АБ УСІМ ПАТРОХУ


 

Музэй Караткевіча

26 лістапада Беларусь будзе адзначаць 70-годзьдзе свайго любімага пісьменьніка – Уладзімера Караткевіча. З гэтае нагоды ў Воршы ў сьпешным парадку будуецца музэй клясыка.

 

Пад яго ўлады аддалі будынак, дзе раней месьціўся радзільны дом, у якім і зьявіўся на сьвет Караткевіч. Прычым улада палічыла, што будынак замалы, і зрабіла да раддому прыбудову ды надбудавала другі паверх. Тут, акрамя мэмарыяльных заляў, будзе створаны культурны цэнтар – зь бібліятэкай, канфэрэнц-заляй і памяшканьнямі для дасьледчыкаў творчасьці Караткевіча. 26 лістапада адбудзецца адкрыцьцё толькі адной залі. Аўтар праекту – наваполацкі дызайнэр Ігар Куржалаў. Якраз ён разам зь Сяргеем Дзьмітрыевым дзесяць гадоў таму стварыў у Полацку Музэй беларускага кнігадрукаваньня.

Ворша імкнецца сабраць пад сваім дахам усё, што мае дачыненьне да любімага піьменьніка – рукапісы, дакумэнты (у музэй ужо перададзены студэнцкі білет, залікоўка, білет сябра СП і інш.), а таксама фотаздымкі, лісты, фотаальбомы, малюнкі. Неўзабаве ў Воршу перавязуць мэблю й кнігі з працоўнага кабінэту пісьменьніка. Учора ў майстэрні Куржалава я трымаў у сваіх руках рукапіс п’есы “Млын на Сініх Вірах”, гартаў залікоўку, — Караткевіч вывучаў філялёгію ў Кіеўскім унівэрсытэце, — разглядаў фотаздымкі. Дарэчы, дачка вядомага фатографа Валянціна Ждановіча, зь якім Караткевіч любіў вандраваць па Беларусі, перадала музэю 24 адзьнятыя фотастужкі і 80 фотаздымкаў – увесь гэты матар’ял мае дачыненьне да пісьменьніка.

Вось адзін з фактаў асабістага жыцьця пісьменьніка, да апошняга часу невядомы дасьледчыкам яго творчасьці – у Кіеўскім унівэрсытэце Караткевіч сябраваў з альбанскім пісьменьнікам Коча Біхіку. Летась Коча Біхіку даслаў празаіку й альбаністу Вінцэсю Мудрову ліст, у якім прасіў паведаміць адрас Караткевіча. Мудроў пераслаў у Тырану сумную вестку, — вось ужо 15 гадоў, як Караткевіча няма. Аднак у Беларусі ня меншае любоў да яго кніг. Назваўшы адзін са сваіх вершаў “Быў. Ёсьць. Буду…”, Караткевіч не памыліўся.

Алесь Аркуш


 

Клюб паэтаў зь берагоў Гараднічанкі

Паэты ня вельмі любяць гуртавацца, прынамсі па-за сталіцай. У 300-тысячнай Горадні толькі зараз сямёра аўтараў вершаў абвясьцілі пра стварэньне «Клюбу паэтаў». Самы малады зь іх —Анатоль Брусевіч, які нарадзіўся ў 1977-м, найстарэйшы — Віктар Шалкевіч.

 

 Адразу вырашана паведаміць пра сябе рэчаісна — яшчэ сёлета ў Беластоку мае выйсьці зборнік на 120 старонак. Маладзейшыя надрукуюць па 12-14 вершаў, Шалкевіч — удвая менш. Называцца будзе кніжка «Лябірынты прывіднага замку». Апроч названых, у клюбе ўдзельнічаюць Анжаліна Дабравольская, Эдуард Мазько, Юрась Пацюпа, Васіль Дзівашэвіч і завадатар — Юры Гумянюк.

Трэба сказаць, што ў Лідзе мясцовыя літаратары, пераважна паэты, раней аб’ядналіся пад дахам альманаху «Ад лідзкіх муроў», які выдаецца больш-менш рэгулярна ўжо некалькі гадоў. Пачынаў яго Станіслаў Суднік, працягвае Юры Карэйва. Юры Гумянюк тым часам жадае аднавіць выданьне часопіса «Сьвіцязь», які выходзіў у 1994—95 г. стараньнем прафэсара Сяргея Габрусевіча. Гэта было рэгіянальнае гістарычна-культурнае выданьне абласной філіі Фонду культуры. Гумянюк хацеў бы ператварыць яго ў культуралягічнае, больш друкаваць літаратуры, артыкулаў аб мастацтве. І каб часопіс стаў агульнабеларускім.

А наконт Гараднічанкі... Дык большасьць гарадзенскіх паэтаў часьцей бачыць ейныя берагі, чым Нёманавы. Бо Гараднічанка праплывае па былой Гарадніцы, дзе стаіць унівэрсытэт і, у прыватнасьці, філфак. Да Нёману ж трэба яшчэ мець мэту, каб схадзіць. А на заходнім беразе ў занёманскай частцы гораду традыцыйна паэты жывуць радзей.

 Сяргей Астраўцоў


 

водгукі

 

Матэматыка і мараль: ці вучыць “рэкардсмэнаў”?

 

Хачу падзяліцца з вамі думкамі з нагоды артыкулу М.Калесянца “Навучыць чалавека”.

