Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

А.Бутэвіч. Расстайны пах асоту: Аповесьць, апавяданьні: Для сярэдняга й старэйшага школьнага веку/ Мастак В.Сакалоў. – Менск: Юнацтва, 2000. – 143 с., (8) арк. іл.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0232-0

Анатоль Бутэвіч больш вядомы не як пісьменьнік, а як міністар культуры й друку кебічаўскага ўраду, сыход якога сымбалізаваў канец колькігадовае беларусізацыі. Каб пазнаёміцца з творчасьцю колішняга ўрадоўца, трэба заплаціць 380 руб.

А.Грымаць. Фармаваньне маральных ідэалаў школьнікаў: Манаграфія. – Менск: Геамант, 2000. – 448 с.—Наклад 1000 ас. ISBN 985-6266-06-8

У нас няшмат выходзіць кніг з пэдагогікі й псыхалёгіі па-беларуску. Гэта — добры вынятак. Аўтар, выдатны беларускі навуковец, разглядае праблемы станаўленьня ды існаваньня маральных ідэалаў школьнікаў на прыкладзе беларускіх дзяцей.

Даведнік беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў/ Складальнікі Г.Глебка ды інш. – Менск: УП “Новік”, 2000. – 340 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6154-14-6

Даведнік зьмяшчае інфармацыю ў беларускай і ангельскай мовах пра 1919 грамадзкіх задзіночаньняў ды іхныя арганізацыйныя структуры (назоў, дата рэгістрацыі/перарэгістрацыі, імя й прозьвішча кантактнай асобы, паштовы адрас, нумар тэлефону, тэлефаксу, адрасы старонкі ў Інтэрнэце і электроннае пошты) паводле стану на 1 чэрвеня 2000 г. Падаецца клясыфікацыя арганізацый паводле кірункаў дзейнасьці.

Кантакты й дыялёгі. № 9 (57), верасень 2000 г. – Менск, 2000. – 64 с.: іл. – Наклад 299 ас.

Бюлетэнь Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў галоўнаю тэмаю гэтага нумару ўзяў скарыназнаўства. М.Палкаўнічэнка дасьледуе сувязі Ф.Скарыны з А.Дурэрам, В.Дэлюга з Варшаўскага ўнівэрсытэту вывучае супрацоўніцтва асьветніка з праскімі жыдоўскімі друкарамі. Апроч таго ў выпуску “Кантактаў і дыялёгаў” знойдзеце рэцэнзіі на рэдкія навуковыя выданьні зь беларусазнаўства й бібліяграфію на гэтую ж тэму за апошні час.

Кур’ер. № 3, верасень 2000 г. – Менск, 2000. – 48 с.: іл. – Наклад 5300 ас.

Чытачы “Кур’еру” чакалі гэтага нумару ад траўня. За лета часапіс амаль цалкам ператварыўся ў расейскамоўны: толькі сем няпоўных старонак з сарака васьмёх – па-беларуску. Чыста беларускія толькі вокладка й зьмест. Друкуюцца тэксты С.Букчына “Мэдыямурашкі й іхныя гаспадары”, У.Дорахава “Байкот выбараў: што далей?”, Ю.Дракахруста “Элітны варыянт”. Асобна варта вылучыць тэкст журналіста “Советской Белоруссии” С.Крапівіна пра тое, як паўстагодзьдзя таму ў да- і паваеннай заходнебеларускай вёсцы ўзбагачаліся нават амэрыканцы. Цана нумару ў шапіках “Белсаюздруку” – 300 руб.

А.Ліцін. Краіна ілюзій: Каталёг фатаздымкаў. – Менск: Unipack, 2000. – 37 с. – Наклад 100 ас. ISBN 985-6418-28-3

Магілёўскі фотамастак аздобіў альбом сваіх здымкаў пра сучаснае жыцьцё беларусаў вершамі сваіх сяброў, магілёўскіх паэтаў і паэтак В.Вераб’ёвай, Дз.Гаранінавай, А.Колік, Э.Мядзьведзкага, Ю.Раманава. У другой палове верасьня ў менскім Музэі выяўленчага мастацтва адбывалася фотавыстава А.Ліціна.

Славутыя імёны Бацькаўшчыны: Зборнік. Выпуск 1/ Укладальнік У.Гілеп ды інш.; Рэдакцыйная калегія: А.Грыцкевіч (галоўны рэдактар) ды інш. – Менск: Беларускі фонд культуры, 2000. – 384 с. – Наклад 2000 ас. ISBN 885-6523-07-0 (Вып. 1) ISBN 985-6523-06-0

Гэтаю кнігаю распачата сэрыя выданьняў, прысьвечаных славутым людзям нашае зямлі. У першым выпуску, адзіная загана якога — адсутнасьць партрэтаў славутасьцяў, зьмешчаны жыцьцяпісы Эўфрасіньні Полацкай, Мікалая Радзівіла, Аўстаха Валовіча, Сымона Буднага, Рамана Сангушкі, Васіля Цяпінскага, Хведара Еўлашоўскага, Мікалая Крыштапа Радзівіла, Лява Сапегі, Яна Караля Хадкевіча, Казімера Семяновіча, Казімера Лява Сапегі, Уршулі Францішкі Радзівіл, Міхала Карыцкага, Вінцэнта Равінскага, Язэпа Ходзькі, Ігната Дамейкі, Аляксандра Ходзькі, Напалеона Орды, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Жыгімонта Ельскага, Аляксандра Вінцэнта Ельскага, Францішка Бэнэдыкта Багушэвіча, Зыгмунта Мінейкі, Івана Яркоўскага, Жыгімонта Флярэнта Ўрублеўскага, Эдварда Адама Вайніловіча, Якуба Наркевіча-Ёдкі, Мікалая Судзілоўскага, Марыі Багушэвіч і Адама Гурыновіча. Кніга мае дыхтоўную карычневую аплётку з залатым цісьненьнем. Цана – 2400 руб.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0