З УСІХ СТАРОН


 

Горад герояў

 

Пасьля дзівоснае перамогі сэрбскае рэвалюцыі паўстала пытаньне, хто ж яе зрабіў. Бурмістар Чачаку, места ў цэнтры Сэрбіі, цьвердзіць, што менавіта ён сплянаваў штурм бялградзкага парлямэнту, хоць апазыцыйны хаўрус ДАС яму пярэчыць. Гэтага чалавека ў спартовым касьцюме, які з дапамогай бульдозэраў ды бэйсбольных бітаў захапіў будынак Скупшчыны, клічуць Велімірам Ілічам. Сёньня пра тыя падзеі ўжо пачалі здымаць фільмы, балазе кожны крок паўстанцаў падрабязна адлюстраваны на відэастужках.

 

…Прысядзісты чалавек у спартовым касьцюме набліжаецца да ланцуга ўзброеных паліцыянтаў. Рукі зьлёгку сагнутыя, галава ўціснутая між плеч, быццам ён хоча пратараніць ланцуг уніформаў. Але ён усяго толькі кажа: “Прыбярэце, калі ласка, фургоны з дарогі”. Ніякай рэакцыі. “Прыбярэце фургоны, — паўтарае чалавек, — а то мы самі прыбярэм”.

І яны прыбралі. Сорак мужчынскіх рук саштурхнулі фуры, якімі на загад Мілошавіча перагарадзілі трасу Чачак—Бялград, пад адхон, і караван рушыў далей. Каля 10 000 чалавек з Чачаку на легкавіках, аўтобусах, грузавіках, а зь імі вялікі жоўты транспарцёр з бульдозэрам на борце. Калі шматкілямэтровая калёна з гудкамі праяжджала церазь вёскі, людзі наўзбоч дарогі пляскалі ў ладкі. Урэшце трыюмфальны ўезд у Бялград.

“Мы людзі з Чачаку! Мы сіла!” — галёкалі яны. З будынку Скупшчыны да іх выйшлі паліцыянты. Тады прысядзісты чалавек стаў у першым шэрагу і пракрычаў “Мы ня вернемся назад безь перамогі!”. Нешта выбухнула, і карцінку зацягнуў сьлезацечны газ.

Прысядзісты чалавек на відэа – Велімір Іліч, або Веля. Гэты апазыцыйны палітык чатыры гады таму быў абраны на бурмістра Чачаку. Бясстрашны й мужны чалавек, ён адкрыта заклікаў сваіх суграмадзянаў да супраціву Мілошавічу, крытыкаваў падчас косаўскае вайны югаслаўскае войска і мусіў хавацца, каб пазьбегнуць зьняволеньня. 43 дні ён, як сам крыху патэтычна выказаўся, быў “у лясох”.

Чачак, места ў 150 кілямэтрах на поўдзень ад Бялграду, пасярод Шумадзіі – сэрца Сэрбіі, быў у 40-х апірышчам чэтнікаў. Па вайне Ціта наважыўся паказацца тут толькі двойчы. Мілошавіч жа наагул прыяжджаў толькі раз, у 1992-м, і ў ягоную машыну з бальконаў ляцелі яйкі й каменьне. На выбарах пару тыдняў таму дэмакраты атрымалі тут 67 з 70 месцаў у гарадзкой Скупшчыне. Сёньня кажуць, што гэты горад стаў для Югаславіі тым, чым для ГДР быў Ляйпцыг, а для Польшчы — Гданьск, і з маральнага пункту гледжаньня ён мае права называцца новай сталіцай Сэрбіі.

Тое, што адбылося ў Бялградзе, не было спантанным народным паўстаньнем. Штурм парлямэнту, які ўрэшце скончыўся зьменай улады, ня быў выкліканы эўфарыяй моманту. “Меўся плян, — кажа Іліч, — і яго ведалі ўва ўсіх дэталях толькі пяць чалавек — два паліцыянты з Чачаку, два паліцыянты элітнага аддзелу ў Бялградзе і я”. Яшчэ каля сотні асобаў ведалі пра існаваньне пляну і пра свае ролі ў ім. Для штурму парлямэнту была створана група з прафэсіяналаў – дэсантнікаў, чальцоў элітных частак паліцыі, каратыстаў, дзюдаістаў – агулам каля 20 чалавек. Вялікую ролю адыгралі й вэтэраны мінулых войнаў, чэтнікі спэцыяльных частак, што былі ў Харватыі. Рэжым сам выгадаваў сабе ворагаў.

