Юлія Андрэева

Сельскі клюб

“Кляс-клюб” спадзяваўся зрабіць на прыезьдзе моднай расейскай сьпявачкі Казарноўскай нядрэнны бізнэс

 

Цяжкі хлеб у камэрсанта, асабліва ў мастацтве. Трэба – і прытым безь ніякага таваразнаўцы! – загадзя ўцяміць, што і як будзе прадавацца, і галоўнае – якім коштам. Ёсьць у нас людзі, якія назапасілі ў гэткіх справах немалы досьвед, – я маю на ўвазе руплівых працаўнікоў прадусэрскага цэнтру “Кляс-клюб ДК” і Магілёўскай абласной філярмоніі, якія ўжо ня раз цешылі нас прыемнымі пачастункамі рознай якасьці, але па нязьменна астранамічных цэнах.

Чаго быў варты выступ Уладзімера Сьпівакова зь “Віртуозамі Масквы” 28 траўня 1997 г.! Праўду кажучы, аніякага аркестру на той час ужо не было. Пасьля таго, як у 1993 годзе скончыўся іхні калектыўны кантракт з Фондам гішпанскага прынца Фэліпэ Астурыйскага, аркестранты разьбегліся па розных кутках Гішпаніі, заняліся выкладчыцкай дзейнасьцю і зьбіраліся разам толькі тады, калі надаралася якая халтура. А неўзабаве яны зусім пакінулі свайго кіраўніка (які тымчасам жыў у Парыжы), і Сьпівакоў мусіў шукаць новых музыкаў. Нічога дзіўнага, што гралі яны, мякка кажучы, пасярэдна. Тым болей, што спадары з Магілёўскай філярмоніі запхнулі “Віртуозаў” у канцэртавую залю “Менск” з акустыкай, зусім не прыдатнай для жывога, немікрафоннага гучаньня. Квіток каштаваў мільён рублёў. (Артыст Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру Беларусі з 20-гадовым стажам у той час атрымоўваў з усімі надбаўкамі мільён дзьвесьце тысяч.) Аднак ці варта жміндзіцца, калі табе за твае ж грошы прапануюць паглядзець на чалавека, які ў свае 50 год – да поясу голы, прыгожы і спартыўны, як малады бог, у экстравагантнай паставе і з скрыпкаю у руках – фатаграфуецца для вокладкі часопісу “Огонёк”? А яшчэ нехта памятаў, што ў свой час Сьпівакоў быў выдатным артыстам з іміджам дысыдэнта, а квіткі на ягоныя канцэрты распаўсюджваліся амаль выключна сярод камуністычнай намэнклятуры. Што ён быў адным з апошніх буйных музыкаў, хто здабыў званьне народнага артыста СССР…

Намэнклятура па-ранейшаму любіць Сьпівакова. Напярэдадні менскага канцэрту “Віртуозы” гралі ў Магілёве для “вэртыкальшчыкаў” на нейкае лукашэнкаўскае сьвята. Пра гэты выступ хадзілі самыя неверагодныя чуткі. А пасьля Сьпівакоў даў інтэрвію для радыё “Свабода”, хваліў Лукашэнку і сьцьвярджаў, што дэмакратыі на Беларусі значна больш, чым у Расеі – ну і што, зьбіла міліцыя нейкія там 30 чалавек…

