Лес крыжоў
Таварыства “Мартыралёг Беларусі” хоча, каб на кожнай курапацкай магіле быў устаноўлены крыж
Сябры “Мартыралёгу Беларусі” заклікалі грамадзкасьць распачаць акцыю ўсталяваньня крыжоў у Курапатах. Першыя крыжы будуць укапаныя ў зямлю гэтага жалобнага месца на Дзяды. Па колькасьці пахаваньняў крыжоў мусіць быць больш за шэсьцьсот. Курапацкі лес крыжоў мусіць нагадваць людзям аб ахвярах сталінскага рэжыму, што ляжаць у тых магілах, аб тым, як свае забівалі сваіх...
У Літве ёсьць гара крыжоў, што стыхійна паўстала за 100 гадоў на месцы патаемнага пахаваньня паўстанцаў 1863 году. Спачатку забітых інсургентаў проста прысыпалі пясочкам – каб ня ведалі акупанты, не маглі па трупах пазнаць імёны паўстанцаў і вывезьці ў Сібір іхных сваякоў. Пасьля, з гадамі, на месцы сакрэтных пахаваньняў сваякі, сябры, каханыя сталі ставіць крыжы. Вырасла гара крыжоў. 600 крыжоў, лес крыжоў у Курапатах нагадвалі б нам пра страшныя гады.
На пытаньні карэспандэнта “Нашай Нівы” адказвае сябра “Мартыралёгу Беларусі”, старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Мікалай Крывальцэвіч.
— Гэта вельмі старая ідэя, што Курапаты павінны быць мэмарыяльным месцам. Аднак усе пагаджаюцца з тым, што Курапаты не павінны ператварацца ў мэмарыял у савецкім разуменьні гэтага слова. Гэтае месца павінна застацца такім лесам, які ён ёсьць сёньня. Іншая рэч, што ўсе тыя мэмарыяльныя знакі, якія там узьнікаюць, і курапацкі Крыж, і шыльда з надпісам, і каменная лаўка, што паставілі падчас прыезду Клінтана, крыжы абапал дарогі, усе гэтыя сымбалі — курапацкі мэмарыял. Але павінны і самі магілы нечым пазначацца, бо пакуль толькі некаторыя зь іх бачныя як западзіны ў зямлі, якія зарастаюць кустоўем і травою, а тыя магілы, якія рабаваліся вандаламі – губляюцца ў рэльефе пасьля ўсіх перакопаў і засыпак. Таму трэба гэтыя магілы пазначыць.
Былі розныя прапановы на гэты конт – напрыклад, сьцежачкі пракласьці да кожнай магілы, але пакуль найбольш прыймальны варыянт – пазначыць іх крыжамі, згодна з усімі традыцыямі. Крыж павінен быць заўважным, у рост чалавека. Калі крыжы будуць пастаўленыя на ўсіх магілах, то Курапацкі лес будзе ператвораны ў лес крыжоў. Гэта вельмі істотны псыхалягічны момант, бо наведвальнікі будуць сапраўды адчуваць, што яны прыйшлі на месца, дзе шмат людзей ляжыць у зямлі. Бо большасьць людзей успрымае гэты лес толькі па тым адзіным крыжы і сьцежцы. Людзі не ўсьведамляюць, што лес – гэта месца, дзе вяліся расстрэлы, што гэтае месца – сьвятое. Яно мусіць быць напамінам аб тым, што там адбывалася.
Мы спадзяемся на шырокую грамадзкую акцыю падтрымкі нашае ініцыятывы, гэта ня проста наведваньне курапацкіх магілаў, гэта будзе вельмі важная акцыя ўшанаваньня, калі мы будзем ставіць на Дзяды па некалькі крыжоў у год.
— Хто мае ставіць гэтыя крыжы? Ці толькі сябры “Мартыралёгу Беларусі” і “Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты”?
