З усёй краіны

 

Дзяды

Увесь мінулы тыдзень у Курапатах шчыравалі людзі. Сябры “Мартыралёгу Беларусі” вывозілі машынамі гальлё і сьмецьце, ставілі новыя крыжы.

У пятніцу на “беларускай Галгофе” – на версе курапацкай гары – паставілі два крыжы, якія завершылі мастацкую кампазыцыю “Крыжы памяці”. У ёй адзін крыж – рыма-каталіцкі, другі – праваслаўны і трэці – уніяцкі. Да Дзядоў крыжоў у Курапатах ужо стаяла 20: жалезныя, драўляныя, вялізныя ды малыя.

Мая Кляшторная, актывістка “Мартыралёгу Беларусі”, кажа: “Да нас прыяжджалі дапамагчы студэнты, дык у некаторых ажно голас дрыжэў. Яшчэ і ўчора бачылі косткі, адзін хлапчына да мяне падыходзіць і кажа: “А там рука валялася, я яе закапаў…” А было і так, што мяхамі ў яміны косткі засыпалі…”.

Сярод тых, хто ўсклаў кветкі ў Курапатах у суботу, была і спн.Козак, жонка новага пасла ЗША ў Менску.

Учора людзі з розных куткоў Беларусі прывезьлі ў Менск яшчэ тры дзясяткі крыжоў, каб паставіць у Лесе Крыжоў. Пранесьлі іх ад Парку Чалюскінцаў да Курапатаў і пад гукі “Рэквіему” Моцарта паставілі сярод лесу.

Андрусь Белавокі

 

Шэсьце 12 лістапада

25 кастрычніка лідэр «Маладога Фронту» П.Севярынец, намесьнік старшыні МФ А.Чарняеў і адзін з кіраўнікоў аргкамітэту новастворанага аб’яднаньня «Маладзёвая Салідарнасьць» Ц.Дранчук падалі заяўку на правядзеньне 12 лістапада ў сталіцы шэсьця й мітынгу пад лёзунгам «Пераменаў!». Збор удзельнікаў шэсьця заплянаваны ля будынка Акадэміі Навук а 18-й. У 18.30 пачнецца шэсьце па праезнай частцы пр.Скарыны да Кастрычніцкай пл., дзе з 19.30 да 20.00 пройдзе мітынг. Колькасьць удзельнікаў акцыі — да 50 тысячаў.

Выбары адбудуцца да 27 верасьня

Лідзія Ярмошына заявіла, што прэзыдэнцкія выбары адбудуцца налета не пазьней за 27 верасьня. Улетку частка сярэдняе клясы і студэнцтва ад’яжджаюць на адпачынак, і ўлады разьлічваюць выйграць на гэтым. Прэм’ер Ярмошын ня зможа ўзяць удзел у выбарах, бо ён не ўраджэнец краю, сказала Ярмошына.

Лукашэнка аддасьць паўнамоцтвы парлямэнту?

Аляксандар Лукашэнка ўчора заявіў, што гатовы падзяліцца з дэпутатамі палаты прадстаўнікоў уладнымі паўнамоцтвамі й дзеля гэтага можа пайсьці на зьмены ў канстытуцыі. Ён таксама не выключае магчымасьці правядзеньня новага рэфэрэндуму дзеля гэтага.

Ю.С.

Горадня галасавала супраць усiх

Цiкавыя высновы можна зрабiць, калi прааналiзаваць афiцыйныя зьвестки пра вынiкi выбараў 15 кастрычнiка ў трох акругах Гораднi. 30% тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткi, прагаласавалi супраць усiх кандыдатаў цi наўмысна сапсавалi бюлетэнi. Лідэр прадпрымальнікаў гораду В.Леванеўскі думае, што гэтыя 40 000 з 120 000 выбарцаў загналi на выбары сiлай.

Лукашэнка й Кадафi

31 кастрычніка А.Лукашэнка выпраўляецца зь візытам у Лібію. За 8 месяцаў 2000 г. таваразварот паміж Беларусяй і Лібіяй склаў 1558,3 тыс. даляраў. Беларусь прадае ў Лібію фотахімікаты, фотапласьцінкі і фотастужкі, драты ізаляваныя, кабэлі, шыны.

Падаткаў ня зьнiзяць

Як і раней, беларусы будуць аддаваць на патрэбы дзяржавы 30% сваіх даходаў. Урадоўцы скоса паглядаюць на Расею, дзе зьнізілі падаходны падатак зь фізычных асобаў да 13%.

Інфляцыя – 6% у месяц

За першыя два тыдні кастрычніка спажывецкія цэны ў краіне вырасьлі на 2,9%. З пачатку году цэны ў Беларусі выраслі на 83,3% (за гэты ж пэрыяд 1999 г. — у 2,57 раза).

У Гомелі пабудавалі марскі карабель

У Гомелі спусьцілі на ваду першы ў краіне цеплаход клясы “рака-мора”. Карабель на замову Беларускага рачнога параходзтва будавалі на Гомельскім суднарамонтным-суднабудаўнічым заводзе амаль 4 гады. Але Беларусь яшчэ ня хутка зробіцца марской дзяржаваю: каманда цеплаходу разам з капітанам В.Булём складае ўсяго 7 маракоў. 5000 беларускіх марскіх спэцыялістаў ня маюць працы, бо прадпрыемствы ахвотней карыстаюцца для перавозак чыгункаю. Пры падзеле маёмасьці былога Саюзу ад сваёй долі марскога флёту беларускае кіраўніцтва неабачліва адраклося.

БАРЦ не зарэгістравалі

Беларускай Асацыяцыі Рэсурсавых Цэнтраў, якая каардынуе працу дзясяткаў беларускіх няўрадавых арганізацый, адмовілі ў перарэгістрацыі. Такім чынам улады хочуць падарваць зладжанасьць дзеяньняў незалежнага беларускага грамадзтва, лічаць у БАРЦы.

Зьменшыліся шкодныя выкіды

Беларускiя хімічныя прадпрыемствы больш ня будуць зьнiшчаць азонавага слою. Сусьветны банк і Глябальны экалягічны фонд дапамаглi iм набыць новае бясшкоднае абсталяваньне. Праект пачаўся ў 1997 г. i каштаваў больш за 10 млн. даляраў. Каля 700 т азонаразбуральных рэчываў вывелi з выкарыстаньня на 6 прадпрыемствах краіны.

Эпiдэмiя гепатыту пад Прапойскам

У вёсцы Ржаўцы Прапойскага раёну — эпiдэмiя гепатыту А. 50 чалавек, у асноўным малых, захварэлi з-за таго, што мусiлi пiць ваду з адкрытых калодзежаў, бо не ставала сродкаў на рамонт вадаправоду.

Іртуць у Гомелi

25 кастрычнiка ў калiдоры гомельскай стаматалягiчнай палiклiнiкі па вул. Сялянскай, 21 знайшлi разьлiтую ртуць. Усяго сабралi 150 г вадкага мэталу. Пакуль невядома, як атрута трапiла ў палiклiнiку.

Баран забіў жанчыну

У вёсцы Сямёнава на Дрысеншчыне баран зьбіў з ног і ўдарыў рагамі па галаве кабету, якая заганяла скаціну ў хлеў. Тая памерла.

Някляеў вернецца ў Гельсынкі

У.Някляеў пры канцы кастрычніка вернецца ў Гельсынкі для завяршэньня працы над «фантасмагорыяй, заснаванай на рэальных матывах нашага нядаўняга жыцьця». Працаваць ён будзе яшчэ год-паўтара, а потым вернецца на радзіму.

Прэзэнтацыя “Nihilu”

У Беларускім калегіюме прайшла прэзэнтацыя другога выпуску літаратурнага альманаха “Nihil”, рэдагаванага паэтам Міхасём Баярыным. У гэты раз выпуск багата ілюстраваны С.Ждановічам, але палова тэкстаў друкуецца па-расейску.

Беларускія мастакі
ў Рыме

28 кастрычніка ў Рыме ў прэстыжнай залі «Брамантэ» (пры царкве Санта Марыя дэль Попалё) пачаліся Дні беларускага жывапісу ў Італіі. Працягнуцца яны да 15 сьнежня. Італьянцам паказваюць свае творы Л.Шчамялёў, У.Тоўсьцік і А.Бараноўскі, В.Альшэўскі, В.Шкаруба, У.Кожух і У.Зінкевіч. Пасьля Рыму выставу пабачаць у Нэапалі, Міляне, Падуі, Балёньні.

Падрыхтаваў
Алесь Кудрыцкi

Махінацыі ў Кутах

У вёсцы Куты Вялейскага раёну выбарчая камісія езьдзіла ўчора на паўторнае галасаваньне без запрашэньня і бяз урны. Тыкалі людзям бюлетэні і складалі іх у звычайную папачку. Праца на даверы, адным словам.

А.С.