Мне здаецца, што аўтар артыкулу “Навучыць чалавека” ў дыскусійных мэтах занадта згусьціў фарбы. Я маю на ўвазе ягонае стаўленьне да ліцэйскай адукацыі. Сыходзячы з савецкай традыцыі, калі самай вялікай справядлівасьцю лічылася зраўняйлаўка і стандартызацыя, сапраўды, ліцэі і гімназіі — суцэльная дыскрымінацыя і несправядлівасьць у дачыненьні да сярэднестатыстычнага, а тым больш мала здольнага да навучаньня дзіцяці. Ці трэба нам зьбіраць “вяршкі” ў гімназіях і ліцэях? А потым яшчэ ў інстытутах і ўнівэрсытэтах? Можа, лепш вучыць аднолькава і гультая-другагодку, і пераможцу сусьветнай алімпіяды? Думаю, што дыфэрэнцыяванае навучаньне ў апошніх 2-3 клясах школы — цалкам неабходная, карысная і справядлівая зьява, прычым як у адносінах да дзяцей, так і да грамадзтва ў цэлым. Бо разнастайнасьць і свабода выбару (асабліва ў адукацыі) больш справядлівая, чым зраўняйлаўка і шэрая аднастайнасьць. Яна адпавядае дэмакратычным прынцыпам, да якіх мы, здаецца, усё ж паціху рухаемся.

І яшчэ пару словаў пра настаўнікаў. Работа ў ліцэі не такая лёгкая справа, і далёка ня ўсе выкладчыкі здольныя да яе. Тут мала мець канспэкт і пляны ўрокаў 10-гадовай даўніны (што могуць дазволіць сабе настаўнікі звычайных школ), а трэба сачыць за навінамі, папаўняць свае веды і мэтодыкі, трымаць пэўны ўзровень ведаў па прадмеце. Вядома, аддача (дакладней, вынік) ад навучаньня “вяршкоў” большая, чым “аўтсайдэраў”, але ж і патрабаваньні да іх куды вышэйшыя. У пэўным сэнсе выкладчык ліцэю ператвараецца ў трэнэра інтэлектуальных “рэкардсмэнаў”, спэцыяліста па пераадольваньні ўнівэрсытэцкіх бар’ераў ці проста ў бясплатнага рэпэтытара (платным ён становіцца ў нерабочы час). Вядома, такую “гонку” на мяжы магчымасьцяў некаторыя вучні не вытрымліваюць (прыблізна 5--10%), дый на самога настаўніка яна накладае пэўны адбітак — ён можа часам здавацца занадта жорсткім, патрабавальным, бескампрамісным. На гэтай глебе здараюцца і канфлікты, часьцей ня з вучнямі, а з бацькамі, але пры чым тут прыніжэньне гонару і маральнасьці? Гэтая праблема народжана нашым жыцьцём, сёньняшнімі правіламі і традыцыямі паступленьня ў ВНУ, жаданьнем адных вучняў быць больш канкурэнтаздольнымі на абітурыенцкім “рынку”, чым другія. А маральныя ўстаноўкі, чыста чалавечыя і пэдагагічныя якасьці ў настаўнікаў ліцэяў самыя розныя, як, дарэчы, і ў настаўнікаў школ. Гэтак жа, як розны іх аўтарытэт у вучняў: не заўсёды любяць задужа мяккіх ці паважаюць вельмі строгіх. Нярэдка высокія чалавечыя якасьці спалучаюцца з глыбокімі спэцыяльнымі ведамі і аўтарытэтам у вучнёўскім асяродзьдзі, хоць ёсьць і іншыя прыклады. І ўсё ж супрацьпастаўленьне матэматыкі і маралі, інтэнсыўнага навучаньня й гонару вучня, што памыліўся ў выбары, — даволі штучнае і непераканаўчае. Гэтаксама можна паставіць любую праблему, напрыклад, што лепш — піць гарбату або есьці хлеб? Але ж хіба нельга рабіць адно і другое адначасова? Ці ўвогуле перайсьці на каву зь бісквітамі? А калі няма схільнасьцяў да матэматыкі, то заняцца ангельскай мовай, хіміяй або ігрой на фартэпіяна. Выбар шляху ў 14–15 гадоў — справа ненадзейная і няпэўная. Сьмеласьць жа сказаць аб памылковасьці выбару або падказаць іншы кірунак — ня самая горшая пэдагагічная якасьць, якая, аднак, часам дорага каштуе яе носьбіту.

Праўды і памылак ня любіць ніхто, і тым ня менш у такім веку гэта не трагедыя, а падстава для больш упартай працы. Урэшце, невядома, хто ў выніку стане аўтсайдэрам, а хто – рэкардсмэнам. Мараль навучаньня і матэматыка жыцьця — зусім розныя рэчы, а менавіта апошняя выводзіць лінію лёсу чалавека. Чалавека, якога можна навучыць, перавучыць, падвучыць, але за якога нельга пражыць ягоны лёс, пазьбегнуць кону ягонага шляху.

Лявон Вестыбюльскі, Магілёў


 

Далоў Луку!

Берасьцейскія абласныя ўлады ліквідавалі на шашы Берасьце—Менск пад Кобрынем усе дарожныя паказальнікі з назваю вёскі Лука. Замест гэткай палітычна некарэктнай назвы цяпер усталявалі шыльды “Племзавод Дружба”. Якраз гэты племзавод месьціцца ў вёсцы Луцэ. Кажуць, што й Луку пераймянуюць у Дружбу. Трэба чакаць, што неўзабаве мясцовы губэрнатар Даўгалёў зьменіць сваё прозвішча на больш кароткае ды мілагучнае Магілёў.

Ян Дзямідаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0