Алесь Аркуш

Адзін рады не дасі

 

Выбары шмат чаму вучаць. Любыя — дэмакратычныя і недэмакратычныя. Усё паўстае ў сваіх рэальных абрысах і маштабах. Зьнікаюць міты. Узяць тую ж партыю лібэральных дэмакратаў. Можна стварыць рэгіянальныя партыйныя структуры, можна выставіць па ўсіх выбарчых акругах сваіх кандыдатаў. Але ці заваюеш гэтым рэальную палітычную вагу? На Полаччыне пад штандары лібэральнай дэмакратыі сталі мэханікі будаўнічага трэсту. Зразумела, тутэйшыя “элдэкі” ня мелі ніякіх шанцаў на посьпех. І міт уплывовасьці ЛДПБ абрынуўся, як падсохлая пясочная вежа.

 

Палітыка маргіналаў

Ва ўсім сьвеце палітыку ў краіне робяць банкіры, бізнэсоўцы, прамысловая эліта, кіраўнікі розных галінаў улады. У Беларусі ствараецца ўражаньне, што палітыкай займаецца толькі адзін чалавек плюс мэханікі. Ці не таму не атрымліваецца ў Беларусі сапраўднае, уласнае палітычнае жыцьцё?

Гэткія ж праблемы, як у ЛДПБ, маюць усе астатнія беларускія партыі. Спроба залучыць у Аб’яднаную Грамадзянскую Партыю прагрэсыўных кіраўнікоў прадпрыемстваў скончылася няўдачай. Таму сьмешна выглядае, калі кіраўнік апазыцыйнай партыі ў правінцыі сустракаецца па завугольлі са сваімі аднапартыйцамі-маргіналамі, якія ня маюць ніякага ўплыву ў сваім горадзе. У той самы час пра гэтага кіраўніка апазыцыйная прэса піша як пра рэальнага кандыдата на прэзыдэнта.

А стварэньне палітычных мітаў — небясьпечная рэч. Своеасаблівы наркотык, які да непазнавальнасьці скажае рэчаіснасьць. Што застаецца рабіць? Прынамсі, трэба быць рэалістамі. Шукаць расколіны ў сёньняшняй кіраўнічай эліце. Яны даўно ёсьць.

 

Клопат пра дзяцей

Расейская палітычная эліта пэрыядычна зьбіраецца разам, каб узьняць келіхі з шампанскім, — або ў Астанкіне, напярэдадні Новага году, або ў Крамлі, з нагоды дзяржаўных сьвятаў. Тут можна пабачыць усіх — ад Зюганава да Чубайса зь Нямцовым, увесь палітычны спэктар за выняткам зусім ужо маргіналаў. Улада ў Расеі належыць эліце. Нават Ампілаў мае каліва ўлады. Выбары, парлямэнцкія й прэзыдэнцкія, толькі нязначна пераразьмяркоўваюць гэтую ўладу. Выбары — як вялікі пасьянс, карты з палітычнымі лідэрамі калектыўна парадкуюцца на новы палітычны сэзон. Але, якія б вынікі ні прынесьлі выбары, усё адно з расейскага палітычнага Алімпу не прападзе ніводзін Пачынок або Шохін. Усім ім знойдзецца месца.

Зусім іншая справа зь Беларусяй. Улада тут не належыць усёй тутэйшай эліце. І гэта яскрава сьведчыць аб залежнасьці краіны. Палітыка Беларусі не фармуецца выключна з уласных інтарэсаў. Уласныя інтарэсы можа адстойваць толькі ўся эліта разам. У сёньняшніх умовах краіна мусіць прыстасоўвацца да чужых геапалітычных стратэгіяў. Беларусь сёньня ня мае агульнага кіраўніцтва. Лукашэнка толькі імітуе, што ў яго ўсё пад кантролем. Кантроль міліцэйскага гумовага дручка не зьяўляецца эканамічным або палітычным фактарам. Адзін чалавек ня можа замяніць сабой усю эліту. Таму Беларусь ня ёсьць паўнавартаснай незалежнай краінай. Немагчыма ўявіць, каб недзе сабраліся разам хаця б самыя вядомыя беларускія палітыкі: ад Лукашэнкі, Мясьніковіча, Шэймана і Ярмошына — да Пазьняка, Шушкевіча, Чыгіра і Вячоркі.

Гэткая ж гісторыя адбываецца зь беларускімі рэгіянальнымі элітамі. На Полаччыне, бадай, ёсьць усяго тры-чатыры чалавекі, якія разумеюць і адстойваюць уласныя рэгіянальныя інтарэсы. Гэтыя людзі публічна кажуць пра патрэбу аб’яднаньня двух гарадоў — Полацку й Наваполацку, пра зьмяншэньне долі шкоднай хімічнай прамысловасьці, пра перагляд палітыкі разьмеркаваньня даходаў рэгіянальных прадпрыемстваў і г.д. Але ні пра якія вынікі іх дзейнасьці пакуль ня можа быць і мовы, бо большасьць мясцовых кіраўнікоў нагадвае каляніяльных намесьнікаў.

У Полацку, аднак, ёсьць месца, дзе ўся тутэйшая эліта зьбіраецца разам — Полацкая нацыянальная гімназія. Тут вучацца дзеці і кіраўнікоў суполак апазыцыйных партыяў, і гарвыканкамаўскіх работнікаў. На бацькоўскіх сходах уяўныя ворагі сядзяць за аднымі партамі. Клопат пра дзяцей, напэўна, і ёсьць тое агульнае, што здатна аб’яднаць краіну.