УНІЯ 1990–2000


 

Адраджэньне Уніі

 

18 кастрычніка 1596 г. у Берасьцейскай царкве сьвятога Мікалая была падпісаная Унія. Берасьцейскі Царкоўны Сабор зацьвердзіў аб’яднаньне Каталіцкай Царквы з Праваслаўнай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. 19 кастрычніка 1990 г. мітрапаліт кіеўска-галіцкі Ўладзімер Стэрнюк выдаў менскай грэка-каталіцкай грамадзе грамату аб яе прыналежнасьці да старадаўняе Кіева-Галіцкае мітраполіі. Гэта стала афіцыйнай легітымізацыяй парафіі, створанай інтэлектуаламі — грэка-каталікамі 21 верасьня 1990 г. Паміж гэтымі дзьвюма датамі, якія зараз разьдзяляе адзін дзень, — амаль чатыры стагодзьдзі.

Расейскія і камуністычныя ўлады паўтара стагодзьдзя, ад 1839 да 1989 г., стараліся выкрасьліць уніяцкую веру з сэрцаў вернікаў, але ўніяцкае жыцьцё на Беларусі існавала нелегальна. Уніяты, якія засталіся тут, не пагадзіліся з гвалтоўным далучэньнем да праваслаўнай царквы й працягвалі маліцца па-свойму. У 1976 г. у Львове быў тайна высьвячаны на служэньне а.Віктар Данілаў. Першы парах менскай парафіі сьв.Язэпа Ян Матусевіч узгадваў, як падчас ягонага сьвятараваньня ў лацінскім касьцёле да яго зьвярталіся дзясяткі людзей, просячы адправіць абрады па ўсходняй традыцыі. Цяпер гэтая традыцыя ў Беларусі адноўленая.

Чатыры стагодзьдзі, паўтара стагодзьдзя і дзесяць гадоў…

 

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:

Найвыразьней мне памятаецца першае грэка-каталіцкае набажэнства ў касьцёле на Кальварыі, калі ў Беларусь упершыню прыехаў апостальскі візытатар а.Аляксандар Надсан. Гэта быў момант духоўнай узьнёсласьці, момант сьветлага адкрыцьця, момант адзінства…

Наагул я не царкоўны вернік. Мне здаецца, што ня менш шчыра й плённа, чым у храме, я магу змовіцца зь небам і за пісьмовым сталом.

Наведаўшы за сваё жыцьцё, напэўна, больш за 1000 цэркваў, касьцёлаў, кірхаў, мячэтаў, сынагогаў і нават паганскіх капішчаў, у некаторых зь іх, хоць і надзвычай рэдка, я сапраўды пачуваўся ў Храме. Прыкладам, у Полацкіх Сафіі і Спасаўскай царкве Эўфрасіньнеўскага манастыра. Або ў Віленскім касьцёле сьв.Ганны. Але — няхай даруюць мне бажніцы Беларусі ў яе этнаграфічных межах — найглыбейшым гэта адчуваньне было ў беларускай грэка-каталіцкай царкве сьвв. апп. Пятра й Паўлы ў Лёндане. Тут можна, вядома, пашукаць нейкія зямныя прычыны. Напрыклад, згадаць полацкага сьвятара а.Міхаіла Ўляхіна, які лічыў за абавязак, убачыўшы маю бараду ў Спасаўцы, цярпліва тлумачыць мне, недасьведчанаму, што Скарыну насамрэч клікалі Георгіем і што ён быў да апошняга пазногця зьлеплены з праваслаўнага цеста, гэтаксама як цар-бацюхна Іван Грозны, які вызваліў Полацак ад лацінскіх схізматыкаў (а за адным разам, заўважым, і ад самых палачанаў, каго перарэзаўшы, а каго загнаўшы ў маскоўскую няволю). Але рэч не ў празьмерным канфэсійным патрыятызьме сьвятароў, ад якога застаецца адзін крок да палітычнае заангажаванасьці. І, магчыма, ня ў мове літургіі й казаньняў, хоць гэта я лічу архіважным. Прычыну мае незвычайнае сумоўнасьці зь лёнданскай Петрапаўлаўкай наўрад ці можна растлумачыць. Тут мне чамусьці ўзгадваецца параўнаньне гісторыі зь бясконцым літургічным тэкстам, дзе ёты ды кропкі маюць ня меншую значнасьць за цэлыя разьдзелы, хоць сэнс і адных і другіх ня ведамы й схаваны за сямю пячаткамі.

