23.10.2000 / 13:00

Віктар Мухін. Попіс жыхарства: людзі і мовы

№ 42 (199), 16 — 23 кастрычніка 2000 г.


 

Попіс жыхарства: людзі і мовы

 

Праведзены ад 16 да 23 лютага 1999 г. попіс жыхарства краіны — першы па аднаўленьні дзяржаўнае незалежнасьці. Дагэтуль у Беларусі афіцыйна падлічвалі колькасьць жыхарства восем разоў: у 1897 (у часе перапісу насельніцтва Расейскай Імпэрыі), 1926 і 1937 (у межах тагачаснае куртатае БССР), 1939, 1959, 1970, 1979, 1989 гадох. Паводле зьвестак леташняга перапісу, сталае насельніцтва краіны складалі 10 мільёнаў 45 тысяч чалавек. З гэтае колькасьці 6 мільёнаў 961 тысяча чалавек (69%) жылі ў 104 гарадах і 108 мястэчках, а рэшта, 3 мільёны 84 тысячы чалавек (31%), — у 23459 вёсках. У Менску жыве 1680 тысяч чалавек; гарадоў, дзе колькасьць людзей перавышае 100 тысяч — 15.

 

Сярод эўрапейскіх дзяржаў 10-мільённае насельніцтва маюць Бэльгія, Вугоршчына, Грэцыя, Партугалія, Чэхія і пакуль яшчэ існая Югаславія. Але даводзіцца засьведчыць сумнае: Беларусь ужо не належыць да краін з 10-мільённым насельніцтвам. Паводле стану на 1 верасьня на ейнай тэрыторыі стала пражывалі толькі 9 мільёнаў 999,6 тысяч чалавек. Гэта зьвязана зь меншаю колькасьцю народжаных у параўнаньні з памерлымі. Так, калі за студзень-жнівень у краіне нарадзілася 62666, дык памерла — 90430 чалавек. Да таго ж асабліва сумны абраз у сельскай мясцовасьці, дзе колькасьць памерлых цяпер перавышае колькасьць народжаных больш як у 2,5 раза.

У параўнаньні зь першым паваенным перапісам 1959 году колькасьць насельніцтва Беларусі да 1999 году павялічылася на 25% (на Магілёўшчыне — на 3%, Берасьцейшчыне — 26%, а ў Менску — у 3,3 раза). Аднак тэмпы ўзросту паступова зьніжаюцца ад пачатку 1970-х. Між 1989 і 1999 гадамі насельнікаў Беларусі паменела на 107 тысяч (1%). Ад 1993 году адбываецца дэпапуляцыя — больш людзей памірае, чымся нараджаецца. Часткова гэта кампэнсуецца міграцыяй у Беларусь зь неспакойных краёў, г. зв. “гарачых пунктаў”. Прыкладам, сёлета ў краіну прыехала 7,8 тысяч чалавек, столькі ж, колькі эмігравала, але выміраньне карэнных жыхароў краю й замяшчэньне іх чужынцамі наўрад ці можна вітаць і цешыцца з гэтага.

Паводле шчыльнасьці насельніцтва на першым месцы сталіца — 6565 чалавек на кілямэтар квадратны. Далей ідуць абласныя цэнтры: Берасьце (5968 чал.), Віцебск (4410 чал.), Гомель (4152 чал.), Магілёў (3601 чал.). Вальней за ўсіх дыхае Горадня, дзе значная доля прыватнага сэктару і старых камяніц у гістарычным цэнтры дае магчымасьць разьмеркаваць 3175 чалавек на кв.км. Сярэдняя шчыльнасьць насельніцтва Рэспублікі — 48 чалавек на кв.км (найменшая на Віцебшчыне — 34 чалавекі, найбольшая на Горадзеншчыне — 47 чалавек).

