На менскую піваварню, кошт якой ацэньваюць у $200 млн, прэтэндуе шэраг міжнародных кампаніяў. Інфармацыя пра тэндэр у Беларусі не праходзіла, пра яго стала вядома з расейскіх СМІ.

Паводле расейскай газэты «Коммерсант», на продаж выстаўлены холдынг «Крыніца», які ўключае ў сябе бровары ў Менску, Берасьці і буйнейшага айчыннага вытворцу соладу «Белсолад». Гэтую інфармацыю пацьвердзілі старшыня канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка і дырэктар «Крыніцы» Рыгор Піткевіч. Холдынг ахоплівае каля 40% піўнога рынку Беларусі. Таму ня дзівіць той факт, што на першым этапе ў тэндэры прымала ўдзел адразу пяць міжнародных кампаніяў. У другім этапе з кампаніяў SABMiller, BBH, Heineken, Sun InBev і Detroit Belarus Brewing Company засталіся першыя тры.

Цікавасьць да беларускага піўнога рынку невыпадковая. Ён ацэньваецца як пэрспэктыўны. Паводле расейскіх экспэртаў, рост беларускага піўнога рынку ў мінулым годзе складаў 28% супраць 12% росту ў Расеі. На сёньня два беларускія бровары маюць замежных інвэстараў: кампанія BBH набыла менскую «Аліварыю», а Detroit Investments сумесна з IFС і А1 кантралюе бабруйскую піваварню «Сябар». Варта нагадаць, што спроба прадаць менскую «Крыніцу» будзе другой па ліку. У 2000 годзе расейская «Балтыка», што належыць дацка‑швэдзкай групе BBH, зьбіралася набыць кантрольны пакет акцыяў бровару за $50 млн. Беларускія ўлады неўзабаве перадумалі прадаваць «Крыніцу». Пералічаны «Балтыкай» першы і апошні транш у памеры $10,5 млн, быў вернуты толькі ў 2005 годзе.

Характэрна, што інфармацыя пра тэндэр у Беларусі зьявілася толькі пасьля таго, як ён адбыўся, і ў расейскіх СМІ. Вынікі тэндэру стануць вядомыя праз паўтара месяца.

Сямён Печанко