 

 

Сьвятлана Бельская, біёляг:

“Усе пад Богам ходзім”, — гучыць абыходкавая фраза як з вуснаў вернікаў, так і тых, што лічаць сябе атэістамі. Упэўнена, што на самой справе абсалютных бязбожнікаў не існуе. Нават самы заўзяты нявернік інстынктыўна адчувае волю Творцы, Яго голас у сваёй душы. Мусіць, гэта нашае сумленьне, наш унутраны голас.

Не атрымаўшы Хросту ў дзяцінстве, я заўсёды падсьвядома цягнулася да таямнічага сьвету Царквы, наведвала лаўры і храмы, верыла ў Бога і, як магла, малілася. Разумела, што толькі праз Хрост чалавек яднаецца з Царквою і празь яе далучаецца да ўсіх Сьвятых дароў, але, калі я асэнсоўвала ўласна беларускую царкоўную гісторыю, ня вельмі проста было вызначыцца канфэсійна. Пачуўшы, што адраджаецца ў Беларусі ўніяцкая Царква, адразу зразумела — гэта маё. У 1991 годзе прыняла ад айца Яна Матусевіча Сьвяты Хрост з Боскім блаславенствам у “беларускай хатцы” — філіі музэя М.Багдановіча, што паблізу майго дому. Сьветлая памяць майму шаноўнаму Яну “Хрысьціцелю”.

Каб выжыць людзям у наш час, трэба маліцца адзін за аднаго, за здароўе блізкіх, за супакой памерлых. Трэба прасіць Госпада ня толькі за сваіх сучасьнікаў, але і за тых, каго Ён яшчэ пакліча да жыцьця. Неабходна маліцца бацькам за дзяцей сваіх. Многія нашыя беды тлумачацца духоўнай дэградацыяй некалькіх пакаленьняў ХХ ст., бо тыя, што нарадзілі нас, не маліліся. Малітва, асабліва агульная малітва ў Царкве, валодае вялікай Сілай і можа дапамагчы там, дзе нічога нельга дасягнуць ніякімі эмпірычнымі намаганьнямі. Калі пaдае хтосьці, ён падае адзін, але збаўляецца ў Царкве ў адзінстве зь іншымі. У агульнай малітве, у Сьвятой Літургіі ўся Царква моліцца за ўсіх сваіх вернікаў разам з анёламі, апосталамі, пакутнікамі, праайцамі, і мацней за ўсіх — Маці Божая. І гэтае сьвятое адзінства — ёсьць жыцьцё Царквы. Мы молімся за нашу Радзіму — Беларусь, маленькімі часьцінкамі якой зьяўляемся, і яна набірае духоўную нязломнасьць. Усе громкія прамовы аб адраджэньні Радзімы без адраджэньня чалавека і без адраджэньня ў ім Хрыста застануцца нежыцьцяздольнымі.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста і малітвы Яго Прачыстай Маці няхай не пакінуць нас, грэшных, у цяжкую гадзіну…

 

 

Арына Вячорка, матэматык:

Выбар веры для дзяцей зрабіла я. Дзеці мусяць быць уніятамі, вырашыла, бо ёсьць традыцыя. Калі нарадзілася Радаслава, паўстала пытаньне, якую веру яна прыме. Я традыцыяналістка, і мяняць веру бацькоў не зьбіралася. Мы высьветлілі, што бацька Вінцука быў уніятам. Сам ён з Турава-Піншчыны, паляшук, а на Палесьсі ўніяцтва захоўвалася доўга, аж да пачатку другой сусьветнай вайны. Бацька Вінцука ўспамінаў, што ўніяцтва тады лічылася прэстыжным, багацейшым за праваслаўе, і дзяцей аддавалі ў гэтую царкву. Так што яго аддалі ва ўніяцтва, і потым бацьку Вінцука давялося маўчаць пра гэта і нікому не казаць, бо маглі быць благія наступствы. Распавёў ён пра гэта, калі ўжо адбыўся хрост дзяцей, бо мы Радаславу хрысьцілі разам з Франакам, калі ёй было 7 год. Франака і Радаславу хрысьціў айцец Аляксандар Надсан.