Цяпер Сьпіваковым нашых людзей ужо ня зьдзівіш. Трэба нешта сэнсацыйнае. Моцны ход зрабіла ў свой час маскоўская фірма “Саманта” (якую ачольвае колішні мянчук Уладзіслаў Цяцерын), запрасіўшы ў Менск славутую Мантсэрат Кабалье. Колькі было шуму! Канцэрт быў абвешчаны эксклюзыўным – можа, таму, што квіткі каштавалі ад 70 да 140 даляраў. (У “Metropolitan Opera” квіток на канцэрт з удзелам тамтэйшых зорак каштуе максымум 25 даляраў – пры тым, что заробкі ў жыхароў Нью-Ёрку зусім не такія, як у нас.) Найдзіўнейшае, што гэтыя квіткі распрадаліся за некалькі дзён. Са словаў сп.Цяцерына, ганарар для сьпявачкі быў вызначаны ў памеры 43 тысячы даляраў, і частку грошай Кабалье хацела атрымаць гатоўкай. Канцэрт мусіў адбыцца 7 сакавіка 1996 году ў залі Беларускай Опэры. Паводле асабістага загаду Лукашэнкі (які меў намер наведаць гэтую імпрэзу ў кампаніі свайго афіцыйнага госьця Слабадана Мілошавіча), сьпявачцы быў падрыхтаваны фэшэнэбэльны прыём. Як распавядаў сп.Цяцерын, “спадарыня Кабалье мелася жыць у рэзыдэнцыі разам зь югаслаўскім прэзыдентам, які прыехаў у Менск. Усе мусіла быць вельмі прыгожа...”.

Аднак – згодна з традыцыйнымі законамі жанру – у апошнюю хвіліну Кабалье захварэла, а канцэрт быў перанесены на 28 траўня. Гэтая навіна яшчэ дадала адрэналіну менскім аматарам. Багатыя ўладальнікі білетаў хваляваліся, ці не прападуць іхнія грошы, а бедныя інтэлігенты ціха злараднічалі. Яны добра разумелі адну істотную рэч: Кабалье сп.Цяцерына – гэта зусім ня тая Кабалье, якая ў 1970-х сьвяткавала свае неверагодныя трыюмфы на лепшых сцэнах сьвету. У 1985 годзе яна перанесла апэрацыю з прычыны дабраякаснай пухліны мозгу, і гэтая хірургічная працэдура ў значнай ступені разбурыла ейны сьпявацкі апарат. Дый жаночыя галасы зазвычай рана старэюць, а Мантсэрат на той час, паводле найсьціплейшых падлікаў, было 63 гады. І калі канцэрт-такі адбыўся (а праз пару дзён яго паказала Беларускае тэлебачаньне), кожны чалавек з нармальнымі вушамі і непрадузятым розумам мусіў у гэтым упэўніцца.

Аднак Кабалье і ў 90 год застанецца легендай, за якую варта плаціць немалыя грошы.

А сёлета “Кляс-клюб” прапанаваў нам тавар зусім іншага ўзроўню. Любоў Казарноўская! “The hottest Russian soprano”! (Ці, як пішуць у расейскіх часопісах, – “самое горячее русское сопрано”, хоць нават дзецям вядома, што слова “hot” на сучасным амэрыканскім слэнгу азначае “сэксуальны”.) Спн.Казарноўская, і праўда, выглядае прывабна: бездакорная постаць, плятынавы блёнд, вочы з павалокаю… Нездарма ж яна шмат гадоў практыкуе разьдзельнае харчаваньне, займаецца шэйпінгам паводле сыстемы Джэйн Фонды і штодзень наведвае трэнажэрную залю! Гэткае руплівае дбаньне пра сваю цялесную кандыцыю вельмі дапамагло ёй пры выкананьні партыі Саламеі ў аднайменнай опэры Р.Штраўса. Як вядома, Саламея мусіць ня толькі сьпяваць, але й танцаваць эратычны “танец 7 пакрывалаў”, пад канец якога яна застаецца зусім голай. Аднак мала хто зь сьпявачак дагэтуль наважваўся на такую авантуру. Нават славутая Эмі Дэстын, якая публічна дэкляравала сваю свабоду ад якіх-колечы маральных абмежаваньняў (у знак чаго ейнае цела было скрозь пакрыта татуіроўкамі), выступаючы ў ролі Салямэі на бэрлінскай прэм’еры 1905 году, палічыла за лепшае скарыстаць з паслугаў дублёркі. А першая выканальніца гэтае ролі, нямецкая сьпявачка Марыя Вітых, увогуле сказала, што “Салямэя” – гэта сорам і агіда.