“Чатыры месяцы таму мы наладзілі кантакты з годнымі даверу людзьмі ў паліцыі і войску”. Гэта прынесла плён, і “высокапастаўленыя паліцэйскія афіцэры далі ў аўторак у нашае распараджэньне рацыі, каб мы маглі праслухоўваць паліцэйскае радыё. І назвалі нам спрыяльны час, калі мы павінны скіраваць частку шматтысячнай дэманстрацыі да будынку дзяржаўнага ТБ”. Як сьцьвярджае бурмістар Іліч, яны ведалі ўсе загады МУС, ведалі, ці атрымала паліцыя загад страляць.

За колькі дзён да падзеяў агенты бясьпекі днявалі й начавалі перад ягоным домам, абшукваючы наведнікаў. Урэшце, бачачы пагрозу, ён перастаў начаваць дома. “Час прысьпешваў, мы мусілі дзейнічаць, — кажа Іліч. — Мы былі гатовыя памерці за справу. Але мы не патрабуем за гэта міністэрскіх пасадаў. Наш наказ новаму ўраду такі: “Рабеце сваю справу добра, а не, дык людзі з Чачаку назаўтра ж прыйдуць па вас у Бялград”. А людзі ў Чачаку жывуць сур’ёзныя. Чаго варты хаця б такі факт: калі бялградцы пачалі сьвяткаваньні, чачакцы саставілі наўкол парлямэнту аўтобусы і цэлую ноч сьцераглі яго. “Гэтыя сталічныя вечна ператвараюць рэвалюцыі ў дыскатэкі”, — сьмяюцца яны цяпер.

Бурмістар рупліва падрыхтаваў і правёў акцыю. Яшчэ зранку ў чацьвер апазыцыя заняла станцыю рэтрансьляцыі дзяржаўнага ТБ РТС на гары Аўчар, што ля Чачаку. Такім чынам рэгіянальны канал ТБ Чачак змог паказваць марш дзясяткаў тысяч людзей на Бялград на больш як 40% сэрбскае тэрыторыі. Пасьля тыя самыя людзі занялі тэлебачаньне РТС у сталіцы. “Мы падступалі пад яго цягам гадзіны недзе зь дзясятак разоў, пакуль паліцыя ўрэшце пад каменным градам не зашылася ў будынак, а тады ў справу пайшоў бульдозэр”. Дэманстранты прывезьлі з сабой з Чачаку 3 грузавікі з камянямі.

“Пяць дэманстрантаў былі параненыя агнястрэльнай зброяй, пакуль мы раззброілі тады трыццаць паліцыянтаў”. Іншая група дэманстрантаў уварвалася ў рэдакцыю “Палітыкі” – самай масавай газэты рэжыму, і праз гадзіну ўжо выйшаў спэцвыпуск газэты, у якім тая самая рэдакцыя вітала прыход апазыцыі да ўлады.

У цэнтры Чачаку ўсюды відаць кулакі – сымбалі маладзёвай арганізацыі “Адпор”, намаляваныя на сьценах дамоў на вышыні чалавечага росту. Удзельнікаў “Адпору” ў мінулыя месяцы затрымлівалі і дапытвалі тысячамі. У тым самым друку, што сёньня сьвяткуе перамогу апазыцыі, яшчэ некалькі дзён таму іх называлі фашыстоўскімі тэрарыстамі. У час, калі скорана была, здаецца ўся Сэрбія, а апазыцыйныя партыі былі расколатыя, толькі “адпораўцы” паказвалі, што супраціўленьне магчымае.

“Натуральна, для гэтага патрабавалася крыху мужнасьці”, — кажа адпоравец Джорджэ Таловіч, які са сваімі чатырма пярсьцёнкамі на левай руцэ і шматкроць праколатымі вушамі адразу кідаецца ў вочы ў мястэчку накшталт Чачаку. Ён распавядае, як сярод белага дня заклейваў кулакамі выбарчыя плякаты Мілошавіча, адзін за адным, уцякаючы ад паліцыі завулкамі, каб ня трапіць пад адміністрацыйны арышт. Ці ён герой, ці не?

Герояў вызначыць складана, але зашмат герояў не бывае. Асабліва такіх сымпатычных, як той жоўты бульдозэр, зь якім чачакаўцы прыехалі ў Бялград.

Сяргей Рак


 

Рэвалюцыя ў сэрбскім Шклове

 

Пажарэвац — невялікае сэрбскае мястэчка, дзе ўсё невялікае — дамкі, крамкі... Па выходных сюды на кірмаш зьяжджаюцца сяляне, найбольш звычайныя вясковыя кабеты ў галёшах, хустках. Цёмны цень навіс над Пажарэўцам, калі Марка Мілошавіч, сын Слабадана, трапіў у аварыю і вырашыў, што ня будзе больш спартовым гоншчыкам. А будзе мэрам мястэчка.