А потым мы сталі хадзіць у капліцу, якая знаходзілася ў Гандлёвых радах у Верхнім горадзе. Мне там вельмі падабалася, тая атмасфэра, служба. Падабалася, што ў капліцы была невялікая школка для дзяцей, куды хадзілі мае дзеці, адзначалі Калядкі, Вялікдзень. Андрэй Абламейка выкладаў навукі для дзяцей і заваяваў сэрцы нашых людзей. Калі ён зьехаў вучыцца, то я дала слова, што, калі стане сьвятаром, то мае дзеці будуць хадзіць у ягоную парафію. Так і здарылася. Калі Андрусь вярнуўся, то Радаслава пабегла да яго.

Атмасфэра ў гандлёвых радах была прывабнай, было нават, што бабулькі, якія хадзілі ў сабор, дзе месца не ставала, прыходзілі да нас. Прыходзілі і заставаліся, прыжываліся з нашай парафіяй, пражывалі тут сваё жыцьцё.

 

 

Юры Хадыка, фізык, адзін зь лідэраў БНФ:

Зь вялікім задавальненьнем падтрымаў ідэю заснаваньня ўніяцкай суполкі ў 1990 г., бо ўжо год пятнаццаць да гэтага лічыў сябе ўніятам. Маё самаўсьведамленьне, вядома ж, было тыповае для людзей камуністычнага часу. Спачатку я нават быў, можна сказаць, ніхто. Але мая бабка — праваслаўная, чалавек глыбокіх перакананьняў, да самой сьмерці ў 1961 г. ніколі не саромелася гаварыць пра царкву, пра Бога. Пад яе, мабыць, уплывам я ніколі не адчуваў нянавісьці да царкоўнай арганізацыі.

Ну, а потым у маім жыцьці склалася так, што я зьбіраў дзесяць год памяткі беларускага мастацтва. Знаёмства зь імі на пачатку 70-х пераканала мяне ў бясспрэчнай ісьціне, што ўсё сапраўднае мастацтва Беларусі з ХVI па XIX ст. — уніяцкае. Яно было такое магутнае, такое самастойнае, што ўплывала на рэлігійнае мастацтва рыма-каталікоў, што былі ў Беларусі, і на праваслаўных. Зь любові да нашай культурна-гістарычнай спадчыны я стаў уніятам паводле перакананьняў. Уніяцкае мастацтва мае шэраг асаблівасьцяў, якія адрозьніваюцца ад заходняга ці ўсходняга мастацтва, і я стаў вывучаць яго.

У адно з рэдкіх падарожжаў на радзіму бацькі ў вёску Канева на Сеньненшчыне я, на сваё вялікае зьдзіўленьне, знайшоў на могілках, што мой дзед, які памёр вельмі маладым чалавекам у пачатку гэтага стагодзьдзя, быў уніятам: крыж у нагах. А бабка, якая перажыла яго гадоў на трыццаць пяць, пахавана была ўжо паводле праваслаўнай традыцыі. Гэта лёгка чыталася. І тады я зразумеў, што мая душэўная прыхільнасьць да уніі, да кампраміснай сытуацыі, да ўніяцкага мастацтва мела нейкія генэтычныя карані. Гэтым, магчыма, тлумачылася тое, незразумелае для мяне, вельмі талерантнае стаўленьне майго бацькі што да камунізму, што да бабчынай падкрэсьленай рэлігійнасьці. Мне стала многае зразумелым у нашай сямейнай сытуацыі, а таму з канца 70-х я сябе лічыў спадчынным уніятам.

Дзякуючы айцу Аляксандру Надсану ўдалося згуртаваць вялікую колькасьць нашых нэафітаў-інтэлігентаў, і калі гэтую справу падхапіў і айцец Ян Матусевіч, то вельмі хутка пачала складацца першая, потым другая ўніяцкая суполка, і сама заслуга рэгістрацыі, вядома, належыць Матусевічу, царства яму нябеснае. І першыя гады адносна вольнага існаваньня былі вельмі спрыяльным часам для папулярнасьці грэка-каталіцкай царквы. Пасьля таго як камуністычная ўлада, якая трымцела ў ня вельмі ўпэўненых руках, пачала набіраць жорсткасьці, нават слабыя пэрспэктывы, каб атрымаць памяшканьні для ўніяцкай багаслужбы, робяцца ўсё больш прывіднымі. Але гэта ня самае горшае, бо унія паводле свайго духу арыентуецца на хрысьціянства першых вякоў ад нараджэньня Хрыста, хрысьціянства дэмакратычнае, хрысьціянства, якое ахоплівала ня толькі царкоўны клер і фанатычна адданых вернікаў, як мы назіраем збольшага ў праваслаўнай царкве. Я думаю, што унія ў нас выжыве і адродзіць асноўныя рысы нацыянальнага характару, бо мы былі зьвязаны з уніяцкай сакральнай культурай: вось славутая талерантнасьць, уменьне жыць зь людзьмі розных нацыянальнасьцяў, поглядаў — гэта заслуга уніі, бо унія пабудаваная на вялікай цярпімасьці, і мне здаецца, за такім родам хрысьціянства будучыня.

Запісаў Васіль Санковіч


 

Царква, што выйшла з падпольля

Гутарка зь першым старостам першай у паваеннай Беларусі грэка-каталіцкай парафіі Сяргеем Абламейкам

 

— 10 год таму са стварэньнем у Менску парафіі Сьвятога Язэпа гэтая царква ў чарговы раз выйшла з падпольля, куды ў ХІХ стагодзьдзі яе загналі расейскі ўрад і расейская царква. Але нягледзячы на так званае скасаваньне Уніі ў Беларусі расейскімі ўладамі ў 1839 і 1875 гадах, нашая царква і містычна, і кананічна існавала й датуль. (Паводле каталіцкага кананічнага права царкоўныя структуры, якія зь нейкіх прычын зьніклі, ўважаюцца існуючымі яшчэ 100 год). Так што патаемнае (але цалкам кананічнае) высьвячэньне мітрапалітам Шаптыцкім у верасьні 1914 году ў Кіеве а.Іосіфа Боцяна на япіскапа Луцкага зь перадачай у ягоную юрысдыкцыю ўсіх скасаваных расейцамі ў 1839 годзе беларускіх эпархіяў сталася кананічным працягам жыцьця нашай царквы ў падпольлі.

Пасьля ўжо была так званая Нэа-Унія і стварэньне мітрапалітам Шаптыцкім беларускага Экзархату на чале з айцом Антонам Неманцэвічам у 1939 г., які быў кананічна зацьверджаны Ватыканам у 1941 г. Ён, дарэчы, існуе і зараз.

 

— Як усё пачыналася ў 1990-м?

