм трэба выхоўваць зь дзяцінства і гімн сваёй дзяржавы вучыць у першай клясе. Так робіцца шмат у якіх краінах. А ў нас — “тутэйшасьць”.

 

Цімафей Шарапаў: Кожнаму хочацца, каб яго падтрымалі з трыбунаў. Калі ўзнагароджвалі амэрыканцаў, дык разам зь імі сьпявала ледзь не палова гледачоў. А хто б сьпяваў з нашымі?

 

Наступны адказ лягічна вынікае з папярэдняга:

— Не сьпявалі, бо саромеліся.

— А чаму ўсе не саромеліся, а нашыя саромеліся?

— А ў нас нацыя такая. Сарамлівая.

Апытвала Ганна Штэйнман


 

вясковы лірнік

НАША НІВА

 

Колькі ўказальнікаў панатыкана абапал нашых дарог, і як толькі ня пішуць на іх назвы мястэчак і вёсак! Невядомыя “майстры” ўпарта лепяць незразумелыя мясцовым жыхарам творы. Ня буду казаць пра ўсю Беларусь, бо гэта пацягне на шчэ адну кнігу кшталту Чырвонай. А вось пра роднае Падаколькаўе вельмі ўжо карціць.

Вакол Даколькі месьціцца шмат вёсачак. Першая, калі ехаць з боку Старых Дарог, “шчасьлівая” вёска — Сыботнікі. На ўказальніку чытаем “Петровичи”. І аніяк сыбатляне ня ўцямяць, што на самой справе яны пятровіцкія. Мяжылесь шчасьлівая ўдвая. З аднаго боку яна пазначана як “Межлес’е”, зь іншага “Міжлессе”. Пра месцазнаходжаньне Шчытоў ды Людвінова можна даведацца хіба што ў людзей. Ад Людвінова толькі назва і засталася. Старой назвы Нашай Нівы ўвогуле ніхто ня ведае.

Мясцовым жыхарам бракуе часу, каб зьвяртаць на ўсё гэта ўвагу. Зямля і жывёла чакаць ня будуць. Моладзь паступова прызвычайваецца да новых назваў. Ужо наступнае пакаленьне хіба што з указальніку даведаецца пра тое, што канава ля вёскі на самой справе рэчка і нават мае назву. Ім напачатку трэба крыху папанець у добрым сэнсе гэтага слова, а ўжо потым яны пачнуць думаць пра тое, чаму Межлес’е замест Мяжылесі, Пятровічы замест Сыботнікаў, Мінск замест Менску, Вільнюс замест Вільні. Але ж ці не запозна будзе?

Што трэба рабіць, усе добра разумеюць, і сёе-тое ўжо робіцца. Цэнтар калгасу Палажэвічы ўпрыгожаны налепкамі. Некалькі разоў здымалі “сьцяг Мадагаскара” з будынку сельсавету. Апошні раз нават была паперка прыблізна такога зьместу: “Калі ня можаце здымаць анучы, раблю гэта за вас. Жыве Беларусь!” Падумалі на дзяцей, бо ніжняе колца перанесьлі на сярэдзіну флагштоку. Зараз урачыстае падняцьцё “анучы” немагчымае. Ёсьць надзея, што ў хуткім часе надпісы на ўказальніках будуць выпраўлены. І ня толькі ў гэтых мясьцінах. А мо гэта нашаніўцы працуюць? Яны ж тут, побач.

Андрусь Аўчыньнік, Менск.


 

водгукі

Тэатар ня зьнішчаны

 

У нумары за 25 верасьня я прачытаў камэнтар Вячаслава Ракіцкага да тае гнюсёты, якую ўчынілі з рэжысэрам Валер’ем Мазынскім. На маю думку, гэта лепшае, што было напісана ў прэсе пра тое дзікунства. Напісана грунтоўна, з болем, зь вялікім досьведам. Але высновы пра ўвесь беларускі тэатар мяне ўразілі, зьбянтэжылі, пакрыўдзілі… Я ўжо й ня ведаю, якое тут слова можна падабраць.

“Тэатар зьнішчаны, бо ў ім няма мастацтва. Тэатар адстаў ад новых павеваў, якія даляцелі да суседніх дзяржаваў. Наш тэатар страшна далёкі ад тэатру расейскага ці ўкраінскага, адстае на дзесяцігодзьдзі ад іх”. Робячы такія глябальныя высновы, заўсёды рызыкуеш патрапіць у сытуацыю той вясковай бабы, якая хацела зь печы гопнуць у валёнкі, ды плюхнулася задам у сьвіное пойла.

