АБ УСІМ ПАТРОХУ


 

спорт

 

Пераможцы з-над Прыпяці

 

Мазырская «Славія» за тры туры да заканчэньня чэмпіянату Беларусі па футболе становіцца ўладальніцай залатых мэдалёў

 

Ад самага пачатку сэзону акрэсьліліся дзьве заяўкі на чэмпіёнства – ад менскага «Дынама» ды мазырскай «Славіі».

Увесну менчукі апярэджвалі «Славію». Улетку, пасьля ад’езду ў кіпрскую «Саламіну» галоўнага «забівалы» менчукоў — Аляксандра Вяжэвіча – іхныя справы пайшлі горай… «Славія» пачала адрывацца ад супернікаў. І тут – дзіўная мэтамарфоза ля штурвалу мазырскага клюбу. Каманда ідзе ў першым радку турнірнай табліцы, ня мае ніводнай паразы, і раптам — зьмена галоўнага трэнэра. Замест Аляксандра Кузьняцова ля руля «Славіі» стаў югаслаў Улада Пэтравіч, які дапамагаў Вуядзіну Божкаву рыхтаваць зборную Югаславіі да EURO’2000. Адразу ж са зьменай рулявога «Славія» пачала губляць ачкі, і ў апошнім туры першага кругу дома саступіла 0:1 менскім «дынамаўцам», якія ўжо дыхалі мазырчукам у сьпіну…

Аднак, відаць, у перапынку між фазамі чэмпіянату югаслаўскі трэнэр знайшоў паразуменьне з камандай. «Славія» не давала менчукам шанцаў наблізіцца да сябе, здабываючы перамогу за перамогай.

19 кастрычніка. 27-ы тур чэмпіянату. Менскае «Дынама» едзе на гульню ў Барысаў да леташняга пераможцы першынства – «БАТЭ», які зараз на трэцяй пазыцыі. Вельмі цяжкая гульня, улічваючы станоўчы для барысаўцаў балянс апошніх гульняў паміж супернікамі. «Славія» дома мае толькі адно пытаньне ў сустрэчы зь «Лідай»: колькі закаціць беднаму аўтсайдэру са сталіцы беларускага піваварства?.. І сапраўды: у той гульні на берагох Прыпяці ў гаспадароў не было праблемаў — 5:0! Праблемы былі ў менскага «Дынама» ў Барысаве. «БАТЭ» вырашыў дапамагчы «Славіі» ды заадно пакінуць сабе шанец на срэбра – 3:1 – вікторыя «жоўта-сініх», якой больш радаваліся не ў Барысаве, а ў Мазыры. «Славія» стала недасягальнай для «Дынама». Мазырчукі робяць у гэтым сэзоне дубль – да выйгранага Кубку Беларусі дадаецца цяпер першае месца ў чэмпіянаце. А менчукам яшчэ трэба абараніць сваё срэбра: «БАТЭ» ня траціць надзеі вырвацца на фінішнай прамой з-за сьпіны дружыны Паўла Раднёнка ды ўскочыць у другі вагон беларускага футбольнага цягніка.

Богусь Біятлянёнак


 

ДзяржУрнаЛіст

Таварыш Екель, старшыня Беларускага саюзу журналістаў, напярэдадні чарговага зьезду сваёй арганізацыі даў інтэрвію БелТА, дзе заявіў, што "журналісты павінны служыць інтарэсам дзяржавы, у гэтыя нялёгкія часы станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці і новай эканомікі працаваць на стварэньне, а не на разбурэньне, як гэта робяць прадстаўнікі выданьняў, якія называюць сябе незалежнымі".

Калі б не апошнія словы, дык можна было засумнявацца: а мо гэтая старая цытата з таго, што Леанід Екель казаў у брэжнеўскія часы, калі было "ўсё для чалавека, усё ў імя чалавека", ды ўсе ведалі гэтага чалавека.

Нечакана тав.Екеля падтрымаў таварыш Лукашэнка. У віншаваньні дзясятаму зьезду дзяржурналістаў ён напісаў: "На жаль, усё часьцей праяўляецца трывожная тэндэнцыя сучаснасьці - адыход ад чалавека. Так здараецца, што на зломе эпохаў адбываецца пераацэнка духоўнае спадчыны, падвяргаецца сумненьню тое, што зьяўляецца ўнікальным набыткам нацыі".

Хто ў нас унікальны набытак нацыі, напэўна, таксама ўсе ведаюць. Таму, таварышы дзяржаўныя УрнаЛісты, трымайцеся яго, не адыходзьце!

Зьміцер Калярадзкі


 

Ды-джэі Адраджэньня

16 кастрычніка ў Менску стартавалі Трэція курсы ды-джэяў Адраджэньня. Падрыхтоўку ўнівэрсальных спэцыялістаў у сфэры шоў, PR, інфармацыйных тэхналёгіяў, крэатыву й грамадзкага лідэрства сярод падлеткаў і моладзі ажыцьцяўляюць цягам 3-х месяцаў на панядзелкавых сэмінарах трэнэры з Маладога Фронту, “Маладога Адраджэньня” і ЗБМ “Эўрапейскі шлях”.

Рэйтынгі, выпрабаваньні, адмысловыя заданьні й інтэрактыўны рэжым заняткаў дазваляюць вылучыць сярод удзельнікаў групу лепшых, якія ў выніку й атрымліваюць адмысловыя сэртыфікаты DJ Адраджэньня, пэрспэктыву працы ў грамадзкім сэктары Беларусі й магчымасьць палітычнае кар’еры.

Першыя два выпускі “духовага спэцназу”, як называюць DJ-яў самі арганізатары праекту, сталіся сапраўдным фурорам у беларускім моладзевым руху. У ліку дыплямаваных DJ-яў Адраджэньня апынуліся і вундэркінды-праграмайстры, і паліглёты, і пераможцы рэспубліканскіх вучнёўскіх алімпіядаў, і таленавітыя маладыя мастакі, музыкі, журналісты. Сёньня палова DJ-яў — у кіраўніцтве Маладога Фронту й шэрагу грамадзкіх ініцыятываў.

Уваход на курсы вольны. Кантактныя тэлефоны: 245-97-54, 284-50-12 (Павал).

Малады Фронт


 

Майстэрства трох Інструмэнтаў

Пазаўчора ў Менску ладзілася першае нацыянальнае сьвята-конкурс выцінанкі “Ажурныя фантазіі”. Усяго на фэстываль прыехалі 45 чалавек, найбольш зь Віцебшчыны й Меншчыны. На фэстывалі прысутнічалі й “вэтэраны” выцінанкі, сярод якіх Вячаслаў Дубінка – ён раздаваў пасьлядоўнікам аўтографы на выдадзеным гэтымі днямі шыкоўным альбоме сваіх найлепшых работ.

Па заканчэньні конкурсу прафэсіяналаў адбылося спаборніцтва аматараў, што даводзіць – выцінаньнікам можа стаць кожны, для гэта патрэбны ўсяго толькі тры інструмэнты — папера, нажніцы й фантазія.

Віктар Мухін