23.10.2000 / 13:00

ПОШТА РЭДАКЦЫІ

№ 42 (199), 16 — 23 кастрычніка 2000 г.


 ПОШТА РЭДАКЦЫІ


 

Дэмакратыя як сынонім бярозавай кашы

 

— Мама, мне далі вершык вывучыць да ранішніка! — задаволеная дачка паказала сьпісаны шматок паперы.

Я зірнула на аркушык – і ледзь ня села на падлогу. Перачытала другі, трэці раз, шарыкі канчаткова заехалі за ролікі, і я накіравалася да выхавацелькі.

— Анастасія Пятроўна, у вас ранішнік на якую тэму?

— Сьвята восені і ўраджаю.

— А як вось гэта стасуецца з ураджаем, можаце Вы мне растлумачыць?!!

На квадраціку паперы ў клетачку акуратным почыркам было выведзена:

 

“В школе Колю все ребята

Демократом выбрали.

И за это демократа

Крепко дома выдрали”.

Прасьлібізаваўшы вершык з-пад маёй рукі, у размову ўплішчылася дачка.

— Мама, а што такое “дэмакрат”?

Завісла паўза. Я не была гатовая выкладаць паліталёгію сямігадоваму дзіцяці і ліхаманкава думала, што тут можна адказаць. Дачка таксама пра нешта разважала, перачытваючы верш. Відаць, асэнсоўвала невядомую ёй школьную традыцыю – можа, і ў іхнай нулявой “А” клясе кагосьці будуць “выбіраць дэмакратам”? І галоўнае, чаму гэты таямнічы абрад меў такія катастрафічныя наступствы для беднага Колі?

— Гэта ж проста прыпеўкі, жартоўныя прыпеўкі пра школу, — унесла яснасьць выхавацелька.

Уражаная ўласнай няздольнасьцю разумець жарты, я папрасіла паглядзець увесь сцэнар ранішніка. Сапраўды, паміж маналёгам рэпкі і танцам капусты знайшліся прыпеўкі на тэму школьнага жыцьця. Досыць традыцыйныя – пра двойкі ды сьпісаныя задачкі – калі не лічыць, вядома, “Колі-дэмакрата” ды яшчэ вось “Зінкі-бюракраткі”, якая, відавочна, выплыла з той самай чарніліцы.

 

“Буду дёргать я за косы

Зинку-бюрократку.

Написала три запроса

Про мою рогатку”.

— Сцэнар ранішніка пісала музычная кіраўнічка, — працягвала тлумачыць выхавацелька. – Яна павыпісвала вершыкі з розных кніжак – ну, можа, выбрала ня самыя ўдалыя. Ды не хвалюйцеся вы так! Калі што не падабаецца – заменім…

Пакінем на сумленьні музычнай кіраўнічкі (яна, дарэчы, не “равесьніца кастрычніка”, як можна было б падумаць, а зусім маладая дзяўчына) дзіўныя ўяўленьні пра школьны гумар. Для нас зараз важней ведаць, што такія мэтадычныя распрацоўкі ранішнікаў, такая пэдагагічная літаратура для садка і пачатковай школы – існуе. Разьлік, дарэчы, геніяльна просты. Дзіцячыя ранішнікі зазвычай “праганяюць” безьліч разоў, часам замест шпацыраў, часам перад сьняданкам ці пасьля абеду – даводзячы да поўнага аўтаматызму, пакуль словы літмантажу не пазабіваюцца ў галовы намёртва, як цьвікі. Гэтыя вершыкі, вывучаныя ў дзяцінстве, маюць фэнамэнальную ўласьцівасьць: яны западаюць у памяць вельмі глыбока, а часам правальваюцца ў падсьвядомасьць. І калі праз многа-многа гадоў мы нарэшце даведваемся пра сапраўдны сэнс загадкавых словаў “Лімпапо”, “Занзыбар” ці “дэмакрат”, то міжволі апынаемся ў палоне дзіцячых асацыяцый. Напрыклад, што “ў Афрыцы жахлівы Бармалей”. І што дэмакратыя – якім бы прыгожым флёрам яе ні ахутвалі – немінуча сканчаецца бізуном ды голай задніцай.

…Прыпеўку да “сьвята ўраджаю” мы, безумоўна, замянілі. Але цяпер я думаю: ці не чытаць дачушкам перад сном, замест казак, якія-небудзь “Уводзіны ў палітыку”? Бо пакуль мы разважаем – зь якога веку браць дзяцей на акцыі пратэсту і калі знаёміць іх са сваімі палітычнымі перакананьнямі – нехта цішком рыхтуе з малечы электарат для выбараў 2011 году.