 

Марку Мілошавічу 27 гадоў, ён жанаты і мае сына. Для сям’і Мілошавічаў Пажарэвац – самы дарагі горад у сьвеце, бо тут пазнаёміліся Маркавы бацькі — Слабадан і Міра, адгэтуль яны накіраваліся ў Бялград, дзе ён стаў кіраваць Сэрбіяй, а яна зрабілася ягонай нязьменнай дарадчыцай. Марка не вылучаўся вялікімі здольнасьцямі, і атрыманьне атэстату заняло ў яго некалькі гадоў. Але дзякуючы бацькам ён атрымаў усё — грошы, зброю, спартовыя машыны.

Ягоным першым прадпрыемствам была сетка крамаў на югаслаўска-вугорскай мяжы, але найбольш ён зарабіў на ўвозе цыгарэтаў, калі, дзякуючы гандлёвым санкцыям супраць Югаславіі, прыбытак ад такіх гешэфтаў сягаў 1000%. Першай Маркавай інвэстыцыяй у Пажарэвацы была дыскатэка “Мадонна”. Пасьля было Радыё Мадонна, відэаклюб, фірма, што прадастаўляла паслугі, зьвязаныя з Інтэрнэтам, фэрма і ўрэшце, ужо пасьля НАТАўскіх бамбаваньняў, парк адпачынку для дзяцей — “Бэмбілэнд”. Марка быў чальцом назіральнай рады тамтэйшага банку, так што праблемаў з фінансаваньнем не было — банк аплочваў усе ягоныя пачынаньні. А між тым само мястэчка проста развальвалася — будынкі амаль па 20 гадоў не рамантаваліся, адсутнічалі інвэстыцыі. Адзінымі інвэстыцыямі былі справы Мілошавіча-малодшага. Папаўся Пажарэвац як Марка ў пекла.

Пакуль не было Маркі, у Пажарэўцы было наагул спакойна, можна сказаць, мёртва — людзі з энтузіязмам галасавалі сьпярша за кампартыю, пасьля за Сэрбскую Сацыялістычную Партыю свайго земляка Слабадана. Шырокую падтрымку мела й партыя жонкі прэзыдэнта — Югаслаўская Лявіца (ЮЛ). Нічога дзіўнага — да гэтых партыяў належалі амаль усе дырэктары, старшыні й іншае начальства.

Але ня ўсім гэта падабалася, людзі ўсё больш расчароўваліся ў ілжывай рэчаіснасьці. Пасьля сфальшаваньня ўладамі ў 1996 г. вынікаў мясцовых выбараў людзі сталі далучацца да створанай студэнтамі радыкальнай арганізацыі “Адпор” (“Супраціў”). Першым сябрам “Адпору” ў Пажарэўцы стаў Момчыла Вэлькавіч. Паціху ён стаў гуртаваць вакол сябе аднадумцаў. Было іх у Пажарэўцы спачатку няшмат. Усё памянялася пасьля аднаго інцыдэнту.

Марка Мілошавіч не хацеў трываць “Адпору” ў “сваім” Пажарэўцы, і ягоныя азброеныя сябручкі зь Югаслаўскай Лявіцы неяк у сакавіку зацягнулі двух маладых адпораўцаў, Вэлькавіча і ягонага таварыша па “Адпоры” Радойку Лукавіча, у кавярню “Paso” ў цэнтры мястэчка, каб запалохаць. Адзін з Маркавых “патрыётаў” выцягнуў пісталет і наставіў яго на сяброў “Адпору”, а пасьля ўдарыў ім Момчылу па галаве. Той пачаў бараніцца і забраў у аднаго зь югаслаўскіх камсамольцаў пісталет, адкінуўшы зброю далей ад сябе. Момчылу Вэлькавічу ўдалося ўцячы, але Маркавы людзі схапілі Радойку Лукавіча і зьбілі яго да страты прытомнасьці.

У адказ на гэтае здарэньне ўлады зрабілі наступную заяву для друку: “Сяньня ўвечары мела месца спроба забойства 19-гадовага дзеяча нашае партыі. У яго страляла група хуліганаў з фашыстоўскімі знакамі “Адпору”, ваенізаванай арганізацыі, сфармаванай на ўзор Гітлерюгенду”. Вэлькавіча арыштавалі, Лукавіч і мінак, што іх бараніў, трапілі ў шпіталь. Але пры тым Момчылу ж абвінавацілі ў спробе забойства сябра Югаслаўскіх Левых Мілана Лазіча пры дапамозе пісталета. Першы мясцовы судзьдзя не захацеў засудзіць хлопцаў, тады яго прымусілі падаць у адстаўку. Другі пад прымусам падпісаў прысуд.