У Беларусі на люты 1999 году жылі прадстаўнікі 134 нацыянальнасьцяў, якія вызначалі сваё паходжаньне на падставе самасьвядомасьці. Нацыянальнасьць дзяцей вызначалася бацькамі. Бальшыню 10-мільённага насельніцтва складалі беларусы (8 млн. 159,1 тыс.), расейцы (1 млн. 141,7 тыс.), палякі (395,7 тыс.), украінцы (237 тыс.) і жыды (27,8 тыс.). Па адным чалавеку жылі ў Беларусі прадстаўнікі агулаў, арчынцаў, грузінскіх жыдоў, кванадынцаў, керэкаў, крымчакоў, нагайбакаў, рутульцаў, тазаў і чулымцаў — народаў, амаль намі ня знаных. Што ж зьмянілася ў палітры нацыянальнасьцяў нашае бацькаўшчыны за апошнія гады? Беларусаў за апошняе дзесяцігодзьдзе стала болей на 3,2%. Гэтак сталася ўпершыню за паваенны час, калі штогод адсотак карэннага народу зьмяншаўся: у 1959 годзе — 81,1%, 1970 — 81%, 1979 — 79,4%, 1989 — 77,9%. Гэткі абраз вымалёўваецца цалкам па краіне. У розных рэгіёнах доля беларусаў адносна іншых народаў істотна розьніцца. На Берасьцейшчыне беларусаў цяпер 85% (1959 — 85,9%, 1970 — 86,1%, 1979 — 84,6%, 1989 — 82,8%). Як відаць, на паўднёвым захадзе адбывалася то павелічэньне, то памяншэньне ліку людзей, якія вызначаліся беларускаю нацыянальнаю сьведамасьцю. У тым самым часе, калі расейцаў у гэтай вобласьці ў 1959 годзе было 7,5%, дык у 1989 — 10,1%, а цяпер — 8,7%. Доля расейцаў у Беларусі ў параўнаньні з 1989 годам зьменшылася паўсюдна: на Віцебшчыне — з 15,2% да 13,6% (у 1959 годзе — 9,3%), Гомельшчыне — з 12,6% да 11% (1959 — 6,6%), Горадзеншчыне — з 10,7% да 10,1% (1959 — 6,7%), Меншчыне — з 9,9% да 9% (1959 — 5,7%), Магілёўшчыне — з 13% да 10,9% (1959 — 7,7%).

У Менску, пачынаючы ад 1959 году, расейцаў станавілася ўсё менш і менш: ад 22,8% да 15,7% у 1999 годзе (беларусаў станавілася, наадварот, болей — з 63,8% у 1959 годзе да 79,3% цяпер). Праўда, гэта зусім не адбівалася на моўна-культурным абліччы сталіцы. Толькі 15,4% беларусаў-менчукоў гавораць дома па-беларуску, мовай расейскай паслугуюцца 84,6%. Сярод расейцаў па-беларуску гаворыць 1,7% менчукоў. Сярод палякаў — 20,1% (па-расейску — 78,6%). 3,8% і 3,5% менскіх украінцаў і жыдоў адпаведна карыстаюцца беларускаю моваю ў побыце.

Што да жыдоў, дык у 1959 годзе ў краіне жылі 150 тысяч прадстаўнікоў гэтага народу, у 1989 — 112 тысяч, а паводле леташніх зьвестак у нас засталося толькі 28 тысяч (зь іх у Менску жыве трохі болей за 10 тысяч чалавек). Калі параўнаць разьмеркаваньне жыдоў па абласьцях, дык найболей іх было ў 1959 годзе на Гомельшчыне (45 тысяч, цяпер — менш за 6 тысяч), затым ішлі паводле спаду колькасьці: места Менск (амаль 40, цяпер 10), Магілёўшчына (блізка 29, цяпер — 3,5), Віцебшчына (19, засталося больш за 4,5), Меншчына (9, летась — 1,6), Берасьцейшчына (было 6, а засталася 1 тысяча з гакам). Менш за ўсё было й ёсьць жыдоў на Горадзеншчыне — у 1959 годзе іх налічвалася 3,8 тысяч, а ў 1999 годзе ўсяго 900 чалавек. Зрэшты, ня гэтак шмат і беларусаў на паўночным захадзе краіны. Прынамсі, паводле перапісаў хоць доля карэннага насельніцтва за сорак гадоў і вырасла з 60,1% у 1959 годзе да 62,3% у 1999, але дагэтуль яшчэ там застаецца шмат пашпартна-касьцёльных палякаў — 24,8% супраць 30,9% у 1959 годзе. Цікава зацеміць, што на Горадзеншчыне найбольшы працэнт беларусаў — 65,1% — назіраўся ў 1970 годзе, але паступова стаў зьмяншацца на карысьць расейцаў, палякаў і ўкраінцаў.

Пабольшала ў краіне й цыган. Дзіўна, але ў 1959 годзе паводле афіцыйнае статыстыкі ў нас іх амаль не было, але летась налічылі амаль 10 тысяч чалавек, гэтулькі сама ў Беларусі жыве татар — блізка па 0,1% ад усяго насельніцтва. Літоўцаў стала менш — з 8,4 тысяч сорак гадоў таму да 6,4 цяпер. Паболела ж асоб іншых нацыянальнасьцяў, апрача традыцыйных, — цяпер гэткіх з намі жыве 50 з гакам тысяч, амаль гэтулькі сама, колькі літоўцаў, татар, цыган і жыдоў разам узятых, хоць кожны рэгіён мае свае адметнасьці. Цыган больш за ўсё на Гомельшчыне, зафіксаваны нават суцэльныя цыганскія паселішчы на месцы пакінутых прычарнобыльскіх вёсак. Татар жа й літоўцаў найболей — адпаведна 2,2 і 3 тысячы — на Горадзеншчыне: гэта цалкам зразумела, бо менавіта тутака зьявіліся першыя татарскія калёніі яшчэ пры князю Вітаўту ды захаваліся астраўкі балтамоўнага насельніцтва, якія шчэ пры канцы ХІХ ст. існавалі нават у ваколіцах Наваградка.

Пытаньне пашырэньня моваў у часе перапісу насельніцтва 1999 г. разглядалася ў комплексе: прапаноўвалася пазначыць сваю родную мову, мову, на якой чалавек гаворыць дома і другую мову, якою свабодна валодае. Назвалі роднаю мову свае нацыянальнасьці амаль 82% насельніцтва, 18% грамадзян прызналіся, што ўважаюць за родную мову не свае нацыянальнасьці. У 1989 годзе гэтыя паказьнікі складалі 78% і 22%, што сьведчыць пра ўзрост ліку нацыянальна сьведамых людзей у агульнай масе насельніцтва краіны — на гэта паўплываў працэс беларускага нацыянальнага адраджэньня, разам зь якім сталі адраджацца культуры іншых народаў, што здаўна жывуць у нашым краі. На мове свае нацыянальнасьці ў Беларусі, аднак, не зважаючы на высокі ровень нацыянальнае самасьвядомасьці, гавораць дома толькі 45%, ці 4,5 мільёна жыхароў Рэспублікі. Гэткі малы адсотак абумоўлены перадусім значнаю доляй асоб беларускае нацыянальнасьці, якія забылі сваю мову й аддаюць перавагу ў камунікаваньні іншай, найчасьцей расейскай.

Па-беларуску ў лютым 1999 году гаварылі 3683 тысячы чалавек, або 37% ад усіх перапісаных, зь іх 3373 (92%) — беларусы. Але сярод беларусаў, як бачым, толькі 41% паслугуецца дома, на працы, на вуліцы роднаю моваю. Расейскаю моваю гавораць 6308 тысяч чалавек (63% насельніцтва), зь іх 4783 тысячы чалавек — беларусы. Гэткім чынам, расейскую мову замест беларускае выбірае сабе на паўтара мільёна беларусаў болей. Гэтая лічба роўная колькасьці жыхароў Менску.

Расейская мова выйграе ў беларускае коштам места, а найперш колькасьцю амаль суцэльна расейскамоўных менчукоў. У Менску роднаю вызнаюць беларускую мову 61,9% жыхароў сталіцы, і толькі 12,9% месьцічаў гавораць па-беларуску дома. Яшчэ радзей пачуеш родную мову ў краме і ў транспарце. А вось калі адкінуць Менск і паглядзець на адпаведныя паказьнікі на Меншчыне, дык менавіта гэты рэгіён стаіць на першым месцы паводле тых, хто вызнае беларускую мову роднаю (83,6%) і гаворыць на ёй (58,5%). Наступная паводле свае беларускасьці Горадзеншчына: тамака 72,6% людзей абралі роднаю беларускую мову і 53,6% назвалі яе гутарковай. У іншых рэгіёнах у сярэднім 70-75% людзей назвалі роднаю беларускую мову. Паводле колькасьці носьбітаў мовы ідуць адна па аднэй: Берасьцейшчына (39%), Гомельшчына (34,5%), Віцебшчына (31,7%) і Магілёўшчына (30,3%). На радзіме першага прэзыдэнта па-беларуску гаворыць удвая менш людзей, чым на бацькаўшчыне першага прэм’ера незалежнае Беларусі.