— Я стыхійна верыў у Бога зь дзяцінства. У 1982 годзе я пачаў зь сябрамі гаварыць па-беларуску. У 1983 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе мы разам зь сябрамі ўтварылі гурток гісторыі Беларусі. Ідэя яго стварэньня належала Алесю Каханоўскаму, сыну Генадзя Каханоўскага, які быў на курс за мяне старэйшы. Алесь быў і кіраўніком гуртка. На сваіх паседжаньнях мы размаўлялі па-беларуску. У 1984 годзе мы дамовіліся з прафэсарам Юр’ем Хадыкам, што ён на працягу году прачытае для нашага гуртка цыкль лекцыяў па гісторыі старога беларускага мастацтва. На першай лекцыі Юр’я Віктаравіча ў кастрычніку 1984 году, апрача 5-6 сяброў гуртка, прысутнічала ўсё кіраўніцтва катэдры гісторыі Беларусі, дэкан Іраіда Царук (Прытыцкая), ейныя намесьнікі, партарг факультэту… Прафэсар Хадыка прачытаў сваю традыцыйную лекцыю з паказам слайдаў. Назаўтра мы выпусьцілі чарговы нумар сваёй беларускамоўнай насьценгазэты “Зямля пад белымі крыламі”, дзе асноўным матар’ялам быў мой рукапісны артыкул пра лекцыю прафэсара Хадыкі і яе зьмест. Як вы разумееце, лекцыя была пра старыя ўніяцкія абразы і пра ролю Уніі ў гісторыі беларускага мастацтва… У той жа дзень насьценгазэту сарвалі са стэнду, цыкль лекцыяў Хадыкі быў адменены, а гурток гісторыі Беларусі забаронены і распушчаны. Я дагэтуль зьберагаю чарнавік таго свайго артыкулу 1984 году пра Унію і ўніяцкае мастацтва. Гурток ізноў дазволілі праз год.

З таго часу я цікавіўся Уніяй, зьбіраў, дзе мог, інфармацыю. Чытаў нават прапагандысцкія антыўнійныя кніжкі Дзьмітрука, Бажка ды іншых. Дапамог доступ да самвыдату паловы 80-х гадоў, калі я з братам прыйшоў у “Талаку”. Апрача Юр’я Хадыкі мне ў маім самаўсьведамленьні ў другой палове 80-х гадоў дапамаглі Анатоль Сідарэвіч і выкладчык нашага факультэту – дацэнт Юры Драгун. Выдатная асоба, беларус-патрыёт, ён вёў маргінальны курс гістарыяграфіі, у якім не баяўся расказваць студэнтам праўду пра Расею і яе палітыку ў нас у ХІХ ст. Трэба дадаць таксама і паходжаньне майго таты зь вёскі Кожава ў Заходняй Беларусі, дзе яшчэ памяталі і старую Унію, і Нэа-Унію, а таксама і факт далёкага сваяцтва нашай сям’і зь сям’ёй айца Лява Гарошкі з суседніх Трашчычаў – уніяцкага віцэ-экзарха Беларусі з даваенных часоў і пасьляваеннага архімандрыта на эміграцыі.

1 лістапада 1989 г. на Дзяды адбываліся ўжо дазволеныя шэсьце і мітынг у Курапатах. Падчас шэсьця да мяне падышла мая каляжанка па “Талацэ” Караліна Мацкевіч, якая тады разам з Алесяй Сёмухай выдавала бюлетэнь “Супольнасьць”. Яны рыхтавалі нумар, прысьвечаны рэлігіі. Караліна папрасіла мяне хутка прачытаць адказы на пытаньні “Супольнасьці” тагачаснага праваслаўнага беларускага актывіста Міхаіла Арэхава (калі я ня блытаю ягонае імя) і выказаць сваю думку. Я прачытаў і ў адказ абрынуў на галаву Караліны ўсё, што ведаў пра Унію (а ішлі мы ў Курапаты гадзіны тры). Караліна была ўражаная, захопленая і зьбянтэжаная. Яна папрасіла мяне як найхутчэй усё тое, што я ёй расказаў, выкласьці на паперы.

Ужо 3 лістапада пад псэўданімам Сяржук Мамчыц я напісаў артыкул “Апалёгія Уніі”, які было вырашана надрукаваць асобным дадаткам у чарговым выпуску “Супольнасьці” замест згаданых ужо адказаў Арэхава. Здаецца, гэтай ідэі не падтрымала Алеся Сёмуха, і Караліна занесла артыкул да Ірыны Дубянецкай, зь якой тады пачынала сябраваць. Артыкул зрабіў уражаньне і на сям’ю Дубянецкіх, і ў справу ўступіла, так бы мовіць, цяжкая артылерыя – Міхал Дубянецкі, вядомы беларускі дзеяч. Артыкул вырашылі надрукаваць асобнай брашурай. 12 лістапада адбылося падарожжа групы менскіх інтэлігентаў у Баруны на сьвята Сьвятога Язафата, арганізаванае Міхалам Дубянецкім. Падчас яго мы прагаварылі дэталі і ўмацаваліся ў тым, што насьпеў час дзейнічаць. Пасьля ідэя брашуры хутка зьмянілася на ідэю выдаваць часопіс.