Віялета Кавалёва


 

Лісты ў рэдакцыю

 

Пра магілу Хруцкага

Піша вам зноўку Куфціна Вікторыя са слаўнага гораду Міенску. Не палохайцеся, гэта не памылка, а нейкая спроба вызначыць сапраўдную назву таго гораду, у якім я жыву. У сьвеце маіх думак, мараў і ўяўленьняў ён мае называцца “Менск”, але ў сапраўдным, рэальным часе з усіх бакоў маю сьціплую асобіну атачае ўсё ж такі Мінск, як бы мне ні хацелася адваротнага.

Перш за ўсё хачу выказаць сваю велізарную падзяку рэдакцыі і асабліва той невядомай асобе, якая фундавала маю падпіску на “НН”. Калі я адчыніла паштовую скрынку і ўбачыла там, акрамя абрыдлага “Вечернего Мінска” (неаф. назва — “Мінск кансэрваваны”), які выпісвае мой сусед па кватэры, “Нашу Ніву”, то я не паверыла сваім вачам. Бо калі я ліставала вам улетку, то амаль ня думала пра тое, што нешта атрымаецца з маёй нахабнаватай просьбы.

Газэту вашую рэгулярна пачала чытаць з пачатку гэтага году. А першы раз трапіла да мяне вашая газэта ў лістападзе 1998-га. Адбылося гэта зусім выпадкова. У той час давялося мне падзарабляць, разносячы рэклямную газэту “Ва-банк” у шэрагу дамоў па праспэкце Пушкіна. Гэтая бясплатная газэта складаецца ў пачкі па 200 асобнікаў. Пачак загортваецца ў бракаваныя газэты з “Дому друку”. Аднойчы нейкі пачак загарнулі ў “Нашу Ніву”. Па маёй дурной звычцы чытаць усё, што трапляе ў рукі, выйшла так, што я прачытала і яе. Мяне ўразіла ў ёй усё. Мова, на якой усё гэта было напісана, настолькі розьнілася ад таго, чым мяне пхалі ў беларускамоўнай, між іншым, школе, таго, што лілося пад выглядам “мовы” на маю галаву з радыё ды тэлевізіі. Гэта была зусім іншая мова, падобная да тае, як падобна каляровая карціна алейнымі фарбамі на палатне да яе ж чорна-белае ксэракопіі. І яшчэ — тарашкевіца. Памятаю старонку “Варштаты”, памятаю сэнс тых вершаў, што там былі, але не магу ўзгадаць ніводнага радка. А ўсё разам было як нешта сьветлае, чыстае й невымоўна прыгожае, што адчынілася мне так зьнянацку. Гэта было параўнальна хіба што з адкрыцьцём Амэрыкі. Так я адкрыла для сябе новы сьвет, сьвет, побач зь якім я жыла шмат год, нават не здагадваючыся аб яго існаваньні. З гэтага пачалося. Астатняе, у тым ліку і мае ўласныя думкі, прыйшло пазьней. А тады мне давялося літаральна здагадвацца пра сэнс некаторых словаў. Мне зусім ня сорамна казаць сёньня аб гэтым. Бо няведаньне — гэта яшчэ ня сорам. Сорам — гэта нежаданьне ведаць.

Так цяжка адарвацца ад прыемных успамінаў, але ёсьць што сказаць і пра сучаснасьць. Мая маці — прыхільніца прэзыдэнцкай улады. Да ідэй апазыцыі і асабіста майго імі захапленьня яна ставіцца цалкам нэгатыўна. Як паказвае вопыт, агітаваць яе — марны клопат. Па-першае, таму, што ўсе мае словы яна слухаць прынцыпова не жадае, а па-другое — таму, што спрачацца з бацькамі ня варта. Дык вось, маці мая на гэтак званыя выбары ісьці не зьбіраецца. Абгрунтоўвае гэтае сваё пагарджаньне галоўным грамадзянскім абавязкам тым, што ёй гэта непатрэбна. Калі я кажу ёй пра тое, што сваім учынкам яна падтрымае так ненавісныя ёй сілы апазыцыі, то яна адказвае, што і безь яе абыдуцца. Калі ўлічваць тое, што поглядаў на палітыку, уласьцівых маёй маці, прытрымліваецца амаль палова жыхароў Беларусі, то можна казаць, што выбары не адбудуцца. Незацікаўленасьць насельніцтва перадвыбарчай гонкаю, яго палітычная апатыя — галоўны фактар у справах такога роду. Застаецца толькі чакаць адпаведных вынікаў.