— Я мяркую, што ўсе зацікаўленыя людзі павінны гэтым займацца. Ёсьць узор такога крыжа, і калі ўлічваць яшчэ тое, што ён павінен быць нечым прапітаны, каб даўжэй стаяў, а ўнізе абмазаны смалой, то кожны можа сам замовіць ці зрабіць такі крыж, прынесьці і паставіць яго разам з усімі на Дзяды ці ў які іншы памінальны дзень. Гэта будзе дабрачынным грамадзкім учынкам. Я мяркую, што акцыя ўстаноўкі крыжоў павінна ў першую чаргу быць грамадзкай, а не арганізаванай намі.
Я бяру на сябе толькі функцыі каардынатара гэтых работ. Я быў бы рады, каб гэтым больш людзей займалася, быў бы рады, калі нехта далучыцца да гэтае акцыі. Я заўсёды казаў, што менш за ўсё спадзяюся на ўлады, я нават баюся ўмяшальніцтва ўладаў, бо яно ператворыцца ў фарс, як гэта заўсёды адбываецца. Любая падобная ініцыятыва павінна сыходзіць ад звычайных людзей, я нават нікога не заклікаю і не агітую, проста раблю тое, што лічу патрэбным зрабіць. Калі нават ніхто не далучыцца, я знайду магчымасьць зрабіць гэтыя крыжы, знойдуцца блізкія мне людзі, якія пойдуць і паставяць гэтыя крыжы, якія паставяць сьвечкі, прыбяруць магілы, пачысьцяць сьцежкі і гэтак далей. Я ня буду зьвяртаць увагу на тое, як да гэтага ставіцца афіцыёз. Дарэчы, мы пэрыядычна самастойна праводзім дабрачынныя акцыі па прыбіраньні тэрыторыі і навядзеньні элемэнтарнага парадку на Курапацкіх могілках. Кожны год вывозім перад Дзядамі па машыне сьмецьця. Там па-ранейшаму людзі п’юць гарэлку, паляць вогнішчы, бывае, што проста на магілах. Людзі яшчэ ўспрымаюць мэмарыялы па савецкай звычцы, праз манумэнты, праз форму, якая адпавядае іх уяўленьням аб мэмарыяле — асфальтаваныя сьцежкі, стэлы з надпісамі... Калі гэтага няма, проста лес — людзі не разумеюць, што гэтае месца трэба шанаваць.
Магіла з крыжам – гэта вельмі сталы і моцны сымбаль, які ўспрымаецца адназначна. Я размаўляў з тымі людзьмі, што п’юць гарэлку ў Курапацкім лесе, дык яны кажуць: “Я ня бачу, дзе тут мэмарыял, зрабеце яго як Хатынь, тады й будзем шанаваць”. Хоць гэтае месца сапраўды ўзятае пад ахову дзяржавы ў 1993 годзе і прызнанае месцам масавага забойства людзей. Мы тады дабіліся гэтага.
— Ці ня могуць першыя крыжы быць пастаўленыя да Дзядоў?
— Мы не хацелі б, каб гэтая акцыя адбывалася стыхійна, каб кожны калі хацеў, тады і ўкопваў крыж, бо ня ўсе могуць ведаць, дзе гэтыя магілы. Калі мы працавалі над эксгумацыяй, мы зрабілі падрабязны плян, дзе знаходзіцца кожная западзіна. Хацелася б, каб акцыя адбывалася ў пэўныя дні — у памінальныя дні — на Дзяды і на Радуніцу, тады гэта набывае пэўны палітычны і сакральны сэнс.
— Улічваючы, як проста вырабіць і паставіць крыж, ці патрэбная вам нейкая грашовая дапамога?
— Мы не чакаем ніякіх фундацыяў, але, вядома, сродкі патрэбныя — на выраб, на транспартаваньне. Мы самі зьбярэм грошы. Мы ўжо сабралі пэўную суму, калі будзе трэба, яшчэ зьбярэм. Зацікаўленыя ў матэрыяльнай падтрымцы нашае акцыі няхай зьвяртаюцца па маім працоўным тэлефоне (017) 284-13-22.
— Вы займаецеся дасьледаваньнем Курапацкага мэмарыялу з канца 80-х гадоў. Чаму ідэя паставіць там крыжы прыйшла толькі зараз?
— Раней не было вялікай патрэбы акцэнтаваць увагу на Курапатах. Думалася, што зь цягам часу сасьпеюць нейкія ідэі ці ініцыятывы па ўшанаваньні гэтага месца. Але так здарылася, што з кожным годам усё менш і менш увагі аддавалася гэтай тэме. Людзі паціху забываліся на Курапаты. Больш за тое, ужо было некалькі спробаў пераглядзець курапацкую справу з адпаведнай мэтай. Дзеля палітычнае кан’юнктуры — схіліць грамадзкасьць да думкі, што там вялі расстрэлы фашысты й гэтак далей. Гэта ўсё мусіла падарваць значэньне Курапатаў у сьвядомасьці людзей. Таму ёсьць патрэба актывізаваць намаганьні ў гэтым кірунку. Курапаты – гэта напамін пра ахвяры, пра рэпрэсіі, гэта самае страшнае, што можа здарыцца ў грамадзтве. І гэта надзвычай актуальна і ў наш час. Мне падаецца, што менавіта праз такія дзеяньні трэба падтрымліваць памяць грамадзтва аб гэтай падзеі.
— Колькі крыжоў зьявіцца ў Курапатах на гэтыя Дзяды?
— Колькі атрымаецца зрабіць. Я думаю, нямнога, калі іх тры будзе, то й добра. Мы не імкнемся адразу нарабіць сотні крыжоў, гэта ня мае сэнсу.
— Ці можа звычайны чалавек, я, ён, яна, самастойна зрабіць ці замовіць крыж паводле эскізу і прынесьці яго на Дзяды?
— Вядома, калі ласка, мы такую дапамогу прымем з задавальненьнем.
— Які ўдзел у гэтай акцыі “Мартыралёгу Беларусі” і “Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты”?
— Калі ў 1988 годзе пачаў стварацца “Мартыралёг Беларусі”, у яго ўвайшла ўся тагачасная беларуская нацыянальная эліта. Потым яны разышліся па іншых арганізацыях і партыях, але ніхто зь сябе не складаў абавязку ўдзелу ў “Мартыралёгу Беларусі”. Іншая рэч, што з прычыны бясконцых перарэгістрацый “Мартыралёг Беларусі” юрыдычна спыніў існаваньне. Мы існуем незалежна ад таго, што адбываецца ў арганізацыйна-фармальнай сфэры. Што рабілі, тое й робім – інфармацыю зьбіраем, за Курапатамі даглядаем.
А з “Хрысьціянскай злучнасьцю Курапаты” мы плянуем у суботу, 21 кастрычніка, прыбраць тэрыторыю мэмарыялу ад сьмецьця, так што ахвотныя няхай далучаюцца.
— Колькі ўсяго крыжоў вы плянуеце паставіць?
— Паводле папярэдніх падлікаў, у Курапатах знаходзіцца больш як шэсьцьсот западзін, і іх можна лічыць магільнымі западзінамі. Але магілаў было яшчэ больш, бо частка была зьнішчаная дарогамі, лесапасадкамі, газаправодамі… Гэта рэальна, бо гэта будзе рабіцца кожны год, бо гэта будзе падтрымана, ня будзе падтрымана – то мы самі будзем гэта рабіць. З году ў год.
— Драўляны крыж – рэч нетрывалая, вандалы могуць лёгка яго зьнішчыць.
— Мы ведаем, што гэта можа здарыцца, я толькі спадзяюся, што на крыж рука не падымецца. Сымбаль крыжа ўсё ж устрымлівае людзей ад гвалту. Я нават спадзяюся, што гэта дапаможа абараніць магілы ад вандалаў.
Гутарыў Андрусь Белавокі