Падрыў даверу
Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ па Беларусі адрэагавала на палеміку, выкліканую выступам сп. Віка ў Беластоку. Дыскусія дае нагоду для глыбейшага аналізу дзейнасьці КНГ у Беларусі
КНГ АБСЭ адмысловым прэс-рэлізам адказала на артыкул Алеся Кебіка «У Бэрліне задумалі перадзел Эўропы», зьмешчаны ў папярэднім нумары «НН» з нагоды шокавай заявы Г.-Г.Віка, зробленай падчас сэмінару «Бачаньне эўрапейскай салідарнасьці». Нам цяжка цытаваць гэты прэс-рэліз, бо ён выпушчаны толькі ў ангельскім і расейскім варыянтах, якія да таго ж адрозьніваюцца між сабой. Беларускае мовы КНГ АБСЭ не скарыстала, не зважаючы на тое, што Група дзейнічае ў Беларусі і ў гэтым выпадку адказвае на паведамленьні, надрукаваныя ў беларускамоўнай прэсе. Гэткае ігнараваньне беларускае мовы набывае адценьне палітычнага акту.
КНГ АБСЭ «решительно опровергает клеветнические сообщения, опубликованные в еженедельниках “Наша Ніва» и «Наша Свабода» / «strongly refutes the libellous reports», і сьцьвярджае, што «статьи содержат предосудительное искажение выступления посла Вика» / «the articles offer a reprehensible distorsion of the presentation by Ambassador Wieck». Артыкулы, гаворыцца ў прэс-рэлізе, маюць на мэце дыскрэдытацыю дзейнасьці АБСЭ “посредством компоновки фривольно выдуманных… домыслов” / “through the putting together freely invented… speculations”, накіраваных на “подрыв… усилий… предпринимаемых для мирного разрешения конституционных разногласий в республике” / “undermining… the efforts… to seek the peaceful solution for the ongoing constitutional controversy in Belarus”.
Гэтае напісанае з маленькай літары “республике” замест ангельскага “Belarus”, бадай, кажа пра мысьленьне апарату АБСЭ болей за ўвесь прэс-рэліз. Ніколі чыноўнік, які перакладаў ці складаў рэліз, не напісаў бы “республика” з маленькай літары, у дачыненьні, скажам, да ФРГ. А ў дачыненьні да Беларусі ён працягвае мысьліць катэгорыямі мінулага: СССР або Расея – гэта краіны. А вось Беларусь або Ўдмуртыя – гэта рэспублікі. Савецкае навамоўе забараняла называць Беларусь “краінай” або “Рэспублікай” зь вялікай літары, каб падкрэсьліць яе падпарадкаваны, другасны статус. Такая гіерархія, як бачым, пануе і ў галаве чыноўніка з АБСЭ. Для начальства – Belarus, для тутэйшых – “республика”. А ў цэлым тон прэс-рэлізу, асабліва ягонай расейскай вэрсіі, моцна нагадвае нейкую «Советскую Правду».
Незалежная газэта мае права выказваць свае вэрсіі падзеяў і інтэрпрэтаваць іх. Што да згадак пра гістарычныя паралелі, дык трэба ўлічваць, што старэйшае пакаленьне беларусаў на ўсё жыцьцё напалоханае апошняй нямецкай агрэсіяй.
У «НН» не было падставаў не давяраць Радыё Рацыя і Радыё Палёнія, што паведамілі пра заявы др.Віка. Ня маем і цяпер падставаў не давяраць сьведчаньням удзельнікаў канфэрэнцыі спсп.Латышонка, Голубева і Трыгубовіч, якія пацьвярджаюць паведамленьні польскіх радыёстанцыяў. Карэспандэнт Радыё Палёнія Т.Саевіч сьцьвярджае, што словы Г.-Г.Віка не былі перакручаныя перакладчыкам, бо ў наступным выступе менавіта пра тое, ці ўсё ён дачуў і ці не было памылкі перакладу, перапытаў др.Голубеў, і др.Вік ніяк не абверг сваіх словаў, адно зьмякчыў іх сэнс, удаўшыся ў слоўныя манэўры.
Сам др.Вік нарэшце ў мінулы панядзелак у інтэрвію Радыё Свабода патлумачыў, што ён проста расказваў пра існаваньне такога меркаваньня (пра патрэбу далучэньня Беларусі да Расеі дзеля дэмакратызацыі першай), але ён яго не падзяляе.
Запіс выступу, які, як кажа Т.Саевіч, быў зроблены арганізатарамі канфэрэнцыі, мог бы тутака многае канчаткова высьветліць.
Папраўдзе сказаць, цяпер мы найбольш чакаем яснае і недвухсэнсоўнае рэакцыі амбасады ФРГ як на выказваньні др.Віка ў Беластоку, так і на ацэнкі, якія яны выклікалі ў беларускіх мэдыях. Такая рэакцыя важная для зразуменьня базавых прынцыпаў нямецкай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Двухсэнсоўнае стаўленьне да выбарчага працэсу і парушэньняў правоў чалавека у Беларусі з боку шэрагу эўрапейскіх арганізацыяў, у якіх голас Нямеччыны важыць багата, выклікае нямала сумненьняў у Беларусі, асабліва ў кантрасьце з адназначнай пазыцыяй ЗША ў гэтым пытаньні. Падобныя выказваньні др.Віка – калі яны сапраўды адлюстроўваюць ягоныя думкі — падрываюць ня толькі аўтарытэт АБСЭ, але найперш рэпутацыю Нямеччыны як гаранта дэмакратыі, стабільнасьці і непарушнасьці межаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. На сёньня нам вядомая толькі рэакцыя Ролянда Фройдэнштайна, дырэктара прадстаўніцтва фундацыі К.Адэнаўэра ў Польшчы, які, паводле Т.Саевіча, назваў выказваньне пра далучэньне Беларусі да Расеі “дурніцамі” і “прыватным меркаваньнем сп.Віка”.
Праблемы Беларусі – зусім не ў адсутнасьці ці дэфіцыце нейкіх дэмакратычных традыцыяў, інстытуцыяў ці працэдур. Яны маюцца. Сутнасьць нашага клопату – у тым, што імкненьне Расеі ўплываць над усялякую разумную меру на палітыку і гаспадарку Беларусі зводзіць гэтыя традыцыі, інстытуцыі і працэдуры на нішто. Яно ператварае любыя выбары ў фарс, а інстытуцыю – у інструмэнт для рэалізацыі ўплыву. З-за яго ж адбываецца дыскрымінацыя цэлых групаў насельніцтва і буяе брыдкая антызаходняя, часта адкрыта чалавеканенавісьніцкая прапаганда. Пераадолець гэтыя праблемы можна, зьменшыўшы гэты ўплыў і ўраўнаважыўшы яго іншымі ўплывамі. Калі місія АБСЭ гэта разумее, тады яна дасягне посьпеху ў сваёй нястомнай дзейнасьці. Бяз гэтага можна сфастрыгаваць толькі крывадушную імітацыю дэмакратычнага працэсу, якая затрашчыць па швох пры першай палітычнай адлізе. Бяз гэтага марна спадзявацца на стабільнасьць у Беларусі і пераадоленьне наяўных супярэчнасьцяў. Гэта ўсё адно што спадзявацца на замірэньне Чачэніі ваеннымі сродкамі.
Калі ж нехта выношвае пляны ператварэньня Беларусі ў чарговы «астравок нестабільнасьці» ўнутры Расеі, дык такім чынам ён наносіць шкоду гаспадарчым і палітычным інтарэсам найперш саміх Эўропы і Расеі.
Ніхто ў Беларусі ня ставіць пад сумнеў наяўнасьці расейскіх інтарэсаў у нашай краіне. Пратэст гучыць тады, калі гэтыя інтарэсы пачынаюць рэалізоўвацца шляхам прыдушэньня свабоды асобных грамадзянаў і цэлых нацыянальных супольнасьцяў. Што да эўрапейскіх інтарэсаў у Беларусі, дык яны, мы ўпэўненыя, супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі самой Беларусі.
Стабільнасьць у Беларусі ня будзе дасягнута, пакуль ня будзе пакладзены край дыскрымінацыі беларускамоўнага і беларускага насельніцтва краіны, абумоўленай імкненьнем як найхутчэй асыміляваць яго. Няўвага да гэтага пытаньня, а таксама мэтад чэмбэрленаўскага гандлю будзе заўжды даваць глебу для крытыкі. Любыя перадзелы межаў і палітыка дваістых стандартаў прывядуць да эрозіі базавых вартасьцяў эўрапейскае дэмакратыі. І тады стратэгічныя выдаткі ад амаральнасьці ў палітыцы нашмат пераважаць эфэмэрныя эканамічныя выгады.
Дыскусія вакол сутнасьці выступу др.Віка ў Беластоку дае нагоду задумацца над вынікамі працы місіі. Яны сапраўды выклікаюць неўразуменьне, зьняверу, а момантамі — шок. Неўразуменьне жывіць тую насьцярожанасьць, зь якой незалежнае беларускае грамадзтва пачынае ставіцца да місіі АБСЭ ў Беларусі. Менавіта і толькі пасьля прыезду місіі сп.Віка (1998 г.) у стане дэмакратычнай апазыцыі пачаліся бясконцыя расколы, у гэты ж час прамы і ўскосны ціск на незалежнае беларускае грамадзтва беспакарана дасягнуў нечуваных памераў. Не было адкрыта ніводнай незалежнай тэле- або радыёстанцыі, затое сілы апазыцыі былі скаваныя шматлікімі бясплённымі “дыялёгамі”. І адначасова сталі мажлівымі немагчымыя раней рэчы кшталту неафіцыйнага прыезду міністра замежных справаў Беларусі Ў.Латыпава ў Бэрлін. Множыліся новыя факты закрыцьця беларускіх газэт, школаў, суполак, таварыстваў. Была праведзеная зьнішчальная перарэгістрацыя грамадзкіх арганізацыяў. Нарэшце ў Беларусі пачалі зьнікаць людзі... Чаго не было да 1998 году. Куды ж болей?
Беларускамоўныя, якія складаюць 37% насельніцтва краіны (гэта лічба з праведзенага ўладамі перапісу), апынуліся ў стане беспрэцэдэнтнай дыскрымінацыі: пашукайце беларускамоўных на адказных пасадах у дзяржапараце, пашукайце беларускамоўных афіцэраў у сілавых структурах, пашукайце са сьвечкаю сярод зарэгістраваных кандыдатаў у парлямэнт! КНГ наконт гэтай дыскрымінацыі маўчыць. Маўчаньне ў дадзеным выпадку – знак згоды. Гэтае злавеснае маўчаньне пераконвае ў тым, што словы Г.-Г.Віка ў Беластоку былі ня проста абмоўкаю ці памылкай перакладчыка, яшчэ больш, чым пацьверджаньні з вуснаў др.Голубева і др.Латышонка.
Апроч маўчаньня, ёсьць і рашэньне даслаць на выбары тэхнічных назіральнікаў зь няўцямнымі задачамі, відавочна падказанае КНГ, якая не магла не разумець, што госьці з Эўропы будуць пададзеныя беларускаму насельніцтву як паўнапраўныя назіральнікі. Рашэньне даслаць іх абгрунтоўвалася «недастатковым прагрэсам» у справе ўсталяваньня клімату даверу. Прагрэс, мабыць, заключаецца ў тым, што ўлады дазваляюць нават недзяржаўным газэтам друкаваць праграмы беспартыйных кандыдатаў толькі тады, калі яны ня ўтрымліваюць крытыкі ўлады, а з 23 дэманстрацыяў 8 кастрычніка дазваляюць 8, і тыя ў экзатычных месцах кшталту стадыёнаў і лесапаркаў. Абсурд! – скажаце вы. Абсурд! – кажуць ЗША. Прагрэс! – пераконвае КНГ. У Беларусі ў 2000 годзе змрачней і страшней, чым было ў 1998-м. Калі ўвесь той змрок і страх, якія пануюць у Беларусі 2000 году, – прагрэс, тады сапраўды дзьве няшчасныя беларускія газэты, якія ўлады вось-вось канчаткова загоняць у падпольле, «падрываюць давер і намаганьні АБСЭ».
Андрэй Дынько