Але зьменім тэму. Зусім нядаўна я наведвала Ашалопкінскія могілкі, што каля вёскі Захарнічы ў Полацкім раёне. Там пахаваны мой дзед і мае сваякі. Але акрамя гэтых дарагіх мне магіл, на гэтых вясковых могілках ёсьць магіла чалавека, чыя творчая спадчына дарагая ня толькі мне, але і, спадзяюся, беларускаму грамадзтву. Тут пахаваны вядомы беларускі мастак Іван Хруцкі, уладальнік маёнтку Захарнічы ў ХІХ ст. Неяк улетку невядомыя злодзеі поўнасьцю абрабавалі магілу Хруцкага. У кірунку пункту прыёмкі другаснай сыравіны зьнікла бронзавая галава мастака, бронзавая ж дэкаратыўная абкладка помніка ды бронзавая таблічка зь яго. Магілы Хруцкага ды яго сваякоў знаходзяцца ў жудасным стане. Дзякуй Богу, нехта з добрых людзей не паленаваўся прыцягнуць з могілкавага сьметніку старое цэмэнтовае надмагільле мастака ды прыхіліць яго да разрабаванага помніка. Пасьля таго як у 1996 годзе памерла апошняя сваячка мастака, магілы няма каму даглядаць. Вось і буяе пустазельле навокал. Болей таго, па факце крадзяжу нават не было ўсчынена крымінальнай справы. Чаго й казаць, што ніхто не зьбіраецца ўзнаўляць помнік. Самому Івану Хруцкаму ўжо стагодзьдзе нічога ня трэба на гэтай зямлі. Жудасна робіцца ад таго, што нават жывым яго суайчыньнікам гэта непатрэбна.

Вікторыя Куфціна, Менск

Дзякуй за падпіску

Піша вам ліст Павал Савоська. Убачыў у сваёй паштовай скрынцы вашу газэту і вельмі ўзрадаваўся і зьдзівіўся, бо так думаю, што рэдакцыя зрабіла для мяне, гаротнага і зьбяднелага, падпіску. Вялікі вам дзякуй, а таксама таму менчуку, на чые грошы і зроблена падпіска.

Я ў даўгу не застануся. Дасьць Бог, калі толькі паднімуся з галечы, то і я дашлю грошы ў будучым годзе якому-небудзь такому ж гаротніку.

Павал Савоська, Менск

Права на творчасьць

У №40 знайшоў ліст ад Гражданкі Насты зь Менску і сьпяшаюся падзяліцца сваім абурэньнем наконт яе ідэй, як чалавек, крыху знаёмы з пачаткам творчасьці газэты “Наша Ніва”. У прыватнасьці, у зборы твораў М.Багдановіча (т.3) ёсьць зьвесткі пра адзін тэкст, які напісаў Ядвігін Ш. Гэта быў ліст ад сабак да рэдакцыі “Нашай Нівы”. На той момант Ядвігін Ш. у газэце яшчэ не друкаваўся, і якраз з гэтага ліста пачалося супрацоўніцтва зь ім. Такім чынам, сп.Шніп не прыдумаў нічога новага, а проста крыху ведае гісторыю. Няхай сабе сабачую. Гэта па-першае. Такім чынам, пра аўтарскія правы размова не павінна заходзіць.

Што ж тычыцца творчасьці гражданоў, дык, калі лічыць іх самастойнымі творамі, сярод іх, мне здаецца, будуць лісты, ня горшыя па сваіх вартасьцях за творы сп.Шніпа. Каб ня “выпісацца” зусім у жанры гісторый, патрэбна новая хваля. Ад гражданоў. І сабак. Мне здаецца, што без адваротнай сувязі з чытачом нічога ў газэты не атрымаецца ў справе адраджэньня. Будзе нейкая штучная інфармацыйная прастора, у якой будуць мітусіцца адны і тыя ж людзі, якія будуць лічыць сябе наскрозь творчымі.

Вангор Вушацкі, Маладэчна


 

Паштовая скрынка

 

Сержуку В. зь Менску. За пустэчай духоўнага жыцьця герояў Вашых апавяданьняў і марнасьцю, якою прасякнута іх існаваньне, — глыбокі маральны і эстэтычны крызыс аўтара. Вартыя творы зьявяцца толькі па пераадоленьні гэтага крызысу. Прапаноўваць чытачу ўласную роспач – не ў традыцыях “НН”.

 

Другу М. са Слуцку. Польская моладзь сама з камянямі і сьцягамі ў руках бараніла гонар Айчыны і права на свабодны выбар. Тое самае робяць цяпер найлепшыя сыны й дочкі нашага народу – кожны зь іх так, як уважае для сябе магчымым. Крытыкаваць змагара – значыць змагацца яшчэ ахвярней за яго. Што да астатняга, дык проста прапаганда БТ і “Советской Белоруссіі” неўпрыкмет праточваецца ў Вашу сьвядомасьць, труцячы яе паняверкай і бурачы лад думак. Не глядзіце іх і не чытайце.


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру