10+10+10+10=50,1%

 

Тры ночы пасьля выбараў Лукашэнка не паказваў носу на БТ. Заміж 70 абяцаных ім адсоткаў выбарцаў на ўчасткі па гарадзкіх акругах прыйшлі толькі 34—48%.

 

Дый тых зганяла вэртыкаль. Назіральнікі БГК, якіх было каля 15000, гэтым разам прасачылі выбары ад іх нараджэньня да бясслаўнае сьмерці.

ЦВК сфармаваная з парушэньнем Канстытуцыі 1996 г. і некалькіх Законаў. Выбарчы Кодэкс быў прыняты запозна, і грамадзкасьць не пасьпела вывучыць яго разам з супярэчнасьцямі й лякунамі, якіх там дзясяткі. Дату выбараў Лукашэнка прызначыў не за чатыры месяцы, а за тры да іх пачатку. Рэжым даверу ня быў захаваны, бо газэты й БТ поўніліся самымі дзікімі паклёпамі на апанэнтаў улады. На тры хвалебныя ўзгадваньні Лукашэнкі прыходзілася адно паклёпніцкае пра апанэнтаў.

Выбарчы кодэкс устанавіў для кандыдатаў дыскрымінацыйныя нормы: напрыклад, дастаткова 76 чальцоў працоўнага калектыву, каб вылучыць кандыдата, прычым гэтыя чальцы калектыву могуць нават ня быць выбарцамі дадзенай акругі! У той жа час людзі, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, мусілі сабраць тысячу подпісаў, якія выбарчыя камісіі разглядалі зь люпаю й адпрэчвалі. У выніку многім адмовілі ў рэгістрацыі не на падставе несапраўднасьці подпісаў, а з-за таго, што нехта ў даце выбараў пісаў няпоўную лічбу году, ці з-за выпраўленьняў. Ініцыятыўныя групы цьвердзяць, што часта выпраўленьні рабіліся сябрамі выбарчых камісіяў. Бо наш дэмакратычны ВК дае права прызнаць подпіс несапраўдным паводле аж 9 фармальных пунктаў.

Акруговыя ды ўчастковыя камісіі былі сфармаваныя з прадстаўнікоў “працоўных калектываў”, “вэртыкалі” ды грамадзкіх арганізацыяў кшталту БПСМ. Народная Грамада выставіла 25 кандыдатаў у камісіі, ніводнага зь якіх не ўключылі ў іх склад. У Пінску дэмакратычнага прадстаўніка-юрыста адпрэчылі, затое ўзялі ў камісію прыбіральшчыцу-пэнсіянэрку. Усімі камісіямі кіравалі людзі з вэртыкалі ці блізкія да вэртыкалі. Паводле сьведчаньняў назіральнікаў, працавалі не камісіі, а райвыканкамы. У кожнай акрузе былі створаныя “штабы”, якія мусілі забясьпечыць удзел у выбарах і абраньне патрэбнага кандыдата. Кіраваліся штабы Галоўным Штабам, створаным пад кіраўніцтвам Мясьніковіча ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Аднак народ не такі дурны й палахлівы, як прывыклі думаць мы і як прывыклі думаць яны. Нягледзячы на моцны прэсінг, пагрозы адабраць працу, заробак, жыльлё, людзі не прыйшлі на выбары. Байкот выбараў адбыўся менавіта з ідэйных прычын. Людзі стаміліся ад хлусьні, абкраданьня й гвалту.

Як жа была зробленая лічба 60%? Простымі мэтадамі: масавым укідваньнем пустых і “правільных” бюлетэняў, выпраўленьнем сьпісаў выбарцаў, калі людзей выкрэсьлівалі адтуль сотнямі, або, наадварот, прыпісваньнем мёртвых душаў, якія нібыта прагаласавалі. Прычым рабілася ўсё ў сьпешцы і хамскімі мэтадамі. У многіх афіцыйных пратаколах камісій, якія атрымаў БГК, лічбы не сыходзяцца ўвогуле!

Беларускі Гельсынскі Камітэт падаў афіцыйныя заявы ў акружныя камісіі, мясцовыя пракуратуры, ЦВК аб непрызнаньні выбараў у 3 акругах. Потым падамо скаргі яшчэ на 7. У “чорным сьпісе” апынуліся Салігорская №91, Маладэчанская №86, Магілёўскія №70-72, Бабруйская №64, Менскія №109, 98. Па Менску мы праводзілі г.зв. кантрольнае назіраньне. Былі эталённыя ўчасткі ўва ўсіх акругах. І на ўсіх гэтых участках выбары праваліліся. Нават на тым участку 105-й акругі, на які шчыльнымі радамі прывялі галасаваць 400 курсантаў школы міліцыі.

Сьвятлана Курс,
Беларускі Гельсынскі Камітэт