На абсягах былой савецкай імпэрыі Казарноўская вядомая зусім зь іншых прычынаў. Яна – жывое ўвасабленьне казкі пра Папялушку, прычым у тыпова “саўковым” варыянце – з чужаземным багатым Прынцам, які выратоўвае яе ад ўбогай расейскае долі і звозіць на Захад, дзе яны жывуць доўга і шчасьліва. У жыцьці Казарноўскай ролю Прынца адыграў прадусэр Венскай опэры Робэрт Росцык. Пры канцы 1980-х калектыў Опэры апынуўся ў цяжкім фінансавым становішчы, і Росцык быў заняты пошукам прыстойных сьпевакоў, якія б задаволіліся сьціплымі ганарарамі. А дзе шукаць танных талентаў, калі не ў Расеі? У Санкт-Пецярбургу ён і стрэўся з Папялушкай у студзені 1989-га; у сакавіку адбылося вясельле…

Казарноўская стала выступаць на Захадзе. Мо для расейскіх “дзяржаўнікаў” гэта дастатковая нагода, каб ёю ганарыцца (і купляць білеты на ейныя канцэрты), але звычайныя цьвярозыя людзі патрабуюць больш інфармацыі пра артыстычную вартасьць таго, што ім прапануюць. Прафэсійны статус Мантсэрат Кабалье несумненны хаця б з той прычыны, што яна запісала сотні кружэлак, якія ў мільёнах асобнікаў разышліся па ўсім сьвеце… Тое самае можна сказаць пра нашу Марыю Гулегіну. Што ж тычыцца посьпехаў Казарноўскай, дык пра іх мы ведаем мала – хіба толькі тое, што распавядае сама сьпявачка ў сваіх расейскіх інтэрвію. Але ні разу я не трапляла на ніводную згадку пра Казарноўскую ў спэцыялізаваных часопісах па опэрным мастацтве.

Затое я памятаю Ўсесаюзны конкурс вакалістаў імя Глінкі, што адбываўся ў Менску ў 1981 г. На тым конкурсе Казарноўская здабыла трэцюю прэмію. Многія з прысутных лічылі гэткі вынік несправядлівым: добрых вакалістаў было мала, а Казарноўская сьпявала вельмі ахайна – хіба што голас у яе быў невялічкі і ня надта выразьлівы.

Зважыўшы на ўсе згаданыя меркаваньні, я рашыла, што 52 мільёны рублёў старымі грашыма – а менавіта столькі каштаваў білет у партэр, – завысокая сума ў параўнаньні з асалодай, якую можна чакаць ад сьпеваў Казарноўскай. Дый імпрэза называлася неяк падазрона – “Мой канцэрт на БІС”. Добрыя канцэртныя праграмы так не называюцца; якасныя праграмы ўвогуле не патрабуюць аніякай рэклямы. (Паспрабуйце дзеля экспэрымэнту павесіць дзесьці ў цёмным кутку бляклую абвестку пра канцэрт Марыі Гулегінай – і вы ўбачыце, праз колькі хвілін у горадзе пачнецца сапраўдная гістэрыя.) Зрэшты, у касе былі яшчэ білеты па 26 мільёнаў і “танныя” – па 13. Гэткія грошы таксама здаваліся мне празьмернымі, таму я зьвярнулася па параду да адной шаноўнай асобы ў Беларускай Опэры. Мяне цікавіла, ці ўдасца мне трапіць у залю праз службовы ўваход, – ну, а месца для сабе я заўжды адшукаю. “Нават і не спадзявайся!” – рашуча запэўніла мяне шаноўная асоба. – “Кляс-клюб” паставіць на ўваходах у залю сваю ахову і будзе правяраць білеты. Лепей спрабуй патэлефанаваць іхняму кіраўніцтву”.

Кіраўніцтва запэўніла мяне, што іхныя кантакты з журналістамі “адбываюцца на безграшовай аснове. Мы забясьпечваем іх усімі неабходнымі матэрыяламі, даем ім магчымасьць наведаць прэс-канфэрэнцыю і задаць пытаньні. Але ў абмен на гэта мы хочам, каб яны друкавалі анонсы, дый увогуле – вы разумееце…” Дзякуй, не дачакаеце.

На шчасьце, ёсьць яшчэ на сьвеце добрыя людзі, і за паўгадзіны перад канцэртам у мяне ў кішэні ляжаў ільготны квіток, якія давалі салістам Опэры, коштам 620 тысяч старых рублёў. (Перад канцэртам Кабалье салістам прапанавалі ўваходныя па 15 даляраў, але потым зьлітаваліся і далі ім дармовыя запрашальныя білеты ў аркестравую яму.) Ужо на падыходзе да тэатру было відавочна, што ніякага аншлягу ня будзе. Ганак быў амаль пусты. Перад касай тоўпіўся народ: як пазьней высьветлілася, арганізатары сьпешна прадавалі ўваходныя па 5 мільёнаў. Калі тыя квіткі скончыліся, касіры сталі прадаваць студэнтам дарагія білеты з разьліку “1 мільён – 1 студэнт”, так што студэнцкая моладзь трапляла ў тэатар вялізнымі групамі. Аднак, нягледзячы на ўсе захады, амаль траціна залі пуставала. Нават ў партэры засталося багата свабоднага месца, а на бальконе туляліся толькі тыя, каму карцела падчас канцэрту добра павесяліцца.

Канцэрт уражваў ужо самой праграмай. Тут была музыка на кожны густ: опэрныя арыі, цыганскія рамансы, нэапалітанскія песьні, арыя з апэрэты, мэлёдыі з папулярных брадвэйскіх м’юзыклаў і джазавыя стандарты… Усё разам больш годнае рэстарану, чымся падмосткаў акадэмічнага тэатру. Ну, і ў дадатак – “адпаведная” манера сьпеву, цалкам аднолькавая як у цыганскім рамансе, так і ў джазе. Сьпявачка тупала нагой, біла кулаком у грудзі, тыкала ўказальным пальцам у залю… Што ж да самога голасу, дык ён за апошнія 20 гадоў пашырэў, пабольшаў, стаў боўтацца з боку ў бок і зь вялікай цяжкасьцю ўздымацца на высокія ноты. Часамі “сусьветная славутасьць” скандальна фальшывіла… Адзіным прыемным выняткам была сцэна ліста Тацяны з опэры “Яўген Анегін” – тут яшчэ адчуваліся ўрокі мудрых настаўнікаў з Маскоўскай кансэрваторыі. Аднак, шчыра кажучы, нават і гэты нумар праграмы быў ані крыху ня лепшы, чымся сьпевы нашых Наталі Кастэнкі ці Наталі Залатаровай (на жаль, абедзьве яны ўжо таксама зьехалі на Захад).

Найдзіўнейшым для мяне было тое, якім чынам у гэтую “рэстаранную” гісторыю трапіў прафэсар Маскоўскай кансэрваторыі Важа Чачава – ён акампанаваў сьпявачцы на фартэпіяна. Паважны музыка, вядомы сваёй суворасьцю ў пытаньнях мастацтва, глыбокі знаўца камэрнага рэпэртуару і нязломны змагар за жанравую чысьціню – як дазволіў ён гэткія зьдзекі з добрага густу і навошта сам у іх удзельнічаў? Многія ж яшчэ памятаюць, як ён забараняў сваім сьпявачкам – Ірыне Архіпавай і Алене Абразцовай – разбаўляць камэрныя праграмы опэрнымі арыямі, ня кажучы ўжо пра апэрэту ці “цыганшчыну”. А зараз ён – стары ўжо чалавек! – самохаць апынуўся ў чужым для сябе рэпэртуары, у якім паказаў сябе зусім ня лепшым чынам… Навошта?

Ладная частка публікі, не зважаючы ні на што, старанна пляскала ў далоні. Добрасумленныя гражданы паслухмяна верылі, што канцэрт цудоўны, сьпявачка дасканалая, а праграма вышуканая. Гэтак жа паслухмяна тыя людзі, напэўна, ішлі да выбарчых урнаў… Вернай дарогай ідзяцё, таварышы! Але, на шчасьце, большасьць нашых людзей усё ж верыць уласнаму вуху, а ня казкам рэклямадаўцаў.