“У нас разгромленая рэжысура, вельмі нізкі ўзровень актораў”. А людзейкі, а добрыя, а ці ж гэта па-хрысьціянску — хвастаць наводмаш па мордзе ўсіх без разбору? Ад высновы, што Купалаўскі і ўвесь беларускі тэатар памёр, я ўвогуле ледзь не аблез. Шаноўныя, можа вы забыліся, альбо й ня ведалі, што сёлета ў жніўні наш Коласаўскі тэатар быў на прэстыжным міжнародным фэстывалі ў Эдынбургу і атрымаў там “Гран-пры”? Мала таго, наш тэатар запрасілі на гастролі па Ангельшчыне. Калі забыліся, то мушу нагадаць, калі ня ведалі, то, як гаворыцца, даруй ім, Божа.

Вось гляджу я на гэтыя дзьве цытаты з вашае газэты, гляджу я на свой голы факт дый думаю сам сабе: “Можа й напраўду ў мяне глузды з глуздамі пабіліся… Можа й насамрэч я нечага ня цямлю… Ды не… Дальбог жа, браточкі, як на мой дурны розум, нешта тут не таe… Не таго, значыць… Як той казаў… Дуб асінавы… Сыракваша пярэстая… Вось і адкажыце вы мне, людцы добрыя, як жа гэта так сталася, што калека-рэжысэр са сваімі прыдуркаватымі блазнамі сяк-так выграбліся зь ямы з усімі сваімі, так бы мовіць, творчымі набыткамі, неяк дапялі да таго Эдынбургу і ўцерлі нос усім заходнеэўрапейскім тэатрам, адхапіўшы той самы “Гран-пры”? А варта зазначыць, што за апошнія шаснаццаць гадоў ніводзін з усходнеэўрапейскіх тэатраў не спадобіўся такое пашаноты.

А тут гэтыя віцебскія нахабы самі напісалі, самі паставілі і самі ж той “Гран-пры” і ўхапілі. Лахі пад пахі, дадому прыпёрліся, у рамачку той “Гран-пры” ўторкнулі, на сьцяну павесілі — сядзяць дурні, радуюцца, самі таго ня цямячы, дзе яны ўсё ж апынуліся, калі добра прыгледзецца.

І каму ж, браточкі мае, даць веры — вам ці таму “Гран-пры”. Патлумачце мне, дурню, што тутака дзеецца — вясельле на хаўтурах ці хаўтуры на вясельлі. Ну ня ў Шклове ж той фэстываль ладзілі, а ў Эдынбургу, ну не пад дуламі ж аўтаматаў Калашнікава нам той “Гран-пры” аддалі. Так што адкажыце мне, зрабіце такую Божую ласку, а я ўжо буду чакаць, бо сказана: “Чакайце і ўздасца вам па грахах вашых”.

 

P.S. І крыўдна, і балюча ўдвая, калі твая любімая газэта запіхвае цябе ў трупярню. З усімі астатнімі высновамі сп. Ракіцкага я згодны. Ідзе татальнае разбурэньне і вынішчэньне ўсяго нацыянальнага, імя яму генацыд, але ж нават на папялішчы заўсёды нешта расьце.

Пятро Ламан,
актор Коласаўскага тэатру, Віцебск


 

лісты ў рэдакцыю

Ня хочам расейскага гербу

Маладэчанцаў прымушаюць памяняць герб места. Ініцыятыва гэтая мае менскае паходжаньне і зьвязаная з уніфікацыяй гербаў Меншчыны. Важна адцеміць, што нашае места да Меншчыны належыць зусім няшмат часу, а так заўжды адносілася да Віленскага краю. Гістарычна склалася так, што наш горад ня меў Майдэборскага права, а значыць, і гербу, які быў створаны толькі ў 1987—88 г. цяпер ужо нябожчыкамі сп.Каханоўскім і Герасіменкам да сьвяткаваньня шасьцісотгодзьдзя места. Гэта была выява трохрогавай кветкі-папараці, чыя сымболіка была зразумелая ўсім маладэчанцам. Той герб быў растыражаваны на тысячах самых розных вырабаў. Файны быў герб.

І вось — яго мяняюць. На старонках “Маладэчанскай газэты” (у прастамоўі — “Брахалаўкі”) быў абвешчаны конкурс на новы варыянт гербу. Была створана адмысловая камісія. Да паслугаў тутэйшых краязнаўцаў ніхто не зьвяртаўся, і ніхто з шанаваных нашай інтэлігенцыяй людзей у гэтай справе ня ўдзельнічаў. Нарэшце спыніліся на жаночай выяве, якая нібыта мелася ў старым касьцёле, але краязнаўцы кажуць пра спрэчнасьць такіх абгрунтаваньняў і небясьпеку адыходу да расейскіх геральдычных традыцыяў.

А самое места паціху лепшае. Увесну зьнесьлі помнік Леніну, што стаяў перад мурам беларускае гімназіі, па ўсім горадзе часта-густа спатыкаеш патрыятычныя надпісы й улёткі, а новы бургамістар, этнічны расеец сп.Чурсін, у інтэрвію дзяржаўным СМІ прызнаецца ў сваіх сымпатыях да беларускай мовы…

Сяргей Рак, Маладэчна


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0