Беларусы будуць галасаваць за Буша

 

У бальшыні сваёй беларусы будуць галасаваць за Буша. Ёсьць шмат прычын, чаму яны прагаласуюць менавіта так. Джордж Буш-малодшы — кандыдат Рэспубліканскае партыі, зь якой у беларускай дыяспары ЗША даўно ўсталявалася плённае супрацоўніцтва. Неяк так атрымліваецца — ці ня з той прычыны, што дэмакраты больш левыя за рэспубліканцаў — што адміністрацыі дэмакратаў заўсёды здаваліся эмігрантам больш акрэсьлена масквафільскімі, у той час як палітыка рэспубліканцаў была больш узважанай. Трэба таксама памятаць, што менавіта за рэспубліканцаў Рэйгана і Буша была разваленая Імпэрыя Зла — Савецкі Саюз, і Беларусь атрымала незалежнасьць. Істотную ролю ў выбары беларусаў мае таксама эканамічная палітыка Буша — напрыклад, ягоныя пляны зьменшыць падатковы прэс, які, як на мой канадыйскі досьвед, хоць і лягчэйшы за канадыйскі, але ўсё роўна істотны. Дарэчы, для беларусаў Амэрыкі было непрыемна і агідна назіраць усе тыя шкандалы, якімі восем гадоў была ўпрыгожаная “эра Клінтана”. Але самым, на мой погляд, істотным момантам у выбары беларусаў ЗША зьяўляецца тое, што на працягу васьмі гадоў адміністрацыя Клінтана фактычна ні разу ня выступіла ў абарону незалежнасьці Беларусі. Каб ня цьвёрдая прынцыповая пазыцыя Кангрэсу ЗША, дзе, як ведама, бальшыня належыць рэспубліканцам, то можна было б гаварыць аб фактычнай капітуляцыі Вашынгтону перад Масквой у беларускім пытаньні.

Аналітычны артыкул было б напісаць шмат лягчэй, чымсьці даць вам колькі прычын, чаму беларусы ЗША галасуюць за Буша. Бо тут трэба было б пайсьці ў гісторыю нашае пасьляваеннае нацыянальна сьвядомае хвалі эміграцыі, гісторыю дачыненьняў беларусаў з афіцыйным Вашынгтонам. Неяк так склалася, што рэспубліканцы заўсёды ішлі насустрач беларусам, было моцнае супрацоўніцтва, асабліва ў гады Ніксана й Рэйгана, калі лідэры нашае дыяспары запрашаліся ў Кангрэс ЗША, а нашыя сьвятары маліліся ў Кангрэсе ЗША за Беларусь. Можна шмат чаго прывесьці ў абгрунтаваньне менавіта такога выбару беларусаў. Ён зроблены, з улікам усяе гісторыі дачыненьняў беларускае дыяспары як з рэспубліканцамі, так і з дэмакратамі, а зусім не таму, што мы ў такім захапленьні ад Буша. Дарэчы, выбар Буша як кандыдата ў прэзыдэнты моцна засмуціў беларускую дыяспару, прынамсі палітычна актыўную яе частку. Бо наш кандыдат, сэнатар Маккейн, на жаль, не прайшоў. Але й за Гора галасаваць няма жаданьня. Вядома, цяпер мэдыі ствараюць яму добры імідж. Але праўда застаецца — Гор зусім безаблічны палітык, які хаваўся ў цені Клінтана. На маю думку, наколькі няўдалым быў выбар рэспубліканцаў з Бушам у 1988 г., настолькі няўдалы і сёньняшні выбар дэмакратаў з Горам.

Раман Кардонскі,
Радны БНР, Старшыня Аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня
ў Новай Англіі:


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0