Менскай Кальварыі – 200 гадоў

 

Пры канцы 80-х Кальварыя была для мяне адкрыцьцём. Ейная брама адчынялася ў зусім не савецкі сьвет. У ім тоілася нешта сапраўднае, сваё.

Прыехаўшы ў сталіцу вучыцца, я нават ня ведала спачатку пра існаваньне гэтага касьцёла, старых могілак пры ім. Паказалі мне іх палякі, што вучыліся на нашым факультэце.

Кальварыя зачаравала мяне. То было зачараваньне хрышчанай бязбожніцы, роўнае пачуцьцю, якое перажываеш у маленстве, калі маланка б’е ў клён перад хатай.

З таго часу я часта прыяжджала да Кальварыі на выходныя і блукала, чытаючы надпісы. Пакуль на другім курсе не давялося ўцякаць ад нейкага п’янюгі, які выпаўз з-пад паваленага крыжа. Гэты выпадак надоўга спыніў мае блуканьні…

Першыя згадкі пра Кальварыю ў гістарычных крыніцах адносяцца да 1800 г. Пра гэта распавядае ў сваёй кнізе “Кальварыя”, выдадзенай тры гады таму, менская дасьледчыца Ала Сакалоўская. Дата “нараджэньня” могілак пацьвярджаецца знойдзеным у Дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі прашэньнем шляхціца Васіля Макаровіча, якое той падаў у губэрнскае ўпраўленьне Менску ў чэрвені 1822 году. “У гэтым прашэньні гаворыцца, што Кальварыйскія могілкі былі заснаваныя ў 1800 годзе на зямлі двараніна Васіля Макаровіча, — піша Ала Сакалоўская. – Яго зямля была занятая пад могілкі, гарод, дом (шпіталь), дарогу яшчэ ў 1800 г., калі Васіль Макаровіч быў малалеткам. Межы могілак сьцёртыя ў выніку таго, што яны ўвесь час пашыраліся і займалі сумежную зямлю, якая належала Васілю Макаровічу. Васіль Макаровіч просіць сплаціць грашыма за занятую яшчэ ў 1800 годзе ягоную зямлю”. Улады кампэнсавалі шляхціцу страту і неўзабаве купілі ў яго яшчэ зямлі.

Такім чынам, у 2000 годзе Кальварыі спаўняецца роўна 200 гадоў.

Кніга Алы Сакалоўскай сталася першай спробай вывучэньня старых пахаваньняў на Беларусі. У сакавіку сёлета выданьне было ўганараванае прэміяй імя Багушэвіча, якую ўручае Беларускі ПЭН-цэнтар.

Спн.Ала – карэнная мянчанка.

— Мяне зь дзяцінства вадзілі на гэтыя могілкі, — кажа яна. — Там было больш за тры дзясяткі магіл нашых родных. Колькі я сябе памятаю – столькі памятаю Кальварыю. Самае старое пахаваньне — з 1905 г., гэта мой прадзед па лініі бацькі. А па лініі маці – брат майго дзеда, які быў пахаваны ў 1909 г. У 45-м годзе бацька памёр, у 46-м памёрла мая бабця, у 51-м — дзед (вось якраз 23 кастрычніка было 49 гадоў зь яго сьмерці)… Кальварыя для мяне – з маленства знаёмыя клады. Мы даглядалі гэтыя магілы, і зараз даглядаем – праўда, усё менш і менш становіцца ўжо нашых родных у Менску…

А ідэя кнігі зьявілася ў будучай аўтаркі даволі нечакана.

— Быў 90-ты год, вясна. Вінцук Вячорка папрасіў, каб я паказала, дзе пахаваны Вацлаў Іваноўскі. Мы дамовіліся, сустрэліся каля брамы, і я паказала тое месца. Тады на магіле яшчэ не было крыжа, крыж быў пастаўлены пазьней. Калі хавалі, то крыж, вядома, быў, але ж зь цягам часу ён проста згніў. Пасьля мы ставілі яго. Пахадзілі па могілках, паглядзелі: там Янка Лучына пахаваны, Ян Баляслаў Луцкевіч… Вячорка кажа: “Добра было б напісаць кнігу пра знакамітых людзей, якія тут пахаваныя”. Я думала над гэтым, і мне прыйшла такая думка ў галаву: я яшчэ, магчыма, ня ведаю ўсіх знакамітых людзей, якія тут пахаваны! А можа, там іх яшчэ больш? А калі захавалася магіла, якой, скажам, 150 гадоў, 200, ці нават 100, то гэта ж таксама каштоўнасьць. Нават камень, якому шмат гадоў, проста камень – і то лічыцца каштоўнасьцю. А там жа — людзі!

Спачатку спадарыня Ала вырашыла проста перапісаць усіх, хто пахаваны на Кальварыі. Аднак зрабіць гэта адной было немагчыма. Яна ўзяла толькі тыя магілкі, на якіх стаяць помнікі. “Ужо пры савецкай ўладзе помнікаў ня ставілі, бо людзі былі надта бедныя. Вось і на нашых пахаваньнях няма помнікаў, а ёсьць крыжы. Таму я вырашыла, што апішу помнікі, а гэтую кніжку прысьвячу свайму роду – усяму роду, ня толькі тым, хто знайшоў спачын на Кальварыі. Бо Кальварыя з 1967 г. была зачыненая для пахаваньняў, і некаторыя мае родныя пахаваны ў іншых месцах”. Ала Сакалоўская кажа, што яна прадстаўляе толькі трэцяе пакаленьне менчукоў па матчынай лініі, а па бацькавай нават і ня ведае, якое: “Там, як я сягаю ў глыбіню, то ўсё менчукі!”. Сказала пра ідэю сваёй цётцы, а тая: маўляў, немагчыма Кальварыю гэтак вось перапісаць!.. Але нашая гераіня не здавалася: узяла карткі, аркуш мілімэтроўкі (бо вырашыла, што адразу будзе рабіць карту-схему могілак). Узяла яшчэ й нож, і вядро з вадой: некаторыя помнікі так зарасьлі мохам, што надпісы немагчыма было прачытаць. Часам яна чытала тэксты на плітах пальцамі, навобмацак. Частку іх трэ было ачысьціць, некаторыя проста ўрасьлі ў зямлю, частка ляжыць ніцма. Чытаньне тэксту на гэтых помніках – не жаночая справа. Трэба лом і дужыя мужыкі, каб для пачатку падняць такую каменную глыбу.

“Я ішла алейкамі, радамі, ішла й чытала. На гэта я затраціла тры сэзоны. Тры разы “вясна-лета-восень”. Тры гады. Зімою немагчыма гэта было рабіць. Я сьпісвала ўсё, што напісана на помніку. Пазначала парадкавы нумар. Утварылася вялізная картатэка”. З картатэкай дасьледчыца пайшла ў гістарычны архіў шукаць матэрыялаў аб самой Кальварыі ды касцёльныя мэтрычныя кнігі.

“Я знайшла частку. Гэта, можа, якая дваццатая частка з таго, што было. Як высьветлілася, калі немцы адступалі, у будынак менскага загсу трапіла бомба, і загс згарэў. І ўсё, што там было, згарэла. Але частка кніг чамусьці захоўвалася ў іншым месцы. Цяпер яна ёсьць у гістарычным архіве”. Ала Сакалоўская лічыць, што захаваліся касцёльныя кнігі менскай Катэдры.

“Запісвалася, хто памёр, колькі гадоў пражыў, кім ён быў – ягоны стан, нават у большасьці выпадкаў напісана, з чаго памёр. Затым пазначаецца, каго ён пакінуў пасьля сябе, і ў некаторых выпадках — нават колькі гадоў было жонцы на момант яго сьмерці, колькі – дзецям. Гэта вельмі каштоўная крыніца. Але шукаць – гэта ж праблема! Там жа адначасова рэгістраваліся пахаваньні і на Кальварыі, і на Залатой Горцы. Трэ было кальварыйскія пахаваньні вылучыць. Я павінна была трымаць у галаве вялізную картатэку зь імёнаў людзей, якія сьпісала з помнікаў – недзе паўтары тысячы. Вядома, я нешта прапусьціла. Я знайшла нямнога, крыху больш за сотню людзей, на якія ёсьць ня толькі прозьвішча на помніку, але й запіс у касцёльнай мэтрычнай кнізе”. Гартаючы касцёльныя кнігі, спадарыня Ала бачыла, што сустракаюцца імёны беларускай шляхты. Вырашыла ўключыць у кнігу яшчэ й гэтых людзей, хоць іхнія магілы не захаваліся.

Калі насупраць імені ў кніжцы стаіць літара “а” – значыць, захаваўся толькі архіўны запіс у мэтрычнай кнізе; калі толькі “м” – ёсьць толькі магіла гэтага чалавека. Большасьць у кнізе – менавіта імёны зь літарай “м”. Ці запісу ў архіве не было знойдзена, ці запісы былі ў тых кнігах, якія згарэлі ў вайну.

Праца А.Сакалоўскай была выдадзена ў 1997 г. з дапамогай Чырвонага касьцёла, прадмову да яе напісаў пробашч гэтага касьцёла ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк. Годам раней выйшла кніжка пра Кальварыю і ў Польшчы. (1996 г., Т.Чарняўская і А.Ярашэвіч, “Рымска-каталіцкі цьвінтар Кальварыя ў Менску на Беларусі”, першы том сэрыі “Могілкі на даўніх Усходніх Крэсах Рэчы Паспалітай”). Яна ўяўляе сабой толькі рэестар, пералік імёнаў людзей безь ніякіх зьвестак пра тое, кім яны былі пры жыцьці. Палякі апісалі збольшага толькі магілы каля Кальварыйскага касьцёла.

“Там гэта ўсё падаецца як могілкі на даўніх “крэсах всходніх” — з ухілам у пальшчызну, быццам бы пахаваныя тут адны палякі, — дзеліцца меркаваньнем Ала Сакалоўская.— Шкода, што гэткую кніжку рабілі ў асноўным нашыя навукоўцы. Чытаеш – і робіцца прыкра. Каб гэта палякі пісалі, то яшчэ зразумела. Але пісаць толькі за тое, што ім за гэта заплацілі – я гэтага не разумею”. Дарэчы, згодна з аўтаркаю “Кальварыі”, моваведам і выкладчыцай роднай мовы ў Лінгвістычным унівэрсытэце, многія польскамоўныя надпісы на могілках зроблены паводле правілаў беларускай артаграфіі, з захаваньнем беларускіх моўных асаблівасьцяў. Гэта значыць, што польская мова не была роднай для нашчадкаў пахаваных тут.

Ала Сакалоўская плянуе прадоўжыць працу: уключыць у кнігу імёны ўсіх, хто пахаваны на Кальварыі і пра каго напісана ў архіўных дакумэнтах. Праўда, апошнія запісы ў мэтрычных кнігах зроблены напрыканцы ХІХ ст. “Я яшчэ паспрабую потым схадзіць у загс – можа, там што-небудзь ёсьць? Можа, і ХХ ст. ёсьць запісы? Акрамя таго, ксёндз зробіць аб’яву ў касьцёле (і мы дамо яшчэ ў газэце). Каб людзі, чые родзічы, блізкія, знаёмыя пахаваныя на Кальварыі, зайшлі ў касьцёл і пакінулі пра іх зьвесткі. Гэта будуць і цяперашнія пахаваньні, і 20–40-х гадоў. Бо зноў прайсьці так, як я поўзала там па гэтых магілках – гэта аднаму няможна”. Гэтая жанчына баіцца за лёс Кальварыі. Кальварыю могуць зьнішчыць новымі пахаваньнямі на старых касьцях – ужо тры гады як могілкі зноў адчыненыя для пахаваньняў. Сама яна мае трывожны прыклад магілы свайго дзедавага брата: “Магілка тая з 1909 году, яна парасла барвінкам. Відаць, што крыж пафарбаваны, але мы зьнялі шыльдачку, каб зрабіць новую. Прыходзім, а там ужо стаіць палка і надпіс: “Могіла неухожена. Подлежіт сносу”. Непадалёк ад нашага пахаваньня ёсьць гара, там некалі (мне расказвала мама) былі пахаваныя аўстрыйцы, якія загінулі яшчэ ў першую імпэрыялістычную вайну. А потым — усё ж ворагаў магілы… Яны былі зьнішчаны, і там былі пахаваныя нашы людзі. Ну, людзі ж паміраюць, няма каму становіцца даглядаць за магіламі. Цяпер там усё новае. У мяне ёсьць фотаздымак, зроблены пяць гадоў таму, і цяпер ужо ўсё зусім іншае. Я баюся, што яны не даглядзяць і па тых помніках, што ляжаць паваленыя, могуць якім бульдозэрам прайсьціся. Бо там такі лесапавал ідзе. Усё месца вызваляюць, бо месца – гэта даляры.

Зь іншага боку, добра, што месца гэтае ажыло, людзі болей сталі яго наведваць, і цяпер ня страшна туды заходзіць. Бо было ж боязна, там жа быў “рэстаран “Кресты”, як яго называлі п’яніцы. Цяпер там ёсьць міліцэйскі пост. Я лічу, што трэба, каб ня толькі брама была пад аховай дзяржавы як помнік архітэктуры, але і могілкі. А гэта значыць – і касьцёл, і ўсе помнікі, якія там ёсьць. Яны павінны быць пад аховай дзяржавы. І няможна так: вось тут занядбаная магілка – значыць, паставілі шыльдачку, і ўсё, і хутка знос. Калі захавалася, то можна знайсьці месца”.

Я спытала сваю суразмоўцу, што б яна параіла рабіць з занядбанымі магілкамі. Праверыць, хто там пахаваны, а потым ужо прымаць рашэньне, ці чапаць яе?

— Я думаю, што ўсё-ткі не чапаць. Трэба прыбраць, як прыбіраюць на ўсіх могілках сьвету. Там ёсьць адмысловыя службы. Якія косяць траву, нейкія магілы прыводзяць у належны стан. Я была нядаўна ў Беластоку, хадзіла там па праваслаўных могілках. Там ёсьць такія старыя магілкі, на якія ўжо ніхто ня ходзіць. Яны як стаялі, так і стаяць. Магчыма, і ў нас калі-небудзь такое зьявіцца…

Дырэктар нью-ёрскага Беларускага інстытуту навукі і мастацтваў, былы мянчук Вітаўт Кіпель прызнаўся, што падораная Алай Сакалоўскай кніга пра Кальварыю пайшла па руках нашых суайчыньнікаў за мяжой, і ён нават ня можа адшукаць свой асобнік. Падобнае ж сьведчаньне трапілася мне ў менскім спэцкамбінаце рытуальных паслугаў. Намесьнік начальніка пахавальнай установы Аркадзь Зелікаў прызнаўся, што таксама меў дома тую кнігу, але вось — пайшла па руках знаёмых …

Напэўна, калі б спадару Зелікаву кніжку аддалі ў час, нам бы не давялося пераконваць адзін аднаго ў праўдзівасьці двух зусім розных датаў заснаваньня Кальварыйскіх могілак. Чамусьці ў спэцкамбінаце лічаць, што Кальварыя “ёсьць пайшла” толькі з 1870 г. Пад шклом на стале кабінэту ляжаў аркуш, зь якога мне і была зачытана гэтая дата. На жаль, ніхто ня можа сказаць, адкуль яна ўзялася. Няўжо на 70 гадоў памылілася якая-небудзь савецкіх часоў энцыкляпэдыя?

Аркадзь Зелікаў распавёў мне, што ў ліку найбольш старых могілак Менску – таксама Лошыцкія ды Вайсковыя могілкі (паводле ягоных зьвесткак, заснаваныя адпаведна ў 1821 і 1840 г.).

Менскі спэцкамбінат бытавога абслугоўваньня даглядае 22 аб’екты. Гэта 19 могілак у сталіцы і паблізу, крэматорый, само пахавальнае бюро з крамамі рытуальных тавараў, мэмарыяльны комплекс зь Вечным агнём, што на выезьдзе з гораду ў бок ждановіцкага рынку. Кальварыя – адны зь сямі сталічных могілак, што маюць статус могілак “камэрцыйнага” пахаваньня (яшчэ чатыры менскія пагосты – “агульнага пахаваньня”). Новыя месцы на старой Кальварыі каштуюць тры сотні даляраў. Але, як падкрэсьліў у размове Аркадзь Зелікаў, кошты на частку паслугаў яшчэ не азначаюць багацьця саміх супрацоўнікаў жалобнай установы: “Ніводнай капейкі ад камэрцыйных могілак мы ня маем, нашыя заробкі самыя малыя ў Менску. Грошы йдуць на будоўлю новых, Заходніх могілак за вёскай Азярцо на Ракаўскай шашы”. Што да Кальварыі, то ў наступным годзе плянуюцца там рамонт плоту, стварэньне калюмбарных (г.зн. з урнамі для праху) муроў. Ужо распрацаваная ўся праектная дакумэнтацыя.

Рамонт не зачэпіць магіл і надмагільляў. Спэцкамбінат кіруецца ў сваёй дзейнасьці рашэньнямі ўстановы, якой ён належыць – Менгарвыканкаму. Паводле рашэньня ўладаў, усе надмагільныя збудаваньні – прыватная ўласнасьць грамадзянаў. Менавіта грамадзяне, а не дзяржава, і адказваюць за парадак на магілах. Калі пахаваньне не даглядаецца, на ім ставяць шыльдачку, якая папярэджвае пра будучы знос магілы. Ён адбываецца, як патлумачыў сп.Зелікаў, калі на працягу трох гадоў сваякі пахаванага не зьвярнуліся ў спэцкамбінат. На жаль, на гэтых папераджальных шыльдах нідзе не пазначаецца дата іх устаноўкі – аказваецца, яна толькі заносіцца ў адмысловую кнігу ўліку ў пахавальным бюро.

“А як жа быць з помнікамі вядомых людзей мінулых часін? — слушна спытаеце вы. – Што рабіць з гістарычнымі каштоўнасьцямі?” Каб спэцкамбінат нешта зрабіў на магіле слыннага чалавека, патрабуецца просьба ягоных сваякоў і “папера пра тое, што гэта дзеяч рэспубліканскага значэньня”. Пажадана таксама, каб было й фінансаваньне з боку дзяржавы: Аркадзь Зелікаў зьвярнуў маю ўвагу, што камбінат – не бюджэтная ўстанова, ён працуе на гаспадарчым разьліку. Пры гэтым рытуальная крама ня мае права падвышаць кошты на тавары, як прадуктовая – штомесяц на кілбасу, тут хутчэй можна правесьці паралель з танным хлебам. Гэта завецца “сацыяльна значнымі”, альбо для ўсіх даступнымі, паслугамі й таварамі. “Як жывем – гэтак і паміраем”, — кажуць тут.