Але невінаватасьць хлопцаў была ўсім відавочная – у малым горадзе ўсе ўсё ведаюць, дый сьведкаў было нямала. Сваімі паводзінамі Марка ня толькі нікога не запалохаў, але настроіў супраць сябе ўвесь горад. За адзін тыдзень вотчына Мілошавічаў ператварылася ў пастку для іх.

Паліцыя зрабіла ўсё, каб не дапусьціць у горадзе вялікай маніфэстацыі ў абарону сяброў “Адпору”. Было арыштавана некалькі дзясяткаў чалавек, у мястэчка не пусьцілі апазыцыйных лідэраў зь Бялграду, але Пажарэвац стаў іншым. Жыхары на заклік сем’яў юнакоў пачалі байкатаваць мілошавіцкія фірмы. З-за адсутнасьці кліентаў зачыніўся “Бэмбілэнд”, горш пайшлі справы ў пякарні і крамы электронікі. Праз два месяцы зьняволеных мусілі апраўдаць і выпусьціць.

На выбарах 24 верасьня Каштуніца здабыў у мястэчку з 30 тысячамі выбарцаў на 2,5 тысячы галасоў больш за Мілошавіча. На дэманстрацыю супраць фальшаваньня вынікаў выбараў на пажарэвацкі рынак прыйшло ўжо 20 000 чалавек.

Маркава жонка разам зь некаторымі сябрамі й сваякамі яшчэ шпурляла ў дэманстрантаў яйкі і каменьне, але Марка ўжо баяўся. У суправаджэньні трох ахоўнікаў ён наведаў мясцовую сядзібу Дэмакратычнай Апазыцыі Сэрбіі і, пабачыўшы Лукавіча, сказаў, што яму вельмі прыкра, што таго зьбілі і засудзілі.

Канец быў блізкі. Калі ў чацьвер натоўп узяў у аблогу парлямэнт, Марка ўцёк у таемны бункер сям’і ў Чрнім Врху. Пасьля быў няўдалы палёт у Кітай, Масква… У Пажарэўцы зь ягонай радыёстанцыі і крамы электронікі вынесьлі ўсё, але прынамсі не размалявалі сьцены абразьлівымі надпісамі, як зрабілі бялградцы на руінах Маркавай крамы парфумы.

Цяпер Момчыла Вэлькавіч і Радойка Лукавіч — героі Пажарэўца. А судзьдзя, што вызваліў Вэлькавіча — сёньня просты адвакат, але адзін з самых высокааплатных у Сэрбіі. Маленькі горад сьпіць спакойна.

Язапат Змысла
паводле Gazety Wyborczej


 

Пішэце ў амэрыканскі бюлетэнь

 

Падобна, што нашыя намаганьні па разьвіцьці беларускіх досьледаў у Паўночнай Амэрыцы не застаюцца незаўважаныя. Неўзабаве пасьля таго як я разаслаў электронны ліст з абвесткаю пра будучы зьезд NAABS (Паўночнаамэрыканскай асацыяцыі беларусазнаўцаў), я атрымаў ліст ад новага рэдактара бюлетэню AATSEEL — Амэрыканскай асацыяцыі выкладчыкаў славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх моваў — з пытаньнем, ці не згаджуся я весьці ў якасьці аўтара або рэдактара-дапісчыка рэгулярную калёнку пра беларускую мову, культуру і літаратуру. Паколькі я наўрад ці змагу пісаць калёнку ў кожны нумар (бюлетэнь выходзіць шэсьць разоў на год), я выбраў ролю рэдактара-дапісчыка. Таму прашу дасылаць матэрыялы (кароткія артыкулы або дасьледніцкія нататкі, ня больш за 4–5 старонак праз падвойны інтэрвал) пра любыя аспэкты досьледаў беларускае мовы, літаратуры ці культуры для наступных нумароў (лістапад, сьнежань, люты, красавік і травень). Рэдактар таксама паведаміў, што яны будуць рады друкаваць матэрыялы і па-беларуску. Прашу яшчэ зацеміць, што ў калёнцы будзе зьмяшчацца інфармацыя пра канфэрэнцыі, публікацыі і г.д., зьвязаныя зь Беларусяй, так што пра такія рэчы абавязкова паведамляйце мне, каб зьмясьціць абвестку пра іх у бюлетэні AATSEEL.

Курт Вулхайзэр, <cfwoolhiser@mail.utexas.edu>