Напрыканцы лістапада 1989 году ў падвале аднаго з дамоў побач з Опэрным тэатрам у майстэрні скульптара Алеся Косткі адбыўся сход рэдакцыі будучага часопіса “Унія”. Там былі Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч, Генік Лойка, Зьміцер Беленькі, Павал Кавалёў, Уладзя Селядцоў і я. Мой брат Андрусь быў цалкам у курсе падзеяў, але служыў у войску (ён прыйшоў празь месяц і таксама ўключыўся ў справу). Пасьля было 8 месяцаў розных прыгодаў, перасьледу КГБ, зьнішчэньняў ужо набраных тэкстаў. Шмат працы выпала на долю Караліны Мацкевіч, а таксама Ірыны Дубянецкай… У сакавіку 1990 году адбыўся першы візыт у Беларусь айца Аляксандра Надсана. Ён наведаў Беларусь як старшыня брытанскага Беларускага дабрачыннага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі. Айцец Аляксандар прывёз хворым беларускім дзецям лекі. Аднак цікавасьць беларускіх грэка-каталікоў была настолькі вялікаю, што 11 сакавіка 1990 г. А. Надсан пры дапамозе Яна Матусевіча адслужыў у менскім Кальварыйскім касьцёле сьвятую Літургію за беларускі народ. Гэта была першая грэка-каталіцкая служба ў сталіцы, бо ўніяцкія службы не праводзіліся ў Менску ад скасаваньня ўніяцкай царквы ў 1839 г. 16 сакавіка 1990 г. айцом Аляксандрам была адслужаная другая Літургія. Цікавасьць была такой, што на ёй прысутнічала здымачная група папулярнай тады тэлепраграмы “Взгляд”. У адзін з тых сакавіцкіх дзён у нас на прыватнай кватэры адбылася сустрэча з Аляксандрам Надсанам, якому мы паказалі ўжо набраныя матар’ялы першага нумару часопіса “Унія”. Айцец Аляксандар тады, дарэчы, папярэдзіў нас, што мы нават не ўяўляем, які цяжкі шлях выбралі. Толькі праз гады я цалкам зразумеў ягоныя засьцярогі…

У ліпені 1990 году мы арганізацыйна аформілі сваю групу ў суполку “Унія”, якая стала калектыўным сябрам ТБМ. Старшынёй яе абралі Ірыну Дубянецкую, якая раней была абраная і на рэдактарку часопісу “Унія”. 6 жніўня 1990 году ў Доме літаратара пры поўнай залі адбылася ўрачыстая прэзэнтацыя часопіса “Унія”, надрукаванага, з-за перашкодаў КГБ, з дапамогай БНФ у Латвіі. Нас вельмі добра прынялі, часопіс літаральна расхоплівалі.

Наступны і лягічны крок – стварэньне парафіі. Толькі з пачаткам супольнага малітоўнага жыцьця пачынаецца містычнае быцьцё Царквы. Таму для нас было так важна стварыць парафію і пачаць набажэнствы. 21 верасьня 1990 году ў памяшканьні ТБМ на Румянцава мы правялі сход менскіх уніятаў (было чалавек 30–40) і ўтварылі царкоўны камітэт. У яго ўвайшлі Юры Хадыка, Анатоль Сідарэвіч, Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч, Андрусь Абламейка, Зьміцер Беленькі ды іншыя. За старшыню абралі мяне. Адразу ж мы пачалі праводзіць набажэнствы на кватэры ў айца Яна Матусевіча. Менш чым празь месяц, 19 кастрычніка, у Львове мы атрымалі ад тагачаснага Кіева-Галіцкага мітрапаліта Ўладзімера Стэрнюка грамату аб прыналежнасьці нашай парафіі да старажытнай Кіева-Галіцкай мітраполіі, што сталася адзіна магчымым на той час кананічным пацьверджаньнем нашага легальнага статусу. Ніколі не забуду мітрапаліта Ўладзімера і яго супрацоўнікаў, напрыклад, айца Рамана Шафрана, якія надзвычай шмат зрабілі для нашай Царквы.

Паралельна з намі з пачатку 1990 году пачала працаваць група гомельскіх уніятаў, якой кіраваў тады яшчэ праваслаўны сьвятар айцец Пётра Кузьмічоў. 30 кастрычніка, праз 11 дзён пасьля зацьверджаньня нашай парафіі, такую ж грамату ад мітрапаліта Ўладзімера атрымалі і яны. Адначасова айца Пётру прызначылі дэканам Беларусі.

Вось так са стварэньнем нашай парафіі выйшла з падпольля Беларуская Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква. Пасьля нашай і гомельскай грамадаў на працягу кастрычніка-лістапада паўстала грамада ў Полацку, пачалі арганізацыйна афармляцца грамады ў Віцебску, Горадні, Маладэчне, Магілёве, Берасьці. Я невыпадкова ўвесь час падкрэсьліваю, што царква менавіта выйшла з падпольля. Пасьля выхаду першага нумару часопіса “Унія” ў рэдакцыю сталі прыходзіць лісты ад тых, хто быў хрышчаны перад вайной у часы так званай Нэа-Уніі або ад іх дзяцей. Апрача таго, цэлы пасьляваенны час у Альбэртын ля Слоніма для сьвятарскай паслугі прыяжджалі айцы-базыльяне. А з 1976 г. у Гародні працаваў айцец Віктар Данілаў.

 

— Вы ў сьнежні 1991 г. дамагліся перадачы Вам касьцёла сьвятога Язэпа, дзе разьмяшчаўся і разьмяшчаецца Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва…

— Так, таму і парафія стала называцца імем Сьвятога Язэпа. Але да перадачы нам храма так і не дайшло... Архіў мусіў пераехаць у новае памяшканьне, але пераяжджае па сёньняшні момант… Увогуле можна шмат расказваць пра нашыя пакуты, цярпеньні, удачы і дасягненьні. Я тут толькі скажу, што вельмі хутка Эўхарыстыя зрабіла сваю справу, і наш рух ператварыўся з напалову нацыянальнага ў сапраўдную Царкву. Сёньня ёсьць 16 парафіяў, два кляштары, сьвятары, дыяканы, манахі і манашкі, паўтара дзясятка сэмінарыстаў. Адбываюцца паломніцтвы, рэкалекцыі, працуюць нядзельныя школкі, выдаюцца газэты і малітоўнікі, працуе выдавецтва. Людзям ёсьць куды прыйсьці і памаліцца па-свойму, ёсьць да каго прыйсьці па духовае пацяшэньне.

Бог дапамог нам аднавіць Царкву, якая не выкарыстоўвае ніякай іншай мовы, апрача беларускай! Яна заўсёды са сваім народам. Напрыклад, 20 жніўня 1991 году, у другі, самы страшны дзень путчу ГКЧП, тады яшчэ айцец дыякан Андрэй Абламейка маліўся на плошчы Леніна (цяпер Незалежнасьці) разам з купкай пратэстуючых за краіну Беларусь. Здымак таго малебну быў у газэтах, і ён, я думаю, шмат каго ўмацаваў у адпоры путчыстам. Аднойчы я стаў сьведкам размовы двух беларускіх уніяцкіх сьвятароў, адзін зь якіх паляк, а другі расеец, абодва ня так даўно прыехалі ў Беларусь. Яны абмяркоўвалі нейкую шараговую службовую справу і рабілі гэта па-беларуску. Тады я падумаў, што вартую ўсё ж рэч мы распачалі…

Прага-Менск


Зь беларускімі ўніятамі можна скантактавацца праз тэл. у Менску: 220-47-89 (айцец Казімір), 242-92-36 (айцец Андрэй) і Берасьці: (0162) 24-74-82 (айцец Ігар), або электронную пошту: [email protected]

Шукайце таксама інфармацыю на сайце:

www.byzantines.net/svjazep-miensk


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0