Апошні прыклад захоўваньня памяці вядомых на Беларусі людзей такі. На зварот дачкі былога міністра шляхоў зносін Беларусі работнікі пахавальнай установы ўласнымі сіламі падладзілі надмагільле ды абнесьлі яго новай агароджай. Нябожчык кіраваў шляхамі зносін у Беларусі перад вайной і ў вайну…

Цяпер уявіце сабе, калі зможаце, што ў спэцыялізаваны сталічны КБА зьвяртаюцца нашчадкі Вайніловічаў… Вацлава Іваноўскага… Яна Баляслава Луцкевіча… Па-мойму, яшчэ вялікае пытаньне, ці прызнае іх наш гарвыканкам “дзеячамі рэспубліканскага значэньня”. Дый проста – дзеячамі. Бо ж яны былі нязгодныя з савецкай уладай. А калі ўлічыць, што ў нашай калёніі нават на магілы тых, хто далучаў Беларусь да імпэрыі, грошай не стае…

Клопат пра ўпарадкаваньне магіл слынных беларусаў – справа рук саміх беларусаў. Уладам гэткую справу наўрад ці можна даверыць, а ад супрацоўнікаў могілак тут мала што залежыць. Адмысловых службаў, якія б даглядалі ўсе пахаваньні на тых ці іншых могілках, у нас няма. Не заўважана й супрацоўніцтва “могілкавай” установы зь дзяржаўнымі арганізацыямі, якія павінны займаццца захаваньнем культурнай спадчыны. Такія аддзелы, камісіі й г.д. ёсьць у Мінкульце, урадзе, Вярхоўным Савеце. Хоць якая дзяржава – такая і памяць, але дапамагаць яны ўсё ж мусяць.

Ужо тры гады Кальварыю ахоўвае асобны батальён гарадзкое міліцыі. Паваленымі помнікамі ды пашкоджанымі часам крыжамі, што праўда, міліцыя не займаецца. Хлопцы дзень і ноч ловяць парушальнікаў правапарадку. Найчасьцей на Кальварыі затрымліваюць за “п’янку ў грамадзкім месцы” або “дробнае хуліганства”. Яшчэ па 51-м артыкуле (дробны крадзёж). Але не так даўно пісалі й рапарт на аднаго выкрадальніка аўтазапчастак з машын смуткуючых сваякоў – справа была ўзбуджаная па 87-м артыкуле (крадзёж).

Блукаючы па алеях Кальварыі пару месяцаў таму, я сустрэла маладога хлопца ў міліцэйскай форме, які, праходжваючыся, зачытаўся надмагільнымі надпісамі.

Акрамя мянчанкі Алы Сакалоўскай ды смуткуючых па “крэсах” палякаў, пра Кальварыю рыхтаваўся выдаць кнігу Архіў найноўшай гісторыі. Аднак праект гэты быў урэшце закінуты з-за кадравых перастановак у Архіве. Са словаў цяперашняга кіраўніка Архіву Вацлава Арэшкі, зараз ідзе пошук магчымасьцяў працягу працы. Гэта пошук ня толькі выдаўцоў, але найперш навукоўцаў-гісторыкаў, якія б маглі прафэсійна давесьці да ладу вялізны сабраны матар’ял.

“У Беларусі шмат такіх могілак, як менская Кальварыя, — кажа Вацлаў Арэшка. – Яны ёсьць ва ўсіх нашых старых гарадах. Старыя магілы захаваліся часткова, але ж там пахавана столькі знаных людзей, шляхецкіх родаў, беларускіх дзеячаў! Адны з самых цікавых старых могілак – у Наваградку”.

У сваёй кнізе пра “цьвінтары на крэсах всходніх” суседзі-палякі якраз паабяцалі апісаць усе старыя цьвінтары ўсіх старажытных мястэчак Беларусі. Апісаць, вядома ж, як могільнікі выключна польскія.

Як кажа Вацлаў Арэшка, беларусаў можа напаткаць лёс татараў і габрэяў, нацыянальныя могілкі якіх даўно панішчаныя... У дзяцінстве я бачыла рассыпаныя на ўзьлеску камяні з надпісамі па-габрэйску... Можаце сабе ўявіць праз сто гадоў раскіданыя па лесе кавалкі каменя зь беларускімі імёнамі?

Тацяна Сьнітко

Болей пра Кальварыю – у “Нашай Ніве” № 3(100), 1998.