Памыляюцца тыя, хто мяркуе, нібы па-беларуску гавораць адно актывісты дэмакратычных партый ды жыхары глухіх вёсак. Статыстыка сьведчыць, што сярод “апазыцыянэраў” ня гэтак і шмат беларускамоўных — на гэта паказваюць зьвесткі з найбольш “апазыцыйнага” места краіны (гл. вышэй). Беларускамоўнаю, як і сто, і тысячу гадоў таму, застаецца вёска. Калі ад усяго насельніцтва краіны роднаю назвалі беларускую мову 73,7% людзей, дык у местах — 66,9%, а ў вёсках — 89,2%. Што да гутарковае мовы, дык тутака становішча з мовамі яшчэ кантрасьнейшае. Пры 36,7% беларускамоўных у цэлым па краіне — сярод месьцічаў іх 19,8%, а сярод сялянаў 74,7%. Паўпрацэнта ад усіх грамадзян гавораць не па-беларуску і не па-расейску.

Часьцей за расейскую выкарыстоўваюць беларускую мову ў дачыненьнях палякі (57,6%, у местах — 34,6%, у вёсках — 84,9%), што яшчэ раз пацьвярджае меркаваньне пра беларускае паходжаньне бальшыні палякаў, якія толькі паводле веравызнаньня гатовы далучыць сябе да суседняга народу. Але гэтая ж статыстыка сьведчыць, што, прыкладам, на Магілёўшчыне толькі 46,6% палякаў-вяскоўцаў гавораць па-беларуску пры 53,1% расейскамоўных — значыцца, там асыміляцыя адбываецца ня толькі хутчэй, але й на двух роўнях: не пасьпеўшы адчуць сябе беларусамі, пашпартныя палякі пераходзяць на расейскія рэйкі. Але й за тэндэнцыю гэты вынятак ня можа ўважацца, бо ідзецца толькі пра 400 палякаў-вяскоўцаў Магілёўшчыны з 2,8 тысяч прадстаўнікоў гэтае нацыянальнасьці ў найбольш савецка-расейскай вобласьці Беларусі. Пэўная, хаця й нязначная, колькасьць пашпартных расейцаў, якія называюць роднаю й моваю штодзённых зносін беларускую, гаворыць пра перацяканьне нядаўна асыміляваных беларусаў назад, у сваё спрадвечнае нацыянальнае асяродзьдзе. Ад 70% да 90% жыдоў гэтаксама гавораць па-расейску, часьцей паслугуюцца беларускаю ўкраінцы. Апошняе вынікае як з блізіні гэтых моў, гэтак і зь меркаваньняў салідарнасьці зь беларусамі, хоць гэта, напэўна, адзінкавыя выпадкі.

Тое, што ў часе апошняга попісу жыхарства краіны было пастаўлена ня толькі пытаньне пра родную мову, але й пра мову камунікаваньня, дазваляе інакш паглядзець на этнакультурнае становішча ў Беларусі. Глыбейшы аналіз матар’ялаў гэтага нацыянальнага сацыялягічнага дасьледаваньня можа быць карысны ня толькі ў працы культурніцкага кірунку, але і ў палітычнай рабоце.

Павелічэньне долі беларусаў у агульнай колькасьці насельніцтва краіны, даволі значная лічба беларускамоўных — гэта ўсяго толькі статыстыка. Насамрэч усё нашмат складаней: і беларуская самасьвядомасьць пры нізкай палітычнай культуры й арыентаванасьці мноства людзей на Расею, і каструбаватая беларуская мова месьцічаў, і трасянка вяскоўцаў — усё гэта не падставы для суцяшэньня. Таму зірнем на вынікі леташняга перапісу і зь іншага, несуцяшальнага боку, — ці будуць стратэгічныя для будучыні нацыі й дзяржавы нацыянальныя й моўныя працэнты не ніжэйшыя ад цяперашніх, залежыць ня толькі ад часу, але й ад нас самых.

 

Для публікацыі выкарыстаны вынікі перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусі 1999 году з афіцыйнага выданьня Міністэрства статыстыкі й аналізу “Населеніе Республікі Беларусь” (Менск, 2000).

Віктар Мухін


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру